Змагарныя дарогi
Шрифт:
"Цiкавы гэта, мусiць, народ" - думаў Сымон.
– "Цi-ж ня ўмеюць яны па-людзку весялiцца, радасьцi свае выказаць? А мо гэта так адно публiчна? Усё-ж завялiкая стрыманасьць. Як-бы-ж гэта я цешыўся, калi-б дапамог мне.Бог, скажам, вярнуцца ў свой Менск цi родную вёску... Я з радасьцi хадуром на галаве хадзiў-бы, можа, падскочыўшы з уцехi ў бацькоўскай хаце, столь галавой прабiў-бы... Божа-ж ты мой, Божа! Няўжо-ж не будзе канца гэтай вандроўцы? Якiмi-ж гэта сьцежкамi яшчэ прыйдзецца валачыцца й якiя лiхалецьцi перажыць, пакуль зноў, як калiсьцi, штодня iдучы ў гiмназiю, буду мець магчымасьць пакланiцца Вастрабрамскай Божай Мацi цi раўнамерным крокам мерыць менскi тратуар?.."
III
Вялiкi вайсковы абоз Кэтэрык Кэмп, што знаходзiўся ў Ёркшыры ў адлегласьцi кiлямэтраў чатырох ад мястэчка Рычманд, не належаў да тых, што пад
У той час, калi нашы кандыдаты зьявiлiся ў Кэтэрык Кэмпе, было там ня больш трох сотняў палякаў з розных адзьдзелаў першага корпусу. Вучылiся яны рамяству танкiстаў, прычым канчалi звычайна адзiн з чатырох курсаў: танкавага стралецтва, шафёрства танкаў, курс радыёвы (бадай, найцяжэйшы, бо ў праграму навукi ўваходзiла не толькi праца з радыёперадатчыкам, але й вывучэньне ўстаноўленай сiстэмы шыфраў) ды, нарэшце, курс камандзераў танкаў, звычайна прызначаны для падафiцэраў. Аб'ектам вывучэньня быў навейшы ангельскi танк "Кромвэл", хаця знаёмiлiся з "Чэрчылямi" й iншымi ангельскiмi й амэрыканскiмi танкамi.
Польская школа падхаронжых панцырнай зброi, што тут знаходзiлася, праводзiла навуку канвэерным мэтадам - зусiм так, як рабiлi гэта ангельцы.
Кожныя два месяцы пачынаўся новы курс. У лiку яго было дваццаць чатыры чалавекi, якiя для штодзённых заняткаў дзялiлiся на тры роўныя лiкам групы. Адна група, прыкладам, у даны перыяд праходзiла курс радыёвы, iншая стралецкi, трэцяя - шафёрства. Кожны курс трываў чатыры тыднi. З прычыны кароткага часу матэрыялу давалася вучням вельмi шмат. Акрамя ўспомненых трох курсаў усе вучнi школы праходзiлi яшчэ курс шафёрства транспартных аўтамашынаў. Вучылiся езьдзiць, як прынята ў Ангельшчыне, па левым баку дарогi. Практыкавалiся на паўтаратонных "Бэдфордах" i "Фордсанах". Пасьля iшоў курс камандзераў танкаў i кiраваньня зьвязамi. Тапаграфiя й хуткая арыентацыя па мапах была прадметам найбольш iнтэнсыўнага вывучэньня. Ужо напрыканцы вывучаўся агульны курс тактыкi, арганiзацыi армii, стратэгii й зьвязаных з гэтым пытаньняў, што трэба было ведаць будучым танкавым афiцэрам.
Пэрыяд навукi ў школе трываў роўна восем месяцаў. Скончыўшы яго, курсанты былi поўнасьцю падкутымi танкiстамi, што маглi ня толькi справiцца з заданьнем любога зь пяцi чалавек экiпажа танку, але й кiраваць меншымi танкавымi адзьдзеламi ды наогул мелi добрыя асновы для вайсковай кар'еры.
Парогам, якi кожны кандыдат мусiў пераступiць, каб трапiць у школу, быў псыха-тэхнiчны экзамен. Паводде яго вынiкаў кiраўнiкi школы арыентавалiся, цi даны кандыдат надаваўся наогул у панцырную зброю, ды асаблiва на афiцэра. У склад экзамену ўваходзiлi розныя штучкi, некаторыя, здавалася-б, зусiм простыя, разьлiчаныя на пазнаньне хуткасьцi арыентацыi кандыдата. Калi пры выкананьнi адных заданьняў найбольш важнай была хуткасьць у часе, то iншыя, цяжэйшыя, мелi на мэце выяўленьне засягу агульнай i тэхнiчнай адукаванасьцi. Мы не пачнём нудзiць чытача апiсаньнем кожнага зь iх, бо ня ў гэтым ляжыць асноўная мэта нашага апавяданьня. Успомнiм яшчэ, што быў i пiсьмовы экзамен, якi меў даць кiраўнiкам школы агульны вобраз як характару, так i iнтэлектуальнага ўзроўню кандыдата. Адказы на цэлы сьцяг пытаньняў, што ацэньвалiся пунктамi*, давалi трапную ацэнку кандыдата з усiх бакоў.
* Ачкамi, баламi.
