Змагарныя дарогi
Шрифт:
Пад'яжджаючы да Арэццо, увязьлi ў вялiкiм натоўпе на вулiцы. Надрываўся гудок аўтамашыны, стараючыся зрабiць канал у людзкой масе. Сьвяткавалi тут канец вайны ў Iталii. Людзi махалi рукамi й усьмiхалiся жаўнерам. На шэрых мурах будынкаў чырванелiся напiсаныя рукамi палiтычных агiтатараў клiчы. Цiкава, цi дзе ў iншай краiне Еўропы было пасьля вайны выкарыстана на пэцканьне розных клiчаў на мурах столькi чырвонай фарбы, як у Iталii.
– Глядзi, глядзiце!
– паказаў на вялiкую сьцяну адзiн з уланаў. "Няхай жыве Ленiн!" - гаварылi вялiкiя чырвоныя лiтары, а побач цэлы мур цьвiў сярпамi й молатамi.
– Вось-жа й дурны макароньнiк! Навет не парупiўся даведацца, што камунiстычны прарок ужо даўно здох!
У натоўпе, акрамя нацыянальных iтальянскiх сьцягоў, лапаталi ў лёгкiм ветры й чырвоныя, бальшавiцкiя, зь сярпамi
– Паглядзiш на гэту цёмную масу й часта маеш уражаньне, што ў Расеi знаходзiшся. Калi-б не запярэчваў гэтаму краявiд i людзi...
– Пры такой галiце няма й дзiва. Зрэшты, ад фашызму Мусалiнi да камунiзму мосьцiк вялiкi будаваць ня трэба.
– Цiкава, цi заходнiя хаўруснiкi зьвярнулi на гэта ўвагу.
– Хто як хто, а Сталiн-то ўжо, напэўна, пра iх не забыўся.
– Скурчыя сыны, макароньнiкi праклятыя!
Наогул агульнай гутаркi было мала. Перашкаджаў гэтаму хуткi рух i гул машыны. Мясьцiнамi, дзе асфальтавая дарога была пашкоджаная й засыпаная жвiрам, аўтамабiль уздымаў за сабою вялiкi слуп пылу, што густа асядаў на прыдарожную зелень цi шэрыя будынкi. Дарога паўколам абагнула слаўнае ў гiсторыi з Ганiбалавай перамогi над рымлянамi Тразiменскае возера й праз Пэруджу, Асiж i Тэрнi зноў павярнула на поўдзень. У меру прыблiжэньня да Вечнага Гораду рух на шашы павялiчваўся. Найбольш было вайсковых транспартаў, часта мiналi цывiльныя iтальянскiя аўтобусы, а ўжо зусiм рэдка траплялiся прыватныя аўтамашыны.
На захадзе сонца Рым усьмiхнуўся вежамi сьвятыняў i сьветла-шэрымi камянiцамi. Быццам збор цацак са сьветлай слановай косьцi, раськiнуўся ён у далiне, перарэзаны вужакай Тыбру. Велiчны купал ватыканскай сьвятынi, быццам той паважны й ганаровы гаспадар, паглядаў з цэнтру на тое вялiкае скупленьне сьвятыняў, палацаў, руiнаў, а па бакох места - высокiх жыльлёвых будынкаў. Воддаль сонца песьцiла млявы шэра-блакiтны зарыс Апэнiнаў.
Цi прычынай старажытнасьць i слава Вечнага Гораду, цi тое, што "ўсе дарогi ў Рым вядуць" - нейкiм урачыстым i нявызначаным уздымам жыве чалавек, мiнаючы старажытную браму гораду. Зацiкаўлены намагаецца адшукаць утоены зьмест i адпячатак гiсторыi ў кожным сустрэнутым аб'екце, дагледзець у кожным камянi сэнс колiшняй магутнасьцi - у застылых суровых поглядах помнiкаў, у даламiтах i мармуры, адцыфраваць мiнулае ў зьедзеных часам i адноўленых старажытных сьвятынях. Воддаль налева высiцца Калiзей, й на шырокай плошчы талопiцца дзесь удаль вялiкi помнiк Вiктару Эмануэлю. Над фантанам застыў у каменi Нэптун, а на iншай плошчы сурова пазiрае бронзавы Марк Аўрэлiй. Таўкуцца па тратуарах грамады iтальянцаў, часта мiж цывiльных зелянiцца вайсковая вопратка. Вулiца бяжыць уздоўж Тыбра. За ракой адкрываюцца воку шырокiя брамы й вялiчэзны пляц Ватыкану. Толькi цяпер, прыгледзеўшыся зьблiзу, падарожны ўяўляе памеры сьвятынi Пятра й сталiцы каталiцкага сьвету. Сонца залоцiць круглы купал сьвятынi, i ўжо ў засенi ягонага ценю хаваюцца фiгуры апосталаў над высокiмi калёнамi.
