Воўчая зграя
Шрифт:
— Скажы ротнаму: раніла! Раніла мяне, чуеш?
Добра, што ўжо вечарэла, сонца пасля бясконцага спякотнага дня спаўзло за кустоўе, балацявіна ахінулася рэдзенькай кісяёй туману, праз які няшмат што і згледзіш. Немцы так і не пачалі сваёй пятай атакі, і, як стала цямнець, на грудок да Леўчуковага акопчыка прыбег ротны Мяжэвіч.
— Што, параніла? — прылёгшы побач на ігліцу, запытаўся ён, углядаючыся ў туманістую балацявіну, з якой несла парахавым смуродам і холадам.
— Ды во, у плячо. — У правае?
— Ну.
Ротны вылаяўся, услухаўся, нешта падумаў
— Ладна, што ж! Дуй да Пайкіна. Кулямёт аддай Кісялю.
— Каму? Тожа нашлі кулямётчыка! Ляўчук у гэтым загадзе адчуў штосьці для сябе абразлівае — аддаць яго спраўны, дагледжаны ім кулямёт Кісялю, гэтаму вясковаму дзядзьку, які і з вінтоўкай толькі нядаўна асвойтаўся, азначала для Леўчука зраўняцца з ім і ў астатнім. Але тады каму ж аддаваць? Мусіць бы, з кулямётам няблага ўправіўся Галашэеў Віцька, ды Галашэева два дні назад забіла мінай, а з іншых каго ні вазьмі, такія былі кулямётчыкі, як з яго лётчык. Ім шкада было даверыць паляўнічую дубальтоўку, не тое што гэты выдатнага бою, прыстраляны ім кулямёт. Зрэшты, чорт з ім, разважыў Ляўчук, цяпер яму малы клопат — цяпер ён паранены.
Рашыўшы так, Ляўчук з падкрэсленай абыякавасцю аднёс кулямёт і бляшаную скрынку з дыскамі пад суседнюю хвою да Кісялёвага акопчыка, а сам у нязвыклай легцы пабрыў у глыб лесу да ручая, дзе быў нейкі тыл гэтага абложанага карнікамі ўрочышча і дзе размяшчаўся доктар Пайкін з Верхаўцом — іх атрадныя «памочнікі смерці», як кпліва называлі дактароў партызаны. Мабыць, яны трохі і мелі рацыю, бо казалі, што Пайкін да вайны быў зубным урачом у раёне, а Верхавец раней наўрад ці калі трымаў у руках бінт. Аднак у атрадзе лепшых дактароў не было, і гэтыя два і лячылі, і перавязвалі, і нават, здаралася, адразалі ногі ці рукі, як таму вунь Крыцкаму, да якога падпала гангрэна. I нічога, кажуць, жыве недзе на хутары ў схове, памалу здаравее. Хоць і з адной нагой.
Пры ручаі каля будана санчасці ўжо сядзела некалькі чалавек параненых, Ляўчук дачакаўся свае чаргі, і доктар упоцемку, збольшага абцёршы пякучым перакісам вадароду скрываўленае плячо, туга абкруціў яго бінтам.
— Сунь руку за пазуху і насі. Нічога страшнага. Праз тыдзень можаш кувалдай махаць.
Каму не вядома, што добрыя словы дактароў часам лечаць лепей за іхнія лякарствы? Ляўчук, здаецца, адразу адчуў, як зменшыўся боль у плячы, і падумаў, што ўранку зноў вернецца на Доўгую граду ў роту, а спярша паспіць. Найперш ён хацеў выспацца — цяпер ён займеў на гэта поўнае права.
Пасля нядоўгай трывогі ён, здаецца, зноў задрамаў пад елкай на яе мулкіх пакручастых каранях, як зноў адчуў недалёкі тупат ног, галасы, шоргат калёс у кустоўі, нейкую мітусню побач. Ён пазнаў голас Пайкіна, а таксама новага іх начальніка штаба і яшчэ нечы, знаёмы, але спрасоння не адгаданы ім канчаткова.
— Не пайду я. Не пайду нікуды…
Клава Шарохіна, атрадная іх радыстка! Яе звонкі мілагучны голас Ляўчук пазнаў бы за кіламетр сярод сотні другіх галасоў, а цяпер яна была побач, у дзесяці кроках ад ягонай елкі. Сон Леўчукоў амаль што мінуўся, хоць ён і не мог яшчэ расплюшчыць вачэй, толькі павёў пад ватоўкай балючым плячом і зацяў дыханне.
