Я - мінчанін
Шрифт:
У другой палове ХVII стагоддзя ў езуіцкім калегіуме на плошчы Свабоды меўся школьны тэатр. У сур’езных п’есах, якія там паказвалі, былі ўстаўкі-інтэрмедыі, вясёлыя сцэнкі на беларускай мове. Меўся тэатр і ў будынку ратушы. Потым пад гарадскі тэатр перабудавалі дом шляхціца Яна Байкова на той жа Саборнай плошчы. А ў 50-х гадах ХІХ стагоддзя ў адной з камяніцаў на плошчы Свабоды, нягледзячы на забарону, паказалі першы беларускі спектакль – оперу “Сялянка” на словы Дуніна-Марцінкевіча і музыку Станіслава Манюшкі. Дарэчы, абодва аўтары жылі ў Мінску. І сёння ў Купалаўскім тэатры можна паглядзець спектакль “Ідылія” – сучасную пастаноўку той самай оперы. На жаль, будынак, у якім адбылося прадстаўленне, знішчаны напрыканцы 80-х ХХ стагоддзя. Ён знаходзіўся каля кансерваторыі. А вось той будынак, у якім сёння Купалаўскі тэатр, не мяняў свайго прызначэння. Яго збудавалі ў 1890 годзе дзякуючы
І песні спявалі ў нашым горадзе спаконвеку. Гэта былі не толькі вясёлыя простыя песні, пад якія танчылі ў корчмах, але спевы на шмат галасоў, як у Грузіі. Ужо ў XIV-XV стагоддзі ў Мінску існавалі школы царкоўных спеваў. Напрыканцы XVII стагоддзя пры двары мінскага ваяводы К. Завішы створаны аркестр, які выконваў духоўныя творы і беларускія народныя песні і танцы. У1803 годзе ў Мінску меўся гарадскі аркестр, якім кіраваў Вікенцій Стафановіч. Брат Вікенція Дамінік ладзіў сімфанічныя канцэрты. У 1872 годзе адкрылі вучэльню арганістаў. “Мінск наш кругом весяленькі”,- пісаў Дунін-Марцінкевіч: музычныя і тэатральныя вечары ў старажытным горадзе ніколі не былі рэдкасцю. Уменне граць на музычных інструментах, спяваць лічылася абавязковым для ўсіх са шляхетнага саслоўя. І не толькі “мясцовымі сіламі” даваліся канцэрты. У гатэлі “Еўропа” штовечар граў венскі дамскі аркестр. Даваліся спектаклі і канцэрты ў Амерыканскім клубе. Былі і шматлікія курсы, на якіх за невялікую плату маглі навучыць “оперным спевам”. Ну а пасля рэвалюцыі ўтвараюцца адзін за адным аркестры, хоры, ансамблі. У. Тэраўскі арганізаваў Беларускі народны хор. У 30-х з’яўляецца беларускі балет і беларуская опера... Ларыса Александроўская, незвычайна прыгожая і таленавітая спявачка, робіцца кумірам мінчан. Сёння на конкурсе імя гэтай спявачкі выяўляюцца новыя таленты.
Цяпер у Мінску 11 тэатраў. З тых, што мы яшчэ не згадвалі, варта назваць Музычны тэатр на плошчы Клары Цэткін, драматычны тэатр імя М.Горкага (ён знаходзіцца ў будынку былой сінаногі). А Маладзёжны тэатр размясціўся ў будынку былога Дома культуры работнікаў гандлю, збудаванага на заараных Старажоўскіх могілках. Побач з ім - тэатр Сучаснай беларускай драматургіі. Есць у Мінску тэатр юнага гледача, тэатр лялек, канцэртныя залы... І калі вы будзеце наведваць іх, успамінайце і людзей, што ў неспрыяльных умовах заснавалі нацыянальнае мастацтва.
Пачаўся адлік гісторыі нашага горада дзякуючы літаратурнаму твору – “Слову аб палку Ігаравым”. І шмат месцаў Мінска звязана з гісторыяй літаратуры. Яшчэ ў XVIII стагоддзі пры ваяводскай школе тут існаваў літаратурны гурток, і ў Вільні выдалі яго зборнік пад назвай “Паэтычныя забаўкі моладзі ў мінскіх школах”.
А ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя беларускае паэтычнае слова напоўніцу загучала ў свецкім салоне мінчука Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Тут бываў цвет гарадской творчай інтэлігенцыі, прыязджалі слынныя госці... У пачатку 80-х у горадзе з’явілася першая газета “Минский листок”. Па ўспамінах сучаснікаў, “гэта была навіна як першыя майскія перуны. Менчукі са слязамі прасвятлення і радасці чыталі “наш” лісток. “. У першым нумары газеты быў надрукаваны верш паэта Янкі Лучыны, (ён жа – мінскі інжынер Іван Неслухоўскі). Верш называўся “Не ради славы иль расчета”. Газета выходзіла на рускай мове, але дзякуючы намаганням патрыётаў, у першую чаргу Антона Слупскага, удалося заснаваць пры ёй беларускамоўны літаратурны дадатак – «Северо-Западный календарь». Там друкаваліся вершы Янкі Лучыны, паэма Дуніна-Марцінкевіча “Гапон”, ананімная паэма “Тарас на Парнасе”, верш Янкі Купалы “Мужык”.
