Замежная фантастыка
Шрифт:
Калі роўна а палове восьмай яна зноў прыйшла, то адразу звярнула ўвагу на тое, што ёй не спатрэбілася нічога пра сябе паведамляць. Усе, хто трапляўся ёй на дарозе, як мужчыны, так і жанчыны, здавалася, вельмі добра ведалі не толькі тое, хто яна, але і характар яе будучай работы. Яе адразу правялі ў будынак.
Яна ўбачыла доктара Хоскінса, але той, мелькам зірнуўшы на яе і невыразна назваўшы яе імя, нават не запрасіў яе сесці. Яна сама спакойна падсунула да парэнчаў крэсла і села.
Яны былі на балконе, з якога адкрываўся від на вялізную шахту, запоўненую нейкімі прыборамі, падобнымі на штосьці
У другой частцы шахты ўзвышаліся перагародкі, якія служылі сценамі для кватэры без столі. Гэта быў як бы гіганцкі лялечны домік, унутранае абсталяванне якога праглядвалася як на далоні з таго месца, дзе сядзела міс Фэлоўз.
Яна выразна бачыла ў адным з пакояў электронную пліту і халадзільную ўстаноўку, а ў другім — абсталяванне ваннай. А прадмет, які ёй удалося разгледзець у трэцім пакоі, мог быць толькі часткаю ложка, маленькага ложка…
Хоскінс размаўляў з нейкім мужчынам. Хоскінс іх не пазнаёміў, і міс Фэлоўз нічога не заставалася, як спадцішка назіраць за ім. Гэта быў худы мужчына сярэдніх гадоў, даволі прыемнай знешнасці, у яго былі маленькія вусікі і жывыя вочы, якія, здавалася, усё бачаць.
— Я зусім не збіраюся, доктар Хоскінс, рабіць выгляд, што мне ўсё гэта зразумела, — гаварыў ён. — Я хачу сказаць, што разумею сёе-тое ў тых межах, якія даступны дастаткова інтэлігентнаму неспецыялісту. Але, нават улічваючы межы маёй кампетэнцыі, я хачу заўважыць, што адзін бок праблемы мне менш зразумелы, чым другі. Я маю на ўвазе выбарачнасць. Вы здольны прайсці вельмі далёка, дапусцім, гэта можна, зразумець. Чым далей вы рухаецеся, тым больш туманныя, расплывістыя робяцца аб'екты, а гэта патрабуе вялікай затраты энергіі. Добра. Але ў той жа час вы не можаце дасягнуць больш блізкага аб'екта. Вось гэта і ёсць загадка для мяне.
— Калі вы дазволіце мне скарыстаць аналогію, Дэвенэй, я паспрабую паказаць вам праблему ў такім святле, каб яна здавалася менш парадаксальнай.
Імя незнаёмага, якое прамільгнула ў размове, міжволі зрабіла на міс Фэлоўз уражанне, яна адразу здагадалася, хто ён. Гэта, відаць, быў сам Кандзід Дэвенэй, які пісаў для тэлевізійных навін нарысы на навуковыя тэмы, той Кандзід Дэвенэй, асабістай прысутнасцю якога былі адзначаны ўсе сама буйныя падзеі ў навуковым свеце. Цяпер ягоны твар здаўся ёй знаёмым. Вядома ж, гэта менавіта яго яна бачыла на экране, калі аб'явілі пра пасадку касмічнага карабля на Марс. А калі гэта сапраўды той самы Дэвенэй, то гэта магло азначаць толькі тое, што доктар Хоскінс збіраецца зараз прадэманстраваць нешта вельмі важнае.
— Калі вы лічыце, што гэта дапаможа, то чаму б вам і не выкарыстаць аналогію? — спытаўся Дэвенэй.
— Ну, добра. Значыць, так: вы, безумоўна, ведаеце, што вы не зможаце чытаць кнігу з шрыфтам звычайнага кегля, калі кніга гэтая ад вас на адлегласці ў шэсць футаў, але гэта адразу робіцца мажлівым, як толькі адлегласць паміж вашымі вачыма і кнігаю скароціцца да фута. Як вы бачыце, у дадзеным выпадку пакуль што дзейнічае правіла — чым бліжэй, тым лепш. Але калі вы наблізіце кнігу настолькі, што паміж ёю і вашымі вачыма застанецца ўсяго адзін толькі дзюйм, вы зноў страціце здольнасць чытаць яе. Адсюль вам павінна быць
— Хм, — хмыкнуў Дэвенэй.
