Замежная фантастыка
Шрифт:
Я паклаў дзіця на салому. Ведама, гэта сапраўдны чалавек. Праўда, ён яшчэ не гаворыць, але… пра што гэта я, яму ўсяго толькі тры дні, але ён загаворыць. Ён ужо плача ціхенька, менавіта плача, як зямное дзіця, а не скуголіць, як звераня. Нова гэта выдатна разумее і не спускае з сына захопленых вачэй.
Зіра таксама бачыць, што гэты маленькі чалавечак незвычайны. Яна наблізілася да нас, яе валасатыя вушы насцярожана ўзняліся, — і моўчкі разглядвае дзіця. Выгляд у яе заклапочаны. Потым дае мне зразумець, што я мушу як мага хутчэй пайсці адсюль. Калі б мяне заспеў тут хто іншы, гэта магло б дрэнна скончыцца для нас усіх. Зіра абяцае паклапаціцца
Развітаўшыся з Новаю і сынам, я іду да выхаду. Каля дзвярэй азіраюся яшчэ раз і бачу, што шымпанзэ таксама наблізілася да маленькага чалавечка, ціхенька дакранулася вуснамі да яго лобіка і толькі пасля гэтага зачыніла клетку. І Нова нават не пратэстуе! Яна прымае гэтую праяву пяшчоты да яе дзіцяці як натуральную. Памятаючы, з якой нянавісцю сустракала яна Зіру раней, я бачу ў гэтым новы цуд.
Мы выходзім з пакоя. У мяне дрыжаць рукі і ногі, і я заўважаю, што Зіра ўсхваляваная не менш за мяне.
— Уліс! — усклікае яна, выціраючы слёзы. — Часам мне здаецца, што гэта і маё дзіця!
Раздзел X
Зрэдку я літаральна прымушаю сябе наведваць прафесара Антэля, але з кожным разам гэтыя візіты робяцца ўсё больш пакутлівыя. Прафесар па-ранейшаму ў інстытуце, але яго прыйшлося забраць з камфартабельнага пакоя, у якім яго размясцілі па маёй просьбе. Там Антэль хутка марнеў, да таго ж, у яго пачаліся прыступы дзікай лютасці, у час якіх ён рабіўся небяспечны, кідаўся кусаць санітараў. Тады Карнэлій вырашыў ужыць да яго іншы рэжым: загадаў пасяліць прафесара ў звычайнай клетцы з саламянаю падсцілкаю і даць яму сяброўку, тую самую жанчыну, з якой прафесар спаў у заалагічным садзе. Антэль сустрэў старую знаёмую з шумнай радасцю шчаслівага звера і адразу ж рэзка змяніў паводзіны — зноў адчуў смак жыцця.
У такой вось кампаніі сустракаюся я з ім цяпер. Выгляд у яго шчаслівы. Ён папаўнеў і памаладзеў. Я з сіл выбіваюся, каб наладзіць з ім кантакт, але марна. Вось і сёння спрабую зноў. Але прафесара цікавяць толькі піражкі, якія я яму прыношу. Спустошыўшы пакет, ён адварочваецца ад мяне, выпростваецца побач са сваёй сяброўкаю, і тая пачынае аблізваць яму твар.
— Вось бачыце, розум можа не толькі развіцца, але і згаснуць, — шэпча нехта за маёй спінаю.
Гэта Карнэлій. Выяўляецца, ён мяне шукаў, але зусім не дзеля таго, каб пагаманіць пра прафесара. У яго да мяне вельмі сур'ёзная справа. Я іду за ім у яго кабінет, дзе нас чакае Зіра. У яе чырвоныя вочы, усё роўна як яна доўга плакала. Мабыць, Карнэлій і Зіра ведаюць важную для мяне навіну, але ні ён, ні яна не рашаюцца паведаміць яе мне.
— Што-небудзь з сынам? — не вытрымліваю я.
— Ён добра сябе адчувае, — таропка адказвае Зіра.
— Вельмі добра, — дадае буркліва Карнэлій.
Я і сам ведаю, што сын у мяне цудоўны, але вось ужо месяц, як я яго не бачыў. Догляд за ім стаў яшчэ стражэйшы. Зіра апынулася пад падазрэннем інстытуцкага кіраўніцтва, і цяпер сочаць за кожным яе крокам.
— Вельмі-вельмі добра! — паўтарае Карнэлій. — Ён усміхаецца. Плача, як дзіцёнак малпы… І пачынае гаварыць.
