Выбраныя творы
Шрифт:
Усе яны непаўторныя ў сваёй чалавечай адметнасці, але адзіныя ў сваіх сацыяльных і нацыянальных вытоках і сутнасці. Дарэчы, сацыяльная і нацыянальная абумоўленасць байдунства адчуваецца надзвычай моцна. Само байдунства — не толькі жыццялюбства, весялосць, жарты (хоць гэтыя якасці найбольш вылучаюцца), але і шчырасць, спагадлівасць, дабрыня. Усе гэтыя якасці ў сваім арганічным адзінстве, як цэласнасць і адметнасць характару многіх, грамады, народжаны былі гісторыяй, складаным ХХ стагоддзем. Генетычна вытокі можна шукаць значна далей і глыбей, але менавіта ХХ стагоддзе ўсю сутнасць гісторыі, яе характар як бы сканцэнтравала, завастрыла і вылучыла асабліва выразна. У дадзеным выпадку гэта адносіцца да Ніжніх Байдуноў. А за імі — лёс народа, жыццё пры буржуазнай Польшчы, Вялікая Айчынная вайна, сучаснасць. Мінулае пісьменніка цікавіць толькі ў тым змесце і аб'ёме, у якім яно адбівалася ў свядомасці,
У нас, беларусаў, яны размываюцца з пяці бакоў, на стыках з Польшчай, Летувой, Латвіяй, Расеяй і Ўкраінай. А ў сярэдзіне? У нашым заходнім кутку?»
Далей Брыль звяртаецца да гісторыі, звязанай з ягонымі роднымі: «Мая бабуля па маме з пятнаццаці год служыла ў маёнтку пакаёўкай і потым, усё жыццё, будучы праваслаўнай, малілася па каталіцкай кантычцы. Прывучыла да польскіх малітваў і дзеда. Тым больш, што дзеда, яшчэ маладога, паўстанцы восемсот шэсцьдзесят трэцяга года бралі ў абоз і потым ён „адбываў“ пакаянне пры нясвіжскім кляштары, можа, таму, што Ніжнія Байдуны ў паншчыну належалі Радзівілам». Бацька змоладу падаўся на чыгунку, «многа ездзіў па Эўрапейскай Расеі, Украіне, Малдавіі, Закаўказзі, сяк-так далучыўся да расейскай культуры, любоў да яе прышчапіўшы і нам…»
Далей пісьменнік гаворыць пра свой лёс і лёс аднагодкаў: «Ну, а калі ўжо гаварыць пра нас, тое пакаленне „заходнікаў“, чыё маленства і маладосць прыйшліся на міжваеннае дваццацігоддзе пад буржуазнай Польшчай, дык нас тады „размывала“ знутры і школа, і служба ў войску, і турма, і падаткова-шарварковыя сутыкненні з нялепшымі сынамі братняга народа…»
Гэта — як бы гістарычная канспектыўная лінія нацыянальнага «размывання» адной сям'і, якое адбывалася на месцы. Але не менш інтэнсіўна ішло яно і іншымі шляхамі, у адносінах да іншых людзей.
То быў лёс Ніжніх Байдуноў, лёс усяго краю. Лёс гэты адбіўся на народзе, на асобных яго прадстаўніках, сфармаваў іхнюю псіхалогію, жыццёвую філасофію, мову. Гаворка многіх ніжнебайдунцаў перасыпана словамі і выразамі, прынесенымі імі з шырокага свету, з паходаў у далёкія ці больш блізкія краіны.
Прыклады, ужытыя «з натуральнай і шчодрай свабодай» можна прыводзіць і прыводзіць. Ды справа не ў колькасці. За іх моўнай, псіхалагічнай натуральнасцю, побытавай нязмушанасцю выразна акрэсліваюцца сацыяльна-гістарычны змест, уся складанасць, шматбаковая гістарычная абумоўленасць прыватнага чалавечага лёсу, а за ім — лёсу народа. Але пісьменніка гэтая складанасць, драматычнасць чалавечага і народнага лёсу сама па сабе менш за ўсё цікавіць. Гэты драматызм, гэта складанасць успрыняты не непасрэдна, а як бы з пэўнай дыстанцыі, з пэўнай вышыні. Адсюль цэласнасць, арганічнасць мастакоўскага жыцце— і светаўстрымання, адсюль сіла жыццесцвярджальнага пафасу, жыццестваральнай энергіі. Адсюль і прыглушанасць драматызму. Перажыўшы Вялікую Айчынную вайну, народ мае маральнае права дазволіць сабе пасмяяцца над непрыемнасцямі і недарэчнасцямі ранейшымі і пазнейшымі, менш значнымі. Маральнае здароўе, жыццерадаснасць, вялікі запас жыццесцвярджальнай энергіі народжаны гістарычным жыццём народа.
