Яго батальён
Шрифт:
19
Ім пашанцавала. Паўтара дзесятка байцоў, што апынуліся на стыку сёмай і восьмай рот, уварваліся нарэшце ў траншэю.
Мокры ад поту, Валошын, цягнучы за сабой кулямёт, заўважыў, як зводдаль у траншэі мільганула некалькі нямецкіх касак, некалькі разоў падземным грукатам вухнулі ручныя гранаты, але, калі ён узбег на разварочаны нагамі і засыпаны гільзамі бруствер, у траншэі ўжо ўсё было скончана. Ён з палёгкаю скокнуў у свежую, з выразным земляным пахам траншэю, прыкідваючы, дзе б да часу прыткнуцца з грувасткім кулямётам, які неўзабаве, мабыць, трэба было цягнуць далей. Але для таго ў вузкай траншэі яму патрэбна была дапамога. Азірнуўшыся, ён убачыў паблізу ў полі маладога байца
Валошын скаціў кулямёт ніжай, на броўку, упёр казённік у супрацьлеглую сценку траншэі. Ён зразумеў усё. Надзея на ўдачу не спраўдзілася, момант быў упушчаны, батальён аказаўся разрэзаны на тры часткі, бой ускладніўся, і цяпер з упэўненасцю вызначыць ягоны зыход было немагчыма. Ва ўсякім выпадку жменьцы байцоў, што ўварвалася ў траншэю, хутка будзе не соладка.
Стараючыся, аднак, захаваць вытрымку, ён апусціўся на дно траншэі і пад віск і грымоцце выбухаў згарнуў цыгарку. У ягоным болей чым азмрочаным з раніцы настроі настаў пералом, у гэтай безнадзейнасці ён нечакана знайшоў у сабе спакойную ўпэўненасць, амаль абнадзейнасць. Усё цяжка перажытае ім дагэтуль спакваля адсунулася прэч, яго чакала штось новае, і ён адчуў, што самае галоўнае, мабыць, трэба яшчэ перажыць. I хоць ён не меў аніякіх ілюзій, ён быў упэўнены і спакойны. Ён уступіў у звыклую ролю салдата і не залежаў ужо ні ад Гунько, ні ад Маркіна, а толькі ад немцаў і сябе самога. Ягоны салдацкі лёс быў цалкам у ягоных руках.
Ён толькі раз зацягнуўся, як трохі вышэй у траншэі пачуліся незразумелыя крыкі і блізкая чарга з аўтамата секанула па брустверы. Было падобна на тое, што іх ужо спрабавалі адсюль выбіць і хтось там не ўтрымаўся. Але бегчы пад гэты агонь з траншэі, напэўна, азначала загінуць. Тузануўшы з кабуры пісталет, Валошын счакаў чвэрць хвіліны і, прыгнуўшыся, пабег па крывулястай траншэі. На другім ці на трэцім павароце ён наткнуўся ў дне на байца, што прысеў з прымкнёным да вінтоўкі штыхом і напружана ўзіраўся наперад, адкуль даносіўся крык і густа трашчалі аўтаматныя чэргі. Некалькі куль разбіла зямлю на брустверы, абдаўшы абодвух пяском і пылам.
— Што там? — запытаўся Валошын.
Баец паціснуў плячыма, трымаючы напагатове зброю, сам, аднак, не спяшаўся падацца назад, і Валошын крыкнуў яму:
— Давай назад да кулямёта.
Яны ледзьве разышліся ў цеснай траншэі, на дне якой ён з гідлівасцю пераступіў цераз труп немца ў расхінутым на грудзях шынялі, і на чарговым павароце ледзьве не трапіў пад знянацкую чаргу ўздоўж траншэі, паспеўшы, аднак, захінуцца за земляны выступ. Аднекуль спераду на яго наскочыў Круглоў.
— Што такое, лейтэнант?
— Дрэнь справа, камбат! Назад гоняць!
— Спакойна! — сказаў Валошын і заступіў траншэю перад байцом, які следам за камсоргам выскачыў з-за павароткі. Па ягонай шчацэ цякла за каўнер кроў.— Спакойна. Ану гранаты! Гранатамі — агонь!
Баец штось усхвалявана крычаў, памінаючы нейкага Лёшку, і машынальна размазваў даланёй кроў па шчацэ. Падпарадкоўваючыся камандзе, ён
— Чарнаручанка, ты што? Дзе Маркін? Чарнаручанка матлянуў па ім недаўменным позіркам.
