Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
У сітуацыі радыкальных зменаў у менталітэце чалавека Царква калі і зможа захавацца, дык толькі ўзмацніўшы сваю функцыю транслятара містычнага ў лучве экзістэнцыйнага чалавека і трансцэндэнтнага быцця.
Кастусь Бандарук: Не магу з вамі пагадзіцца… Аднак давайце вернемся да секулярызацыі, у прыватнасці, на Беларусі. Мне здаецца, што калі цяпер на Захадзе гаворыцца пра неабходнасць рэевангелізацыі, дык тым болей гэта тычыцца тых краінаў, дзе ўкаранілася атэістычнае выхаванне. Напрыклад, беларусы, якія яшчэ не паспелі вярнуцца да веры, патрапілі пад уплыў не найлепшых заходніх узораў веры. Якая ў вас думка на гэты конт?
— Ведаеце, я мяркую якраз наадварот.
Кастусь Бандарук: Ці не маглі б вы падсумаваць свае папярэднія думкі. Як бы вы ў некалькіх сказах ацанілі з’яву секулярызацыі. У чым бачыце асноўную праблему?
— Я бачу тут праблему не толькі Царквы, а ўсяго, перад усім еўрапейскага, людства. Бо цывілізацыя, у якой сёння мы знаходзім сябе, у значнай ступені была зыніцыяваная Царквой. І яе сыход з цэнтрапалеглага месца ў жыцці чалавека азначае, што і чалавек і свет канцэптуальна меняюцца, і наўрад ці хто ўпэўнена скажа, што гэтыя перамены да лепшага. А калі канкрэтна пра будучае Царквы, дык мой прагноз тут не лішне аптымістычны. У Царквы наперадзе яшчэ доўгі век, але ўжо кароткая перспектыва. Бадай, яна ніколі не знікне цалкам, бо заўсёды будуць знаходзіцца людзі, якія палічаць сваё «я» каштоўнасцю, вартай захавання і на тым свеце. Але ў цэлым Царква ўсё далей і далей будзе адсоўвацца на маргінэз праблемнага поля экзістэнцыйнай вярэды…
Кастусь Бандарук: На сустрэчы з сябрамі Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы з вуснаў кіраўніка дзяржавы і Мітрапаліта Філарэта прагучалі запэўненні ва ўзаемнай адданасці і прыхільнасці. Кіраўнік дзяржавы заявіў: «Царква — гэта дабро. Мы высока цэнім міратворчую місію БПЦ, асабліва ейную стрыманасць і мудрасць. Я вельмі хацеў бы, каб БПЦ не была выведзеная за рамкі дзяржавы. Яна павінна стаць адным з важнейшых апірышчаў нашай дзяржавы».
Шмат для каго відавочна, што гэта — палітычны гандаль кіраўніка дзяржавы з галоўнай канфесіяй за спінаю іншых канфесіяў. Маўляў, я гарантую Вам манапольны статус, буду абараняць ад іншаверцаў і ад раскольнікаў, але ж і вы ўзамен падтрымайце мяне. Ці згодныя вы з падобным меркаваннем?
— Будзем шчырымі. З даўніх давён улада духоўная і ўлада палітычная ў самых розных спосабах хаўрусаваліся паміж сабою, шукаючы асабіста для сябе выгады з гэтага хаўрусу. Але ў ХІХ—ХХ стагоддзях ужо канчаткова адбыўся падзел улады на духоўную і свецкую. Гэта была адна з буйнейшых цывілізацыйных падзеяў, якую еўрапейскае чалавецтва выпакутавала не адно стагоддзе і якая так дорага яму каштавала. І вось сёння кіраўнік краіны кажа: я спадзяюся, што Царква будзе адным з інстытутаў дзяржавы. Гэта значыць, што мы зноў радыкальна абрынаемся ў мінулае… Я рашуча супраць палітычнага хаўрусу Дзяржавы і Царквы, бо дастаткова выразна ўсведамляю, што рана ці позна, але гэты хаўрус нам вылезе бокам.
Валер Карбалевіч: Складваецца ўражанне,што Царква (зрэшты, як і інстытуты іншых культаў) выяўляе нейкае раўнадушша да вострых грамадскіх праблемаў, пазбягае іх закранаць. Грамадства са сваімі праблемамі існуе само па сабе, а Царква — сама па сабе. Ці згодныя вы з такою ацэнкаю? Калі так, дык у чым прычыны такой з’явы?
