Тутэйшыя
Шрифт:
Г а н у л я. Бачыце, было тут у нас у Менску апошнім часам нейкае палатненне, дык нас і ўпалатнілі ў адзін пакой, а іншыя — забралі. Той пакой, дзе жылі вы, аддалі нейкаму ў скураной жакетцы, — паміж іншым, ён сягоння раніцай ужо выехаў ад нас; а з таго боку, дзе была мая спальня і Мікіткавы габінэт, абодва гэныя пакоі заняў нейкі іхні рэдактар, па прозвішчы Пзульскі. Але, як відаць з усяго, то ён, мусіць, не зусім іхні, бо нешта не збіраецца выязджаць, хоць іхнія амаль ужо ўсе выехалі. Мікітка кажа, што гэты Пзульскі душа, а не чалавек, — надта політычны і знае ўсялякія свабодныя профэсіі.
Я н к а. Асабліва, мабыць, добра знаёмы з профэсіяй правакатарскага мастацтва?
Г
Я н к а. Мусіць, для гэтага політычнага чалавека вы, цётачка, крэслы свае плюшавыя аддалі, каб мякчэй было яму сядзець, бо гэтых крэслаў штось не бачу я тут?
Г а н у л я. Ды не! Да яго йшчэ пераезду сюды нашы крэслы недзе ў іншае месца спалатнілі.
А л е н к а. I грамафон з люстрам таксама?
Г а н у л я. Не, дзетка. Гэтыя рэчы МІкітка мой сёлета на тавараабмен прагандляваў. I вось з усяёй, казаў той, роскашы засталася толькі балалайка, але і тую запісалі на нейкі ўчот.
Уваходзіць Мікітаў вынашанай і палатанай «зашчытнага» колеру вопратцы, цягнучы за сабой каламажку, у якой: тры тоўстыя вялізныя партфелі, а чацвёрты — меншы; пад імі: колькі малых мя-шэчкаў з прадуктамі, два селядцы, звязаныя лыкам, тры воблы, нанізаныя на аборку, невялічкая стограмовая пляшка з газай, вялікае, быццам з-пад капелюша, пудэлка з пудрай, некалькі сучкоў дроў, букетнік для кветак, тры чаркі.
З'ява III
Гануля, Гарошка, Аленка, Янка, Мікіта.
М і к і т а (уцяенуўшы каламажку, вітаючыся з Янкам). Якое прыемнае, меджду протчым, спатканне, таварыш профэсар! Колькі лет! Колькі зім!
Я н к а. I ні колькі лет і ні колькі зім, а ўсяго восем месяцаў, пане рэгістратар, як мы бачыліся. Але, мабыць, цяжкія вашы справы, што так цяжка вам час плыве: месяцы ў цэлыя леты і зімы замяніліся?
M i к і т а. Так сабе, нічога сабе, меджду протчым, плыве.
Я н к а. Дый што гэта з вамі? Ці не ўпісаліся вы ў менскія свабодныя гэрцум-сролікі? — як тачнік які, тарабаніце гэту брычку з сабой.
Г а р о ш к а. Мусіць, яны пазайздросцілі конскаму хлебу.
Г а н у л я. Гэта Мікітка кожны дзень гэтак на службу ездзіць.
М і к і т а. А так, пане профэсар. Пры сучасным політычным і экономичным становішчы Расійскай, меджду протчым, імпэрыі няможна йначай. Цяпер так: калі конь можа цягаць павозку, то чалавек і пагатове. На тое ж у нас і абсалютная свабода, каб усе жывое мела абсалютнае раўнапраўе.
Я н к а. Раўнапраўето раўнапраўе, але ж хіба яно вам не загадвае быць штодзень за нейкага саматужнага вазюра?
М і к і т а. О не! Каламажку я цягаю з сабой толькі дабравольна і толькі для ўласнай выгады. Па-першае: на службу і са службы важу патрэбныя сабе офіцыяльныя, меджду протчым, паперы; па-другое: важу, але ўжо толькі са службы, усялякія пайкі, коопэрацыйны тавар і іншае; патрэцяе: вось пападаецца па дарозе якая-небудзь контрабанда, іначай кажучы — рэчы, якія ўвозіць у Менск забаронена: мука, крупы, бульба, сала, масла, цыбуля, рэдзька і гэтаму, меджду протчым, падобнае. Значыцца, выгандляваў цішком, каб ніхто не бачыў, тое-сёе з гэтай контрабанды на якую-сякую панчоху ці шкарпэтку, палажыў сабе, меджду протчым, на воз і вязі сабе ў сваей каламажцы. Ну, і ці ж невыгодна?
А л е н к а. (прабуючы падымаць паасобку партфелі ў каламажцы). Ну і цяжкія ж гэтыя торбы! Ці не каменне ў іх напакавана?
