Знак бяды
Шрифт:
Запаволеным цяжкім крокам яна ішла насустрач мужчынам, і ў яе свядомасці ўсё болей і выразней выяўлялася знаёмае аблічча, каржакаватая постаць у шэрай паддзёўцы, шырокі разварот плячэй, цяжкі нетаропкі крок. І ён, і паліцаі ішлі па гразі нетаропкай спорнай хадой — наперадзе Гуж, а ззаду Каландзёнак, і ёй, як збавення, хацелася праваліцца пад зямлю, абы толькі не спатыкацца з імі.
Але яны ўжо згледзелі жанчыну і з трошкі празмернай увагай зводдаль пазіралі на яе, а падышоўшы бліжэй, зірнуў на яе і арыштант. То быў Карніла.
Тым не менш яна ішла з такім выглядам, быццам не ведала з іх нікога, і толькі ногі яе прымлелі, і яна намаганнем волі ледзьве перастаўляла іх па гразі. Яна б так і размінулася з імі, не сказаўшы слова і нават не
— Куды ідзеш, акцявістка?
— У дзярэўню, не бачыш? — сказала яна, зірнуўшы на яго спадылба, і падумала: ну, прапала! Забярэ абаіх. Але Гуж найперш кіўнуў на кашолку:
— Там што?
— Курыца.
— Ану! — Гуж патрабавальна працягнуў руку, і яна падала яму кашолку.
— Так. Патап, на! Прыйдзем — адкруціш галаву. Спатрэбіцца.
Ён аддаў кашолку Каландзёнку і павярнуўся да яе, ва ўпор працяў стоеным пагрозлівым позіркам.
— Усё сноўдаеш?
— Сноўдаю. А што, нельга? — запытала яна, з апошняю сілай вытрымліваючы гэты ягоны позірк. Думала, што зараз ён паставіць яе побач з Карнілам і павядзе ў мястэчка. Гэта было б жахліва. І, відаць было, ён некалькі секунд вагаўся, мабыць, не ведаючы, што зрабіць з ёю.
— Ну-ну, пасноўдай! — неяк загадкава-з'едліва сказаў ён і адвярнуўся да Карнілы. Але Карніла ўжо не глядзеў на яе — паныла пазіраў некуды ў хмарную далячынь мокрага поля.
— Шагам арш!
Яны пайшлі далей да гасцінца, а яна няпэўным аслабелым крокам пабрыла да Выселак. Тое, што забралі Карнілу, балюча ўдарыла па яе адчуваннях, таксама як і па яе планах, і яна адчула, што, мабыць, неўзабаве ўсё непапраўна рухне. Але яна не магла лёгка з тым прымірыцца. Яна гатова была змагацца, тым больш што ў яе была воля, нейкая свабода дзеяння, рукі яе яшчэ не былі звязаны. Але чаму не забралі яе? Можа, пакінулі на пакуль што? А можа, пра бомбу ім невядома? А можа, яны шукалі бомбу і ўзялі Карнілу? А дзе бомба, ён ім не сказаў. І не скажа. А раптам скажа? Пачнуць катаваць, выцягваць з цела жылы, хіба ўтрываеш? Дык няўжо скажа? Што ж ёй рабіць?
Не адразу яна зразумела, што ісці да Александрыны не мае сэнсу, што наогул ісці ў Выселкі ёй няма па што. Што ёй трэба самой ратавацца. Толькі дзе і як?
Амаль дайшоўшы да першых высялкоўскіх хат, яна нясмела азірнулася: паліцаі з Карнілам ужо набліжаліся да хвойнічку на гасцінцы, тады яна спынілася, памарудзіла трохі і хутка пабегла тою ж дарожкай назад да хутара. Цяпер ёй трэба было дамоў, да сваіх сцен, быццам там быў нейкі ратунак, нейкае заспакаенне.
Паліцаі з Карнілам ужо схаваліся за павароткай у хвойнічку, яна перабегла гасцінец, задыханая, хуткім крокам і подбегам дасягла падворка і, мінаючы хату з істопкай, праз дрывотню і захлеўе выйшла на ўзровак. Аднекуль да яе выскачыў Рудзька, радасна заскуголіў, галодны, але цяпер ёй было не да Рудзькі: трэба было некуды перахаваць бомбу. Яшчэ на гародзе яна занепакоілася, як убачыла, што след ад колаў дужа прарэзаў барозны і лехі і выразнай крывулінай вёў да расцяробу на ўзроўку. Але яна ледзь не змярцвела ад спалоху, як зазірнула ў яму — з-пад нагрувашчанай кучы хворасту збоку вытыркаўся жоўты жалезны хвост бомбы. Гэта ж трэба было так бязглузда схаваць яе — першаму, хто тут апынецца, стане відаць, што пад галлём. Але ведама ж — рабілі ўсё ўпоцемку, спяшаючыся, ноччу, хіба здатна што зробіш? Ноч болей для таго, каб красці, а хаваць, пэўна, трэба ўдзень.
