Змагарныя дарогi
Шрифт:
– Ты ўявi сабе, Вiця, якое мне няшчасьце сягоньня здарылася, - гаварыў аднойчы Вiктару Кастусь з выразным намерам, каб пакпiць з Сымона.
– Стаю вунь на рагу Мiцкевiча ў таварыстве гэтай прыгажунi з шостай клясы, ты яе знаеш, гэту з пульхненькай мордачкай?
– Знаю.
– Дзяўчына што называецца: можна i ў таварыстве паказацца; абстуканая, казаў той, дый з выгляду - i ззаду й сьпераду - цiп-топ. Адным словам, хоць ты да сэрца прытулi. Стаю, значыцца, i ўдаю джэнтлмэна, розныя кавалкi залiваючы. Ажно гляджу, адкуль нi вазьмiся, прэ з-пад Зялёнага маста нейкi
V
Так i цяпер, вярнуўшыся да старой улюбленай тэмы i, як Сымону здавалася, да ягонага забытага кажушка, аб якiм меў неасьцярожнасьць напамянуць, хлопцы й не заўважылi, як мiнулi Зялёны мост i, павярнуўшы сьпярша направа, а пасьля ў вулачку налева, станулi перад Веньцевымi дзьвярыма. Па знадворных сходах узабралiся на першы паверх i коратка пастукалi ў дзьверы. Адчынiла маладзейшая дэвотка. Яна зь немалым зьдзiўленьнем прыгледзелася да чорных юнакоў ды, распазнаўшы ў iх колiшнiх кватарантаў, кароткiм "проша" ўпусьцiла ў хату.
– Ведаеце, панiчка, што?
– пачаў Кастусь.
– Думалi мы, што, праязджаючы праз Вiльню, выпадала нам вас наведаць, ды тут i некаторыя нашы рэчы ў вас яшчэ засталiся.
– То панове сюды ненадоўга?
– Хто ведае, можа, толькi на пару дзён...
– О-о-о! Каго я бачу!
– зь няскрыванай iронiяй, выйшаўшы з кухнi, пачаў Веньць.
– Праўдзiвы рыцары бялорусiны! Маем гонар! Маем гонар!
– прадаўжаў зьядлiва.
– О, а што-ж гэта ў вас на шапках?
– зрабiў Веньць грымасу, прыглядаючыся блiжэй да "Пагоняў".
– "Пагоня"! Ох, не! Навет i гэрб мусiлi ад лiтвiнаў украсьцi! Ха-ха-ха! Але-ж то й войска! Хэ-хэ...
– Пане Веньць...
– моцна пачырванеўшы ад злосьцi, пачаў Кастусь.
– Пшэпрашам пана Костка, - перабiў яго Веньць, - але здаецца, што пан Костэк знае маё прозвiшча.
– О так, знаю, пане Пшэпулкевiч... Скажыце мне, чаго вы так скачаце? Здаецца, што вы зусiм iншы былi чалавек. Цi часам ня тое на вас падзеяла, што з усходу прыблiжаюцца так званыя вызвольнiкi?
– Але-ж i камэдыя!
– сьмяяўся, не зважаючы на Кастуся, закасваючы нiжнюю лупiну, Веньць.
– Ну i як жа вы так? Збудавалi тую сваю Бялорусь? Рыцэжэ!.. Ха-ха-ха! Хэ-хэ... А дзе-ж ваша зброя?
У гэны момант Сымон выхапiў з-за пазухi й палажыў перад сабою на стале новенькi блiскучы "вальтэр". Купiў яго не так даўно ў нямецкага жаўнера ў Вiленскiм парку, разьмянiўшы на маркi залатую царскую пяцiрублёўку, якую мачаха, быццам талiсман, дала яму перад ад'ездам у Вiленскую гiмназiю.
– Ёсьць i зброя, пане Веньць!
– сказаў ён паляку паволi i з прыцiскам на кожнае слова.
– Цi, можа, вы дагаворыцеся да таго, каб яе выпрабаваць на вас?
