Тутэйшыя
Шрифт:
М і к і т а. (зірнуўшы). Гэта, здаецца, мае быушыя імянінныя госці.
Уваходзяць шнурам з катомкамі за плячыма і з кіямі ў руках: Дама, Поп, Спраўнік і Пан.
З'ява V
Тыя ж, Дама, Поп, Спраўнік, Пан.
М і к і т а. (вітаючыся, надскакваючы). Каго я бачу, меджду протчым! Якое мілае,
Прыйшоўшыя сядаюць.
П о п. Ох, дзелеса — чудзеса! Прогрэшэнія нашы неісчыслімыя. Навождзяху оне на себя возмездзіе необозрымое.
М і к і т а. Куды ж гэта, калі можна спытацца, мадам-сіньёра і мусье, свае, меджду протчым, пэрсоны скіравалі?
С п р а ў н і к. Часова адступаць прыйшлося. Эвакуемся туды — на Захад, дзе сэрцу прытульней і грудзям дышыцца «вальготней».
Д а м а. Часова перанашу сваю філянтропійную чыннасць на тэрыторыю…
М і к і т а (перабіваючы). Быўшых нашых ворагаў — гэрманаў, мадам-сіньёра?
Д а м а. Мусье рэгістратар, вы згадалі!
Г а р о ш к а. (да Пана). Значыцца, Паны, даіцё лататы?
П а н. А так, прыходзіцца, толькі хай там ваша веска вельмі ў двор мой не прэцца, бо як вярнуся…
М і к і т а (перабіўшы). I ўсё гэта праклятая, меджду протчым, рэволюцыя нарабіла.
Я н к а. Што, кусаецца? Вы, пэўна б, хацелі і з печкі зваліцца і патыліцы не адбіць? Рэвалюцыя, мае Паны, не цётка — па галоўцы гэткіх сваіх прыяцеляў не гладзіць.
Д а м а. Мусье беларус, вы, як я уважаю, напоўнены павевамі новага часу і належыце, мабыць, да новай партыі стоікаў, якія не паддаюцца эвакуацыі і застаюцца на месцы?
Я н к а… Паддаецца эвакуацыі ў сягонешні час толькі той, у каго або нячыстае сумленне, або ён сядзеў тут збоку прыпёку, не раўнуючы, як пустазелле на сялянскай градзе.
Д а м а. (да Мікіты). А вы, мусье рэгістратар, калі прыняць пад увагу довады мусье беларуса, то пэўна заставацца тут не будзеце і нашым шляхам пойдзеце?
М і к і т а. Мадам-сіньёра, вы не згадалі: я, меджду протчым, застаюся. Як істы рускі патрыот, я змушаны пакуль што стаяць тут на варце сваіх рангавых і рускаісціных інтарэсаў. Хоць, можа, я гэтак рызыкую нават сваей, меджду протчым, пэрсонай, але місію сваю мушу стойка выпаўняць.
Я н к а. Мне здаецца, Пане рэгістратар, што вы так запуталіся ў сваіх рангах, клясах і свабодных профэсіях, што ўжо не здольны да ніякае місіі — нават да тэй сваей роднай, ісціна-рускай місіі.
М і к і т а. Меджду протчым, не забывайце, Пане беларус, што я найздальнейшы вучань акадэмікаў Скрынчанкі й Саланевіча. Апрача таго, нас бацька Пурышкевіч, быўшы ў Менску тут, замеціў і, ад'язджаючы, на гэтую місію багаславіў.
Паўза.
Г а р о ш к а. (да Папа). А вы, бацюшка, таксама за імі (махнуўшы пугай) туды — упрочкі?..
П о п. Нет, чадо мое. Акі пастыр, я должэн остацься иры агнцах своіх, я только провожаю сірых сіх, дабы іх напутствоваць на пуць неведомый.
С п р а ў н і к. Але, Панове, час нам ужо ў дарогу! Вораг не спіць і ужо блізка: можа адрэзаць нам усе ходы для адступлення.
Г а л а с ы. А так! Праўда! Час!
М і к і т а. Пагасцілі б, мадам-сіньёра і мусьі, яшчэ хоць з хвіліну!..
Дама, Поп, Спраўнік, Пан устаюць, раскланьваюцца і шнурам выходзяць у праціўны бок, з якога прыйшлі былі.
П о п. (ідучы ўслед за адходзячымі, паказваючы на іх рукой). Акі пціцы небесныя, отлетаюшчы на зімнее время в жаркія страны. Да храніт іх в странствіі мацер неопалімыя купіны і мацер крупіцкая!
З'ява VI
Мікіта, Янка, Аленка, Гарошка.
М і к і т а. (як тыя выйшлі). Ах, забыўся запрапанаваць ім купіць у мяне маркі! Пэўна з «царскімі» эвакуюцца.
Я н к а. Не турбуйцеся! Яны, як праўдзівыя патрыоты, з «царскімі» не разлучаюцца.
М і к і т а. Вы, Пане настаўнік, як я заўважыў, чагосьці недалюбліваеце нашай чыстай інтэлігенцыі.
Я н к а. Для вас, як для рускага колежскага рэгістратара, яна, можа, и чыстая, але для мяне яна — «Варшавске смецце, гразь Масквы», як сказаў вешчы Шаўчэнка.
Г а р о ш к а. (паказваючы пугай). А во яшчэ два дапатопы!
Уваходзяць Вучоныя — адзін з аднаго боку, другі з другога, разглядаючы праз свае падзорныя трубы.
З'ява VII
Тыя ж, Усходні вучоны, Заходні вучоны.
У с х о д н і в у ч о н ы. (стукнуўшыся з Заходнім). Чорт подзеры!
З а х о д н і в у ч о н ы. Пся крэв!
У с х о д н і в у ч о н ы. Ізвініце, судар!
З а х о д н і в у ч о н ы. Пшэпрашам Пана!
У с х о д н і в у ч о н ы. I вы здзесь?
З а х о д н і в у ч о н ы. I Пан ту?
Кланяюцца адзін аднаму і прысутным.
У с х о д н і в у ч о н ы. (да Янкі). Очэнь кстаці, что вы, господзін белорус, здесь. Необходзімо почэрпнуць от вас сведенія касацельно церрыторыяльных данных обласці, іменуемой вашым племенем — Белорусь.