Воўчая зграя
Шрифт:
На першай пляцоўцы было чатыры кватэрных нумары — ад 40-га да 44-га, і ён паволі скіраваў вышэй. Ля акна віселі соты паштовых скрынак, з якіх дзе-нідзе тырчалі газеты, ён прыгледзеўся да іх нумароў і ўзрадаваўся: пяцьдзесят другая была тут, на трэцім паверсе.
На другой пляцоўцы ён трохі адпачыў, з нязвыкласці ўзяла задышка, нібы прынёс вёдры вады з крыніцы. Да таго ж ён не мог пазбавіцца ад дзіўнай няёмкасці, якая ўвесь час даймала яго так, нібыта ён ішоў з якой просьбай ці быў вінаваты ў чымсьці. Ведама, як ні думай, як ні ўгаворвай сябе, а сустрэча мела адбыцца нялёгкая. Напэўна, было б лепш наладзіць яе на некалькі гадоў раней, ды раней хіба ён ведаў, дзе яго шукаць? I так дзякуй пляменніку, — а то дзе і калі б ён
— А вы пазваніце, — сказала з парога жанчына, таропка выціраючы фартухом счырванелыя рукг. Пакуль ён няўцямна азіраў дзверы, як тут пазваніць, яна пераступіла парог і націснула на маленькую кнопку званка, непрыкметна прыладжаную да вушака збоку. Усярэдзіне раздаўся прарэзлівы трэск, але і пасля гэтага дзверы пяцьдзесят другой не адчыніліся.
— Значыць, няма, — сказала жанчына. — Зранку малая тут бегала, ды нешта цяпер не відаць. Значыць, пайшлі куды ў горад.
Ён збянтэжана прыхінуўся да лесвічнай парэнчы і не ведаў, што рабіць далей. Неяк ён не падумаў раней, што іх можа не аказацца дома, што яны некуды пойдуць або паедуць. Зрэшты, звычайная справа. Хіба ён сам увесь дзень сядзіць дома? Нават і цяпер, калі выйшаў на пенсію.
Але, мусіць, рабіць тут ужо не было чаго, — не чакаць жа на гэтай пляцоўцы, — і ён завярнуў да прыступак. Суседка перад тым, як зачыніць свае дзверы, крыкнула следам:
— Во, дык футбол жа сёння! Ці не на футболе яны?
Можа, і на футболе або яшчэ дзе. Ці мала куды можна пайсці ў горадзе ў пагодны выхадны дзень — у парк, кіно, рэстаран, тэатр, цікавых мясцін тут хапае, не тое што ў вёсцы. А ён спадзяваўся, дурань, што яны трыццаць гадоў сядзяць дома і чакаюць, калі ён прыедзе да іх у госці.
Ён пратупаў уніз шэсць крутаватых лесвічных маршаў і выйшаў з пад'езда. Бабулькі пры яго паяўленні адразу спынілі сваю гаворку і зноў з перабольшанай цікаўнасцю ўгледзеліся ў яго. Але ён ужо не адчуваў няёмкасці, спыніўся, на краі дарожкі і хвіліну думаў, што рабіць далей. Мусіць, усё ж трэба было пачакаць. Ногі пасля доўгай хады прасілі адпачынку, хацелася прысесці, ён згледзеў у глыбіні двара пад сцяной нейкага цаглянага хлеўчука здатную лаўку ў цяні і павольнай хадой прытомленага чалавека пайшоў да яе.
Найперш ён паставіў на лаўку свой чамаданчык, пасля сеў сам і выцягнуў натруджаныя ногі. Тут ён палаяў сябе за тое, што паслухаў жонку і надзеў новыя гамашы, — трэба было ехаць у старых, разношаных. Цяпер няблага было б зняць іх з ног, але, азірнуўшыся, ён пасаромеўся: вакол былі людзі. Непадалёк, ля гаража, такой жа, як гэта, цаглянай збудоўкі два мужчыны завіхаліся каля растрыбушанага, з паднятым капотам і парасчынянымі дзверцамі «Масквіча», гаманіла дзятва ў недалёкай пясочніцы пад драўляным грыбам-мухаморам. Адсюль яму добра відаць быў пад'езд з бабулямі, і ён пачаў назіраць за прахожымі — здавалася, што ён іх пазнае, як толькі яны паявяцца ля свайго пад'езда.
