Ведзьміна тоня
Шрифт:
Нос распух не вельмі. Затое адно вока амаль заплыло, сіняк быў вялікі, жоўта-сіні.
“Абы бачыла,” – адмахнуўся ад свайго адлюстравання Сяргей. З “ліхтарамі” хадзіць яму было не прывыкаць.
Людзей каля магазіна было шмат – чакалі машыну з хлебам. У бок Сяргея і Нэлы павярнуліся колькі старых жанчын, ціха шапталіся, ківалі галовамі. Хлопцы і дзяўчаты асаблівай увагі на яго не звярнулі, пакуль не дастаў з торбачкі свой слоік. Торбачку разаслаў на зямлі, недалёка ад увахода ў магазін, на торбачку паставіў
Некалькі малых адразу ж прыселі каля яго.
– Ух ты, я вось такога ў мінулым годзе злавіў, – казаў адзін, тыцкаючы пальцам у шкло слоіка.
– Твой меншы быў.
– Ага, большы! Хіба што мой быў белы, а гэты жоўты. Жоўтыя таўсцейшыя толькі.
У гэты час падышла машына з хлебам. Бабулькі падаліся шумна ў магазін – займаць чаргу.
Вадзіцель, малады хлопец, скочыў з падножкі, нешта весела мармычучы пад нос.
– Так, бабачкі-цётачкі-дзевачкі, праход мне вызвалілі, хлеб едзе!
Грымнуў дзвярыма будкі, доўгім прутком з загнутым канцом зачапіў латок з хлебам, і той паслухмяна выехаў з цёплага нутра будкі.
І цяпер вадзіцель зірнуў на Сяргея.
Сяргей не адвёў вачэй убок, хоць непрыемны халадок сціснуў жывот. Вадзіцель кінуў сваю жалезную палку, скочыў з ганку і, відаць, знарок гледзячы ўважліва на слоік з рыбай, стаў падыходзіць да Сяргея. Глядзеў на рыбу, а хапіўся, моцна сціснуў плячо Сяргея. І потым ужо ўзняў на яго вочы.
– Ну што, хлопец, помніш мяне?
Вакол іх ужо сабралася кальцо дзятвы, прыпыніліся старэйшыя.
– О, вадзіцель злодзея злавіў!
– Зойчын гэта?
– Ага, тым летам украў бохан хлеба з машыны. Уцёк быў.
– А тут, дурны, сам прыйшоў.
– Цяпер вушы надзяруць...
Сяргей чуў гэтыя галасы. Ведаў, што такое вось – сустрэча з вадзіцелем – можа быць, хоць спадзяваўся, што прывязе хлеб іншы. Ён узняў вочы на вадзіцеля.
– Помню.
Вадзіцель можа чакаў, што Сяргей кінецца прэч, пачне аднеквацца, прасіцца, і цяпер у яго вачах прамільгнула разгубленасць.
І раптам ціхенька, ледзь чутна, бы страшэнна баючыся, што яе пачуюць, захныкала Нэла.
Сяргей толькі цяпер адчуў, што яна абхапіла, колькі было ў яе моцы, яго нагу, прыціснулася, ператварылася ў адзін маленькі камячок страху, уздрыгвала кароткімі ўсхліпамі.
– Не бойся, не плач, – паклаў Сяргей руку на яе галоўку, спакойна сказаў да вадзіцеля: – Забірайце рыбу... За той бохан.
– Сястра? – вадзіцель паказаў вачыма на Нэлу.
– Сястра... Толькі мне слоік трэба.
– Ну... Чакай, разгружуся, – адказаў вадзіцель, адпусціў плячо Сяргея з лёгкім, амаль дружалюбным штуршком.
Пакуль ён спрытна выцягваў латкі з цёплымі боханамі чорнага хлеба, з жоўта-залацістымі батонамі, Сяргей стаяў на тым жа месцы, не адышоўшыся ні на крок. І Нэла не адыходзіла ад яго, не адпускала нагу, хоць уздрыгваць перастала.
Вадзіцель пакідаў пустыя латкі ў будку, скокнуў у кабіну, вылез адтуль з бітончыкам.
– Ну, давай сваю рыбу!
Сяргей пераліў ваду разам з карасямі са слоіка ў бітончык вадзіцеля.
– О, клас! – вадзіцель відавочна быў задаволены. – Жывую прывязу!
Сяргей моўчкі павярнуўся, каб ісці, і ўбачыў, што ад ганка за імі назірае Віцька – той таксама прыйшоў па хлеб.
– Чакай, – прыпыніў вадзіцель Сяргея. – Ты разлічыўся, мне ж таксама разлічыцца трэба. Мнагавата тут рыбы за адзін бохан. Колькі ты за ўсю рыбу хочаш?
Сяргей адмоўна паківаў галавой.
– Нам грошы не трэба. Бохан хлеба, адзін батон і яшчэ солі.
Вадзіцель уважліва глядзеў на Сяргея, Нэлу. Можа, і падлічваў, колькі каштуе ўсё пералічанае. Нечакана твар яго спахмурнеў, ён са злосцю сплюнуў на зямлю, не сказаў ні слова, пайшоў да сваёй будкі. Вярнуўся назад з двума боханамі чорнага хлеба і двума батонамі. Паклаў іх на Сяргееву торбачку, палез у кішэню, выцягнуў купюру.
– На, купіш соль.
Ад кабіны павярнуўся, крыкнуў:
– Праз тыдзень прынось, колькі наловіш. Сушаную, салёную, жывую – усю нясі. Я куплю.
Сяргей моўчкі кіўнуў. Нахіліўся, пераклаў хлеб і батоны ў торбачку. Вялікі кавалак батона, пахучы, мяккі, з хрумсткай залаціста-жоўтай скарынкай, адламаў і даў Нэле:
– Еш.
І сам не ўтрымаўся, адшчыпнуў ад батона кавалак, кінуў у рот: як прачнуўся, яшчэ ж нічога не еў. Яны пайшлі сярэдзінай вуліцы.
Віцька з ганку магазіна глядзеў ім у след і шчымлівае, невядомае раней пачуццё душыла яго. Крыўда то была? Зайздрасць? Злосць?
Ён пайшоў дадому, не думаючы ні аб чым, у вачах усё стаяў гэты малюнак – маленькая Нэла са ззяючымі вачыма прымае з рук брата акраец батона. Шчаслівая ад такой простай рэчы – кавалка белага хлеба...
Жэнька, як толькі Віцька ступіў з хлебам на парог, стала наліваць абед. Віцька нарэзаў хлеб, сеў за стол.
– Ты чаго такі сумны? –глянула заклапочана на яго маці. – Мо нос баліць?
– Прайшоў нос.
Віцька не еў, механічна варушыў лыжкай у талерцы з халадніком.
– Ведаеш, мама, а гэты Сяргей сёння лавіў рыбу на маім... на тым самым месцы...
– От ты скажы, які нахабнік, –адклала маці лыжку. – Калі ўжо так не разумее, трэба было проста прагнаць. Хіба на копанцы больш месцаў няма?
– Мы і прагналі, –загаварыў ціха Віцька. – Удваіх, з Эдзікам. Разбілі яму нос, паставілі сіняк под вокам, яшчэ кухталёў надавалі...
– Ай, якія малайцы, – усклікнула, роблена захапляючыся, Жэнька. – Героі! Двое адкормленых і сытых на аднаго галоднага!
– Жэнька, маўчы, – крыкнула строга маці, павярнулася да Віцькі: – Ну, прагналі – добра, а вось біць не трэба было, – паўшчувала мякка.