Адна ноч
Шрифт:
– О, рус махорка!
– сказаў ён i па чарзе адной i другой наздрою панюхаў кiсет. Пасля няўмела разматаў тугую завязку i неяк вельмi няспрытна згарнуў цыгарку.
Так яны закурылi, прыпалiўшы кожны паасобку - Валока ад запалкi, якая знайшлася ў яго патрушчаным карабку, немец - ад запальнiцы, адмыслова змайстраванай накшталт маленькага блiшчастага пiсталецiка. Насалодзiўшы грудзi першай зацяжкай, Валока неяк уважлiва, упершыню з добразычлiвай зацiкаўленасцю, агледзеў немца.
– Дык што ж рабiць будзем? Як выбiрацца?
– Я, я, - пагадзiўся немец.
– Iдзi. Нада iдзi. Туды, навэрх, - паказаў ён пальцам у праламаную, але такую яшчэ
– Навэрх, - грубавата перадражнiў Валока.
– Вядома, наверх. Не ўнiз жа. Але як вылезеш?
Невядома, што немец зразумеў з гэтае фразы, але ўраз заклапочана абвёў позiркам сцены, цёмны закутак за прыступкамi, задраўшы шырокiя пашчэнкi, агледзеў столь.
– Арбайт нада, - кiўнуў ён галавой у самы змрочны куток, завалены цагляным друзам.
– Арбайт... Мнёга арбайт.
– Арбайт, канечне... А ты хто? Рабочы цi гэта... хлебароб?
– запытаў Валока.
Немец, наморшчыўшы лоб, угледзеўся ў яго.
– Я, я!
– зразумеўшы пытанне, радасна адгукнуўся ён.
– Арбайт! Как ета па-руску... тышлер.
Не прыпомнiўшы патрэбнага рускага слова, ён дзвюма рукамi зрабiў такi рух, нiбы габляваў дошку, i Валока здзiвiўшыся, зразумеў:
– Столяр?
– Я, я, - пацвердзiў немец.
– От дык фокус! I я ж столяр. Я - столяр!
– тыкаючы сябе пальцам у грудзi, гучней крыкнуў Валока, нiбы гучнейшае немец мог лепш зразумець. I ўсё ж, вiдаць, ён зразумеў, коратка ўсмiхнуўся праз дым i ашчадна дацмыгаў махорку.
– Iх хаўз, дом арбайт. Мнёга, мнёга хаўз, - казаў ён, рукамi робячы ў паветры такi рух, нiбы абмацваў двухскатны дах.
– I я гэта... хаўзы будаваў, - сказаў Валока i, паказваючы, паклаў далонь на далонь.
– Зрубы рубiў. Рускi вугал. I нямецкi рубiлi. Ведаю гэта.
– Гут, гут, - задаволена кiваў галавой немец.
– Усё ведаю. Гэта яшчэ рыгель, рэйсмус, - вашыя ж назвы.
– Я, я. Рыгель! Рэйсмус, - як рэха, паўтарыў немец знаёмыя словы. Пасля ён пасур'ёзнеў i, счакаўшы, пакуль баец дакурыць цыгарку, устаў.
– Нада iдзi!
– зноў падняўшы палец угору, сказаў немец. Валока таксама ўстаў, узяў у рукi аўтамат, недаўменна паглядзеў на яго, не ведаючы, куды прыбраць гэтую рэч, i пасля надзеў цераз галаву за спiну. Так ён заўсёды будзе пры iм i не дужа перашкодзiць у працы.
Немец узлез па цэгле ў самую гару, скурчыўся там у змроку i пачаў кiдаць унiз цагляныя зломкi. Ва ўсёй яго цяперашняй паставе i аблiччы баец не бачыў нiчога варожага, нiчога недаверлiва хiтраватага, немец быў просты, рухавы i нават, адчувалася па нечым, - чулы i шчыры чалавек. Валока падлез да яго ў змрок i, зусiм зацяўшы ў сабе падазронасць, спытаў:
– Як цябе зваць?
Немец спынiў працу, праз пыл павярнуў да яго твар -ён не разумеў пытання.
– Завуць як?
– гучней, бы глухога, запытаў Валока.
– Мяне - Iван, а цябе? Ганс? Фрыц?
– Фрыц! Я, я! Фрыц Хагеман, - нiбы ўзрадаваўшыся сваей здагадлiвасцi, ахвотна абвясцiў немец i засмяяўся.
– Iх - Фрыц, ду - Iван. Гут!
– I ён зноў засмяяўся, у дробныя зморшчынкi сабраўшы свой немалады ўжо твар.
– Гут-то гут, - разважна, але паддаючыся яго лёгкасцi, сказаў Валока. Толькi не дужа. Вось вылезем, а тады што?