— У тры месяцы?!
— О, гэта ўсяго
Я надзімаюся ад гонару. Але Зіру абурае мой шчаслівы выгляд бацькі такога выдатнага дзіцяці.
— Няўжо ты не разумееш, што гэта катастрофа?! Цяпер яго нізашто не выпусцяць на волю!
— Мне стала вядома ад надзейнага чалавека, — кажа Карнэлій, — што праз два тыдні адбудзецца пасяджэнне Вялікага Савета, прысвечанае вашаму дзіцяці, і будзе прынята важнае рашэнне.
— Важнае рашэнне?
— Вельмі важнае. Пра тое, каб знішчыць яго, гаворка не ідзе. Ва ўсякім разе, пакуль што. Але яго адымуць ад маці.
— А я, я змагу яго бачыць?
— А гэта ўжо абсалютна немагчыма!.. Але дазвольце мне дагаварыць, — няўмольна адчаканьвае шымпанзэ. — Мы сабраліся тут не дзеля таго, каб плакаць, а каб дзейнічаць. Дык вось. Першае, што мы ўжо дакладна ведаем, гэта тое, што вашага сына ізалююць і будуць строга захоўваць. Арангутаны. Так, Заюс доўно інтрыгуе і цяпер дасягне сваёй мэты. — Тут Карнэлій гнеўна сціснуў кулакі і прамармытаў скрозь зубы некалькі слоў, прывесці якія тут немагчыма. — Заўважце, Вялікі Савет выдатна разумее, чаго варты гэты крэтын як вучоны, але ўсе робяць выгляд, нібыта вераць, што ён і праўда зможа даследаваць такі ўнікальны выпадак лепш за мяне. Робяць выгляд, бо гэты выпадак расцэньваецца як пагроза ўсёй нашай расе. Яны разлічваюць, што Заюс здолее ліквідаваць гэтую небяспеку.
Я здранцвеў. Не дай бог, каб мой сын трапіў у лапы да гэтага небяспечнага ідыёта! Але Карнэлій яшчэ не скончыў:
— Сама страшнае, што пагроза навісла не толькі над вашым сынам.
Не могучы вымавіць ні слова, я паглядзеў на Зіру, але тая адно ківае.
— Арангутаны вас ненавідзяць, таму што вы з'яўляецеся жывым доказам памылковасці ўсіх іх тэорый, а гарылы лічаць вас занадта небяспечным, каб пакідаць на волі. Яны баяцца, каб вы не сталі пачынальнікам новай чалавечай расы на нашай планеце. Але нават калі адкінуць такую магчымасць, яны ўсё роўна баяцца, што адна ваша прысутнасць на Сароры ўзбаламуціць нашых людзей. Шэраг назіранняў адзначае незвычайнае ўзбуджэнне сярод падвопытных, з якімі вы кантактуеце.
Але, гэта праўда. У час майго апошняга наведвання залы з клеткамі я сам заўважыў, што паводзіны палонных прыкметна змяніліся. Выдае на тое, што нейкі таямнічы інстынкт папярэдзіў іх пра дзівоснае нараджэнне майго сына. Яны віталі мяне доўгім улюлюканнем.
— Карацей кажучы, — падводзіць рысу Карнэлій, — я вельмі баюся, што праз два тыдні Вялікі Савет прыме рашэнне знішчыць вас… або прынамсі выдаліць частку мозгу пад выглядам навуковага эксперыменту. Што ж датычыць Новы, то думаю, што і яе пастараюцца абясшкодзіць, бо яна надта доўга была побач з вамі.
Не, гэта немагчыма! Я ж ужо паверыў у сваю ледзь не боскую місію — і раптам такое… Умомант я быў скінуты з нябёсаў на зямлю. Мяне агарнуў жудасны адчай.
— Карнэлій правільна зрабіў, што нічога ад цябе не ўтоіў, — сказала Зіра, кладучы мне на плячо руку. — Але ён не сказаў яшчэ, што мы не пакінем цябе. Мы вырашылі ўратаваць вас усіх траіх, і ў гэтым нам дапамогуць некалькі нашых сяброў, мужныя шымпанзэ.
— Але што я магу зрабіць? Я, чалавек сярод малпаў!
— Трэба ўцякаць. Трэба пакінуць Сарору, куды б табе лепей было і зусім не прылятаць. Вяртайся да сябе на Зямлю. Толькі так можна ўратаваць цябе і твайго сына.