Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
Збоку за ракой недзе далёка загудзела, цяжка, з натугай, усё роўна як пад гару iшлi леспрамгасаўскiя машыны з гружонымi прычэпамi.
Алёша пачуў, як яго кiнула ў стужу. Стукалi зубы, i траслося ўсярэдзiне. Так у яго траслося ўсярэдзiне, калi зганялi ўчора ўсiх да Махоркi на вулiцу.
Наперадзе ля Боганчыкавых калёс iшлi мужчыны, цiха, як баючыся. Панок усё азiраўся назад.
Пасля Алёшу здалося, што ён убачыў уперадзе над соснiкам пыл, белы i рэдкi, як згледзець вокам.
Ён хацеў быў саскочыць з мяхоў i падбегчы сказаць мужчынам. Але пылу над соснiкам больш не было, i Алёша падумаў, што яму здалося.
Сонца бiла ў вочы, i ад яго было ўсё жоўтае: i
Пасля зноў за соснiкам загудзелi машыны. Алёша згледзеў, як сталi былi мужчыны, гаварылi, мусiць, тады зноў пайшлi кучкай - хутчэй, як спяшалiся куды.
Спускалiся з гары: конь пайшоў смялей, зусiм не напiнаючыся.
Зноў уперадзе над соснiкам закурэўся белы пыл, iшоў з зямлi, што дым. Недзе там забразгала, што клямка дома ў сенцах знадворку, калi хто чужы iшоў у хату...
Сцiх над галавой дзяцел - зляцеў.
– Мужчыны!.. Немцы!..
– закрычала раптам Наста на ўвесь голас, дзярката i сiпла, як на марозе. Яна была цяпер з возам ззаду на самай гары...
Алёшу здалося, што закрычала мацi.
Ён саскочыў з мяхоў на дарогу ў пясок.
12
Алёша згледзеў спачатку кароценькi аўтамат, якi быў настаўлены якраз яму ў грудзi, блiзка, рукой можна дастаць. Чорная фарба на аўтамаце кiнулася ў вочы - была вышаравана, i блiшчала белае жалеза, якраз там, дзе яго ашчарэпiла вялiкая, чырвоная, з тоўстымi пальцамi рука. Пасля аўтамат павярнуўся рулькай убок i ткнуў яму, Алёшу, пад паху ў скабы...
Алёша толькi цяпер убачыў немца. Немец быў высокi, увесь у сiвым сукне, што пацук. I на галаве ў яго ляжала шырокая, расцягнутая сiвая пiлотка з сукна, ссунутая нiзка, на самы лоб.
– Вэр, вэр!..
– пачуў Алёша, як крыкнуў на яго немец, i згледзеў, што той стаiць з разяўленым ротам i кiвае галавой - паказвае iсцi ўперад. Зноў яго таўханулi пад паху, моцна, як усё роўна хацелi прасадзiць. Калi Алёша павярнуўся, убачыў, як павярнулiся збоку блiскучыя боты i асталiся ззаду.
Тады Алёша згледзеў, што ўсе мужчыны, нават Янук Тваюмаць, стаяць наперадзе на дарозе, недалёка ад Боганчыкавага жарабка, адзiн ля аднаго, падняўшы ўгару рукi, i глядзяць назад, на падводы. З аднаго i з другога боку ля iх блiзка стаялi немцы з аўтаматамi ў руках: па двое. Алёша падумаў, што i яго гоняць да мужчын, не загадалi толькi падняць рукi.
Ён хацеў азiрнуцца, каб паглядзець, дзе Наста, але ззаду зноў закрычаў немец: "Вэр! Вэр!" - i Алёша ўбачыў толькi яго блiскучыя боты.
Пасля Алёша згледзеў, як да доўгiх Панковых развод падскочылi два немцы, тоўстыя, у пiлотках, i пачалi торкаць аўтаматамi ў мяхi. З калёс на дарогу пасыпалася жыта. Тады немцы сталi мацаць мяхi рукамi, кожны мех, i паказваць нешта адзiн аднаму пальцамi.
Немцы былi i ля Танiных калёс - стаялi, сагнуўшыся ў крук над мяхамi, на якiх ляжала, не ўставаўшы, Таня. Ля Танiных калёс была Наста, прыбегла, кiнуўшы аднаго Буланчыка. Наста ўсё махала i махала рукамi - паказвала ўперад на дарогу - мусiць, на мужчын - i гаманiла, моцна, каб усе чулi. Алёша ўспомнiў, што яна i ў вёсцы, у Махоркi ля тыну, калi падыходзiла да немцаў, гаварыла моцна, на ўсю вулiцу.
Немцы былi i на самай гары, абступiлi Буланчыка...
