Знак бяды
Шрифт:
— Ну во! — сказала яна да сабакі. — Што цяпер будзе?
Яна і не заўважыла, як акалела на гэтай золі і вымакла, асабліва спадніца і ногі, але цяпер яе ўзяло такое ўзрушэнне, што яна не магла даць сабе хвіліны спакою. Яна не магла сядзець дома, карцела некуды ісці, пакуль ціха, нешта зрабіць, каб наблізіць той момант, калі на гасцінцы гахне. Калі рассыплецца гэты ненавісны мост. Хай тады ладзяць. Хай вяртаюць тую каманду, зганяюць людзей. Можа, пакуль збяруцца, міне нейкі час, зноў якіх са тры месяцы, настане зіма, а там нашы дадуць ім пад зад. Яна чула ўжо неаднойчы ад мужыкоў, што нашыя заўжды лучаць зіму, як на той фінскай ці яшчэ даўней на французскай. Зіма заўсёды нашым паможа. Галоўнае, цяпер у яе было чым, не голымі рукамі. У рове ляжыць грозная сіла, якая разнясе мост на трэскі. Куды толькі падкласці яе?
Памятае, у ранейшым тым
Яна дужа занепакоілася гэтым клопатам і, не зайшоўшы ў хату, выбегла ў варотцы і пусцілася па дарожцы к гасцінцу. Было зусім цёмна, то сыпаў, то пераставаў дробны дожджык, вецер жа дзьмуў не перастаючы. Не дабегшы да павароткі, Сцепаніда збочыла ў поле і дзе крокам, а дзе подбегам шыбавала наўпрост, каб хутчэй. Спярша пад нагамі яе шорхала мокрае ржышча нівы, пасля пачалася мокрая трава ля хвойнічку, які яна абышла з другога боку, ад поплава. Перайшла нешырокую балацявінку з зарослай асакой канавай і недалёка ад моста ўскараскалася на жвіровы насып гасцінца.
Найперш яна тут услухалася, нават ссунула на патыліцу мокрую хустку: было цёпла ад хады, дужа трывожна, але, здаецца, на гасцінцы было па-начному пуста. Яна трохі пабойвалася, каб яе тут не напаткаў хто, асабліва калі знаёмы, як тады апраўдаешся? Але ўсё абышлося. Унізе ля насыпу цьмяна паблісквала пляма вады ў рацэ, яна асцярожна сышла да яе са свежанакапанага адхону і стала, зазіраючы ў непраглядны змрок падмастоўя, дзе няпэўна бялеў рад свежых паляў і ўгары шырока навісала чорная плаха моста. Яна не столькі ўбачыла, колькі здагадалася па характару насыпу, што паміж насцілам і зямлёй засталася добрая адтуліна, у якую можна было змясціць многа. Улезе туды і бомба, яна нятоўстая.
Задаволеная, Сцепаніда ўскараскалася на гасцінец і пайшла да хвойнічку. Удача надала ёй адвагі, а гэтая начная хада адабрала сілы, яна ўся ўпрэла пад вопраткай, дашчэнту абмакрэла і цяпер ужо ціхім крокам шкандыбала па краі гасцінца. За хвойнічкам павярнула на сваё поле, думаючы ўсё: каб жа што не пашкодзіла, каб жа паспець. Дужа хацела яна здзейсніць цяпер сваю помсту, ад якой у яе ўжо не было сілы адмовіцца. Ведала, аднак, што яшчэ клопату хопіць, трэба шукаць памагатых, а найперш спецыяліста-вайскоўца, каб нешта там справіць.
Трэба заўтра ж збегаць у Выселкі, падумала яна, да Александрыны, Віктар жа камандзір, павінен нешта ўмець. Калі што, дык у хляўку яшчэ засталося пяць курыц, заплоціць. Ён хворы, кантужаны, мусіць, яму патрэбна кураціна, булёнчык. Яна яго ўпросіць…
27
Як толькі пачало днець, Сцепаніда выйшла з запечча, паправіла хустку на галаве, захінула ватоўку.
