Выбраныя творы
Шрифт:
— Пазнаў! — захоплена перапыняе хтосьці з мужчын.
— Вот жа, перакувырку тваю! Наш быўшы генерал. Па Нікольск-Усурыйску. Патом у Танку… (Замінка.) Пракрасны чалавек!..
На гэты раз чамусьці абышлося без «царсцвія нябеснага», нібы знаёмы недзе жыў-здароў.
— Яшчэ адзін Пеця, — трохі цішэй, як звычайна, сказаў-такі, не вытрываў Ігнат.
Але на гэты раз гаспадар, відаць, не пачуў.
Пасля такога, усурыйска-таўрычаскага, знаёмства былі яшчэ і намёкі.
Аднойчы дзядзька Захара вярнуўся з мястэчка пад мухай, але не ноччу, і не зімой, і я тады, прытаіўшыся, бачыў і чуў цераз плот, як ён сустрэўся з Канісам каля будкі. Той быў навязаны,
— Каніс! Дружышча! Здрастуй, перакувырку тваю! Как гаварыў пакойны Мікалай Аляксандравіч Раманаў-Утарой: «Нічаво не віжу, тока крофь, крофь, крофь, крофь!..»
У такт з гэтым паўторам чалавек пагойдваўся назад-наперад-назад, а сабака, таксама ў такт, мёў, матлашыў па пяску хвастом. Тады чалавек пачынаў спяваць. Сваю любімую, адну на ўсё жыццё:
— І гарыт лучына, із-да-ва-я тр-рэск, і вакруг тры-вож-ны!..
Далей, да «разлівання блеску», не ішло. Зноў паўтаралася трагічнае «крофь, крофь» пакойнага Раманава-Утарога. Як пра якога-небудзь яфрэйтара або унцера з Танку, што «Іваноў-утарой», ці радавога — «Сідараў-трэці»…
Часамі, разварушаны экзотыкай маладых успамінаў, не звяртаючы ўвагі на нас, малых, што слухалі з найбольшай пільнасцю, ён летуценна расказваў пра маньчжурскія «увеселительные» дамы. «Кітаяначку, перакувырку тваю, вазьмёш, і на той цыноўцы з кута ў куток заедзеш!..» Пра развітанне жонкі Раманава-Утарога з Распуціным, які ляжаў у труне, расказвалася яшчэ больш адкрыта. Як яна, тая Аліса, «выняла ў яго, пацалавала і гаварыт: „Спасіба, Грыша!..“»
Была і палітыка. У той глухі вясковы час, без газет, без радыё, ён, вярнуўшыся з мястэчка або з лесу, зайшоўшы да нас па-суседску, мог з неабвержнай значнасцю пачаць:
— Ну, нешта ўсё-такі будзе. Варушылаў даў Будзёніну па мордзе!
Улетку сорак другога года я начаваў у садзе пад яблыняй. І прачнуўся ад гаманы на Качкавым двары. Ішла прыцішаная валтузня каля свіронка, — адзін нехта штосьці браў, а другі не даваў. І сосну я ўцяміў, што гэта дзядзька Захара і партызаны, тады яшчэ вельмі рэдкія.
— Старик, да пойми же ты, — культурна гаварыў хтосьці з акружэнцаў, — пойми, что нам надо. Мы ведь воюем!..
— Перакувырку вашу — ва-ю-ем! Які Сталін маршал, такія вы ваякі!
— Молчи, старик! Такими словами…
Ды ён яшчэ ўсё неспалохана бурчэў.
Вернемся, аднак, у пачатак дваццатых.
Калі ў расказах, кажучы мякка, перабольшваў хто-небудзь іншы, дзядзьку Захару гэта не падабалася. Нават і другу свайму, Івану Бохану-Калошы, па мянушцы «Лётчык», ён не даваў уздымацца залішне высока.
Бохан-Калоша служыў калісьці ў «пецяргофскай воздухаплавацельнай роце». Падагрэты расказамі Качкі, і ён пачынаў сваім мяккім, таксама «гарадскім», культурным голасам што-небудзь, напрыклад, такое (бяру не з пачатку):
— І так, значыцца, паднімаю ўзвод па трывоге, а сам саджусь на дзерыжабль. Даю каманду…
— Яфрэйтарышка, перакувырку тваю! Які ўзвод? Якую каманду? Хто т-та-бе дасць дзя-ры-жабль?!