М і к і т а. Не каменне, меджду протчым, мамзэль, а наш хлеб штодзенны. (Дастаючы першы партфель.) У гэтым портфэльчыку ўсялякія асабістыя пасведчанні: на маю асобу, на маю кватэру, на ваду, на апал, на яду, на хадзьбу і гэтак далей, і яшчэ дакуманты на права ўставаць рана і не устаъаць рана, хадзіць на службу і не хадзіць на службу, насіць вопратку і не насіць вопратку, трымаць грошы і не трымаць грошы, мець сабе жонак і дзяцей і не мець сабе жонак і дзяцей, свістаць, меджду протчым, на…
Я н к а. (перабіўшы). А у гэным другім лантуху?
М і к і т а. (дастаючы другі партфель). А у гэтым, меджду протчым, портфэльчыку ўсялякія дэкрэты, законы, пастановы, загады, рэзолюцыі, інструкцыі аб раўна-праўі ўсіх расаў і падрасаў, усіх нацый і паднацый, усіх народаў і паднародаў, усіх моваў і падмоваў — у нашай ядынай і непадзельнай Літбеларускай рэспубліцы. (Дастаючы трэці партфель.) У гэтым толькі грошы — мая пэнсія за першыя дзесяць дзён гэтага ліпня месяца і за два тыдні наперад. (Дастаючы чацвёрты, апошні партфель.) А у гэтым карапузіку важнейшыя дакуманты: профсаюзу, біржы працы, культасветы, нашага № 157 348 дамкому, у якім я паўнапраўны сакратар, і гэтак, меджду протчым, далей. (Дастаючы іншыя рэчы з каламажкі.) Далей ідуць мае за месяц чэрвень, за першыя дзесяць дзён ліпня і за два тыдні наперад дармовыя, меджду протчым, пайкі: сем фунтаў адборнай атрубянай мукі, паўтара фунта з асьмушкай круп, два фунты з чвэрткай гароху, не ведаю колькі газы, паўчвэрці фунта і два лоты солі, і да ўсяго гэтага яшчэ: селядцы, тараны, сем з паловай фунтаў дроў, пудэлачка, меджду протчым, пудры а-ля-руж, падстаўка для кветак, тры чаркі, а болей здаецца, нічога няма.
Я н к а. Як уважаю, дойная каза выйшла з вашай свабоднай профэсіі аратара: столькі грошай, ды яшчэ дармовыя пайкі!
М і к і т а. Бачыце, пане профэсар, як вам сказаць, меджду протчым, я ўжо махнуў рукой на усе свабодныя профэсіі: штосьці мне яны не шанцуюць.
Г а н у л я. Не шанцуюць, бо не за свае бярэшся. Гэта ж, трэба вам ведаць, чуць не наклікаў на сваю галаву безгалоўя. Як толькі немцы выйшлі, то ен ужо на другі дзень палез на Трэку недзе на вышкі і давай на чым свет падбухторываць людзей. Спачатку ўсе здзівіўшыся глядзелі, смяяліся, а пасля давай шпурляць у яго чым хто папала. Сцягнулі гвалтам з вышак і немаведама куды б зацягнулі. Але, на шчасце, заступілася мамзэль Наста і сяк-так выпутала з гэтай бяды.
М і к і т а. Меджду протчым, мамаша, вы крыху не ў тых колерах адмалявалі ўсю гэтую трагічную гісто-рыю. Уся бяда была ў тым, што я не ўгадаў, на якую, меджду протчым, стануць пляцформу, дзеля гэтага па-слізнуўся і быў змушаны прымусова зыйсці з трыбуны. I гэтае, меджду протчым, здарэнне пераканала мяне, што кроў свабодных профэсій у маіх жылах яшчэ не цячэ і што мае праўдзівае прызванне вось у гэтым (хлопаючы па партфелях): паперы, паперы и паперы. Цяпер я, пане профэсар, маю шаснаццаць дзенных і восем вячэрніх, меджду протчым, пасадаў рэгістратара ў розных Менскіх Губэрнскіх Саўхозах, Нархозах, Комхозах, Домхозах і іншых аддзелах, пададдзелах і напаўпад-аддзелах, дзе, меджду протчым, сяджу сабе і сяджу сабе, пішу сабе і пішу сабе. На маю пільную працу нават начальства, меджду протчым, звярнула ўвагу і да маёй рангі рэгістратара дабавіла ганаровую падрангу, якая па-нашаму завецца «Совбур». Бяда толькі, меджду протчым, што вось новая, па ліку трэцяя, політычная сытуацыя спыняе на няведамы час тэту маю рэгістра-тарска-совбурскую кар'еру.