Нарэшце канчалася ноч з начнымі прывідамі, думкамі і самотай, — пачынаўся дзень, у які яе чакала шмат спраў і незвычайнага, трохі страхавітага клопату. Яна была цалкам ва ўладзе гэтага клопату і нават ноччу, у сне, бачыла і перажывала нешта, звязанае з бомбай. Снілася ёй, быццам яна караскаецца на нейкую гару і валачэ за сабой цяжкі груз, які цягне яе ўніз, а пад нагамі слізка, як на гразкай дарозе, рукам няма за што зачапіцца, але яна ўсё роўна лезе і лезе ўгору. Тым больш што ўжо блізенька верх, беражок нейкага ўзроўка, ёй патрэбна сілы хоць бы на некалькі намаганняў, хоць бы яшчэ на два крокі. Тут, аднак, штосьці затуманьваецца ў яе свядомасці, малюнак сну перайначваецца, і яна ачынаецца. Яна расплюшчвае вочы і разумее, што зачынаецца ранак.
Але Сцепаніда не дужа ўнікала ў заблытаны сэнс сну, ява яе не намнога ўступала прывідам начы. Клопат падганяў яе, і яна выйшла ў сенцы, узяла з куфра старую, трохі прадраную на рагу кашолку, у істопцы насыпала ў кішэню са дзве жмені зярнят з начовачак, якія так і не дамалоў Пятрок, выйшла на падворак. Стыў мокры восеньскі ранак, вецер гнаў касмылявыя хмары над ліпамі, але дажджу не было, і лясная далячынь за Галгофай выразна вылучалася на небакраі — як заўжды перад халадамі ці зімой — на мароз. Сцепаніда зайшла на дрывотню і расчыніла няшчыльна прычыненыя дзверы хляўка, курачкі радком сядзелі на жардзіне: дзве галовамі да дзвярэй, а тры — да сцяны. У кутку на саломе ля жоўтага старога
Яны даўно ўжо жылі тым, што знаходзілі на падворку, гаспадыня іх не карміла і цяпер, адчуўшы сваю віну перад імі, шчодра пасыпала з кішэні ля парога. Куры захлопалі крыллем, закудахталі і са згаладнелым імпэтам кінуліся з шастка да парога.
Яна яшчэ ім пасыпала і, пакуль яны, штурхаючы адна адну, навыперадкі клявалі, думала: каторую ўзяць? Яна ведала кожную з іх ад пісклячай пары, кожную адрознівала ад іншых па яе аздабе і ўбранству, ведала, якая і калі кожная з іх нясе яйкі. Найлепшыя яечкі несла стракатая, з чорнай галоўкай невялічкая курачка, якую, канешне, яна браць не будзе. Горай за іншых неслася цыбаценькая маладая курачка, чорная, з касматымі ножкамі, самая худзенькая і баязлівая, яе нават і цяпер дзяўблі ўсе іншыя, і яна падбірала ззаду за ўсімі. Але ж які з яе будзе наедак, з худой? І Сцепаніда выбрала жоўценькую спакойную курачку, не горшую за астатніх, але і не самую лепшую. Яна спакойна ашчаперыла яе зверху за крыльцы, і курачка не супраціўлялася, з даверам і добрасцю аддаючы сябе ў гаспадыніны рукі.
Сцепаніда звязала матузком яе ногі і паклала ў кашолку. Затым вярнулася ў сенцы, зняла з вешала над куфарам старую паркалёвую хусцінку і ёю абвязала зверху кашолку.
