Воўчая зграя
Шрифт:
Наконт Платонава яна, відаць, мела рацыю, той сапраўды быў чалавек на дзіва ўраўнаважаны, добразычлівы і не па-вайсковаму спакойны. Ляўчук ведаў яго яшчз з даваеннага часу, калі яны разам служылі ў Гродні,— Ляўчук камандзірам аддзялення сувязі, а капітан Платонаў — ПНШ палка па разведцы. Пасля разгрому палка і акружэння Ляўчук перабыў першую зіму ў бацькі, а вясной, калі іх група злучылася з групай Ударцава, ён там сустрэў Платонава. I дзіўная рэч: баі, разгром, лясное, поўнае яўных і тайных небяспек жыццё не змяніла характару капітана, па-ранейшаму ён заставаўся такі ж спакойны, добразычлівы, аднолькавы з усімі — начальнікамі і падначаленымі, ніколі не пароў гарачкі, заўжды стараўся зрабіць абдумана, цвяроза і па справядлівасці. Такі ж ён быў і ў той невясёлай гісторыі
Прыбеглі яны са станцыі, дзе перагружалі дрэва з вузкакалейкі на шырокую каляіну і дзе заўжды працавала каманда ваеннапалонных. У атрад іх прывяла Зойка, атрадная сувязная з пуцейскай казармы, казала, найперш яны прыбіліся да яе і на прамілы бог прасілі звязаць іх з партызанамі. I Зойка звязала. У атрадзе і да іх было нямала нядаўніх ваеннапалонных ды акружэнцаў, і таму з'яўленне яшчэ двух новых не выклікала ні вялікай увагі, ні тым болей здзіўлення. Здзіўленне і нават невялікі сполах пачаўся пазней, калі з імі пачалі гаворку ў асобым аддзеле.
Першага паклікалі туды Шаўцова, высокага схуднелага чалавека ў ватоўцы, які, па яго словах, да арміі працаваў інжынерам у Кемераве, трапіў у палон пад Беластокам і, як ён сказаў, год шукаў моманту вырвацца з палону і знайсці партызан. Цяпер ён быў дужа рады, што гэты выпадак надарыўся, і прасіў даць яму зброю, каб біць тых, хто прычыніў яму столькі пакут і ганьбы.
Усё было проста, звычайна, Шаўцова залічылі ў другую роту і адправілі за ручай у ротны будан.
Другога паклікалі крыху пазней, пад вечар, бо начальнік асобага аддзела Зяновіч павінен быў некуды ехаць, і канавод ужо чакаў яго з асядланым канём ля зямлянкі. Вярнуўся Зяновіч толькі пад вечар, калі партызаны ішлі па вячэру на кухню, і тады знайшоў ля сваёй зямлянкі Шаўцовага напарніка па прозвішчы Кудраўцаў, які, аказваецца, спецыяльна чакаў яго тут з гадзіну.
Гэты Кудраўцаў быў даволі яшчэ малады, ладны дзяцюк з на дзіва прывабнай і адкрытай усмешкай на прыгожым, добра паголеным твары, ён усё расказаў пра сябе: як ваяваў, як падбілі ягоны танк і як сябры вывалаклі яго з полымя, паказаў нават след на лапатцы ад цяжкога ранення, пасля якога, непрытомны, апынуўся ў палоне. Сам ён быў ленінградзец, да арміі працаваў на славутым заводзе. любіць радзіму і ненавідзіць немцаў, гатовы ваяваць з імі на любой пасадзе, хоць сам, між іншым, радыст вышэйшай кваліфікацыі. I яшчэ ён мае заявіць па сакрэту, што ягонага напарніка Шаўцова незадоўга да іх уцёкаў некалькі разоў выклікаў шэф СД, здаецца, вербаваў у агенты, хаця, магчыма, што ён, Кудраўцаў, і памыляецца, бо на іх гаворцы, вядома, не быў. Зяновіч знарок спакойна сказаў, што яму гэта вядома, хоць усё гэта ён чуў тады першы раз. Ён адпусціў Кудраўцава, а сам тут жа паслаў дзяжурнага па Шаўцова.
Шаўцова прывялі не так хутка, аказваецца, той ужо спаў, і калі пачуў пра ягоную вярбоўку ў СД, вельмі здзівіўся. Ці зрабіў выгляд, што здзіўляецца. Ён адмаўляў, што яго хоць бы раз выклікаў шэф СД, казаў, што ён нічога не чуў пра вярбоўку і не браў на сябе ніякіх абавязацельстваў перад немцамі. Пра Кудраўцава ж ён нічога кепскага сказаць не мог — разам працавалі, разам гібелі ў бараку, выбраўшы момант, уцяклі, калі іх паслалі пераносіць старыя падмосткі да новай эстакады.
Зяновіч далажыў аб тым камандзіру, камісару, начальніку штаба. Тыя, параіўшыся, рашылі абшукаць Шаўцова, і калі хлопцы распаролі паясніцу ягоных штаноў, знайшлі там нейкую паркалёвую анучку з лічбамі, напісанымі вадастойкаю фарбай. Што гэта такое — Шаўцоў вытлумачыць не мог, але ўсе зразумелі, што гэта нямецкі шыфр. Такія штучкі партызанам ужо былі вядомы, і Шаўцова на другі дзень расстралялі ў рове.