Аўтамашына скручвае направа цераз мост на Тыбры й лезе на ўзгорак. Тут, абгароджаны высокiм драцяным плотам, знаходзiцца пераходны вайсковы абоз. Чаму абгароджаны дротам? Гэта-ж не абоз палонных. Адказ на гэта знаходзiце, убачыўшы вялiкую групу цывiльных, пераважна жанчын, некаторых з дзецьмi, што чакаюць пры галоўнай браме абозу. Гэта - рымская бедната, што чакае нагоды, каб падабраць крошкi з вайсковых сталоў. Гэта - нашчадкi тых самых плябэяў, што калiсь насычвалiся вiдовiшчамi катаваных Неронам хрысьцiянаў i што пасьля самi падхапiлi й разнесьлi па ўсiм сьвеце хрысьцiянскае слова з катакомбаў. Як тады, так i цяпер выцягваюць яны па хлеб рукi, як калiсьцi, так i сяньня прадаецца за грошы рымская дзявочая краса. Для iх мала што зьмянiлася. Былi калiсь на дне й засталiся сяньня. Таму й абгарадзiлi калючым дротам колькi баракаў пераходнага вайсковага абозу.
V
Рым тулiўся яшчэ ў засенi ранiцы, калi машына мчалася ўжо па Вiя Аппiя. Дзьве трацiны дарогi з-пад Балёнii ў Нэапаль ужо засталося ззаду. Аўтамабiль выбiрае дарогу на Касыно, каб яшчэ раз кiнуць вокам на мясцовасьць, дзе бушавала найгоршае пекла Другое сусьветнае вайны й дзе сьмерць скасiла тысячы сыноў беларускай, украiнскай i польскай земляў. Ужо пад'яжджаючы да кляштарнай гары з поўначы, хаця ня бачыш яе яшчэ, навокал сустракаеш кучы каменьня П'едымонтэ. Гэта калiсьцi былi хаты. Гляньце - вунь тырчыць сярод руiнаў руля разьбiтай нямецкай "пантэры"... Направа каля дарогi на раўнiне спачываюць абгарэлыя жалезныя дамавiны амэрыканскiх "шэрманаў". Там-сям сярод рознага ламацьця й папялiшчаў вiдаць пераедзеныя ўжо iржой амунiцыйныя скрынкi й лускi снарадаў.
Машына затрымоўваецца ля самага падножжа кляштарнай гары. Шафёр вылазiць з кабiны i, выцiраючы на твары пот, разглядаецца. З кузава выскокваюць i, топчучыся на месцы, распрастоўваюць ногi пасажыры. Разглядаюцца. Навокал нейкая магiльная цiшыня.
– Тут калiсьцi быў гарадок Касыно, - няведама каму паясьняе сiваваты дзядзька шафёр, паказваючы на кучу злому, цэглы й рознага ламацьця на правым баку шашы.
– Зраўнялi зь зямлёю.
Вока блукае па руiнах. Пара старэнькiх жанчынаў поркаецца ў руiнах. Цяжка адрознiць, дзе былi будынкi. Там-сям ужо павылазiла наверх пустазельле. Нехта ў адным месцы зьляпiў похапкам нейкую будку. Мо якi жабрак цi пустэльнiк. Кляштарная гара панура ўталопiлася ў кучу руiнаў ля ейнага падножжа. Даволi высокая яна й зусiм недаступная з гэтага боку. На самым версе выстаўляе ўверх пацямнелыя абсмаленыя пальцы шкiлет кляштара. Зьнiзу выдаецца ён маленькiм, мiтычным i нерэальным. Можа, i ўся гiсторыя аб тым вялiкiм пекле - гэта сон? Мо й ня было тут нiякага кляштару й сьвятынi? Можа, не загiнулi тут тысячы людзей з народаў цэлага сьвету?
