Адна ноч
Шрифт:
Васiль Быкаў
Адна ноч
1
"Юнкерсы" з'явiлiся раптоўна.
Iх крыжастыя iмклiвыя ценi нечакана выслiзнулi з-за стромкiх, разбiтых мiнамi чарапiчных дахаў i абрынулi на горад iмпэтны грымотны рэў. Запаволiўшы бег, Валока ўстрывожана глянуў у задымленае пажарамi неба i, заўважыўшы, што ад блiжэйшага самалёта ўжо адвалiлiся першыя бомбы, скочыў пад чыгунную агароджу, збоч вулiцы. Некалькi доўгiх секунд гэты немалады ўжо, крутаплечы i рукаты баец у шапцы i цеснай старой гiмнасцёрцы, сцiснуўшыся нутром, чакаў. Бомбы рванулi ў скверыку за агароджай, зямля сударгава скаланулася, тугая гарачая хваля ўдарыла Валоку ў спiну, балюча
"Паўтонная, не меней", - падумаў Валока, выплёўваючы з рота пясок. Наўкола лапацела - ляскала аб дол каменне, цэгла, кавалкi асфальту; у паветры пыльнымi струменямi церушыла зямля; паволi асядаючы, доўга матлялiся дробныя лiсткi акацый, шматкi паперы, нейкае паленае рыззё. Недзе ўгары сярод дыму i рэву матораў прагрукацеў кулямёт - ад пашкрэбанага з балконамi дома насупраць сыпнула жарствой, i вялiкая, з бабовы струк, жоўтая куля, цокнуўшы па камянях, шалёна закруцiлася на тратуары. На чарговым заходзе зноў раўлi пiкiроўшчыкi.
Трэба было бегчы далей.
У скверы мiж тоненькiх дрэўцаў ужо замiльгалi прыгнутыя спiны, нехта выскачыў з-за агароджы i адразу кiнуўся на другi бок вулiцы. Па цёмнаму лапiку на спiне Валока пазнаў сяржанта, аддзялённага з iхняга ўзвода. Узрадаваўшыся, што наперадзе чалавек, баец ускочыў i, прыгнуўшыся, падаўся следам.
Сяржант у некалькi скачкоў перабег вулiцу i пад новы скогат бомбаў шаснуў убок, у падваротню. Валока ж трошкi адстаў, ззаду рванула, i калi, задыханы, ён уляцеў пад скляпенне, дык ад збянтэжанасцi аж спаткнуўся: з двара на яго выскачылi два немцы. Валока ажно прысеў, але i немцы тут, вiдаць, не чакалi яго, пярэднi нешта гергетаў задняму, на iмгненне ў яго расшыраных вачах блiснуў спалох i здзiўленне. У той жа момант Валока, не цэлячыся, цiскануў на спуск - аўтамат тузануўся, немец выпусцiў з рук карабiн i ляпнуўся тварам на брук. Яго новенькая блiшчастая каска, забразгаўшы, крыва пакацiлася на тратуар.
Куды знiк заднi, Валока не згледзеў.
Будынкi зноў скаланулiся, захiсталiся ад блiзкiх выбухаў, недзе з грымотным грукатам рухнула сцяна, ззаду ў пад'езд шуганулi клубы рудога цаглянага пылу. Валока ўгнуўся, скокнуў цераз адкiнутую немцаву руку, на якой яшчэ торгалiся кашчавыя, з пярсцёнкам, пальцы, i кiнуўся ў нейкiя расчыненыя дзверы. У дзвярах паката хiлiлася столь, i некуды ад парога ўнiз беглi прыступкi; спяшаючыся, Валока не патрапiў на iх, аўтамат загрукацеў па прыступках, наверсе яшчэ раз iрванула, i, баец, трываючы боль у назе, паляцеў у цемру.
Тут было цiха i цёмна. Засень i халодны бетон падлогi прыемна студзiлi яго разгарачанае, потнае цела. Валока сцiшыўся, услухаўся, ступiў раз, другi, мацаючы ў доле ўпушчаную зброю, шырэй загроб ля сябе рукамi i знячэўку жахнуўся: пальцы шкрэбнулi па нечых пыльных i яшчэ цёплых ад надворнае гарачынi ботах. Баец унутрана скалануўся, а боты тузанулiся з-пад яго рук, i ў той жа момант нешта тупое i цяжкае гахнула яго ў спiну. Валока войкнуў, ухапiў ротам паветра i з усяе сiлы рвануў у цемру тыя ногi. Свядомасць разанула здагадка - немец!
Вораг не ўтрымаўся, хiснуўся, але яго рукi паспелi ўхапiць Валоку за галаву i сашчапiлiся на шыi. Баец напружыўся, iрвануўся, ды марна. Вораг, сагнуўшы яго, гнуў голаў унiз i, шкрэбаючы па падлозе падкутымi ботамi, намагаўся апынуцца наверсе. Валока, крыху супакоiўшыся, ухапiўся за вопратку немца, напяўся i са злосцю падумаў, што лёгка яму не паддасца. Сам намацаўшы
– Ы-ых!
