Воўчая зграя
Шрифт:
Яны ўсе знерухомелі, дзе стаялі, Ляўчук, разявіўшы рот, упіўся ў ноч слыхам і хацеў што-небудзь убачыць, але праз туманісты змрок нічога не было відаць. I раптам злая здагадка амаль узрадавала яго:
— На грэблі, ага?
— На грэблі,— паныла пацвердзіў Грыбаед.
Яны зноў сціхлі, знерухомелі перад агромністасцю начной бяды, якая абрынулася на іншых, а вельмі проста магла б абрынуцца на іх чацвярых. Цяпер усіх дапякала адна толькі думка: хто каго? Але тут, мусіць, і думаць не было чаго — стралялі немцы. Страчылі з таго, іх боку. Зноў жа, і мінамёты, — мабыць, у іх атрадзе не было мінамётаў. Значыць, нехта ўсё ж не ўтрымаўся ад спакусы праскочыць па гаці, паспадзяваўшыся
I Ляўчук, здрыгануўшыся ад золкасці ці ад усведамлення свае нечаканай удачы, раптам са злым папрокам накінуўся на сваіх памагатых:
— Ну во, вашай матары! А вы — назад! А ну давай упярод! З усяе сілы ўпярод! Раздва, узялі!
Прыслухоўваючыся да страляніны, яны зноў узяліся папіхаць і цягнуць фурманку, сцябаць і крычаць на знясіленага мокрага коніка. Аднак сілы іх былі ўжо не тыя, што спачатку, і фурманку, відаць, засмактала як мае быць. Марна правалэндаўшыся з ёю хвілін дваццаць, Ляўчук разагнуўся. Страляніна на грэблі ўсё калаціла лясны абшар. Тады ён, крыху спачыўшы, зноў палез у туман, беручы то ўлева, то ўправа, шырока мацаючы ў багне нагамі. Добра, што боты ў яго былі скураныя, не кірзачы, набрыняўшы цяпер у вадзе, яны селі, шчыльна абляпілі ногі і не звальваліся — інакш бы ён хутка застаўся босы. Ён рашыў найперш знайсці які шлях на бераг, калі толькі сам дзе не шусне з галавой у прорву, а пасля ўжо тым шляхам вывесці за сабой фурманку. Цяпер ён не зважаў на глыбіню, усё роўна па плечы быў мокры, ён толькі хапаўся рукой за куп'ё і дзе ішоў, а дзе плыў, рассоўваючы грудзьмі густую цёплую твань. Слых ягоны пры гэтым увесь час лавіў гукі бою на грэблі, якія то заціхалі, то ўсчыналіся зноў, і не зразумець было, хто там браў верх. Можа, збілі нашы нямецкі заслон, а можа, заслон да рэшты перастраляў партызан.
«Ну і дурні,— думаў Ляўчук. — Чаго было перці ўсім на ражон, лепш ужо так, па балоце. Калі толькі там, за балотам, таксама не заселі немцы…»
На дзіва цяпер яму ўжо не здавалася страшным балота, хутчэй наадварот: страшнае было на дарозе, на грэблі, а балота не першы ўжо раз укрывала яго, ратавала, цяпер ён проста любіў балота. Калі б толькі яно не было бяздоннае і, вядома, не дужа бяскрайняе.
Неяк неўпрыцям ён згледзеў над туманам вяршалле кустоў і зразумеў, што гэта бераг. I сапраўды, праз якіх дваццаць крокаў балота ўраз скончылася, за нешырокай асакаватай паласой былі кусты алешніку, перад якім ляжала сенажаць з пракосамі свежай травы. Ён не стаў нават вылазіць на сухое, узрадавана павярнуў назад, у багну, да свае фурманкі. Гэты раз ён ледзьве не згубіў яе, прайшоў у тумане міма і толькі тады пачуў ззаду ціхае пялёхканне каня і вярнуўся. Клава сядзела на паўзатопленым возе, відаць, ратавала ад вады дэсантніка. Грыбаед плёхаўся каля каня, не даючы, каб таго зусім засмактала багна.
Яны маўкліва дачакаліся, калі ён падыдзе бліжэй.
— Во што! — сказаў Ляўчук, хапаючыся за аглоблю. — Трэба паасобку. Распрагай каня, перавязём Ціханава, пасля, можа, фурманку. Бераг тут, недалёка…
4
Пачынала світаць, калі ў белым, нібы малако, згусцелым тумане яны выбраліся ўрэшце з балота. Непрытомнага дэсантніка вывезлі конна, узваліўшы на мокрую конскую спіну, з бакоў яго падтрымлівалі Грыбаед і Клава, Ляўчук вёў каня. Ездавы, апроч таго, валок дугу і сядзёлку, якія ён не захацеў кінуць у балоце, дзе застаўся затоплены іх воз. Але воз яны мелі надзею знайсці ў якой вёсцы, быў бы конь ды збруя.