Перад тым як выйсці, яна азірнула ўбогія сцены сянец, куткі, куфар. Але болей нічога прыдатнага для гасцінца яна не магла нагадаць у сваёй абрабаванай вайной гаспадарцы. Калі не пагодзіцца на адну, яна не пашкадуе ўсіх, хай есць, толькі б удалося тое адзінае, што цяпер адбірала яе ўвагу, клопат і сілы, а можа, і яе жыццё. Іншага яна не магла, а тут у яе руках апынулася такая магчымасць, якая выпадае не кожнаму. Гэта была вялікая яе мэта, і яна пастараецца яе здзейсніць. Шкада, што яна не можа зрабіць усё сама, але, можа, памогуць людзі? Пэўне ж, памогуць. Трэба толькі знайсці здатных людзей — не злыдняў і не баязліўцаў, і тады, можа, Пятрок дачуецца яшчэ, што здарылася на гасцінцы. Абы толькі ўдалося.
Канешне, адчувала яна, з людзьмі будзе самае труднае. Найлепш, калі б яна мела каго з мужыкоў, калі б дома быў Федзька ці хоць бы Пятрок. Яна зноў пабедавала ў думках, калі ўспомніла, як не пусціла ў тую ноч незразумелых захожых, можа, якраз яны і памаглі б? Але ж хто можа напэўна ўгадаць тое, чаго няма і толькі яшчэ мае адбыцца? Ці яна ведала, хто яны? Яна і цяпер нічога пэўна не ведае, толькі здагадваецца і мяркуе. Але меркаваць пра іх можна рознае, ды на справе мала што праўдзіцца.
Настылая за ноч гразь на дарозе студзіла яе босыя ногі, і яна выбірала, дзе трохі сушэй і каб без травы. Трава спрэс была мокрая, як бы ў золкай расе, і ў ёй болей, чым у гразі, стылі ногі. Неба патроху праяснілася, быў позні ранак — хмарны, без сонца, ветраны і сцюдзёны, але яна не заўважала ні ранку, ні сцюжы — яна думала, як лепш падысці да Віктара, каб пагадзіўся. Але ж павінен. Некалі ён быў ладны, паслухмяны і разумны хлапчына, усё бегаў у маленстве да іх на хутар, цягаўся з Федзькам. Аднойчы яна адчытала абодвух за небяспечнае свавольства з запалкамі, карабкоў восем якіх яны абкрышылі для зараду ў прыпяканку, і яна спалохалася, што павыпальваюць вочы. Праўда, падросшы, яны разышліся: Віктар годам раней за Федзьку пайшоў на ваенную службу і перед вайной, казалі, ужо быў камандзірам з трыма трохкутнічкамі на пятліцах. Мусіць, ён сумее абысціся з той бомбай.
Карніла ж казаў, што няспраўнасць там невялікая, спецыяліст справіць.
Сцепаніда перабегла пусты зранку гасцінец, пайшла краёчкам такой жа гразкай дарогі на Выселкі. Крайнія высялкоўскія хаты былі ўжо блізка, яна бачыла, як у канцавым за плотам двары Амяллянавы мальцы запрагалі ў калёсы каня, і вецер данёс да яе мацерны мужчынскі вокрык. На пагорку дарога стала трохі сушэйшая, але ў яміне пляскалася на ветры шырокая лужына жоўтай вады, якую яна абышла стараной, а як выйшла зноў на сярэдзіну дарогі і зірнула наперад, на момант знерухомела. З высялкоўскай вуліцы ішлі па дарозе трое мужчын, двух з іх яна пазнала адразу, то былі паліцаі Гуж і Каландзёнак, а трэці… Трэці ішоў паміж імі, угнуўшы галаву і заклаўшы за спіну рукі; першага позірку на яго было даволі, каб зразумець, што гэта арыштаваны. Сэрца ў яе нядобра трапятнулася ў грудзях, калі ёй здалося, што гэта… Але нават у думках яна баялася сказаць сабе яго імя — пакуль яшчэ заставалася няпэўнасць, Сцепаніда дужа хацела памыліцца і думала: няхай бы гэта быў хто сабе хочаш — знаёмы, сусед, якая радня, абы не ён.