Яго батальён
Шрифт:
Ля чарговай павароткі яны затаіліся, прыпаўшы плячыма да закапцелага выбухам землянога выступу, за якім яўна адчувалася прысутнасць немцаў,— тыя, відаць, таксама чагось чакалі. Вядома, чакалі, калі яны туды сунуцца. Аднак яны ўсё марудзілі, таму што гранат у іх ужо не было. Валошын позіркам запытаў у Круглова, і той клапотна развёў рукамі — маўляў, скончыліся. Трэба было камусьці выскачыць з аўтаматам і сваёй нечаканасцю збянтэжыць немцаў. Хаця якая тут магла быць нечаканасць, падумаў Валошын, калі яны там трымаюць пальцы на спусках скіраваных сюды аўтаматаў. Не надумаўшы нічога іншага, ён сарваў з сябе палявую сумку і, размахнуўшыся, кінуў яе цераз бруствер. У той жа момант адтуль ударыў аўтамат, засыпаўшы ўсіх пяском, і яны, угнуўшы галовы, рынуліся за паваротку.
Падобна, аднак, немцы ўцякалі далей. Валошын нясмела, кораценька зірнуў з-за выступу і ўбачыў унізе прыступкі на ўваходзе ў бліндаж, з якога тырчаў кароценькі ствол ППШ. Відаць, гэта і быў той бліндаж, пра які гаварыў Чарнаручанка.
— Гэй! — падаў голас Валошын. — Свае!
Ствол хіснуўся, і з увахода высунуўся запэцканы зямлёй малады твар, на якім узрадавана бліснулі жвавыя вочы.
— Камбат! Таварыш камбат!..
«Я не камбат», — хацеў сказаць Валошын, але, не сказаўшы нічога, пабег да наступнага павароту і там зноў прыціснуўся да падзёўбанай чэргамі земляной сцяны. Камсорг прыпыніўся і зазірнуў у бліндаж.
— Жывыя?
— Лейтэнант паранены.
— Давай выхадзі! — скамандаваў Круглоў.— Адзін хай застанецца, а ўсе выхадзі!
Трымаючы напагатове нямецкі аўтамат, Валошын чуйна застыў ля павароткі, не ведаючы, што там, і кожную секунду чакаючы адтуль чаргу ці гранату. Але, здаецца, там не было нікога, немцы ўцяклі. Хаця ён ведаў, што далёка яны не ўцякуць, наадварот, хутка пачнуць іх выкурваць з гэтай траншэі, якая заставалася апошнім для байцоў прыста-нішчам. На схіле ім смерць.
— Ану давай усе сюды! — загадаў ён, калі некалькі байцоў высунулася з бліндажа. — Даставай лапаткі. Быстра перакапаць траншэю. Закрыць праход!
Ён адступіў крок назад, і першы баец — даўгі, у старой ватоўцы, хлопец па прозвішчу Лучкін, з сілай уваткнуўшы ў броўку лапатку, адваліў пад ногі пласт яшчэ свежай, па-летняму сырой зямлі. Па другі бок пачаў старанна абрушваць зямлю яшчэ адзін баец у новенькай зялёнай касцы.
— Так. Астатнім прыкрыць іх! Узяць у рукі гранаты! — распарадзіўся Круглоў.— Ні чорта! Яшчэ мы пабачым…
Плюючыся ад узнятага ў траншэі пылу, Валошын адышоўся на некалькі крокаў назад, прыслухаўся. Нябачны кулямёт справа ўсё грукацеў чэргамі на вышыні, з віскам несліся над схілам міны, і ад іх перуновых выбухаў няспынна калацілася зямля. Але ў траншэі страляніна заціхла. Ці надоўга толькі? Безумоўна, немцы не маглі іх пакінуць у спакоі, значыць, рыхтаваліся ўдарыць як мае быць. Адрэзаўшы іх ад асноўных сіл батальёна, тыя, вядома, маглі не спяшацца. Дзецца тут усё роўна не было куды.
З бліндажа выглянуў усё той жа замурзаны баец у ссунутай на вуха шапцы.
— Таварыш капітан! Лейтэнант кліча. Азірнуўшыся на знерухомеўшага каля байцоў Круглова, Валошын павярнуў назад і спусціўся па прыступках у адмысловы, пад двума накатамі глыбокі бліндаж. У яго паўзмроку было цяжка што ўбачыць, ён толькі згледзеў выцягнутыя на праход ногі ў ботах, абмотках, некалькі напружаных у паўзмроку твараў, па адным выглядзе якіх было зразумела, што гэта параненыя. Тут жа, прысланіўшыся спіной да сцяны, напаўляжаў на шынялі Маркін.
— Што з вамі? — запытаў Валошын. — Сур'ёзна параніла?
— Ды во, у нагу, — варухнуў лейтэнант забінтаванай, без бота нагой. — Так што зноў вам камандаваць.
«Куды як зайздросна, — падумаў Валошын, — прыняць гэта камандаванне ў такі здатны час». Батальён рассечаны на некалькі частак, адна з якіх залегла пад вышынёй, другая сунулася ў гэтую пастку, упраўлення ніякага, камбат паранены і цяпер перадае камандаванне. Але што ж… Так ці інакш ён тут старшы па званню, прыйдзецца, відаць, брацца за справу.
— Нашто было бегчы наперадзе ўсіх? Што і каму вы даказалі гэтым? Цяпер вы разумееце становішча батальёна?
