Выродлiвы хлапчук
Шрифт:
— А вы не маглi б вярнуць яго назад? — спыталася мiс Фэлоўз. — Такiм самым спосабам, якiм вы спачатку атрымалi гэты камень.
— Не, таму што, як толькi прадмет адпраўляецца назад, ён ужо больш не фiксуецца, калi толькi далейшая сувязь з iм не прадугледжваецца загадзя, а ў дадзеным выпадку ў нас не было на гэта нiякiх падстаў. Ды i ўвогуле мы нiколi гэтага не рабiлi. Каб знайсцi прафесара, трэба было б узнавiць першапачатковы кiрунак пошукаў, а гэта ўсё роўна што закiнуць вудачку ў акiян, каб злавiць адну пэўную рыбiну. О Божа, калi я думаю пра ўсе меры перасцярогi, якiя мы прымаем, каб уберагчыся ад няшчасных выпадкаў, я вар'яцею. Кожная асобная камера Стасiса мае сваё прыстасаванне для прарыву — без гэтага нельга,
— Скажыце, а… цi не ўплывае на ход гiсторыi такое перамяшчэнне аб'ектаў з мiнулага ў сёння i наадварот? — спыталася мiс Фэлоўз.
Хоскiнс пацiснуў плячыма.
— Калi падыходзiць да гэтага з тэорыi, то на ваша пытанне можна адказаць станоўча, але ў сапраўднасцi, калi выключыць надзвычайныя выпадкi, гэта не мае для развiцця гiсторыi нiякага значэння. Мы ўвесь час нешта выводзiм са Стасiса — малекулы паветра, бактэрыi, пыл. Каля дзесяцi адсоткаў энергii трацiцца на кампенсацыю звязанай з гэтым уцечкi. Але нават перамяшчэнне ў часе адносна вялiкiх прадметаў выклiкае змены, якiя сыходзяць на нiшто. Вазьмiце хоць бы гэты халкапiрыт з плiяцэна. За яго двухтыднёвую адсутнасць якое-небудзь насякомае магло застацца без прытулку i загiнуць, што, у сваю чаргу, магло пацягкуць за сабой цэлую серыю перамен. Нашы матэматычныя разлiкi паказваюць на тое, што гэта самазатухальныя змены, якiя з часам робяцца ўсё менш значнымi, i паступова ўсё зноў прыходзiць да нормы.
— Вы хочаце сказаць, што прырода сама запаўняе страты?
— Да пэўнай ступенi. Калi вы перанесяце чалавека з другой эпохi ў наш час цi, наадварот, адправiце яго назад у мiнулае, то ў апошнiм выпадку шкода будзе больш iстотная. Калi вы зробiце гэта са звычайным, простым чалавекам, дык рана ўсё-такi можа загаiцца сама. Мы штодзень атрымлiваем мноства лiстоў з просьбаю перанесцi ў наш час Аўраама Лiнкальна, цi Магамета, цi Ленiна. Гэта, вядома, здзейснiць немажлiва. Нават калi б нам удалося iх выявiць, то ў гэтым выпадку перамяшчэнне ў часе аднаго з тварцоў гiсторыi чалавецтва нанесла б такую каласальную шкоду рэчаiснасцi, якую немагчыма было б нiчым кампенсаваць. Iснуюць метады, якiя дапамагаюць нам рабiць адпаведныя разлiкi, якiя, у сваю чаргу, вызначаюць, цi не занадта вялiкiя будуць змены ў развiццi пры перамяшчэннi таго цi iншага аб'екта ў часе, i мы робiм усё, каб нават не наблiзiцца да гэтае мяжы.
— Значыць, Цiмi… — пачала была мiс Фэлоўз.
— Не, у гэтых адносiнах з iм усё добра. Наша рэчаiснасць у поўнай бяспецы. Але… — ён кiнуў пранiзлiвы позiрк на яе. — Не, нiчога. Учора вы сказалi мне, што яму трэба мець зносiны з дзецьмi.
— Так, — мiс Фэлоўз радасна ўсмiхнулася. — Я не думала, што вы звярнулi ўвагу на маю просьбу.
— Ну чаму ж? У мяне да дзiцяцi сама цёплыя пачуццi, i я цаню вашы да яго адносiны. Усё гэта мяне цiкавiць, i я зусiм не збiраўся замоўчыць гэтае пытанне, не растлумачыўшы вам, як iдуць справы. Цяпер я выканаў гэтую задачу, вы бачылi, чым мы займаемся, вам вядомыя цяпер да пэўнай ступенi тыя цяжкасцi, якiя нам даводзiцца пераадольваць, i вы павiнны зразумець, чаму пры ўсiм жаданнi мы не можам забяспечыць Цiмi кампанiяй яго равеснiкаў.
— Не можаце? — разгубiўшыся, усклiкнула мiс Фэлоўз.
— Дык я ж толькi што вам усё растлумачыў. У нас не было нiякай надзеi знайсцi другога неандэртальца яго ўзросту, на такую неверагодную ўдачу нават разлiчваць няма чаго. А калi б нам i пашанцавала, дык зусiм неразумна было б памнажаць рызыку, трымаючы ў Стасiсе яшчэ адну чалавечую iстоту.