— Царква — гэта стары, вельмі стары інстытут улады. Створаная ў зусім іншыя эпохі, яна праіснавала дзве тысячы гадоў і дажыла да нашага часу. Але ўжо страшэнна стамілася. Яе патэнцыялу цяпер хапае адно каб берагчы самую сябе. Да таго ж, калі ў пару традыцыйных грамадстваў яе існаванне было актуальным, бо палягала ў адным фармаце з тагачаснымі грамадствамі, дык у эпоху мадэрну, а асабліва — постмадэрну, Царква перастала адказваць на выклікі грамадства. Рэч у тым, што палітычная ўлада ў эпоху мадэрнасці змагла трансфармаваць свае базавыя прынцыпы (дэмакратызаваць іх), а схема функцыянавання Царквы засталася той самай. Яна сёння ёсць ні чым іншым, як жывым музеем дыспатычных эпохаў. Таму мы цяпер сапраўды маем сітуацыю, калі грамадства існуе само па сабе, а Царква — сама па сабе (і дзеля самой сябе).
Алег Абламейка: Апошнім часам у Беларусі паўсюль аднаўляюцца разбураныя і будуюцца новыя праваслаўныя храмы ў класічным візантыйскім стылі, які рэзка кантрастуе з традыцыяй беларускага культавага дойлідства. Ці не паўплывае ўсё гэта на беларускую нацыянальную свядомасць?
— Я не магу стрымаць скептычнага посмеху, калі гляджу на ўсе гэтыя свежапафарбаваныя «макаўкі», якія ў мяне асацыіруюцца не з высокім дагматам, а, прабачце, з рускімі «ряженымі»…
Ніяк не магу забыцца на праваслаўны храм у сталіцы Македоніі. Яго кідкая, нават агрэсіўная мадэрнасць проста такі агаломшыла — і захапіла. У такой царкве ты апынаешся побач і з сваім мадэрным часам, і з вечнасцю. А пад гэтыя «макаўкі» і зазірнуць не вабіць.
Што да ўплыву праваслаўных навабудаў на беларускую нацыянальную свядомасць, дык ён, безумоўна, ёсць, толькі гэты ўплаў не на саму свядомасць, а на нейкія яе перыферыйныя ўскраіны. І зусім не таму, што праваслаўныя навабуды не звязаныя з традыцыямі беларускага культавага дойлідства. А таму, што культавыя пабудовы ўжо даўно не дамінуюць у гарадскіх ландшафтах, якімі б эстэтычна выразнымі і аб’ёмнымі яны не былі. Як Царква ў сваім цэлым, так і яе храмы сёння знаходзяцца на маргінэзе што сацыяльнага, што духоўнага жыцця. А маргінальнае ніколі не можа фармаваць свядомасць грамадства, яно можа хіба што прыўносіць у яго нейкія лакальныя характарыстыкі.
Сабор Парыжскай Божай Маці і сёння захапляе ды ўражвае. Аднак не ён, а Эйфелевая вежа ўжо другое стагоддзе з’яўляецца сімвалам не толькі Парыжа, але і ўсёй мадэрнай Еўропы. Калі не памыляюся, у Мінску неўзабаве пачнецца будаўніцтва некалькіх ужо сапраўдных хмарачосаў. Вось яны і будуць, разам з нацыянальнай бібліятэкай і да таго падобным, вызначаць на бліжэйшы час як архітэктурную дамінанту краіны, так, верагодна, і нешта надзвычай істотнае ў нашай свядомасці.
Алег Абламейка: Руйнуецца старына ў Мінску, Гродне, іншых гарадах ды мястэчках. Ці не ёсць сістэмнае разбурэнне архітэктурных помнікаў нашай спадчыны адной з формаў барацьбы з нацыянальнай свядомасцю беларусаў?
— Хіба што ўскосна, але ніяк не наўпрост. Бо з такой жа зацятасцю рушыліся і рушацца розныя архітэктурныя пабудовы, звязаныя з прысутнасцю рускай культуры, рускага духу на Беларусі.
Прычына ўсяго гэтага паталагічнага бурэння мне бачыцца ў іншым, а менавіта ў кароткай генеалагічнай памяці нашых людзей. Таму гістарычнае для іх не ёсць каштоўнасным. Як следства, наперад выходзіць голая функцыянальнасць — будынкаў, дарог і ўвогуле ўсёй інфраструктуры сацыяльнага жыцця. І калі нашым людзям нешта замінае працаваць, адпачываць ці рухацца — яны яго без шкадобы разбураюць.