Валока, задыхаючыся ад болю ў шыi, адчуў, як грукнулi аб бетон варожыя косцi. Ён цяпер апынуўся наверсе i кiдаў туды-сюды свае ногi - шукаў апору. Рукамi ж ён учапiўся ў варожыя рукi, што сцiскалi яго шыю, i пачаў выдзiраць з iх галаву.
Праз хвiлiну цi меней, натужваючыся, як толькi можна было, i ледзьве адольваючы варожую сiлу, ён вызвалiў галаву, дужа падаўся наперад плячом i з натугай распластаў немца ў доле. Няпэўна яшчэ, але Валока адчуў, што сам дужэйшы за яго, цяжэйшы; толькi, вiдаць, той быў больш спрытны, бо не паспеў баец саўладаць з пругкасцю яго ўчэпiстых рук, як тыя зноў ухапiлi яго за горла.
Немец гэта зрабiў нечакана i хвацка. Валока толькi крэкнуў ад неспадзеўкi i болю, на момант абвяў i разгубiўся, а немец крутнуўся пад iм, брыкнуў у бок нагамi i рвануўся наверх.
– А-а-а! Сволач! Ы-ых!
– хрыпеў Валока.
Ён не ведаў ужо, як супрацiўляцца, i iнстынктыўна ўчапiўся ў тыя рукi, што сцiскалi яго шыю. Ён iрваў iх ад сябе, стараючыся разняць мёртвую хватку i не даць кiпцюрастым пальцам ашчаперыць глотку. Урэшце, выкручваючыся з апошнiх сiл на падлозе, Валока ўсё ж ададраў адну руку, але другая тады спаўзла нiжэй i ўчапiлася ў каўнер яго зашпiленай гiмнасцёркi.
Баец пачаў задыхацца. Грудзi распiрала ад нястачы паветра, - здавалася, вось-вось хрусне горла, i Валоку апанаваў страх, што вось так недарэчна даў загубiць сябе. З роспачнай нечалавечай сiлай ён iрвануўся, як мог упёрся ў падлогу каленямi, напружыўся i дзвюма рукамi моцна крутнуў убок адну, найбольш учэпiстую руку ворага. Каўнер байца затрашчаў; зноў нешта глуха стукнулася аб падлогу, вораг засоп, размашыста шоргнулi па бетоннай падлозе ягоныя боты.
Ад некалькiх роспачных рыўкоў палепшала; Валока вызвалiў шыю i, здаецца, пачаў асiльваць немца. Тады ў пачуццi шыбанула злосць i недзе ў свядомасцi мiльгануў люты намер забiць адразу ж, - ён набавiў сiлы. Баец цяпер зразумеў, што яму можа дапамагчы тут. Валтузячыся i сапучы, ён намацаў нагамi сцяну, зноў упёрся ў яе i пхнуўся ўсiм целам на ворага. Той зноў апынуўся ўнiзе Валока нешта замычаў ад зларадства i, усе больш заходзячыся ад лютасцi, урэшце дабраўся да варожае шыi.
– I-i-i, э-э!
– мычаў немец, i Валока адчуваў, што перамагае. Вораг прыкметна збавiў iмпэт i толькi абараняўся, хапаючыся за разлютаваныя Валокавы рукi i шалёна тузаючыся. Валоку, аднак, вельмi замiнала сумка з дыскамi, якая перакруцiлася на баку, трапiла пад немца i почапкай трымала яго, як на прьшязi. Пасля, змагаючыся, Валока зноў страцiў апору, у валтузнi недзе прапала сцяна; ногi шкрэблi па слiзкай падлозе, але баец з усяе сiлы трымаўся наверсе i не выпускаў варожае шыi.
Немец роспачна затрапятаў, заенчыў, захрыпеў, iрвануў аберуч ягоныя рукi, ляпнуўся аб бетон галавой, напружыўся, кiнуўся ўбок выгнутым целам. Толькi Валока не выпускаў яго, ямчэй прыналёг плячом, ухапiў пяцярнёй горла i цiскануў.
Але ў той момант здарылася штосьцi страшнае.
Грымотны пярун ударыў у вушы, здрыганулася i рухнула ў нейкае бяздонне падлога, чорнае падзямелле громам i грукатам абрушылася на чалавека. На галаву, спiну, плечы рынула цэгла, зямля, пясок, задушыла нейкiм смуродам, балюча ўдарыла ў голаў, навалiлася i прыцiснула... Валока iнстынктыўна хiснуўся ад немца, ускiнуў над сабою рукi, затулiўся, бездапаможна падставiўшы абвалу потную, пабiтую спiну.