Старэйшая дэвотка, што, прытулiўшыся да вушака дзьвярэй, выглядала з кухнi, убачыўшы пiсталет, з трывогай перахрысьцiлася. Веньцеў твар хутка й выразна пабляднеў.
– Што, панове, сабе зычыце?
– акiнуўшы ўсiх позiркам i ня страцiўшы раўнавагi, спытаў ён хлапцоў.
– Жадаем тое, што наша. Калi ласка, давайце ўсю вопратку, што мы тут пакiнулi, - загадаў Кастусь.
– I чым хутчэй, тым лепш. Мы думалi, што зайшлi да людзей, ажно выходзiць, што вы такiя самыя сабакi, як i шмат iншых. I чакалi толькi нагоды, каб выявiць сваю хвальшывую натуру. Цьфу!
Пры ўспамiне аб вопратцы Веньць яшчэ больш пабляднеў. Ён, здавалася, з запытаньнем i трывогай зiрнуў на малодшую сястру, тая, таксама перапалоханая, пазiрала моўчкi то на пiсталет на стале, то на хлапцоў, то на брата.
– Пане Веньць!
– з выразным акцэнтам на тое "Веньць" пагрозлiва прадаўжаў Кастусь.
– Чакаем!
– Пане Костэк...
– пачала нарэшце тонам просьбы маладзейшая Веньцiха, мы-б рады, зараз-бы аддалi, але яе, вашай вопраткi, тут няма.
– Як то няма?
– падскочыў да яе Дзежка.
– А дзе-ж яна?
– Мы аддалi на перахаваньне.
– Перахаваньне? А што гэта такое, гэтае перахаваньне? Хлусiш, старая! Ты сваю вопратку заўсёды трымаеш дома й не аддаеш на перахаваньне. А як-жа ты чужую магла аддаць?
– Брэша сука, - буркнуў, скоса паглядаючы на старую, Сымон, - прадала, напэўна.
– Толькi боты засталiся, - прызналася перапуджаная дэвотка.
– Боты?
– паўтарыў Кастусь i, паглядзеўшы ўважна на ўсiх гаспадароў, хутка адчынiў дзьверы суседняга пакою, дзе калiсьцi жылi студэнты, i пачаў пароцца па кутках i шуфлядах. Па хвiлiне вярнуўся з парай сваiх блiскучых ботаў.
– Запраўды нiчога, акрамя гэтых, няма, - паведамiў, паказваючы на боты.
– Дзе-ж, вы думаеце, яны падзелi ўсю нашу вопратку?
– Слухай, можа, гэты памог-бы даведацца?
– спытаў Дзежку, зрокам паказваючы на свой пiсталет, Сымон.
– Ат, кiньце вы, хлопцы. Лепш пакiнем мы гэту бяду ў супакоi ды хадзем, парадзiў сябром Вiктар.
– Можа, ты й праўду кажаш, што бяда. Гэта-ж падумаць, пражылi тут пару год i ня ведалi, што за сукiны сыны...
– з фiнальным адценкам згадзiўся Кастусь. Цьфу!
– плюнуў ён на падлогу ў бок гаспадароў ды хуткiм крокам ськiраваўся да дзьвярэй.
– Няхай вам Бог належна адплацiць!
– дабавiў з-за пляча, выходзячы.
Далейшае адбылося, як можна было прадбачыць. Зайшоўшы да школьнага сябра Занеўскага, што жыў непадалёк на другiм баку Кальварыйскай, тых блiскучых ботаў "апылiць" не ўдалося, але Занеўскi прыабяцаў, што ў будучынi гэта абавязкова пастараецца зрабiць, i на довад гэтага тут-жа, доўга не чакаючы, пасьля кароткiх шэптаў зь Дзежкам, паставiў на самы цэнтр стала не такую ўжо зусiм сiвую пляшку самагонкi.
– Ну, унтэрмэншы, - з жартам i пацiраючы з задаваленьня рукi, гаварыў да сяброў Кастусь, - жлопайце й ведайце залатое сэрца Канстантына Iванавiча.