— А вось вам другі прыклад. Адлегласць ад вашага правага пляча да кончыка ўказальнага пальца правай рукі складае прыкладна трыццаць дзюймаў, і вы можаце свабодна дакрануцца гэтым пальцам да правага пляча. Адлегласць жа ад вашага правага локця да кончыка ўказальнага пальца той жа рукі напалову меншая, і калі кіравацца сама простай логікай, то выходзіць, што дакрануцца правым указальным пальцам да правага локця лягчэй, чым да правага пляча, аднак жа зрабіць вы гэтага не можаце. І зноў перашкаджае тая ж занадта вялікая блізкасць.
— Вы дазволіце скарыстаць гэтыя аналогіі ў маім паведамленні? — спытаў Дэвенэй.
— Калі ласка. Я буду толькі рады, я ж даволі доўга чакаў каго-небудзь накшталт вас, хто напісаў бы пра нашу работу. Я дам вам усе неабходныя звесткі. Нарэшце-такі прыйшоў час, калі мы можам дазволіць усяму свету зазірнуць цераз наша плячо. І свет сёе-тое ўбачыць.
Міс Фэлоўз злавіла сябе на тым, што насуперак свайму жаданню захапляецца яго спакоем і ўпэўненасцю. У ім адчувалася вялізная сіла.
— Якая мяжа вашых мажлівасцей? — спытаўся Дэвенэй.
— Сорак тысяч гадоў.
У міс Фэлоўз заняло дыханне.
— Гадоў?!
Здавалася, само паветра застыла ў напружанні. Людзі каля пультаў кіравання амаль не рухаліся. Хтосьці аднастайна кідаў у мікрафон кароткія фразы, сэнсу якіх міс Фэлоўз не магла ўлавіць.
Перагнуўшыся цераз парэнчы балкона, Дэвенэй уважліва ўзіраўся ў тое, што адбывалася ўнізе.
— Мы ўбачым што-небудзь, доктар Хоскінс? — спытаўся ён.
— Што вы сказалі? Не, мы нічога не ўбачым, пакуль усё не здзейсніцца. Мы выяўляем прадмет толькі ўскосна, як бы па прынцыпе радарнай устаноўкі з той розніцай, што замест электрамагнітных хваль мы аддаём перавагу мезонам. Пры адпаведных умовах мезоны вяртаюцца, прычым пэўная частка з іх адбіваецца ад якіх-небудзь аб'ектаў, і наша задача заключаецца ў даследаванні характару гэтых адбіткаў.
— Мусіць, гэта даволі цяжкая задача.
На твары ў Хоскінса прамілынула яго звычайная ўсмешка.
— Перад вамі вынік пяцідзесяці гадоў настойлівых пошукаў. Асабіста я заняўся гэтай праблемай дзесяць гадоў таму назад. Так, усё гэта сапраўды вельмі нялёгкае.
Чалавек каля мікрафона падняў руку.
— Ужо некалькі тыдняў мы фіксуем адзін пэўны момант, аддалены ад нас у часе. Папярэдне разлічыўшы свае перамяшчэнні ў часе, мы то спыняем дослед, то ўзнаўляем яго, яшчэ і яшчэ раз правяраючы нашу здольнасць з дастатковай дакладнасцю арыентавацца ў часе. Цяпер гэта павінна спрацаваць бездакорна.
Але лоб у містэра Хоскінса блішчаў ад поту. Міс Фэлоўз раптам заўважыла, што яна машынальна пакінула сваё крэсла і таксама стаіць каля парэнчаў, але глядзець пакуль што не было на што.
— Зараз, — спакойна вымавіў чалавек каля мікрафона.
Наступіла цішыня, якая цягнулася роўна столькі, колькі патрабуецца часу на адзін уздых, і з лялечнага доміка пачуўся прарэзлівы лямант насмерць перапужанага дзіцяці.
— Жах! Невыказны жах!..
Міс Фэлоўз павярнула галаву на крык. Яна забылася, што ва ўсё гэта ўблытана дзіця.