Вось - жывыя сведкi. Яны тут бралi ўдзел, некаторыя былi раненыя, пакiнулi на палях сьмерцi сяброў, блiзкiх, мо й родных.
– Там, збоку - далiна сьмерцi, - тлумачыць голас.
– Немцы не давалi магчымасьцi падбiраць трупаў. Сьмярдзела на цэлую ваколiцу. Усялякая насякомая зараза жывiлася сьвежай крывёю й людзкiм мясам. Санiтары цi не санiтары немцы бiлi па ўсiх. Толькi ўпоцемку старалiся адшукваць раненых, i то нельга было схавацца пад асьвятляльнымi ракетамi...
Глядзiш на поўдзень i дзiвiшся. Абаронцы Монтэ Касыно мелi дасканалы абстрэл на колькi кiлямэтраў у прасторным сэктары. Глыбока, быццам тыя краты, пазалазiўшы ў каменныя бункеры, маглi, гуляючы, нiшчыць наступаючых, быццам тых зайцоў, што без аховы й прыкрыцьця апынуцца на голым шырокiм полi.
Дзесьцi з другога боку кляштарнай гары вырас шматтысячны лес белых крыжоў. Шмат зарабiлi там працавiтыя магiльшчыкi. Сакавiтае было жнiво. Ад саламяных беларускiх стрэхаў, ад украiнскiх i польскiх ляпянак вандравалi людзi праз тайгу Сiбiры, стэпы Казахстана й азiяцкiя ды афрыканскiя пустынi, каб знайсьцi супачынак тут, на скалiстым узбоччы. За што загiнулi? Думалi, што за вольнасьць... Цi-ж ведалi вы, сьвятой памяцi гэроi, што крамлёўскi тыран у той самы час душыў ужо вашы бацькаўшчыны?
Iзноў разьдзьмуў вецер макулiнкi попелу. Спрацаваная рука бедняка iтальянца дбайлiва зьмяце набок кучы лому й зраўняе руiны. Iзноў вырасьце на гэтым месцы Касыно, а на гары - грыбы манастыра й сьвятыняў. Бедны далей застанецца бедным, а пакрыўджаны й палонены не перастане трасьцi ярмом. Як стагодзьдзямi раней, бубнець будуць у малiтвах да Ўсявышняга галасы манахаў, а магiльную цiшыню навокал будзiць будуць званы сьвятыняў. Будуць i ў будучынi, як раней на працягу стагодзьдзяў, малiцца за людзкiя грахi, за памiлаваньне, за вольнасьць ад тыранii й справядлiвасьць на зямлi. Адно тысячы белых крыжоў на ўзбоччы гары маўклiва будуць стаяць, каб вечна запярэчваць марнасьцi самых вялiкiх ахвяраў для здабыцьця мiражу-вольнасьцi.
Чырвоныя макi на працягу доўгiх гадоў буйнець будуць яшчэ чырванейшымi з прасочанай наскрозь ахвярнай крывёю зямлi.
Пекла тое ня вырашыла справы вольнасьцi. Рогi iншага тырана ў той час расьлi й дужэлi ў iншым месцы, за iншымi мурамi. Яны й надалей ахоўваюць гняздо, што ад часоў Калiты было крынiцаю нязьлiчоных няшчасьцяў i няволяў.
VI
Прыехаўшы ў Нэапаль надвечар, кандыдаты ў школу падхаронжых спынiлiся ў ангельскiм пераходным абозе "Лямi Кэмп", кiлямэтраў пяць на ўсход ад гораду па дарозе ў Пампэю. Тут затрымлiвалася брытанскае войска, што чакала мараплаваў для выезду ў Ангельшчыну. Кiраўнiк мясцовае польскае каманды паведамiў, што маюць чакаць на прыезд iншых кандыдатаў ды сваю чаргу на мараплаве - усяго звыш тыдня часу. Вестка ўсьцешыла. Была нагода адпачыць, зьведаць Нэапаль i Пампэю ды, у каго ставала грошы, загуляць па-людзку. Так i рабiлi. Ужо на наступны дзень "на зайца", гэта значыць затрымоўваючы спадарожныя вайсковыя аўтамашыны, каб падвезьлi, уся група накiравалася ў Нэапаль.