Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
— Бадай, гэта яшчэ была не воля да ўлады, а ўсяго толькі жаданне ўлады, што зусім не адно і тое самае. Можа быць, кароткі век БНР якраз таму аргументам.
Вячаслаў Ракіцкі: А што ў гэтым плане можна сказаць пра савецкі час?
— Што да савецкай пары, дык найбольш выразную праяву ўладнага інстынкту я схільны звязваць з постаццю Пятра Машэрава. Фармальна ён нічым не розніўся ад шматлікіх іншых стаўленікаў Масквы, якія па чарзе кіравалі БССР цягам сямідзесяці гадоў. Але ж невыпадкова Машэраў пасля сьмерці пераўтварыўся ў народны міф. Мяркую, гэтак сталася перадусім з таго, што беларусы сэрцам учуялі й негалосна ўхвалілі ягоную волю да хоць трошкі самастойнага ад Масквы панавання,
Вячаслаў Ракіцкі: Так бы мовіць, генетычная памяць пра волю да ўлады прачнулася? Ці не хочаце вы гэтым сказаць, што прага ўлады спакваля зноў становіцца адной з характэрных рысаў беларусаў, як тое калісьці было ў іхных продкаў — ліцвінаў?
— Цалкам верагодна. Але паколькі калектыўная воля да ўлады перадусім выяўляецца праз нейкага аднаго чалавека, дык вельмі хацелася б, каб мы ніколі не забываліся на словы Міндоўга, якія ён прамаўляе ў аповесці пра сваё апошняе каханне: «Улада вышэй за князя. Князь памірае, а зямля і ўлада застаюцца. Мы ў гасцях ва ўлады. Узяў уладу — яна загадвае. Толькі дурань думае, што ўлада — гэта ён сам».
Вячаслаў Ракіцкі: А цяпер давайце перарушым ад мовы ўлады да ўлады мовы… У 90-я гады ўжо прамінулага стагоддзя мы, здавалася, урэшце засвоілі, што дзяржаўнаю моваю Вялікага княства Літоўскага была старабеларуская мова. І гэта, не ў апошнюю чаргу, дазволіла нам лічыць ВКЛ старадаўняй беларускай дзяржавай. Праўда, тады раз-пораз ад замежных даследчыкаў можна было пачуць, што, маўляў, гэта была не старабеларуская, а канцылярская славянская мова. Але сёння падобныя публікацыі сустракаюцца і ў беларускіх, нават незалежных выданнях. Калі адсланіцца ад патрыятычных пачуццяў і падпарадкавацца навуковаму погляду, дык дзе тут супярэчнасць, а дзе ісціна?
— Сітуацыя насамрэч болей пакручастая, чым нам хацелася б яе бачыць. Ужо хаця б таму, што ў пару Вялікага княства Літоўскага ніхто тую мову беларускай не называў, ды і сам этнонім «беларусы» запануе на гэтых прасторах адно праз некалькі стагоддзяў пасля знікнення княства. Ёсць шэраг і іншых, не менш важкіх аргументаў на карысць супраціўнікаў назвы той мовы, як «старабеларускай». І нашыя навукоўцы мусяць улічваць гэтыя аргументы. Але па-за колам навукоўцаў мы на ўсе гэтыя аргументы не павінныя лішне звяртаць увагі. Бо з такім жа поспехам не складана паставіць пад сумнеў назоў кожнай мовы, якая мае прыметнік «старажытная». Чамусьці рускім, чэхам, палякам, балгарам і да таго падобным можна тоесніць тыя славянскія гаворкі, на якія размаўлялі іх даўнія продкі, з сваім сучасным нацыянальным этнонімам, а беларусам — дык не, няможна. Дудкі вам усім…
Вячаслаў Ракіцкі: Вы хочаце сказаць, што кожная спроба замяніць назву дзяржаўнай мовы ВКЛ з «старабеларускай» на «славянскую» — гэта звычайная палітычная канкурэнцыя, якой бы пераканаўчай навуковай аргументацыяй не карысталіся нашыя апаненты?
— Гісторыю, як вядома, піша той, хто застаўся ў жывых. Пакуль некалькі стагоддзяў мы былі як бы мёртвыя, нашу гісторыю перапісалі на свой рахунак тыя, што заставаліся жывымі. Калі не баяцца словаў, дык усё гэта трэба было б назваць марадзёрствам. І цяпер, калі нашчадкі тых, памёрлых, патрабуюць сабе спадчыну сваіх продкаў, яны чуюць з усіх бакоў лямант марадзёраў… Але давайце пакінем нашу, так бы мовіць, «маёмасную цяжбу» з суседзямі на потым. Бо цяпер я хацеў бы сканцэнтравацца на тым, што ні ў каго не выклікае сумневу. А менавіта на тым, што тая мова была мовай княскай канцылярыі, гэта значыць, мовай палітычнай, прававой і рэлігійнай улады на ўсёй тэрыторыі ВКЛ…
Вячаслаў Ракіцкі: Хвіліначку… Тут дарэчы будзе згадаць словы Янкі Запрудніка, які сцвярджае наступнае: старабеларуская мова «выкарыстоўвалася ў княскай канцылярыі ад самага яе заснавання ў XIV ст., беларускую мову трэба лічыць адной з найдаўнейшых дзяржаўных моваў у Еўропе. Напрыклад, кастыльскую мову было загадана ўжываць у гішпанскіх урадавых дакументах у XIII ст., англійская набыла афіцыйнае прызнанне ў 1362 г., а парыжскі дыялект французскай дамогся такога статусу ў 1400 г.»