I ён наважыўся нікуды не ісці, чакаць тут. Сядзець было зручна і не горача ў засені, можна было ўволю паназіраць за жыццём у новым гарадскім квартале, які ён упершыню бачыў і ў якім яго шмат што цікавіла. Праўда, думкі яго ўсё вярталіся ў даўняе сваё мінулае, якое, мусіць, навек звязала яго з тым чалавекам. Памятаў ён усё так, нібы яно здарылася ўчора — тры дзесяткі гадоў нічога не прыглушылі ў ягонай учэпістай памяці, тым болей што тое было самае яркае і, можа, самае значнае ў ягоным жыцці. Многа разоў ён перадумваў,
2
Памятае, тады яму дужа хацелася спаць, але толькі ён задрамаў пад елкай, як нехта яго паклікаў, быццам нават знаёмы па голасе чалавек, і сон ад яго адкаснуўся, гатовы ўжо і прапасці зусім. Ды не прапаў. Сон быў такі неадольны і з такой сілай авалодаў зморанай за тры дні Леўчуковай істотай, што ён не прачнуўся. Праўда, да соннай яго свядомасці ўсё ж даходзіла неспакойная лясная рэальнасць: шастанне голля ў зарасніку, нечая гаворка зводдаль, нямоцная, хоць і недалёкая страляніна, якая, зрэшты, не сціхала тут з першага дня блакады. Але Ляўчук знарок ашукваў сябе, што не чуе нічога, і спаў, нізавошта на свеце не хочучы без пары прачынацца. Яму трэба было паспаць хоць пару гадзін; здаецца, ён першы раз у жыцці займеў такое права на сон, якога цяпер, апроч, хіба, немцаў, не маглі пазбавіць яго ні старшына, ні ротны, ні нават сам камандзір атрада. Ляўчук быў паранены.
Параніла яго надвячоркам на Доўгай градзе, неўзабаве пасля таго як рота адбіла чацвёртую за дзень атаку і карнікі, пасцягваўшы з балацявіны сваіх параненых і забітых, трохі ацішэлі. Мабыць, яны чакалі якога загаду, і іхняе начальства задумалася. Зрэшты, было ад чаго. Не новая гэта на вайне справа, калі камандзір войска, чатыры атакі якога не далі выніку, адчуе патрэбу падумаць, перш чым аддаць каманду на пятую. Ужо трохі напрактыкаваны ў гэтакіх справах Ляўчук таксама адчуў у сваім неглыбокім, перавітым карэннем акопчыку на грудку, што карнікі выдыхліся і для роты, мабыць, настаў які-ніякі перадых. Сцяміўшы гэта, Ляўчук апусціў увесь дзень не адніманы ад пляча прыклад свайго «дзегцяра» і дастаў з кішэні ўсохлы і абкрышаны кавалак хлеба, які памалу і зжаваў увесь, з засцярогай аглядаючы перад сабой нешырокі лясны прасцяг з асакой, хмызняком ды невялічкай імшарынай-балацявінай. Наедак з таго кавалка быў невялікі, і ўсё ж Ляўчук трохі замарыў чарвяка, і тады, як заўжды ў такім выпадку, закарцела курыць. Як на бяду, махорка ў яго скончылася, і ён, прыслухаўшыся, гукнуў суседа, што непадалёк сядзеў у гэткім жа неглыбокім пясчаным акопчыку пад хваіной і ад якога ў ціхім вечаровым паветры, здаецца, ужо пацягнула духмяным дымком самасейкі.
— Кісель! Кінь «бычка»!
Кісель неўзабаве кінуў, аднак не дужа ўдала — хваёвы сучок з зашчэмленым у ім «бычком» упаў, не даляцеўшы да акопчыка, і Ляўчук не без некаторай асцярогі пацягнуўся за ім рукой. Аднак каб дастаць, рукі не хапала, і ён, вылезшы плячмі з акопа, напяўся больш, каб дастаць далей. Якраз у той час штосьці імпэтна шчоўкнула пад яго рукамі, у твар прыснула пяском, лісцем і сухой ігліцай, і ў той жа час бахнуў недалёкі стрэл за балотцам. Кінуўшы пракляты «бычок», Ляўчук тузануўся назад, у акопчык, не адразу адчуўшы, як замакрэла ў рукаве і на прадплеччы, і тады, здзівіўшыся, згледзеў у пінжаку на плячы невялічкую дзірку — ад кулі.
— Ах ты, халера!!
Гэта было недарэчна і дзіўна, каб яго параніла, ды яшчэ гэткім несур'ёзным, амаль што бязглуздым чынам. Але так, параніла і, мабыць, добра, бо хутка кроў палілася з рукава па пальцах і па рукаве пінжака праз дзірку.
Рука паволі мярцвела, быццам адлежаная, у пальцах дробненька закалола, нібы іх апанавалі мурашкі. Сеўшы ў акопчыку і ўсё лаючыся, Ляўчук леваруч як-кольвечы абкруціў нясвежай паркалёвай анучкай, у якой быў загорнуты хлеб, сваё плячо і сцяў зубы. Толькі спакваля да ягонай свядомасці пачаў даходзіць невясёлы сэнс ягонага ранення, узяла злосць на сябе за неасцярогу, а найбольш на тых, за балацявінай. Трываючы боль, Ляўчук схапіўся за кулямёт, каб добрай чаргой секануць па лазняку, з якога яго гэтак вераломна падпільнавалі, ды толькі здушана войкнуў. Ад дотыку кулямётнага прыклада плячо яго пранізаў такі боль, што ён раптам і відавочна зразумеў: больш ён не кулямётчык. Тады, не высоўваючыся з акопа, ён зноў гукнуў Кісялю: