Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
Вячаслаў Ракіцкі: Але ж гэта не азначае, што беларускі мужык цалкам быў адлучаны ад вялікага свету. Хаця б ужо таму, што ў той час, аб якім вы гаворыце, адбыўся канчатковы падзел Рэчы Паспалітай, і на далучаныя да Расіі беларускія землі прыйшлі расійскія вайскоўцы і чыноўнікі. Якімі яны бачыліся беларусам?
— За адказам давайце зноў звернемся да сведчанняў той пары. Ігнацы Яцкоўскі ў 1985 годзе пісаў: «Нашыя халопы на Літве ў рускай гаворцы не маюць слова «войска», але, кажучы, «маскаль», маюць на ўвазе «жаўнераў» ці «войска», бо звыклі бачыць «маскалёў» толькі ў мундурах; не вайсковых, якія часам з’яўляюцца, называюць «бурлакамі», і такіх наш халоп ніколі маскалём не назаве. Расіец у фраку
Вячаслаў Ракіцкі: А з якога часу, на ваш погляд, разрозненне іншаземцаў па нацыянальных прыкметах зрабілася ўстойлівым і сістэмным на Беларусі?
— У гэтым сэнсе сітуацыя пачала радыкальна мяняцца толькі ў ХХ стагоддзі, і вялікую ролю тут адыграла ўсталяванне БССР. Займеўшы сабе «рэспубліку», запіс з пазнакай «беларус» у пашпарце і хай сабе толькі адміністратыўную, але мяжу, беларусы пакрысе прызвычаіліся, што яны таксама — народ. Выразным сведчаннем «беларусізацыі» сталася з’яўленне анекдотаў і мянушак, якімі мы характарызавалі суседзяў. Палякі пачалі вызнавацца беларусамі як «шпікулянты», прыбалты, як нацыяналісты, расійцы, як лайдакі, украінцы, як пустыя амбітнікі. (З нагоды апошніх у савецкім войску нават існаваў устойлівы выраз: «Няма хахла без лычкі» — мелася на ўвазе хаця б ніжэйшае вайсковае званне «яфрэйтар»)…
Дарэчы, раней мы казалі, што ў ацэнках іншых кожны народ няўзнак выказвае свае прыхаваныя комплексы. Беларусы абганьвалі суседзяў за тое, чаго не мелі ў саміх сабе — прадпрымальніцтва палякаў, нацыяналізму прыбалтаў, разняволенасці расійцаў, амбітнасці ўкраінцаў.
Вячаслаў Ракіцкі: Беларусь зведала шмат акупацыяў. У найноўшы час самай жорсткай і трагічнай была нямецкая. Што беларусы думалі і казалі пра немцаў?
— Калі мы адхілімся ад афіцыйна-прапагандысцкай версіі тых падзеяў і заглыбімся ў народную свядомасць, дык нас там чакае шмат дзіўнага і незразумелага. У аповедах пра той час людзі чамусьці канцэнтруюць сваю ўвагу не на нялюдскасці акупантаў, а на своеасаблівай жорсткай справядлівасці немцаў. Яшчэ маладым чалавекам я шмат займаўся гэтак званай «пошукавай працай» і мяне, выхаванага ў савецкай прапагандзе, неверагодна ўражвала, што простыя людзі ў сумоўі распавядалі не пра спаленыя вёскі і расстраляных габрэяў, а пра тое, як камендант загадаў публічна высекчы мужыка-п’яніцу, на якога паскардзілася жонка. Ці як немцы змушалі трымаць у парадку падворак і рэгулярна падмятаць свой кавалак вуліцы. Яшчэ і сёння ад сталых людзей, абураных бязладдзем, можна пачуць: «Немца на вас няма».
Вячаслаў Ракіцкі: Але чаму так? Чаму спаленыя вёскі, разбураныя гарады, панішчаная альбо вывезеная ў чужыну моладзь — увесь жахлівы наробак немцаў у народнай вядомасці апынуўся на іншым плане, а на першы выступіла і засталася нейкая драбяза: цукеркі, якімі захопнікі частавалі дзяцей, выдзелены акупацыйнымі ўладамі лес для ўдавы на адбудову згарэлай хаты, пакладзеная ў мястэчку брукаванка…
— Бачыце, калектыўная свядомасць — загадкавая рэч. Паводле апытанняў расійскіх сацыялагічных службаў, Сталіна хацелі б бачыць кіраўніком дзяржавы лічы палову расійцаў. І гэтаму не замінае веданне таго факту, што Сталін у вайне супраць свайго народа загубіў людзей ці не болей, чым іх загінула ў вайне з фашызмам…
Што да беларусаў, дык іх як бы неадэкватнае стаўленне да акупантаў можна патлумачыць хіба тым, што папярэднічала акупацыі… А папярэднічала ёй, як вядома, сталіншчына, рэпрэсіўная калектывізацыя, высяленне ў Сібір, Курапаты… І калі сталінскі татальны гвалт змяніўся фашыстоўскім, дык яго ўспрынялі працягам нейкай адной жахлівай стыхіі, якая тады апалоніла амаль увесь свет. Таму вайна і акупацыі былі самі па сабе, а немцы — як бы самі па сабе. Зрэшты, гэта толькі версія…
Вячаслаў Ракіцкі: Якія перамены адбыліся ў светаглядзе беларусаў пасля абвяшчэння Незалежнасці? Ці змянілася іх бачанне сваіх суседзяў, іншых народаў?