Сцепаніда хуценька пабегла да хаты, на дрывотні ўзяла старую рыдлёўку, мусіць, найлепш цяпер будзе закапаць бомбу ў зямлю. Толькі дзе? На гародзе? У захлеўі? На ўзроўку? Але, напэўна, на ўзроўку ў кустоўі, там мяккая, без травы, зямля, і можна будзе закідаць усё смеццем, апалым лістоўем. Наўрад ці там будуць шукаць. Хай там і ляжыць. Там ужо сапраўды, апроч яе, ніхто болей не ведае. Там будзе схоўна.
Непадалёк
Да старой яміны было крокаў мо дваццаць, яна павыкідвала з яе ўчарашні хвораст і ўзялася за доўгі і важкі жалезны кругляк бомбы. Побач пад самыя рукі падкаціўся Рудзька, панюхаў жоўтую абалонку і чыхнуў. Сцепаніда натужылася, каб выкаціць яе з ямы, і спалохалася: бомба толькі скранулася трохі і зараз жа скацілася на ранейшае месца. Гэта ж быў жах — у яе не хапала сілы!
Сцепаніда выпрасталася, рукавом выцерла пот з ілба — добра было каціць яе ў гэтую яміну, а як цяпер выкаціць? Ды яшчэ адной? Яна аж захвалявалася і, не даўшы сабе адпачыць, ухапіла бомбу за адзін канец, вялізным высілкам перасунула яго вышэй. Затым зайшла з другога канца і прыпадняла хвост. Але не паспела яна перакласці яго вышэй, як той першы канец ссунуўся на ўлежанае месца ў дне яміны. Сцепаніда ледзьве не заплакала ад прыкрасці — што ж ёй рабіць?
Трохі паразважаўшы і супакоіўшы сябе, яна выйшла з яміны і пашукала на ўзроўку камяні. Камянёў было шмат, але ўсё дробныя, Сцепаніда адышлася далей, пакуль знайшла два болей прыдатныя і прынесла іх да яміны. Цяпер неяк трэба было, па чарзе падкладваючы камяні пад нос і пад хвост, выкаціць бомбу. Доўга яна высільвалася там — і каціла, і сунула, укленчыўшы, упіралася каленьмі ў мокрую зямлю. Дашчэнту запэцкала спадніцу і ватоўку, змакрэла ўся ад поту і гразі, хустка яе ссунулася з галавы на патыліцу, але ўсё ж выбавіла бомбу з яміны і сама знясілена ўпала побач.
Праклятая бомба! Сцепаніда ўжо думала, што надарвецца, покуль управіцца з ёю, але во неяк уходала. Цяпер трэба было перакаціць яе да новай яміны. І хоць бы хто не налез тут у хмызнячку, не апынуўся паблізу, не згледзеў. Праз рэдкі алешнічак тут яе можна было заўважыць з дарогі, ад падворка, — хоць бы паспець, покуль нікога няма.
На роўным бомба лёгка перакацілася па воглай траве жоўтымі, запэцканымі зямлёй бакамі, але далей у алешнічку каціць было неяк, і Сцепаніда ўхапіла яе за круглую жалязяку хваста. Так, трохі прыпадняўшы, цягнуць было можна, але трэба было ўвесь час высільвацца і трымаць прыпадняты хвост, а сілы ў Сцепаніды было ўжо мала. Яна правалакла бомбу крокаў мо пяць і выпусціла з рук, сама таксама ўпала задам у траву. Хвілін колькі задышліва хліпала ротам, трохі, аднак, аддыхалася і зноў ухапіла пальцамі за мокры хвост. На гэты раз яна працягнула і яшчэ меней, калі зноў упала. У наступныя разы ўжо толькі тузала і рыўкамі, па адным кроку, не болей, сунула яе да ўзроўка; паясніца яе пераломвалася ад болю, мокрыя рукі, пальцы і калені былі ўсе паабдзіраны аб патарчакі. І яна спяшалася.
Кожны раз яна азіралася наўкола праз хмызнячок, усё паглядвала ў бок сядзібы — баялася, не дай Бог, хто прыйдзе, убачыць. Тады яна прапала, прапала бомба. І гэта пасля такіх высілкаў!
Калі яна ўрэшце прывалакла бомбу да яміны, сілы яе, падобна было, зусім скончыліся, яна ўжо не магла перакаціць яе цераз накапаны горбік зямлі і ўпала на яе грудзьмі, ляжала так, мусіць, доўга. Увесь час яна казала сабе: ну годзе, уставай — і абяцала: устану, зараз устану. І не ўставала, бо не магла. Уваччу ў яе спярша ўсё зацямнелася, нібы ўначы, затым дужа паволі праяснівалася, і сэрца вырывалася з грудзей ад знямогі.