Змены розных улад, бадзянне па свеце, узаемадачыненні з іншымі народамі, іншымі культурамі, вядома, «размывалі» нацыянальнае аблічча гэтых людзей, гэтага краю, але адначасова і фармавалі яго своеасаблівасць, адметнасць. І яшчэ выхоўвалі яго здаровы нацыянальны характар, вялікую жыццеўстойлівасць, моц духу. Менавіта гэты момант вылучыў і перадаў у сваім творы Янка Брыль.
Аповесць «Ніжнія Байдуны» — твор адметны не толькі для самога Брыля, але і для ўсёй беларускай літаратуры. У пісьменніка мы не знойдзем твора, дзе б так арганічна зліліся ў адной апавядальнай плыні голас аўтара і голас героя ці герояў. У пераважнай большасці твораў ранейшых вельмі моцна ў апавядальнай плыні гучаў голас пісьменніка-апавядальніка. У аповесці аўтарскі голас па сутнасці не вылучаецца. Ён нібы паглынуты галасамі герояў-ніжнебайдунцаў, хоць Брыль-апавядальнік тут таксама прысутнічае. І голас ягоны па-ранейшаму адметны — то лірычна прачулы, то па-жыццёваму мудры. Але жывая, народная моўная плынь такая яркая, інтэнсіўная і гучная, што непасрэдна аўтарскі голас амаль не чуваць. Ва ўсялякім разе гучыць ён не вельмі моцна. Сапраўды, калі гаворыць народ, голас асобнага чалавека пачуць цяжка. Думаецца, «Ніжнія Байдуны» ў такой сваёй якасці маглі быць напісаны толькі пасля працы Брыля над кнігай «Я з вогненнай вёскі…», гэтай сапраўды народнай — і па сваім змесце,
Свядома ці несвядома так атрымалася, але, думаецца, тая непасрэднасць, свабода выказвання, якою надзелены героі аповесці Брыля, сам галоўны мастацкі прынцып — народ сам за сябе гаворыць вуснамі розных сваіх прадстаўнікоў — народжаны ў працы над кнігай «Я з вогненнай вёскі…» Тут апавядальная форма прадыктавана мастацкай філасофіяй. Як і заўсёды ў значным творы, у «Ніжніх Байдунах» ёсць арганічнае адзінства зместу і формы, ідэй і іх мастацкага ўвасаблення — адзінства, народжанае глыбока асабістай мастакоўскай перажытасцю, унутраным далучэннем да лёсу народа. У канцэпцыі свету Брыля (як яна ўвасоблена ў аповесці) чалавек, створаны гісторыяй, грамадствам (залежнасць чалавека ад гісторыі надзвычай моцна адчуваецца), выступае як творца лёсу народнага. Вельмі выразна адчуваецца непадзельнасць індывідуальнага і грамадскага лёсу чалавека. Індывідуальнага лёсу ў яго «чыстым» выглядзе няма. Ён заўсёды грамадскі, гістарычна абумоўлены.
Час, у які жыў, жыве сёння Янка Брыль, час, з якім звязана ягоная жыццёвая біяграфія, напоўнены аж да краёў падзеямі выключнай складанасці, падзеямі гераічнымі і трагічнымі. Пісьменнік усё гэта бачыў, перажыў, увабраў у сябе. Народнае стала асабістым. Асабістае арганічна ўлілося ў лёс народны. І вось у гэтым — для мастака невычэрпная крыніца.