— Калі браць агулам, дык мне здаецца, што беларусы пачынаюць больш скептычна ставіцца да іншых, асабліва да паноўных нацыяў. У іх як бы ажывае раней рэпрэсаваная амбітнасць. Да прыкладу, беларускія інтэлектуалы пачалі вельмі саркастычна ставіцца да Францыі і французаў. Гэта тым болей цікава, што сучасныя французскія філосафы на Беларусі сёння бадай самыя папулярныя.
Вячаслаў Ракіцкі: Ці не таму вы назвалі адну са сваіх кніжак «Разбурыць Парыж»?
— Здаецца — не, не таму. Там былі іншыя матывацыі. Хаця я не выключаю, што агульны сарказм беларускіх інтэлектуалаў адносна французаў выгукнуўся праз маё падсвядомае, калі я шукаў назву горада для сваёй агрэсіўнай метафары.
Вячаслаў Ракіцкі: А ці можам мы ў стаўленні беларусаў да іншых вызначыць нейкую асноўную характарыстыку, якая адначасна была б і характарыстыкай саміх беларусаў.
— Ведаеце, хоць мы тут даволі разважалі аб тым, як беларусы ўспрымалі іншаземцаў, суседзяў і захопнікаў, але, калі казаць па шчырасці, дык беларусам няма справы да ўсяго астатняга свету. Хай ён сабе хоць ляснецца, абы ў нас не было вайны. Пачуццё персанальнай самадастатковасці (і самазавершанасці) у беларусаў відавочна гіпертрафаванае. Верагодна адсюль і вечная недаробленасць той краіны, у якой яны жывуць. Бо да яе беларусам таксама няма справы.
Вячаслаў Ракіцкі: Адзін народ лічаць рацыянальным, другі — бязладным, трэці — скнарыстым, чацвёрты — гуллівым і г.д. і да т.п… Якой, па-навуковаму кажучы, «дэфініцыяй» вы б пазначылі беларусаў.
— Прынамсі, калі меркаваць па нашай літаратуры, дык мы выдаем на панылы і занураны у сябе народ. Каго ні вазьмі з класікаў, усюды нэндза, туга, роспач. Напрыканцы XIX—пачатку XX стагоддзяў жыццё простага чалавека ў Шатландыі сацыяльна зусім не выглядала лепшым за нашае, але паглядзіце, якая бадзёрая, дзёрзкая і жыццядайная паэзія у Роберта Бёрнса! А ў тагачаснай беларускай паэзіі — суцэльныя песні жальбы.
Вячаслаў Ракіцкі: Дык што: беларусы здольныя адно паныла нудзіцца і зусім не ўмеюць радавацца?
— Нам, як нацыі, яшчэ трэба будзе навучыцца радавацца, а гэтак станецца не раней, чым мы навучымся ганарыцца за саміх сябе. Радасці без гонару не бывае.
Вячаслаў Ракіцкі: Можа праблема ў тым, што мы ўсім народам разам ніколі ні за што не радаваліся? Давайце згадаем хаця б ХХ стагоддзе. Ці былі ў ім падзеі, якія выклікалі ў беларусаў усеахопную радасць?
— Ну, ужо ж напэўна такой падзеяй не была Кастрычніцкая рэвалюцыя, як пра гэта потым 70 год казалі камуністы, але не сталася такой падзеяй і стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, як спрабуюць пра гэта казаць нацыянальна заангажаваныя. Бадай, з усяго ХХ стагоддзя я б вылучыў толькі ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. Рассечаная лязом «Брэсцкага міру», Беларусь і з таго і з другога боку натуральна імкнулася зноў стацца адным цэлым. Не станем тут кранаць праблемы злачыннага пакта «Молатава—Рыбентропа», дзякуючы якому мы задзіночыліся… Але ў беларусаў гэтая падзея выклікала сапраўды агульна нацыянальную радасць, якая з тае пары больш ніколі не паўтарылася. Бо хаця радасць ад сканчэння Другой сусветнай вайны, напэўна, была значна вастрэйшай, аднак гэта была проста радасць ад таго, што з фронту вернуцца мужчыны, днём з неба не будуць сыпацца бомбы, а ноччу ў шыбу не пагрукае ці то партызан, ці то бандыт…