Але на немца гэты Валокаў клопат не зрабiў уражання. Ён па-ранейшаму рупна выдзiраў з груды наваленыя сюды кавалкi нейкае разбуранай сцяны i кiдаў iх унiз. Баец прымасцiўся побач i, нязручна сагнуўшыся ў цеснаце, пачаў рабiць тое ж.
4
Невядома, колькi мiнула часу. Яны ўжо багата перакiдалi ўнiз друзу, пад столлю можна было стаць - там, у змроку i пыле, сапраўды была праломiна некуды ўгору i ўбок, толькi яе моцна завалiла. Праменьчык са шчылiны знiк, цяпер адтуль нясмела клалася ў пыл толькi маленькая плямка знадворнага святла, i ў сутарэннi панаваў густы, ледзь-ледзь прышарэлы змрок. Як-колечы прызвычаеныя да яго, дзве пары вачэй трохi бачылi паблiзу, i людзi працавалi. Абодва яны наскрозь прапылiлiся, немец раз-пораз чыхаў, а Валока цяжка, дыхавiчна кашляў. Тое, што яны ўсё ж намацалi выхад, крыху абнадзейвала байца, цяпер ён ужо не думаў, што прападзе па-дурному. Затое новы, куды большы i складанейшы клопат усе настойлiвей пачаў агартаць яго.
Якi нячысцiк звёў яго з гэтым недарэчным немцам, думаў Валока. Праўда, пакуль яны былi тут i разам выкарасквалiся з аднае бяды, баец сяк-так мог пагадзiцца на гэтае iх сяброўства. Але што рабiць, калi яны вылезуць? I хто там наверсе - свае цi немцы? Калi свае, то гэта яго клопат - яшчэ палова бяды: немца можа як-небудзь пашанцуе залучыць у палон. А калi немцы? Зноў бiцца? Дык цi не лепш забiць яго тут?
Але Валока толькi думаў так, адчуваючы, што застрэлiць цяпер гэтага чалавека ўжо не можа. Як было страляць яго, калi мiж iмi рушылася галоўнае для таго - узаемная нянавiсць, калi раптам у варожым мундзiры з'явiўся перад iм зважлiвы, рупны, працавiты, самы звычайны чалавек, якi i да Валокi ставiўся не як вораг-фашыст, а як супольнiк i сябра. Здаецца, гэта быў зусiм неблагi немец, i недзе ў сподзе пачуццяў баец адчуваў у сабе няёмкасць ад таго, што нядаўна ледзьве не задушыў яго. Але зноў жа вельмi нават магло стацца, што i ён забiў бы Валоку. Незвычайна гэта было i дзiўна - адчуваць яго тут, побач з сабой; хвiлiнамi нават забывалася, што яны ворагi. Задумаўшыся, байцу хацелася падрабязней распытаць яго пра нямецкае ўмельства ў сталярнае справе, хацелася сесцi, пакурыць, мiрна i па-добраму пагутарыць; здавалася, у тае iх разважнае добразычлiвасцi адкрыецца нешта значнае i цiкавае.
Але пагадзя Валока пачынаў сумнявацца. З выгляду немец быў неблагi чалавек, працавiты, - пэўна, лёгкага, спагаднага характару (такога, як iхнi санiнструктар Корзан), але хто ведае, што ў яго сядзела ўнутры. Пэўна ж, усе яны добрыя ў палоне або забiтыя, але хто тады нарабiў такога гора людзям, хто столькi пазабiваў, папалiў, абрабаваў, перавешаў, хто залiў крывёю ўвесь свет? Ды i што скажуць хлопцы i начальства, калi даведаюцца, як ён тут раскурваў маршанскую махорачку з гэтым фрыцам? А калi дазнаецца капiтан Воранаў, маўклiвы загадкавы чалавек са схаванымi пад бровы вачмi, як ён паставiцца да такой суполкi? Валока мог меркаваць - што-колечы наконт гэтага ён ужо чуў за паўгода службы ў палку.
Пакутна было i складана даўмецца, як яму быць тут, у гэтай недарэчнай i такой нечаканай бядзе.
Зноў добра ўмарыўшыся, яны паселi на цэглу ў куце i пачалi адплёўвацца. Валока дастаў кiсет, насыпаў у паперку махоркi i, прытрымлiваючы яе пальцамi, перадаў кiсет немцу. Той ахвотна пераняў. Калi Валока саслюнiў цыгарку, ён услужлiва пстрыкнуў запальнiчкай, даў прыкурыць яму, затым прыкурыў сам. Мiльготкi, маленькi, як iскрынка, агеньчык запальнiчкi трохi разагнаў змрок, асвяцiў пакарэжаную столь, выварацiны цаглiн у сцяне i два ўшчэнт запыленыя невясёлыя твары. Патрымаўшы ў кулаку запальнiчку, Фрыц, пэўна, рашыў не тушыць яе i пачаў прыладжваць у вышчарбiне сцяны. Яна дрэнна ўсталёўвалася там, i Валока падняў з долу кавалак цаглiны. .