Трывожнае шчасце
Шрифт:
Учора Сеня Пясоцкі сказаў на нарадзе камандзіраў:
— Чаму нам не далі пахаваць нашых сяброў? Куды ix павезлі? Існуе вайсковая традыцыя: падраздзяленне само хавае загінуўшых…
Сеўчанка ўзлаваўся i накрычаў на Сеню, чаго ён умешваецца куды не трэба — камандаванне ведае, што робіць…
А пасля нарады падышоў да дальнамера, сеў на бруствер, сказаў ціха, з болем:
— Пясоцкі, не развярэджвай ран у душы. Думай, што не ў аднаго цябе яны баляць. У мяне яны таксама баляць. Не чапай… Што адбылося, тое адбылося. Вайна. Раны трэба гаіць як мага
Сеня зразумеў яго душэўны стан i папрасіў прабачэння.
Сеўчанка махнуў рукой:
— Пры чым тут прабачэнне!
I доўга сядзеў моўчкі, углядаючыся перад сабой у прастору.
Здавалася, што пасля двухдзённай бамбардзіроўкі ў горадзе не асталося нічога жывога. Але ўначы прайшоў дождж, патушыў пажары, асадзіў пыл i дым… I вось ён, горад, зноў перад намі, скалечаны, але жывы. На станцыі манеўруе паравоз, перацягвае вагоны. У порце паварочвае свой доўгі хобат, быццам нешта вынюхвае, пад'ёмны кран. Па заліве шныраць катэры. На вуліцах, як мурашкі, бегаюць людзі. Многа людзей. Убачыў усё гэта — i лягчэй стала на душы. Адчулася стома. Упершыню за двое сутак захацелася легчы i паспаць, каб толькі яны сёння не прыляцелі!
14 жніўня
Жанчына на батарэі!
Голас яе, пявучы, зусім не вайсковы, нейкі хатні, мірны, даляцеў, быццам з іншага свету, быццам у сне. Байцы пакінулі чысціць пушку i, як буслы, выцягнулі шыі, выглядаючы з катлавана — хто, адкуль?
— Ваенфельчар з санчасці,— растлумачыў Фрыд, які заўжды пра ўсё даведваўся першы.
— Голас прыемны, — адзначыў Астахаў.
— Вунь яна ідзе з камбатам.
— А косы, хлопцы, якія! — захапіўся Чарняк. — Глядзіце! Пілотка i косы!.. Прыгожа!
— I ў спадніцы! Не ў штанах, — заўважыў Муха.
Мне не спадабаліся такая ix цікаўнасць i рэплікі, асабліва Мухавы.
— Разгаворчыкі! Рыхтуйце снарады! I не вельмі распускайце языкі!
Хлопцы пераглянуліся здзіўлена, перасмыкнулі плячамі.
«Што мне да гэтай незнаёмай жанчыны! I ўвогуле ніводная жанчына ў свеце не можа цікавіць мяне!» Так я думаў у тую хвіліну. Але, здаецца, я хітрую сам з сабой, бо калі прызнацца шчыра, дык усё-такі дзяўчына зацікавіла мяне. Калі ўбачыў, што яна абходзіць з санінструктарам разлікі — пабылі на прыборы, на дальнамеры, — то адчуў, што чакаю яе, хвалююся, нават баюся, каб не мінула нашай гарматы. Думаў: «Што мне з таго, што яна наведаецца? Спытае пра здароўе, чаго добрага, пачне праверку на вашывасць, прычэпіцца да чаго-небудзь…» — i ўсё адно чакаў. Сачыў за ёй — куды яна пойдзе?
Здарылася так, што ад прыбора яна накіравалася да нас.
Я закамандаваў: «Загармату!»
Хлопцы выскачылі, як грэшнікі з пекла, пастроіліся, як ніколі, падцягнутыя, пукатагрудыя, з надзьмутымі ад затоеных усмешак тварамі.