IV
Для Сымона Спарыша, што пасьпяхова справiўся з усiмi заданьнямi, найцьвярдзейшым арэхам сталася якраз тое, што для iншых было наймякчэйшым. Група кандыдатаў паклiкана была ў школьны барак. Кожны атрымаў лiст паперы,
Сымон сядзеў задуманы колькi часу i незаўважна для сябе церабiў галаву. I часу трацiць нельга было, каб не зьвярнуць залiшняе ўвагi кавалерыста-капiтана, што роўнымi крокамi хадзiў перад фронтам сталоў ды заглядаў то ў адно захмаранае вакно, то ў другое, часта поглядам кiдаючы на жаўнераў.
"Што-ж тут адказаць?
– мазолiў мазгi Сымон.
– Няўжо-ж таксама аб патрыятызме? Пайшлi вы к чорту з вашым патрыятызмам. Навошта-ж мне крывiцца? Трэба штось кароткае й даволi хiтрае, каб надта не падкапалiся. Пэўна-ж, зьвернуць асаблiвую ўвагу на мой адказ, бо я-ж адзiн беларус сярод iх. Дык, можа, проста тлумачыць звычацным кар'ерызмам? Здаецца, так найлепш. Эх, так i быць. Памажы, Божа!"
Сымонава пяро роўненькiмi й стараннымi, хаця й сьпешна пiсанымi лiтарамi вывела на паперы наступны адказ: "Хаця на школу падхаронжых панцырнай зброi прысланы я быў згодна з загадам вышэйшых вайсковых уладаў, аднак таму, што амбiцыя кожнага чалавека накiроўвае яго да здабыцьця вышэйшага становiшча ў асяродзьдзi, да асягненьня вышэйшае вайсковае ступенi, - таму й хачу быць афiцэрам. Не ўхiляючыся навет ускосна ад простага адказу на вышэйпастаўленае пытаньне, хачу заўважыць, што ў даным выпадку кiруюся вылучна сваёй амбiцыяй".
V
З выгляду й прыёмаў у адносiнах да людзей камандзер школы падхаронжых, маёр Палiшэўскi, мог-бы прыгадаць тып валаснога старшынi. Быў ён сярэдняга росту, таўставаты, пузаценькi, у саракавых гадах. Шырокi вайсковы брызентавы пас, расьцягнуты на максымальную даўжыню, ледзь здолеў абхапiць круглы жывот. Азызлы й пульхны, гладка голены твар зьвiсаў двума падбародкамi над цесна зашпiленым каўняром "батледрэсу". Рэдкiя цемнаватыя валасы, зачэсаныя сьпераду назад, ледзь пакрывалi лысiну. Жыва бегалi заплылыя, ясна-блакiтныя маленькiя вочкi. Абвiслы мяшком "батледрэс" рабiў маёра таўсьцейшым, чым фактычна быў. Рухi меў жывыя, гаворку - хуткую й адрывiстую. Паводле выразу ягонага твару вы нiкол- б не маглi сказаць, цi жартуе, цi злуецца. Значэньне нявыразнай грымасы можна было распазнаць, адно прыслухаўшыся да маёравай гутаркi.
Палiшэўскi належаў да таго тыпу людзей, што чуюцца вялiкiмi гаспадарамi на малых гаспадарках, ня любяць пярэчаньняў з боку iншых ды проста падпарадкоўваньне цi навет i звычайнае патакваньне. Ён апынуўся-б якраз на сваiм месцы, калi-б нейкiм чынам раптам стаў валасным старшынёй. Рэзкi й крыклiвы голас выдатна памагаў-бы ў сьцягваньнi падаткаў, а натуральная вожыкава натапыранасьць - у страшаньнi жанчын i дзяцей.
Калi Сымону, на другi дзень пасьля апошнiх экзаменаў i адказу на гэтае "чаму хачу быць афiцэрам", загадана было зьявiцца да маёра ў канцылярыю, Палiшэўскi сядзеў за сталом i мучыў у руках нейкую паперыну. Сымон, стукнуўшы моцна абцасамi й адсалютаваўшы, адразу распазнаў ва паперы характар свае рукi. Акрамя камандзера школы ў канцылярыi прысутны быў худы й бледны, здаецца, зь недахопу ў Ангельшчыне сонца, лейтанант Монiк, якi, як пазьней выказалася, быў некалi й недзе выкладчыкам у вышэйшай школе, славiўся як спэцыялiст па ангельскай мове, аматар боксу й фiзкультуры. Аднойчы меў пару лекцыяў для восьмага курсу школы, дзе намагаўся вытлумачыць асновы складу й спосаб дэтанацыi атамнае бомбы. Трэцiм прысутным быў капiтан Баяноўскi, кiраўнiк восьмага курсу, што складаўся бальшынёй з жаўнераў Другога корпусу. Быў гэта высокi, чарнявы, тонкi, але мускулiсты, спакойны й заўсёды зраўнаважаны мужчына. Ён роўнымi крокамi шпацыраваў ад дзьвярэй да акна канцылярыi й часта кiдаў зрокам на дажджлiвае надвор'е. Пры ўваходзе Сымона стаў каля стала i ўталопiўся ў новапрыбылага. Монiк сядзеў напрыканцы стала зь левага боку Палiшэўскага i, флегматычна рухаючы скiвiцамi, жаваў гуму.