На беразе ў іх ледзьве хапіла сілы, каб зняць з каня абвялае цела дэсантніка, якога паклалі ў пракосе на ахопак волкай ад туману травы, і самі пападалі тут жа.
— Ну во! А вы казалі! — з няпэўнай задаволенасцю выдыхнуў Ляўчук.
Ён адным вухам лавіў нячастыя ўжо стрэлы на грэблі, а другім прыслухоўваўся да навакольнай, паволі святлеўшай прасторы — цяпер якраз пачыналася самае небяспечнае, бо тут на кожным іх кроку маглі аказацца немцы. Стрымана пазіраючы сюды-туды, каб быць гатовым да ўсякай нечаканкі, ён левай рукой дастаў з адмяклай скураной кабуры свой парабелум, абцёр яго аб траву. Дзве кардонныя пачачкі з патронамі раскіслі ў вадзе, і ён выкінуў іх, ссыпаўшы патроны ў кішэню. Затым падабраў з зямлі аўтамат Ціханава. Дэсантнік, здаецца, усё быў без памяці і толькі мармытаў нешта, пакуль яны валэндаліся з ім на балоце. Шкада, што пры аўтамацё быў усяго адзін дыск, Ляўчук адняў яго, паважыў у руцэ — дыск, мусіць, быў поўны. Патрохі яны адпачывалі, вяртаючы рэшту страчаных сіл. Але адпачынак нёс свае клопаты: рабілася холадна. Мокрая вопратка сцюдзяніла цела, а сушыцца пакуль што не было як, мабыць, давядзецца чакаць, калі ўзнімецца сонца. Хоць неба над лесам зусім паяснела, але да ўсходу яшчэ заставалася з паўгадзіны. I тады на сырым травяністым доле заварушыўся паранены.
— Піць… Піць дайце…
— Што? Піць? Зараз, зараз, браток. Зараз мы цябе напоім, — спачувальна азваўся Ляўчук. — Грыбаед, а ну схадзі, паглядзі, мо ручай дзе.
Грыбаед уставіў у вінтоўку затвор і нетаропка завалюхаў у тумане берагам, а Ляўчук зірнуў на Клаву, якая ціхенька дрыжала на пожні. Зачатак нейкага жалю ўшчыкнуў яго адчуванне, і ён скінуў з мокрага пляча падмочаную сваю ватоўку.
— На, ахініся. А то…
Клава ахінулася і зноў лягла бокам на травяны пракос.
— Піць! — зноў патрабавальна прамовіў паранены і ўсхапіўся, нібы спалохаўся чагось. Клава, прыўстаўшы, прытрымала яго.
— Ціха, ціха! Зараз прынясе піць.
— Клава? — па голасе пазнаў дзяўчыну дэсантнік. — Клава, дзе мы?
— Ды тут, за балотам. Ляжы, ляжы…
— Мы прарваліся?
— Амаль што. Ты не бойся,
— Дзе доктар Пайкін?
— Пайкін?
— Нашто табе Пайкін? — сказаў Ляўчук. — Пайкіна няма тут.
Ціханаў памаўчаў і раптам, нібы штось западозрыўшы, спалохана залапаў вакол па пожні.
— Аўтамат! Дзе мой аўтамат?
— Тут твой аўтамат. Куды дзенецца, — сказаў Ляўчук.
Але паранены патрабавальна працягнуў руку.
— Дай аўтамат!
— На, калі ласка. Што толькі ты з ім рабіць будзеш?
Слепа прыгробшы да сябе аўтамат, дэсантнік супакоіўся, але гэты яго супакой быў напружаны, як перад новым рыўком. I сапраўды, неўзабаве без усякай сувязі з папярэднім Ціханаў сказаў:
— Я памру, ага?
— Чаго гэта ты памрэш? — знарок грубавата папракнуў яго Ляўчук. — Вынесем, жыць будзеш.
— Куды… Куды вы мяне несяце?
— У адно харошае месца.
Ціханаў памаўчаў, быццам памеркаваў аб чымсьці, і патрабавальна сказаў:
— Паклічце доктара!
— Каго?
— Доктара! Пайкіна паклічце. Ці вы аглухлі? Клава!
— Доктара няма тут. Ён недзе пайшоў,— знайшлася Клава і лагодна пагладзіла дэсантніка па рукаве.
Той прыкусіў засмяглыя вусны і сказаў запалым голасам:
— Як жа?.. Мне трэба ведаць. Сляпы я… Нашто я сляпы? Я не хачу жыць…
— Нічога, нічога, — сказаў Ляўчук. — Яшчэ будзеш бачыць. Пацярпі крыху.