— Там, — кінуў ён, падхапіў вінтоўку і стрэліў два разы па траншэі. Туды ж ударыў з пісталета Круглоў.
— Так. Адсюль ні кроку! — пачынаючы адчуваць заблытаныя акалічнасці бою, сказаў Валошын. — Адсюль ні з месца. Зразумела?
— Так точна, таварыш камбат, — сказаў Чарнаручанка і перазарадзіў вінтоўку.
Іх сабралася за каленам траншэі чалавек пяць, аднекуль спераду напіралі немцы, густа абсыпаючы бруствер і павароты траншэі аўтаматнымі чэргамі, а яны адстрэльваліся і час ад часу кідалі туды гранаты. Немцы таксама шпурлялі гранаты, дзве з якіх разарваліся, на шчасце, за брустверам, адну Чарнаручанка ўхапіў за доўгую ручку і адкінуў назад. Было зразумела, што з ходу выбіць немцаў з гэтай траншэі ў іх не хапіла сілы, і цяпер іх саміх як бы не выгналі ў поле. Гэта ўжо было горш, тым болей што дапамагчы ім тут не было каму.
— Вось дык становішча! — клапотна сказаў Круглоў, стоячы на адным калене ў траншэі. Усе трымалі зброю напагатове. Першы каля павароткі стаяў згорблены баец са скрываўленай распухлай шчакой, за ім Чарнаручанка. Валошын азірнуўся, шукаючы позіркам яшчэ каго-небудзь ззаду, і ўбачыў яшчэ аднаго байца з учарашняга папаўнення, вочы якога на смуглявым твары пазіралі надзіва спакойна, амаль бясстрасна — так, нібы ўсё, што адбывалася навакол, было для яго звычайным, нават апрыклым.
— Па-руску разумееш? — запытаў Валошын.
— Разумею, — ціха адказаў баец.
— Давай па траншэі за кулямётам. Удвух возьмеце кулямёт — і сюды.
Баец пабег па траншэі, і Круглоў запытаўся з надзеяй:
— А патроны? Патроны хоць ёсць?
— На адну чаргу.
Камсорг толькі памкнуўся нешта сказаць, як наперадзе штось грукнула, ён усхапіўся і стрэліў з пісталета. За ім стрэліў Чарнаручанка і паранены ў скроню баец. Пасля яны пачакалі, але з-за павароту ніхто не паказваўся, і Валошын апусціў пісталет.
— Так. Колькі тут нас усяго? Шасцёра? — запытаў ён. — Здаецца, болып бегла.
— Астатнія там, — азірнуўся Чарнаручанка. — У бліндажы.
— У якім бліндажы?
— А там бліндаж ёсць. Як фрыцы ўдарылі, яны не паспелі. Мы выскачылі, а тыя не паспелі.
Час ад часу зусім не лягчэй, падумаў Валошын. I так невялікія сілы іх былі раздзелены ў траншэі. Вядома, немцы хутка прыкончаць тых у нейкім там бліндажы, пасля возьмуцца за астатніх.
— Лейтэнант, трэба прабіцца наперад, — сказаў Валошын.
— Яно б не кепска. Але…
— Трэба прабіцца. Дайце гранату.
Чарнаручанка кінуў Валошыну круглае яйка нямецкай гранаты, капітан тузануў за гузічак са шнурком і шпурнуў яе цераз бруствер. Як толькі там грымнула, Валошын крыкнуў:
— Быстра ўпярод!!
Чарнаручанка з параненым хутка кінуліся за паварот, і ён па-над іх галовамі стрэліў уздоўж наступнага адрэзка траншэі. Прабегшы дзесятак крокаў, яны ўтрох затаіліся каля чарговага павароту. Паранены баец, відаць, зразумеўшы манеўр, выставіў з-за рога аўтамат і стрыкнуў туды кароткай чаргой. Пасля, прыгнуўшыся, сігануў за вугал, за ім сігануў Валошын, і абодва адразу ўпалі на дно — баец ад стрэлу з-за павароту, а Валошын — наскочыўшы на байца. Гэта падзенне, аднак, засцерагло капітана ад чаргі, якая пранеслася вышай, абдаўшы яго зямлёй. Тут жа, аднак, грымнуў вінтовачны стрэл Чарнаручанкі, і немец у непадпяразаным, з шырокім каўняром шынялі выпусціў з рук аўтамат і з падкручанай галавой асеў упоперак траншэі. Валошын з зямлі стрэліў у яго два разы і, падхапіўшы за почапку аўтамат, ускочыў на ногі.