Больш Алёша не бачыў нi Насты, нi Танi на калёсах. Яго падагналi да мужчын i паставiлi збоку ля Янука. Янук стаяў, высака задзёршы рукi, вышэй за ўсiх, - закасалiся рукавы, i ў яго былi вiдаць белыя локцi. Янук быў без кепкi: недзе, мусiць,
Немец, якi прыгнаў Алёшу, крыкнуў тым, што стаялi ля мужчын, моцна i дзярката: "Вэр! Вэр!.." - i тыя суса кiнулiся да Боганчыка i Махоркi i сталi мацаць далонямi па грудзях, па жываце, па штанах у паяснiцы. Перамацалi пасля ўсяго Панка - ён стаяў i без аддухi кашляў; тады - Янука, чапляючыся рукамi за падол яго доўгай палатнянай рубашкi. Алёшу не кранулi...
Пасля немец у шырокай разношанай пiлотцы, што гнаў Алёшу, падскочыў да Махоркi - Махорка стаяў пярэднi, - паказаў аўтаматам на дарогу i крыкнуў зноў моцна i дзярката: "Вэр-вэр!.." Немец паказаў быў яшчэ Махорку падняць вышэй рукi: той быў апусцiў iх да самых плеч.
Мужчыны павярнулiся i пайшлi па пяску - па дарозе з гары, - Алёша чуць спраўляўся з iмi.
Ззаду зноў загаманiла Наста: мусiць, нешта гаварыла немцам. Пасля крычала. Яе ўжо не было вiдаць з дарогi.
Алёшу стала ўсяму горача; пясок пад нагамi зрабiўся гарачы-гарачы...
Збоку ля мужчын, якраз ля Боганчыка i ля Махоркi, iшлi два немцы з аўтаматамi перад сабой i круцiлi па баках галовамi; за Алёшам ззаду, чуць не наступаючы на пяты, ступаў немец у сiвым пiнжаку i сiвой разношанай пiлотцы, той, што гнаў яго да мужчын. Алёша глядзеў на дарогу пад ногi i бачыў яго блiскучыя боты. Калi немец забягаў Алёшу наперад, у яго быў вiдаць разрэзаны ззаду сiвы суконны пiнжак i высака, аж пад пахай, чорны пiсталет. Было чуваць, як грукаюць па карэннi цяжкiя боты, што калодкi, i шуршыць, перасыпаючыся, пясок на дарозе пад нагамi ў мужчын.
Боганчык увесь згорбiўся, угнуў шыю. Рукi ў яго былi задзёрты ўгару, адна вышэй, другая нiжэй, i ён часта згiнаў галаву, даставаў шчакой да пляча: выцiраўся. Мокрыя аж да калень калошы ў яго папрылiпалi да лытак; на калошы набралася пяску, i яны былi здалёку што яловая карына. Боганчык ступаў дробна i часта, маленькiмi крокамi, зусiм не падымаючы ног ад зямлi.
Алёша раптам падумаў, што iх вядуць страляць. Адвядуць з дарогi i пастраляюць...
Махорка iшоў пасярод дарогi, па самым пяску, - Алёша, iдучы ззаду, лучаў нагамi ў яго сляды - i то апускаў нiжэй, то падымаў угару рукi. Шырокiя плечы ў яго хадзiлi хадуном - Махорка часта дыхаў, як змарыўшыся. Аб'ехалi штаны, i на паяснiцы была вiдаць белая палатняная кашуля сабралася ў фалды. Махорка не варочаў галавой, як Боганчык, глядзеў перад сабой: блiзка iшоў немец, наставiўшы аўтамат яму пад паху.
Панок увесь час кашляў; у яго аж пасiнела шыя; немец, што iшоў збоку ў Махоркi, дагнаў быў Панка i парнуў яго два разы аўтаматам у спiну: не любiў, вiдаць, кашлю. Панок закашляўся яшчэ горш: яго пачало тузаць. Немец тады закрычаў. Панок не мог iсцi - захлынаўся: пыл з-пад ног лез яму ў горла. Ён хацеў саступiць на сцежку, але на яго наставiў аўтамат немец. Тады Панок пачаў харкаць на дарогу - немец адскочыў ад яго i зноў закрычаў: "Вэр! Вэр!.."
Адзiн Янук iшоў смела, ступаючы шырака, як па вулiцы. Алёша падумаў, што Янук вышэйшы за ўсiх, што ў яго не дрыжаць нi рукi, нi плечы. Янук толькi гудзеў сабе пад нос, не сцiхаючы, як асва ў акне, заляцеўшы ў хату. На яго азiралiся пярэднiя немцы, але не чапалi.