— Але ж вы мяне не так зразумелi, доктар Хоскiнс, — адклаўшы ўбок лыжку, рашуча сказала мiс Фэлоўз. — Я зусiм не хачу, каб вы перанеслi ў наш час яшчэ аднаго неандэртальца. Я ведаю, што гэта немагчыма. Але ж можна прывесцi ў Стасiс другое дзiця, каб яно гуляла з Цiмi.
— Дзiця чалавека? — Хоскiнс быў агаломшаны.
— Другое дзiця, — адрэзала мiс Фэлоўз, адчуваючы, як iмгненна ўся яе прыхiльнасць да доктара Хоскiнса змянiлася варожасцю. — Цiмi — чалавек!
— Мне гэта нават у галаву не прыходзiла.
— Чаму? Чаму вы не падумалi менавiта пра гэта? Што ў гэтым кепскага? Вы вырвалi дзiця з яго эпохi, асудзiлi яго на вечнае зняволенне, дык няўжо вы не адчуваеце сябе ў даўгу перад iм? Доктар Хоскiнс, калi ёсць у гэтым свеце чалавек, якi па ўсiх паказчыках, акрамя бiялагiчнага, можа лiчыцца бацькам гэтаму дзiцяцi, дык гэта вы. Чаму ж вы не хочаце зрабiць яму такую драбнiцу?
— Я — яго бацька? — спытаўся Хоскiнс, неяк няўклюдна падымаючыся з-за стала. — Калi вы не пярэчыце, мiс Фэлоўз, я правяду вас назад у Стасiс.
Яны моўчкi вярнулiся ў лялечны домiк. Нiхто з iх не сказаў больш нi слова.
Калi не лiчыць выпадковых, мiмаходзь кiнутых позiркаў, прайшло шмат часу, пакуль ёй зноў удалося сустрэцца з Хоскiнсам.
Iншы раз гэта яе засмучала, але калi Цiмi бываў асаблiва маркотны цi моўчкi па некалькi гадзiн стаяў каля акна, за якiм амаль нiчога не было вiдаць, яна з абурэннем думала: «Якi ж ён дурны, гэты чалавек!»
Цiмi гаварыў з кожным днём усё больш свабодна i правiльна. Праўда, ён так i не змог цалкам пазбавiцца ад уласцiвай яму з самага пачатку некаторай невыразнасцi ў вымаўленнi, у якой яна знаходзiла нават своеасаблiвую прывабнасць. У хвiлiны хвалявання ён iншы раз па-ранейшаму прыцмокваў, але i гэта здаралася ўсё радзей. Мабыць, ён паступова забываўся пра тыя далёкiя днi, што папярэднiчалi яго з'яўленню ў нашым часе.
Па меры таго як Цiмi падрастаў, цiкавасць да яго фiзiёлагаў iшла на спад, затое цяпер iм пачалi больш займацца псiхолагi. Мiс Фэлоўз не ведала, хто з iх выклiкае ў яе найбольшую непрыязнасць. Са шпрыцамi было скончана — уколы i выкачванне з арганiзма вадкасцi спынiлiся, яго перасталi кармiць паводле спецыяльнай дыеты. Але затое цяпер Цiмi, каб атрымаць ежу i ваду, даводзiлася пераадольваць перашкоды. Ён павiнен быў падымаць маснiцы, адсоўваць знарок пастаўленыя рашоткi, торгаць за шнуры. Удары слабага электрычнага току даводзiлi яго да iстэрыкi, i гэта прыводзiла яе ў адчай.
Яна не хацела больш звяртацца да Хоскiнса — кожны раз, калi яна думала пра яго, перад ёй усплываў яго твар, якi ён быў у тую ранiцу на снеданнi. Вочы ў яе заплывалi слязьмi, i яна зноў не магла ўтрымацца, каб не падумаць: «Дурны, дурны чалавек!»
I вось аднойчы каля лялечнага домiка зусiм нечакана пачуўся яго голас — ён клiкаў яе.
Папраўляючы на хаду халат, яна няспешна выйшла з дома i, раптам збянтэжыўшыся, спынiлася, убачыўшы перад сабой зграбную жанчыну сярэдняга ўзросту. З-за светлых валасоў i бледнага твару незнаёмая выглядала вельмi кволаю. За яе спiною, моцна ўчапiўшыся за спаднiцу, стаяў круглатвары, з вялiкiмi вачыма хлапчук гадоў чатырох.
— Дарагая, гэта мiс Фэлоўз, сястра, якая даглядае хлопчыка. Мiс Фэлоўз, пазнаёмцеся з маёй жонкаю.
Няўжо гэта яго жонка? Мiс Фэлоўз уяўляла яе зусiм iншай. Хаця чаму б i не? Такi чалавек, як Хоскiнс, дзеля кантрасту мог выбраць сабе ў жонкi кволую iстоту. Мажлiва, гэта было якраз тое, што яму было трэба…
Яна прымусiла сябе прыязна ўсмiхнуцца.
— Добры дзень, мiсiс Хоскiнс. Гэта ваш… ваш малыш? (Гэта было ўжо поўнай нечаканасцю. Яна магла ўявiць сабе Хоскiнса ў ролi мужа, але не бацькi, за выключэннем, вядома, таго… Яна раптам адчула на сабе змрочны позiрк Хоскiнса i пачырванела.)