У 1990 годзе была напісана аповесць «Муштук і папка», напісана на канкрэтным рэальным матэрыяле. Твор гэты ўяўляецца выключна асабістым. Матэрыял рознага часу (сучаснасць, дваццатыя гады, трыццаць сёмы, пасляваенны перыяд), розны па месцы дзеяння (Менск, Адэса, Белая Царква, Быкаўня каля Кіева, Загора — родная вёска бацькі пісьменніка), лёс аднаго брата, другога, лёс маці і асабісты Брылёў, аповед пра мінулае, звязанае з культам, і сучаснасць, цытаванне дакументаў, разважанні аналітычна-філасофскага зместу і як бы маналогі моцнага лірычнага і драматычнага напаўнення — усё знітавана ў гэтым невялікім творы ў адзін клубок неўразумення, роспачы, болю. Здаецца, ніводзін Брылёў твор не напісаны з такім болем, як гэты.
У аснове аповесці — трагічны лёс самага старэйшага пісьменнікавага брата Валодзі, якога «закатавалі ў Белай Царкве, паблізу якое ён працаваў заатэхнікам ў калгасе».
Усё пачалося са званка з Кіева. 23 сакавіка 1989 года патэлефанаваў украінскі карэспандэнт «Литературной газеты» і паведаміў, што пры эксгумацыі парэшткаў сталінскіх ахвяр, закапаных у Быкаўні (украінскі адпаведнік Курапатаў), знойдзены быў муштук з надпісам: «Брыль В. А. 16.ІХ.1937 г.». Пра смерць брата Янка Брыль даведаўся пасля вайны. У 1957 годзе ваенны трыбунал Кіеўскай ваеннай акругі справу перагледзеў і пастанову тройкі адмяніў «за отсутствием состава преступления». Але званок з Кіева ўскалыхнуў душу пісьменніка, прымусіў яшчэ раз звярнуцца да гэтай гісторыі — лёсу брата, больш уважліва на ўсё паглядзець. Брыль пачынае шукаць, апытваць, высвятляць, едзе ў Кіеў, у Быкаўню, знаёміцца са сведчаннямі тых, хто ведаў брата ў час працы, тых, хто з ім быў разам у турме, гутарыць з чыноўнікамі з адпаведных ведамстваў, праглядае некаторыя дакументы па справе. І чым далей, тым больш тагачасныя падзеі бачацца балючымі, да неверагоднасці жахлівымі.
Галоўная братава віна — «шпіянаж на карысць Германіі». Яе ён прызнаў, прызнанне «выбіта было катаваннямі». «Агавор самога сябе, выбіты катаваннямі, быў для ахвяры не проста небяспечны, а смяротны». Далей — болей: «быў жа яшчэ і нагавор» на таварыша па працы. На абурэнне таго, як жа ён так зрабіў, адказаў: «Если бы тебя так избивали, как меня, ты ещё не то сказал бы». Пісьменніку цяжка ўсё вытлумачыць. Ён цытуе В. Шаламава, А. Салжаніцына. У канцы прызнаецца: «Я не ведаю, колькі ён перанёс, мой брат, ці на долю яго выпалі ўсе катаванні, усе пакуты, якія можа вынесці чалавек. Мне вельмі прыкра, балюча, што ён зламаўся, і мне яго, роднага, вельмі шкада».
Ды змест твора, яго сутнасць не зводзіцца да адной трагедыі. Сама братава трагедыя дазволіла ўбачыць, адчуць трагедыю краіны, народа. За ёю — зламаныя лёсы людзей, пакалечаныя, знявечаныя, разбурэнне сем'яў, грамадства.
«Пры той жахлівай масавасці генацыду — у адным чалавечым лёсе няма нічога надзвычайнага. Апроч цуду з імянным муштуком, цуду — аднаго на сотні тысяч ці на мільёны. І мне так неабходна найясней убачыць, як расказаць пра гэта — пра звычайнасць і незвычайнасць, універсальнасць трагедыі, заключанай, як у маленечкай кроплі, у гісторыі адной чалавечай сям'і. На прыкладзе свайго мне лепш, а можа, і найлепш відно, як гэта жудасна — замучыць, забіць невінаватага. Думаючы пра мільёны, адзін бачыцца вельмі маленькім у вялікай краіне, тым больш ва ўсім вялізным свеце гэта так мала — адзін. А ў сям'і, у душах родных гэта ж цэлы свет болю. А ў душы найраднейшай — у матчынай?»