Ведзьміна тоня
Шрифт:
– Пан Даўчэль, Вы склалі дзіўнае завяшчанне. Там гаворыцца аб тым, што калі аб Вас не будзе звестак 10 дзён, то мы можам лічыць Вас мёртвым. Выбачайце, людзі часцей пішуць пра тое, дзе іх пахаваць…
– Не трэба клапаціцца пра маё пахаванне.
– Вы збіраецеся некуды знікнуць?
– Выбачайце, я стаміўся.
Пан Даўчэль не стаў больш размаўляць з намі. А праз тры дні яго не знайшлі дома! Ні жывога, ні мёртвага! Праўда, зніклі і яго дакументы. Узбуджаць справу ніхто не будзе – проста няма каму заявіць у паліцыю аб яго знікненні. У нас свабодная краіна,
Віцька замоўк.
Цішыня стаяла ў садку некалькі хвілін, адно чутно было, як патрэсквае ў самакрутцы дзедаў самасад.
Усе глядзелі на дзеда Васіля.
– Значыць, там яны, на Савіным востраве, – прагаварыў нарэшце хрыпла нібыта сам сабе дзед, адкашляўся, кінуў недакурак у траву, прытаптаў абцасам і стаў круціць новую самакрутку. – Гэта я таму так кажу, што толькі на адным востраве капалі зямлянку. І каб мы яшчэ дзень ці два там прабылі… Што скажаце на гэта ўсё? – нечакана спытаў ён.
Ніхто нічога не казаў.
– Ну, што рабіць далей будзем? – дапытваўся дзед Васіль.
– Паплывём на востраў, – нясмела прапанаваў Віталь.
– І будзем шукаць магілу, – дадаў Сяргей. – Там… ну, крыж, мабыць, паставіць трэба…
– То помнік трэба, – сказаў Віцька. – Ваенным жа помнікі ставяць.
– А на помніку зрабіць надпіс, – прадоўжыла Жэнька, якая пачала разумець увесь прыхаваны сэнс пытання дзеда Васіля. – Васіль Яўменавіч, што ж мы… там напішам?
І гэта зразумелі ўсе – што напісаць на помніку? Хто застаўся ляжаць там, у балоце, на Савіным востраве, а хто памёр нядаўна недзе ў Германіі?
Вось аб чым пытаўся дзед Васіль.
– Ну, вось вы і зразумелі… – дзед уважліва агледзеў усіх, кожнаму зазірнуў у вочы. – Незвычайную ты паперыну знайшоў, Віцька. Дзякуй табе за яе. Цяпер…цяпер я ведаю, дзе шукаць свайго сябра.
– Ну, вось, мы дакладна ведаем, што гэты Пітэр не, э-э, Андрэй Кульжа… – стаў разважаць Віталь. – Цяпер трэба…
– Нічога ў цябе не атрымаецца на гэты раз, – спыніў яго Сяргей. – Справа не ў тым, каго пісаць на помніку, а ў тым, каго не пісаць… Так, дзед Васіль?
– Так, сябры мае, так…
– І што ж атрымаецца? Там – нашы вяскоўцы, там – бацька нашага былога дырэктара школы Ганны Дзмітрыеўны… І значыць, некага з траіх нам трэба лічыць… здраднікам? – вымавіла апошнія словы са страхам Жэнька, умольна паглядзела на дзеда Васіля.
Дзед глядзеў ёй у вочы і сумна ківаў галавой.
– Так, унучка. Хоць які і ў чым ён здраднік…
– Але ўсё адно невядома, хто там не пахаваны, – уздыхнуў Віталь.
Дзед Васіль перавёў позірк на Віцьку, спытаў:
– Ты ішоў сюды, вырашыўшы зачытаць нам гэтае пісьмо перад усімі, так? Чаму?
– Я… я не мог адзін рашыць…
– Што рашыць?
Усе глядзелі на Віцьку, чакалі яго адказу, быццам толькі ён адзін ведаў, бо нешта ўтаіў ад іншых.
