Выбраныя творы
Шрифт:
Дзякуючы Янку Брылю мініяцюра займела статус паўнапраўнага жанру ў нашай літаратуры. У творчасці ж самога пісьменніка ў апошнія гады мініяцюры займаюць, па сутнасці, галоўнае месца. Іх адрознівае глыбокі роздум, назіральнасць Я. Брыля, дасканалае валоданне словам, адчуваецца вышыня, выверанасць маральных крытэрыяў. Разам яны ўяўляюць яркую, сонечную, рознакаляровую, мазаічную панараму нацыянальнага жыцця.
Вось мініяцюра пра наведванне Жупранаў:
«Учора быў першы раз у Жупранах. Магіла, помнік і, у касцёле, партрэт Багушэвіча.
Радасна, дзіўна, што ён — не легенда, не гістарычнае штосьці, а чалавек, які зусім
І другое пачуццё. І здзіўленне, і недаўменне, і пашана да таго, хто блізу сто гадоў таму назад упарта, як парастак паміж плітамі тратуара, пралез паміж дзвюма стыхіямі, расейскай і польскай, насуперак усім, уключаючы і сваіх найбліжэйшых, пралез і вырас са сваім і зрэбным, і глыбока, па-народнаму, па-хлебнаму свежым беларускім словам. І славы не было, а толькі адчуванне абавязку.
Шчасце наша, відаць, у самой апантанасці».
Якой мужнай, самаахвярнай, нават велічнай постаццю паўстае перад намі адзін з першых змагароў за нацыянальнае адраджэнне, адзін з першых свядомых стваральнікаў нашага нацыянальнага менталітэту Францішак Багушэвіч. Якое глыбокае разуменне подзвігу паэта! І сказана гэта было ў часы самыя застойныя, у часы гвалтоўна-добраахвотнага збліжэння нацый і іх моваў.
Глыбокім, чыстым пачуццём любові да сваёй радзімы пранізана ўся творчасць пісьменніка. Пачуццё патрыятызму ў Брыля не стыхійнае (хаця гэта пачуццё першароднае), а глыбока ўсвядомленае, выпакутаванае на нялёгкіх жыццёвых сцежках, узбагачанае асабістым творчым вопытам і вопытам сусветнай літаратуры. Брылёвы эсэ і мініяцюры, прысвечаныя творчасці і жыццёваму лёсу беларускіх майстроў слова, асабліва Максіма Гарэцкага, Івана Мележа, прысвечаныя гісторыі і сённяшняму стану роднай мовы, уяўляюць з сябе выключна цэласную, прадуманую, жыццём адкрышталізаваную нацыянальную праграму. Прычым праграма гэтая падмацаваная, пацверджаная жыццём і творчасцю самога майстра.
«Гэта нармальна, што ў мяне яно ёсць, было і будзе — адчуванне роднай зямлі, народа, мовы, — нягледзячы ні на што.
Я быў рады, знайшоўшы гэтую сцежку ў юнацтве, яна мяне вядзе і сёння, даволі часта грэючы, адаграваючы запаветным цяплом».
Яно ідзе разам — адчуванне роднай зямлі, народа, мовы. Гэта адзінае. Прыйшло як бы неўсвядомлена. Пазней асэнсавалася. Выказалася як вызначальны жыццёвы і творчы прынцып.
«Днямі зноў думалася пра крыніцу — родную мову, якой служыў і буду служыць як першааснове выхаду ў агульналюдскае. І не таму, што без гэтага мяне не будзе, а таму, што толькі так, толькі кожны ад свайго, ад сыноўняй любасці, ад мудрай пашаны да свае крыніцы, да свайго карэння па-сапраўднаму выходзіць да ўсіх людзей».
Словам гэтым нельга не верыць. За імі, у іх — не толькі творчасць, практыка слынных майстроў свету, за імі, у іх — жыццё і творчасць самога пісьменніка.