— Я ўжо адразумеўся, — са змрочным спакоем сказаў
— А да ранення вы не маглі падумаць аб тым?
— А што думаць? Загадаюць — палезеш, куды і шыла не лезе.
— Да-а, — уздыхнуў Валошын і, ціха вылаяўшыся, стомлена апусціўся каля ўвахода.
Ішла вайна, гінулі сотні тысяч людзей, паасобнае чалавечае жыццё, здавалася, страціла звычайны свой кошт і вызначалася толькі мерай шкоды, якую яно наносіла ворагу. I тым не менш, будучы сам салдат і сам кожную хвіліну рызыкуючы галавой, Валошын не мог не адчуваць, што ўсё ж самае каштоўнае на вайне — жыццё чалавека. I чым больш у чалавеку сапраўды чалавечага, тым важней для яго сваё ўласнае жыццё і жыцці блізкіх яму людзей. I ў той жа час якім бы ні было дарагім жыццё, ёсць рэчы даражэйшыя за яго, нават не рэчы, а паняцці, пераступіўшы, аднак, цераз якія, жыццё разам губляла сэнс, рабілася прадметам ганьбы, а можа, і каменем для сябе самога. Праўда, да Маркіна гэта апошняе, мабыць, не датычылася.
Паклаўшы на калені рукі, Валошын хвіліну пасядзеў у спакоі, пакуль не адчуў, як запякло ў правай кісці — па пальцах на бот жыва скацілася некалькі цёплых кропляў. Ён памацаў кісць левай рукой і ўбачыў на пальцах кроў. Што за халера, падумаў капітан, які нават не заўважыў, калі гэта яго параніла. Але так, параніла, і трэба было перавязацца, каб спыніць кроў — кроў яму яшчэ будзе патрэбна.
— У каго ёсць бінт? — запытаўся ён, ссоўваючы рукаў шыняля.
— Во ў яго, — пачулася за ягонай спіной, і Валошын аж скалануўся. З паўзмрочнага кутка бліндажа на яго пакутна глядзелі знаёмыя вочы радавога Аўдзюшкіна, і Валошына пранізала спалохам, калі ён успомніў, што Аўдзюшкін быў ва ўзводзе Нагорнага.
— Аўдзюшкін, ты?
— Я, таварыш камбат.
— Ты што, паранены?
— Раніты, таварыш камбат. Во ногі ў мэнэ прастрэленыя.
— А Нагорны?
— Нагорны вбіты. Ёго гранатай вбіла. Тут, у траншэйцы.
— Раніцай?
— Ранкам, ну, — з натугай, стрымліваючы стогн, казаў Аўдзюшкін. — Як мы сунуліся, ну ён і навалівся. Всех пэрэбілы. Тількы я остався. I то во фрыц гэты спас. Пэрэвязав ногі.
— Які фрыц?
— Во цэй, — кіўнуў галавой Аўдзюшкін, і Валошын убачыў у змроку бліндажа яшчэ адзін белы твар у насунутай на лоб казыркатай шапцы, — немец ціха сядзеў у кутку за Аўдзюшкіным. — Тэж ранітый.
— Прыстрэліць трэба, — сказаў ад дзвярэй мурзаты баец з аўтаматам. — Яшчэ яго не хапала…
— Ні, нэ дам, — пераканана сказаў Аўдзюшкін. — Він мэнэ спас, цэ харошы фрыц. А то я б крывёй сплыў у гэтым бліндажы. Ану, фрыц, дай камбату бінтэц.
Фрыц сапраўды нешта, відаць, зразумеў з іх гутаркі і, памацаўшы ў кішэні шыняля, дастаў свежы скрутак бінта, які Аўдзюшкін перадаў Валошыну.
Валошын левай рукой пачаў абматваць кісць правай. Рана ўвогуле была лёгкая, куля слізганула па мякаці, ён нават не заўважыў калі. Аднак крывёй агідна заліло рукаў, які цяпер невядома дзе было вымыць. Завязваючы канцы бінта, ён прыслухаўся да выбухаў на схіле і з недаўменнем заўважыў, што ў траншэі ўсё пакуль сціхла. Пасля таго што адбылося за гэтую раніцу, яго ўжо не так, як раней, дапякаў выпадак з Нагорным, хаця ён па-ранейшаму адчуваў сябе вінаватым у адносінах да сяржанта і ягоных байцоў. Але пад гэты час у яго адчуваннях столькі перамяшалася, наслаілася адно на адно, што аб Нагорным ён проста перастаў думаць. Ён з сумам і шкадаваннем падумаў пра Іванова, без усякай дапамогі пакінутага ім у варонцы, дзе той, магчыма, і сканаў. Заўжды Валошын у першую чаргу клапаціўся аб раненых, імкнуўся ў час эвакуіраваць іх з-пад агню, а вось свайго лепшага сябра ўратаваць не здолеў. Не мог. А тут што ж? Тут усё ж давядзецца ўступіць у камандаванне не батальёнам, вядома, да якога адсюль яму не дапяцца, а гэтаю маленечкай групай, каб неяк пратрымацца да вечара. Увечары, магчыма, да іх і праб'юцца. Магчыма, дапаможа камандзір палка. Але яму не падабалася гэтая нечаканая гісторыя з Аўдзюшкіным і яго выратоўцам-немцам, з якім цяпер немаведама што рабіць. Можа, лепш, каб Аўдзюшкін маўчаў пра сваю перавязку, так было б прасцей. Дык не, раззваніў перад усімі, цяпер разбірайся…