— Кру-гом! Смірна! Таварыш…
Яна збянтэжылася, пачырванела, замахала рукамі:
— Не трэба! Што вы…
— Сам радавы, — пажартаваў санінструктар Алёша Спірын, якога мы перахрысцілі ў «Аспірын» i любім за грубаваты гумар i своеасаблівае лекарскае мастацтва —
— Добрай раніцы вам, — прывіталася яна зусім не па-вайсковаму.
Хлопцы не ведалі, як адказаць на такое прывітанне, i адказалі хто як мог. Я ўспомніў пра разлік, што людзі стаяць на «зважай», i, не даючы больш ніякіх каманд, бо перад гэтым мірным стварэннем знікла ўсё вайсковае, энергічна махнуў рукой: разыдзіся!
У катлаване яна ветліва запрасіла байцоў сесці. На шчоках у яе, i без таго ружовенькіх, загарэліся пятакі. Гэта зрабіла яе твар вельмі прывабным. Хоць увогуле яна не прыгажуня: востры носік, шэрыя маленькія вочкі, жывыя, як у звярка, ненатуральна белыя, як пятроўскі парык, валасы, заплеценыя ў дзве кароткія касы. Але чырвань на шчоках, бянтэжлівасць, сарамлівая ўсмешка — колькі ў гэтым жаночага!
З наіўнай, амаль дзіцячай цікаўнасцю яна агледзела нашу «гаспадарку», але ні пра што не спытала, што датычылася гарматы. Спытала пра здароўе — якія скаргі? Габаў сказаў, што ў яго баляць зубы. Сапраўды, у яго балелі зубы. Муха сказаў, што ў яго баліць жывот. Ніколі раней ён на свой жывот не скардзіўся, a даволі часта прасіўся збегаць на кухню, каб «перайграць» — выпрасіць у кухара дадаткова кацялок супу ці порцыю смажанага марскога акуня, якім нас кормяць штодзённа.
Мне зрабілася сорамна перад дзяўчынай, такой няўмелай i далікатнай, за Мухаву хлусню. Я бліснуў на яго вачамі, але той i брывом не павёў.
— Хлусіць, сукін сын, — прашаптаў я Спірыну.
— Няхай. Каму не хочацца, каб жаночая рука памацала твой жывоцік, — адказаў Аспірын такім шэптам, што пачулі ўсе, i ваенфельчар таксама, бо на шчоках яе зноў загарэліся пятакі.
Я адвярнуўся, каб не бачыць, як Муха раздзяваецца i як яна будзе мацаць яго худы жывот.
— Брудная бялізна, санінструктар, — заўважыла яна.
Мне i за бялізну стала сорамна, быццам я вінаваты ў тым, што яе не часта мяняюць.
— Многа копаці, таварыш ваенфельчар, — адказаў Аспірын.
«Якой копаці? Вось д'ябал, ён здзекуецца з не нявопытнасці!» — узлаваўся я на санінструктара.
— Пакажы сваю ножку, — сказаў ён мне.
Дзён колькі назад у часе бою я абдзёр аб снарадную скрынку нагу. Ранка, на якую спачатку не звярнуў увагі, забрудзілася, пачала гнаіцца. Нага бал ела. Але скардзіцца на такі боль гэтаму незвычайнаму лекару ў мяне не было ніякага намеру, я нават не падумаў пра гэта. Пачаў аднеквацца.
— Не, пакажыце, — нечакана настойліва патрэбавала яна.
Я сеў на лапу, зняў бот. Ваенфельчар стала перада мной каленьмі на ўтаптаную, жорсткую зямлю, сама зняла павязку. Асцярожна пачала націскаць пальцам на калена. У яе была прыгожая рука, маленькая, пухлая, з ямачкамі над костачкамі пальцаў. Мне нясцерпна захацелася пагладзіць гэтую руку. Я не стрымаўся i асцярожна дакрануўся да яе.
— Баліць? — спытала дзяўчына.
— Не, — адказаў я i нечакана для сябе даверліва паведаміў: — У мяне жонка фельчар.