— Як гэта — не пойдзеш? Як не пойдзеш? Што ж мы тут табе, радзілку адкрыем? — злосна гуў знаёмы басок іх новага начальніка штаба, нядаўняга камроты-адзін. — Пайкін!
— Я тут, таварыш начштаба.
— Адпраўляйце! Зараз жа адпраўляйце разам з Ціханавым! Да Язмінак неяк дабяруцца, а там у Лескаўца перабудзе. У Першамайскай.
— Не пайду! — зноў пачулася з цемры роспачна-жаллівае ў сваёй бездапаможнасці пярэчанне Клавы.
— Зразумейце, Шарохіна, — з лагодаю ўмяшаўся ў гаворку Пайкін. — Вам нельга тут. Вы ж самі сказалі: пара.
— Ну і хай!
— Заб'юць жа к чортавай матары! — здаецца, не на жарт зазлаваў начштаба. — На прарыў жа ідзём, на пузе паўзці прыйдзецца! Ты гэта разумееш!
— Хай забіваюць!
— Хай забіваюць — вы чулі? Мы яе ратуем, а яна думае, каб немцы забілі!
Настала прыкрая паўза, чутно было, як ціхенька хліпала Клава, недзе зводдаль ездавы разы два сцебануў каня, прабурчаў: «Каб цябе, ваўкарэзіна!..» Пэўна, тут некуды збіраліся, пераязджалі, ці што, але Ляўчук усё яшчэ не прачынаўся, не гнаў ад сябе сну і нават не расплюшчыў вачэй — наадварот, затаіўся, перацяў дыханне і чакаў.
— Пайкін! — паспакайнелым тонам сказаў з цемры начштаба. — Садзіце на воз і адпраўляйце. З Леўчуком адпраўляйце — калі што, ён дагледзіць. Але дзе Ляўчук? Ты ж казаў — тут?
— Тут быў. Я перавязваў.
«Ну, во табе і паспаў!» — амаль з роспаччу падумаў Ляўчук, але ўсё яшчэ не кратаўся, нібы спадзеючыся, што, можа, замест яго паклічуць іншага.
— Ляўчук! Га, Ляўчук! Грыбаед, дзе Ляўчук?
— Ды тут недзе спаў! Я бачыў,— па-здрадніцку прагучаў сіпаты голас ездавога санчасці Грыбаеда, і Ляўчук моўчкі сам сабе вылаяўся: ён бачыў! Хто яго прасіў бачыць?
— Шукайце Леўчука! — распарадзіўся начштаба. — Кладзіце на воз Ціханава. I цераз грэблю. Пакуль яшчэ геную дзірку не заткнулі. Ляўчук! — напаследак злосна гукнуў начальнік штаба.
— Я! Ну што? — таксама са злосцю, якую ён цяпер не лічыў патрэбным таіць, адгукнуўся Ляўчук і, не спяшаючыся, вылез з-пад навіслага да самай зямлі галля елкі.
У змроку лесавой ночы ні д'ябла не было відаць, але па невыразных рухах навокал, сцішаных галасах сям і там, нейкай трывожнай начной ажыўленасці ён ужо зразумеў, што стойбішча знімалася з месца. З-пад елак выехалі вазы, возчыкі, тупаючы ў цемры, запрагалі коней, нехта варушыўся паблізу, і па шорхаце плашч-палаткі на рослай постаці Ляўчук пазнаў начальніка штаба.
— Ляўчук! Топкую грэблю знаеш?
— Ну, знаю.
— Давай Ціханава адвязеш. А то прападзе хлопец. У Першамайскую брыгаду адвязеш. Цераз грэблю. Разведка вярнулася, кажуць, дзірка, можна праскочыць.
— Ну во яшчэ! — з адкрытай непрыязнасцю сказаў Ляўчук. — Чаго я ў Першамайскай не бачыў! Я ў роту пайду.
— Якую роту! Якую роту, калі ты паранены? Пайкін, куды ён паранены?
— У плячо. Кулявое касацельнае.
— Ну во, касацельнае! Так што давай на грэблю. Во павозка пад тваю каманду. I гэта… Клаву захопіш.