– Я… – Віцька запнуўся, потым прадоўжыў: – Не разумеў я, напачатку, але, здавалася, тут нешта страшнае было. І я не мог сам рашыць – паказваць гэта страшнае ўсім ці не. Цяпер я разумею – што канкрэтна з’яўляецца страшным. Вось…
Зноў наступіла цішыня.
– А нічога ты не знаходзіў у сваім Інтэрнэце! – раптам проста сказаў Віталь.
– Як гэта?
– А так, – падхапіўся з зямлі Віталь. – Мы не ведаем пра існаванне нейкай невядомай старонкі ў Інтэрнэце, нейкага горада і нейкага Пітэра.
– А што мы ведаем тады?
– Мы ведаем, што там пахаваны партызаны. І мы адшукаем магілу.
– Але прапала чацвёра, а знойдзем – тры!
– Чакайце, – прыпыніў усіх Сяргей. – Тры мы знойдзем, бо іх пахаваў чацверты. А сам чацверты не мог сябе пахаваць. Яго косці расцягнулі за столькі гадоў птушкі і звяры. І нічога дзіўнага.
– І на помніку трэба будзе пісаць усе чатыры прозвішчы! – заключыла Жэнька.
– То будзе падман… – паціснуў плячыма Віцька. – Дзед Васіль, чаго вы маўчыце? Мы ж зусім заблыталіся!
Дзед адказаў не адразу.
– А вы малайцы. А падман… Каго мы абманваем? Гэта Пітэр сам аб сабе сказаў, што ён аднойчы памёр на Савіным востраве партызанам. А потым… давайце пачакаем. Вось даплывём туды, там, можа, што і большае зразумеем.
– А пакуль – маўчым, – ці то спытаў, ці то прапанаваў Віцька.
– Вядома, маўчым! – загарэўся Віталь. – уяўляеце, што будзе, калі мы вернемся з тоні і раскажам, што адшукалі магілу партызан!
І раптам сам засаромеўся свайго прадчування славы. Зніякавела дадаў:
– Ну, мы ж не таму, каб праславіцца, туды плывём… Так атрымалася…
Дзед кашлянуў, усе запытліва ўтаропіліся на яго.
– Вось што, мальцы… Паслухайце мяне, старога. Няхай Віцька адшукаў там дакумент у сваім камп’ютэры. Адно мы можам сказаць: у тым дакуменце кажацца аб тым, што на Савіным востраве пахаваны партызаны. А колькі пахавана – гэта іншая справа. Што за дакумент? Ну, успаміны некага. Дарэчы, атрад наш збіраўся пасля блакады тыдні два. А нехта і ў іншым атрадзе аказаўся. І той, хто не з намі быў, мог нешта пра пахаванне ведаць. А лёс людскі – заблытаны… Так што… не будзем хлусіць і ад людзей такую навіну цалкам хаваць. Але і разносіць яе па вёсцы няма сэнсу. Не ўсякаму, хто пытае, адказваць трэба. А адказваючы, пра тое кажы, пра што пытаюць. А пра што не пытаюць – пра тое і прамаўчы. Тады не трэба будзе нікога падманваць. Ну, як, прымаеце такі план?
– Гэта тое, што і трэба!
– Правільна, Васіль Яўменавіч.
– Вось і добра…
– Значыць, ведаем мы сёння, што на Савіным востраве ёсць магіла партызан. І больш нічога, – і нечакана спытаў: – Віцька, колькі год таму было гэта напісана?
– Напісана, што матэрыял надрукаваўся дзевяць год таму.
– Дзевяць, значыць… – стары задумліва паўтарыў: – Дзевяць год…
Віцька з Жэнькай зазбіраліся дадому – трэба было яшчэ шмат спраў зрабіць па гаспадарцы.
А Віталь пабег дахаты па другой прычыне – маляваць схему Ведзьмінай тоні і складаць план дзеянняў.