Сёння ў нас, трэба прызнаць, усё яшчэ мала, гаворыцца пра нацыянальны менталітэт беларусаў. Акрэсліваюцца асобныя рысы, вызначаюцца пэўныя якасці, асаблівасці. Зразумела, ёсць у гэтым глыбокая жыццёвая неабходнасць. Бо сапраўднае нацыянальнае адраджэнне можа адбыцца толькі на аснове глыбокай нацыянальнай ідэі, што каранямі ўваходзіць у мінулае, ідэі, якая б стала сваёй, унутрана блізкай і неабходнай для мільёнаў беларусаў, ідэі, якая для пачатку хоць бы авалодала свядомасцю мільёнаў. Пакуль
У гэтым сэнсе нацыянальная пазіцыя Янкі Брыля на сённяшні дзень уяўляецца выключна важнай і актуальнай. Для самога ж пісьменніка яна і раней, і заўсёды была такою.
І яшчэ пра адзін момант творчай пазіцыі пісьменніка.
Ён піша: «Недастатковасць праўды. Жаданне як быццам збоку, як быццам зверху бачыць усё так, як яно выглядае па-сапраўднаму. Многа, калі не большасць, звестак ды плётак, карыслівай хлусні ў найцяжэйшыя чарнобыльскія дні, але з замежных перадач…»
І тут жа абгрунтаванне творчых прынцыпаў:
«А нам, каб пісаць хоць прыблізную праўду, трэба ж ведаць яе як найбольш, бо ўся яна — таксама не ўся! — прыйдзе значна пазней, тады, калі ўжо яе заслоніць праўда іншая, „больш патрэбная“, не гістарычная, а сучасная зноў жа».
Такі агульны суб'ектыўна-эстэтычны прынцып: імкнуцца як мага глыбей і паўней узнавіць жыццё. Выказаць сваё разуменне яго, разуменне сённяшняе, не баючыся быць да канца шчырым і адкрытым. Ведаць, што чытача, бо і сам чытач даўні, прыдзірлівы і спрактыкаваны, не ашукаеш, што ў творы ён заўсёды бачыць цябе, пісьменніка.
«Чытача не ашукаеш. Калі ты любіш, то любіш па-сапраўднаму, а ненавідзіш таксама на ўсю душу, калі ты ўкладваеш у тое, што пішаш, усё, што маеш найлепшага, калі робіш гэта натуральна, шчыра, без усякай задняй нізкай думкі, — чытач гэта бачыць, ён прымае тваю руку, працягнутую на дружбу.
Наколькі што будзе ў тэксце, наколькі ў падтэксце — гэта ўжо, здаецца, не заўсёды ў нашай уладзе. Але гэта павінна быць, гэтым павінен дыхаць твор, і гэтага не падробіш. Шчырасць — толькі яна будзе відаць, і толькі яна — галоўнае».
Без шчырасці не можа быць праўды. Слова праўды заўсёды слова шчырае. А яно патрабуе ад мастака бязлітаснасці ў самараскрыцці, самавыяўленні. Бо што такое ў канчатковым выніку мастацтва, як не выяўленне індывідуальна-непаўторнага бачання свету, як не выяўленне менавіта сваёй праўды.
Аднойчы Брыль заўважыў:
«Першым у пераліках я не быў ніколі. Але самім сабою — амаль заўсёды. І гэта самае надзейнае, маё». Дададзім: для літаратуры — самае галоўнае. Для чытача — самае цікавае, патрэбнае.
У адной мініяцюры Янка Брыль згадвае, як аднойчы сваё выступленне перад амерыканцамі ён пачаў з прывітання прадстаўнікам іхняй літаратуры, якую любіць, пачынаючы са старонак Бічэр Стоў і Марка Твэна. Потым думае, што такое можа каму-небудзь здацца правінцыйным.
«І можна было б адказаць, што перад абліччам сусвету — а гэта ўжо сучасна — усе мы па-свойму правінцыя».
Пісьменнік нідзе — ні ў сваіх творах, ні ў сваіх выступленнях-разважаннях — ніколі не баіцца быць правінцыйным, нязначным. Можа, нават «не баіцца» — не тое слова. Пра гэта ён проста не думае, бо тое, пра што ён піша, што гаворыць — для яго самае важнае, самае істотнае. Гэта тое, чым ён жыве, што жыве ў ім. Гэта — глыбока асабістае.