Трывожнае шчасце
Шрифт:
— Вы жанаты? — здзіўлена глянула яна на мяне. — Такі малады?
— I дачку маю, — адказаў я з гонарам.
Але гэта не зрабіла на яе большага ўражання, чым тое, што я жанаты. Яна сказала з тонкай іроніяй — дзяўчаты часта так гавораць:
— Шчасліўчык, — i пачала корпацца ў сваёй новенькай сумцы з чырвоным крыжам. — Трэба будзе яму кампрэс спіртавы на ноч пакласці. Чуеце, Спірын?
— Кароткія ночы, таварыш ваенфельчар, — зноў-такі здзекліва хмыкнуў той.
Чарняк, які стаяў побач i не зводзіў вачэй з дзяўчыны,
Шчокі ў яе зноў загарэліся. Як бы адчуваючы маю прыязнасць i падтрымку, яна даверліва ўзняла вочы.
— I дзе яна… ваша сям'я?
— Там… Відаць, ужо там… Пісьмы больш не прыходзяць…
— Там? — Вочы яе спалохана расшырыліся, з жалем і здзіўленнем глядзела яна на мяне. Упершыню ўбачыла чалавека, у якога родныя, блізкія асталіся там, за лініяй фронту, у фашысцкай няволі. I я зноў адчуў усю глыбіню сваёй трагедыі. Каб яна пачала спачуваць, я, мабыць, расплакаўся б, бо слёзы былі блізка, комам стаялі ў горле, горкія, салёныя. Але яна моўчкі пачала бінтаваць нагу.
Аб'явілі трывогу. Ішоў разведчык. Бусоль i дальнамер давалі каардынаты. Паўз гармату, пачуўшы звон гільзы, прамчаўся наўскач Лёша.
— Глядзіце, алень! — па-дзіцячы закрычала ваенфельчар.
— Наш алень, — раўніва адказаў Габаў.
Другі Лёша — санінструктар — непрыкметна знік, забыўшыся на сваё начальства. Гэты мядзведзь баяўся гарматных стрэлаў, у яго «баліць ад ix галоўка».
— Будзеце страляць? — спытала. — Можна мне пабыць з вамі?
Больш не было ваенфельчара, асталася дзяўчына, якой хацелася пабыць у самым небяспечным месцы, дзе сапраўдная вайна, i якой, аднак, не ўдавалася перамагчы свой страх: абяскровіліся вусны i шчокі, нервова таргануліся вейкі.
Усе мы зведалі гэты страх. I ўжо некаторыя забыліся на яго. Муха, баязлівец Муха, якога я некалі шыбануў з сядзення, глядзеў цяпер на дзяўчыну з насмешкай. Мне хацелася даць яму па мордзе.
Весці агонь па разведчыку для нас цяпер — што «семкі лускаць», як сказаў Чарняк. Хлопцы выконвалі свае абавязкі спакойна, нават весела.
Але дзяўчыну першы стрэл аглушыў. Паветраная хваля сарвала пілотку, ускудлаціла белыя валасы. Яна выпусціла сумку, заціснула рукамі вушы, твар скрывіўся ад жаху i зрабіўся непрыгожы, як у старой бабулі. Я ўзяў яе за руку i адвёў да Астахава, дзе хваля ад стрэлу не так біла. Але там яе спалохала гільза, якая вылецела пад ногі i дымілася.
— Ой! — ускрыкнула яна.
Я мацней сціснуў яе маленькую руку, адпіхнуў гільзу нагой. На яе шчасце, зрабілі ўсяго пяць залпаў. Разведчык развярнуўся i пайшоў назад, набіраючы вышыню.
Ваенфельчар глядзела на нас, як на герояў.
Забыўшыся на субардынацыю, я ціха спытаў:
— Як ваша імя?
— Антаніна Васільеўна… Тоня… Тоня!
Потым схамянулася — успомніла сваё становішча, свой страх, на які яна не мела права па статуту, і, невядома за што падзякаваўшы,
Муха чамусьці хіхікнуў.
Чарняк сказаў:
— Прыгожая.
Астахаў, збіраючы гільзы, уздыхнуў i… нечакана прачытаў вядомы радок з Някрасава:
— Доля ты, русская долюшка женская!
22 жніўня
Боль. Боль у сэрцы. Я думаў, што людзі гавораць так, каб вобразна перадаць пачуццё гора, смутку… Баліць сэрца? Не, яно не баліць. Яно проста сціскаецца i робіцца ў два-тры, можа, у пяць разоў меншае, i яму цяжка — яно не прыносіць бадзёрасці, упэўненасці, радасці. Яно сціскаецца — i ў чалавеку ўсё замірае, насцярожваецца. Гэта страшней за любы фізічны боль…
Раніцой, як заўсёды, першы абышоў разлікі камісар.
— Якія навіны, таварыш палітрук?
Мы прывыклі да благіх навін i ўжо не баімся ix: верым, што будзе пералом. Я спытаў бадзёра, бо ноч была ціхая i доўгая. А што трэба, як жартуюць хлопцы, салдату: добры харч ды доўгі сон!
Лазебны неяк асабліва паглядзеў на мяне i адказаў не адразу:
— Пасля жорсткіх баёў нашы войскі пакінулі Гомель. — Ён сказаў так, быццам i для яго гэта быў самы дарагі горад.
Чаму яно сціснулася, дурное сэрца? Хіба я не чакаў гэтага? Не, гэтага нельга чакаць, як нельга чакаць смерці i ДУ* маць пра яе, бо тады не было б як жыць. Увесь час жыла надзея: а можа, пералом наступіць да таго, як гэта здарыцца? Можа, ix затрымаюць там, на Дняпры? Нават калі некалькі дзён назад паведамілі аб здачы Смаленска — дзе Смаленск! — яна ўсё яшчэ цяплілася, мая надзея. А цяпер?
Камісар гаварыў нешта пра стратэгію, пра неабходнасць выраўніваць лінію фронту — я не чуў. Я слухаў уласнае сэрца — як яно сціскалася.
Пайшоў да Сені. Ён сядзеў на скрынках з-пад дальнамера i курыў. Па выразу твару, па смутку ў вачах я ўбачыў, што ён ведае, таму я нічога не сказаў. Доўга сядзелі моўчкі. Hiкол! мы так падоўгу не маўчалі, гэта не ўласціва нам. Ад маўчання зрабілася яшчэ цяжэй, i я паспрабаваў суцешыць яго i сябе:
— Будзем спадзявацца, што яны эвакуіраваліся.
— Будзем спадзявацца, — коратка адказаў ён i запаліў другую папяросу.
26 жніўня
Два «Месершміты-110» доўга лазілі паміж навакольных сопак. Мы спрабавалі абстраляць, але яны хадзілі так нізка, што снарад пацэліў у вяршыню гары. А там маглі быць людзі. Невядома была мэта гэтых шакалаў. Што яны вынюхваюць?
— Яны дачакаюцца, пакуль падымецца Сафонаў,— гаварылі байцы. — Ён пакажа ім, чым пахнуць сопкі.
Кумір наш — Сафонаў — лётаў цяпер на новенькім вастраносым «мігу» і, хоць мы яго ні разу не бачылі, не забываў пра нас: час ад часу пралятаў над батарэяй, прывітальна махаў крыламі. Але цяпер знішчальнікі не падымаліся, i «месеры» паводзілі сябе ўсё больш нахабна.