Каб
У Траецкім прадмесці заўсёды рады прыняць гасцей музей Максіма Багдановіча. А ў музеі гісторыі беларускай літаратуры вам раскажуць шмат пра якія цікавыя і трагічныя старонкі нашай культуры. Калі вы паедзеце на вуліцу Рабкораўскую, то ўбачыце там маленькі дамок – Беларускую хатку, філіял музея Максіма Багдановіча. Тут смяротна хворы Максім, прыехаўшы ў родны горад, не бачаны з ранняга дзяцінства, жыў на кватэры ў пісьменніка Змітрака Бядулі. Тут напісаў паэму “Страцім-лебедзь”, пра тое, што дзеля выратавання свайго народу варта ахвяраваць жыццём, не спадзеючыся на славу.
А калі вы пройдзеце па вуліцы Куйбышава, то на доме нумар 10 убачыце барэльеф з выявай прыгожай задуменнай жанчыны. Гэта вялікая украінская паэтэса Леся Украінка. Яна прыязджала ў Мінск даглядаць смяротна хворага на сухоты Сяргея Мяржынскага, публіцыста і рэвалюцыянера, якога аддана кахала. Мяржынскі высока цаніў Лесю, як сябра і паэтку, але яго сэрца належала іншай. І Леся пісала пад дыктоўку паміраючага лісты да суперніцы. Ля ложка хворага яна стварыла трагічную паэму “Апантаная”. Мяржынскага пахавалі на Старажоўскіх могілках, якія, як ты ведаеш, былі знішчаныя.
Калісьці выяўленчае мастацтва не лічылася за высакародны занятак. Мастакі, якія малявалі каралёў і князёў, нават не мелі права падпісваць сваіх карцін. Але ўжо з XVI стагоддзя мінскіх мастакоў запрашалі працаваць ў розных гарадах. Напрыклад, майстар Іеранім пакінуў па сабе памяць у Варшаве. Час мяняў адносіны да мастацтва, і мы ведаем імёны знакамітых мастакоў, што жылі і працавалі ў Мінску: Яна Дамеля, Валенція Ваньковіча, Чэслава Манюшкі, брата славутага кампазітара. Праўда, не ва ўсіх талентаў шчасліва складваўся лёс.
У ХІХ стагоддзі ў Мінску не было ніякіх мастацкіх навучальных устаноў. Выпускнік Пецярбуржскай Акадэміі мастацтваў В. Маас на свае сродкі ўтрымліваў пры летнім тэатры ў гарадскім садзе мастацка-сталярную майстэрню, дзе вучыў юных мінчан маляванню. І нават плаціў бедным вучням штотыдзень па 50 капеек, каб яны маглі наведваць заняткі. В. Маас спрабаваў атрымаць дазвол на адкрыццё мастацкай школы, казаў, што мінскія мастакі баталіст Папоў і акварэліст Сукоўскі гатовыя выкладаць там бясплатна... Дазволу не далі. Сёння не засталося ніводнай карціны Эраста Сукоўскага, які працаваў акцызным наглядальнікам. Вядомыя толькі назвы яго палотнаў – “Шлях у палескіх балотах у завіруху”, “Зімовая дарога на Палессі”... Цяжкой працай даводзілася зарабляць на жыццё і другому мінскаму мастаку, вучню Івана Рэпіна Л. Альпяровічу. У Мінску ён працаваў табельшчыкам на чыгунцы і памёр, не дажыўшы да 40, у нястачы. Яго карціны засталіся ў асноўным няскочанымі.
Але школа малявання ў Мінску ўсё-ткі была адкрытая – яе дарэктар А.Папоў, адзін з паплечнікаў В.Мааса, быў афіцэрам-артылерыстам, скончыў Акадэмію мастацтваў. Яго карціну купіў сам цар... Пасля “першай ластаўкі” мастацкія школы адчыняюцца адна за адной. Кіраваў такой школай Я. Кругер. Ён нарадзіўся і вырас у Мінску, вучыўся ў рэальнай вучэльні – гэта была ўстанова не для багатых. Але таленавітаму юнаку дапамаглі атрымаць адукацыю. Кругер вучыўся ў Парыжы і Петярбурзе, стаў вядомым... Яго школа знаходзілася на Петрапаўлаўскай вуліцы, насупраць сённяшняга Палацу прафаюзаў.