А Кудраўцаў з таго часу стаў вядомы ўсім партызанам. Сапраўды, выратаваў атрад ад нямецкага агента, бо няцяжка было сабе ўявіць, што сталася б з атрадам, калі б у ім застаўся гэты Шаўцоў. Ды і наогул новы партызан на дзіва сімпатычны хлопец, выдатны стралок, майстра па гадзінніках і ў дадатак да ўсяго яшчэ іграў на гармоніку. Гармонік, праўда, быў у іх надта старэнькі, з прадраным мехам, клавішы ў яго ўвесь час западалі, галасы дашчэнту расстроены ў няўмелых руках, але ўсё роўна Кудраўцаў іграў на ім так добра, што можна было заслухацца. Калі надараўся які вольны час, ён сядаў на пянёк каля будана першай роты і пачынаў паціху наігрываць «страдание» або «Синенькнй скромный платочек», адразу ж каля яго пачыналі збірацца хлопцы, усе слухалі ды пазіралі, як спрытна бегаюць па клавішах ягоныя пальцы, а сам гарманіст люба ўсміхаецца, мусіць, таксама радуючыся з свае майстэрскай ігры.
Неяк спакваля, не адразу, да будана першай роты пачала прыходзіць і Клава.
Прыходзіла яна адна, трошкі сарамліва і з нейкаю нават затоенай бояззю спынялася каля бярозак збоч ад гаманкой купкі хлопцаў з гарманістам, але тыя адразу заўважалі яе і клікалі, нават цягнулі бліжэй да ўсіх. Кудраўцаў нейкай асаблівай жвавасцю адгукаўся на яе прыход і граў, усміхаючыся ўжо толькі ёй адной. Яна, мусіць, заўважала тое, бянтэжылася, але стаяла, слухала, лёгка і ветліва адбіваючыся ад празмернай увагі некаторых хлопцаў-назолаў. Зрэшты, асабліва да яе ўжо не набіваліся, у атрадзе ўжо ведалі пра яе адносіны з начштаба Платонавым. Ляўчук у такі час звычайна быў там жа ці дзесьці паблізу за якой дробязнай справай, але ён заўжды прыкмячаў яе паяўленне каля гарманіста, і ніводзін яе крок, погляд, усмешка не заставаліся ім не заўважаныя. I тады ён нешта прыкмеціў у адносінах да яе Кудраўцава, і гэта яго насцярожыла.
Ляўчук сам пэўна не ведаў, кахаў Клаву ці не, можа, проста яна па-дзявочы падабалася яму, але ён не зрабіў ні адной спробы зблізіцца з ёю, бо не хацеў пераходзіць дарогу Платонаву. Яшчэ тады, як ён прывёз яе з Кіраўскай, ён з першага позірку між новай радысткай і іхнім начштаба зразумеў, што так у іх не абыдзецца, — дужа ўжо яны былі здатныя адзін для аднаго: абое ладныя, прыгожыя і маладыя. I ён адступіўся ад яе, але толькі дзеля аднаго Платонава, і болей адступацца не меў намеру ні для каго іншага. Нават калі б ён быў, як анёл, прыгожы і граў на аргане, а не на такім пабітым гармоніку. I Ляўчук ціха, але ўпарта, з усёй маладой сілай узненавідзеў гэтага наваяўленага партызана, усеагульнага любімца і сімпацягу Кудраўцава. Аднойчы ён нават наважыўся пагаварыць пра яго з Платонавым і ўжо быў спыніў яго ў часе сустрэчы на сцежцы, ды раптам капітана паклікалі ў штабную зямлянку, і Ляўчук, хвіліну счакаўшы, пайшоў па сваёй справе.
I шкада, што не пагутарыў. Хто ведае, можа б яго не дужа пэўная гутарка не дапусціла вялікай бяды, якая неўзабаве здарылася ў атрадзе.
Неяк у Клавы пачаліся нелады з рацыяй, аднойчы яна нават прапусціла сэанс сувязі, бо не магла даць рады свайму «севярку». Ляшчова ў той час у атрадзе ўжо не было — адкамандзіравалі ў групу Цеслюка, і ніхто ёй памагчы не мог. I тады ў штабе ўспомнілі пра Кудраўцава. Ён ахвотна ўзяўся за дапамогу, нешта зрабіў там, і рацыя сапраўды пачала працаваць. Толькі ён сказаў, што яна так нядоўга пратрымаецца, што трэба змяніць нейкую зубчатку. Але дзе было ўзяць у лесе тую зубчатку? I Кудраўцаў, падумаўшы, сказаў, што гэту штуковіну можна дастаць на станцыі, ён ведае чалавека, але той чалавек можа даверыцца толькі яму і нікому болей. Платонаў падумаў, параіўся з Клавай, і яны рашылі, што трэба паспрабаваць. Толькі паслаць Кудраўцава трэба не аднаго, а з групай, і камандзірам групы прызначылі Леўчука. Ляўчук не адзін раз хадзіў на тую станцыю, у яго там былі знаёмыя, і ён асаблівай увагі не надаў гэтаму заданню — былі куды болей важныя і трудныя, і то як-небудзь усё абыходзілася.
На станцыю Ляўчук павінен быў пайсці ў нядзелю, а ў суботу, вяртаючыся з Клясцоў, яны, трое разведчыкаў, завіталі па дарозе на хутар да знаёмага чалавека, які добра пачаставаў іх. I калі пасля прыходу ў атрад ён далажыў камандзіру аб выкананні задання, той тут жа распарадзіўся адправіцца Леўчуку ў яму каля каравульнай зямлянкі, дзе ў іх была гаўптвахта. Ляўчук закіпеў, нагаварыў камандзіру чорт ведае чаго, але ўрэшце быў змушаны здаць аўтамат і пад канвоем камандзіравага ардынарца адправіцца да яміны, куды ён са злосцю кінуў сваю ватоўку, а пасля скочыў сам і адразу ўлёгся спаць.