Паветраплавацель не меў той непахіснасці, што чыгуначны старшы унцер, і ён абараняўся мякка:
— Ты жа ведзь там са мною не быў. Што ты арош на міня? Удзівіцельны чалавек!..
Чаму ж ён не сокал?
«Авёс сей у гразь…» А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады, шчабечуць ластаўкі.
Усе тым часам падхадзіліся, а дзядзька Бохан-Калоша сама што пачынае.
У яго худой, віхлястай кабылкі таксама была мянушка,
— А, сцерва, не на таво наскачыла!..
Сёння супоня і хамуціна трымаюцца, воз таксама ліпіць, на возе — гной, а побач з возам ідзе сваёй лёгкай, яшчэ ўсё ваяцкай хадою былы паветраплавацель.
Насустрач едзе Алісей Цівунчык, з дзіўнай і дагэтуль не зразумелай мне бабскай мянушкай Рыўка. Гэты дзядзька, маладзейшы за Лётчыка, таксама заслугоўвае асобнай гаворкі, але гэта — пасля. А тут ён пакуль што і слова не скажа. Цівунчык ужо тым часам поўнасцю падхадзіўся з веснавою работай, едзе аднекуль улегцы, і, знакам вясёлай пагарды да гультая, ён уздымае, седзячы на возе, правую руку над галавой, круціць настаўленым у неба паказальным пальцам і важна, засяроджана гудзе:
— Гу-у-у!..
Лётчык ведае гэты жэст, бачыць яго ў Цівунчыка не ўпершыню, але па далікатнасці свае натуры не можа стрываць, злуецца:
— Рыўка ты! Больша я цібе нічаво!..
Так і размінаюцца.
Не гаспадар быў дзядзька Бохан-Калоша. Не туды ў яго цяга была. Дарма, што прозвішча, як у шляхціца, дубальтовае, — двор іхні быў невялікі, з хаты ў гуменца крокаў менш за паўсотню, а ён, казалі, прыйшоўшы калісьці салдатам у водпуск, выходзіў з бацькам раненька малаціць і падпяразваў у хаце шаблю. У гумне распяразваў яе, ставіў у кут, а тады ўжо за цэп. Снедаць ішлі — зноў падпяразваўся. Дзе там шабля, а дзе «дзярыжабля» былі ў яго ў тых салдатах, не вельмі хто ў вёсцы разбіраўся. Хапала таго, што гэта было пацешна. Пасля вайсковай службы Іван Сцяпанавіч жыў да рэвалюцыі ў губернскім Менску, а што ён там, бравы яфрэйтар без шаблі, рабіў — пра гэта не вельмі любіў расказваць, увесь свой жыццёвы росквіт звязваючы толькі з Пецяргофам.
Перш чым забегчы ў расказе пра дзядзьку Івана далёка наперад, я павінен з канца дваццатых гадоў вярнуцца назад, у самы пачатак стагоддзя.
Мая старэйшая сястра Ўлляна, цяпер ужо зусім бабуля, была тады дзяўчуком, а там, дзе ў нашым агародзе, у кутку ад вуліцы расце вялікі май (так у нас называюцца клёны), тады стаяла курная хатка. У хатцы жыў дзед Карашок, якога так празвалі за прыгаворку «ідры твае карашкі». Казачны «маскаль», мікалаеўскі салдат, які, зусім магчыма, быў не толькі на Шыпцы, але і ў Севастопалі ці нават «скараў» перад гэтым Каўказ. Бо паміраў ён, сястра мне расказвала, у дзевяцьсот сёмым годзе, маючы «без году дзевяноста». У дзеда былі «тры медале і нейкі белы шлык на галаве, а на нагах калюгі, выступкі з вострымі наскамі». І ён прасіў так яго пахаваць: у каўпаку, у калюгах і «медале» начапіўшы. Сястру маю, сваю любіміцу, папрасіў дапільнаваць, каб усё, «ідры яго карашкі, было па поўнай форме». На Ўлляне тады, як гаварыў мне хросны, «вада не трымалася», няўрымста была і рагатуха. «Ты ж, дзеду, — сказала яна, — усіх на тым свеце перапалохаеш. Гэтым сваім шлыком ды калюгамі». Але зрабілі ўсё, як ён прасіў. Медалі так і пайшлі з Карашком у зямлю. Можа, калі і выплывуць наверх, як той дукат з часоў караля Зыгмунта-Аўгуста, які наш бацька выараў каля самае вёскі — праз чатыры стагоддзі. Цяпер зірнём і наперад.