— Да словаў Янкі Запрудніка дадам толькі, што старабеларуская мова не проста выкарыстоўвалася ў княскай канцылярыі, яна апынулася прыдатнай, каб аб’яднаць уладай у адзінае цэлае вялізную краіну ад Балтыйскага да Чорнага мора.
Вячаслаў Ракіцкі: А значыць, мова стала інструментам улады?
— Так, у гэтым сэнсе старабеларуская мова нічым не рознілася ад іншых дзяржаўных моваў. Перадусім яна існавала як надзвычай эфектыўны інструмент зняволення і панавання.
Вячаслаў Ракіцкі: Дык як жа беларусам-патрыётам пасля такой характарыстыкі мовы ставіцца да знакамітага выказвання Францішка Багушэвіча «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі», як і да бясконцага шэрагу падобных выказванняў, якіх даволі можна сустрэць ці не ў кожнага беларускага паэта?
— Мяркую, што да ўсіх гэтых рамантычна-ўзнёслых словаў ставіцца мы павінныя па-ранейшаму: з паразуменнем і спагадай. Але разам з тым ужо даўно наспеў час для ўсведамлення, што ў мовы ёсць і іншы — куды менш рамантычны бок. Што мова створаная не толькі дзеля таго, каб слухаць другога, але каб і слухацца другога, мацнейшага за цябе. Менавіта пра гэта, толькі ўжо адносна пісьмовай мовы, кажа Клод Леві-Строс: «Трэба прызнаць, што першасная функцыя пісьмовай камунікацыі — гэта паскарэнне працэсу зняволення людзей. Бескарыслівае ўжыванне пісьма дзеля інтэлектуальнага і эстэтычнага задавальнення ёсць ускосным вынікам, але і ён найчасцей ператвараецца ў сродак змацнення, апраўдання ці прыхавання таго ж прыгнёту». Звяртаючыся бліжэй да сучаснасці, філосаф піша: у Х1Х стагоддзі «барацьба з непісменнасцю супадае з узмацненнем кантролю над грамадзянамі з боку ўлады. Калі ўсе будуць умець чытаць, улада зможа ўпэўнена казаць: няма каму адгаворвацца няведаннем закону».
Вячаслаў Ракіцкі: Дык што, і Статут ВКЛ перадусім ствараўся дзеля замацавання ды пашырэння ўлады князя і паноўных элітаў?
— Натуральна. Сёння мы бясконца згадваем Статут, як сведчанне высокай прававой культуры старажытнай Беларусі, не забываючыся пры гэтым адзначыць лібералізм і гуманнасць яе законаў. Да таго ж мы не абмінаем згадкай выразнасць і распрацаванасць той беларускай мовы, якой гэты Статут быў напісаны і з гонарам цытуем словы Льва Сапегі, што «законы нашы выдадзены не на нейкай чужыннай мове, а на сваёй роднай». І ўсё гэта праўда. Але яшчэ большая праўда ў тым, што Статут ствараўся не дзеля дэманстрацыі нашай высокай прававой культуры і багатай мовы і, тым болей, не дзеля таго, каб некалі потым ім ганарыліся нашчадкі. У Статута была канкрэтная і цалкам прагматычная задача. Праз рэформу прававога поля і сітэматызацыю законаў больш жорстка зафіксаваць пісанай мовай уладу паноўнай эліты над гэтай вялізнай, але аморфнай тэрыторыяй.
Вячаслаў Ракіцкі: Статут ВКЛ у пісанай форме юрыдычна замацоўваў моц свецкай улады? А ў духоўнай сферы што стаяла на варце ўлады?
— Яшчэ адзін вялікі помнік старабеларускай мовы — «Біблія» Францішка Скарыны. Па сутнасці ў духоўнай сферы яна выконвала тую ж ролю, што і «Статут» Льва Сапегі ў сацыяльна-прававой сферы. Беларуская «Біблія» дапамагла канчаткова згамаваць паганства на нашых землях і тым самым сканцэнтраваць усю духоўную уладу ў руках Царквы. Між іншым, заўважым, што адной з асноўных прычынаў татальнай паразы паганства была адсутнасць такой магутнай зброі ў барацьбе за духоўную ўладу, як паўнавартасная пісьмовая культура.