Чтение онлайн

на главную

Жанры

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

Дарэмна, відаць, драгун вырашыў, што пані Серафіна баіцца свайго мужа. Таму што яна шчодра дарыла свайму кавалеру позіркі і ўсмешкі, і абапіралася на ягоную руку даволі цвёрда. І не адняла сваёй ручкі, якую Вырвіч насмеліўся пацалаваць ля дзвярэй пакоя. Больш за тое…

— Зайдзіцеся да нас на хвілю, — прамовіла таямнічым голасам прынцэса. — Мужа не будзе яшчэ доўга.

Пранціш на нейкае імгненне прамарудзіў — у пастку звычайна заманьваюць менавіта такім ласкавым, шматабяцальным галаском, але калі гэта шляхціц баяўся спакуснага спаткання з прыгожанькай дзеўкай! Гэта ж не з князёўнай Багінскай, калі зайдзі далёка па сцяжынцы Амура — галаву страціш у самым найпростым сэнсе. А з гэтай панечкай, няхай яна на агні таньчыць, Пранціш свайго не ўпусціць… Магчыма, яна проста пазнала гожага нямецкага юнака, з якім перамігвалася калісьці ў Слуцкім тэатры?

У пакоі, не забыўшыся замкнуць дзверы на ключ, пані Серафіна запаліла свечкі ў падсвечніку на сакрэтніку з чорнага дрэва і павярнулася да госця, які не збіраўся траціць час дарэмна і прыабняў пані:

— А ты мяне, мусіць, пазнала…

Прынцэса самую трошачку разгубілася, цень спалоху мільганула ў светла-зялёных вачах:

— Можа, пан нагадае, дзе мы сустракаліся з вашай мосцю? У Парыжы? У Рыме на карнавале?

Пранціш прыцягнуў красуню да сябе і прашаптаў ёй на вушка:

— У Слуцку… У тэатры… Гадоў шэсць таму… Ішла рэпетыцыя… Ты, Міхалішыўна, была на сцэне, з такой выразнасцю і майстэрствам іграла царэўну Наўсікаю, а я сядзеў у зале, і глядзеў на цябе, не адрываючыся… Я пазнаў бы цябе ў любым уборы!

Паводзіны графіні Батысты на вуркатанне кавалера проста спалохалі. Прыгажуня вырвалася з абдоймаў і адскочыла, як французскі прынц Генрых Валуа з ліцвінскай лазні, у вачах зноў плёскаўся жах.

— Я думала, памылілася… Вы падаліся мне знаёмым… Але нам сказалі, што вучань нямецкага доктара загінуў.

Пранціш самазадаволена ўсміхнуўся — вось чаго яна пералякалася, вырашыла, што мае справу з прывідам! А яшчэ магіяй займаецца, дурнічка, з духамі размаўляе! Драгун пастараўся супакоіць самазваную прынцэсу, патлумачыўшы, што ў замку Радзівіла Жорсткага яны з Лёднікам выконвалі таемную місію, таму мусілі быць пад чужымі лічынамі, і выратаваліся дзякуючы ўласнай смеласці і жалезнай чарапасе на вадзяным рухавіку, якую Геранім Радзівіл замовіў вынаходніку Якубу Пфальцману, аднакурсніку Лёдніка. У тым, што ён жывы, Пранціш пастараўся пераканаць прыгажуню куртуазным спосабам, але тая адхінулася ад пацалунка, яе па-ранейшаму трэсла.

— Пан Вырвіч… Прашу вас… Малю… Толькі не гаварыце нікому, што вы мяне пазналі!

Цяпер у Міхалішыўне не было і следу ад той свецкай какеткі, якая прывяла яго ў гэты пакой. Вочы ліхаманкава гарэлі, пальцы, якімі яна ўхапілася за даланю Вырвіча, былі халоднымі, як лёд.

— А, вось яно што, граф Батыста не ведае, з кім ажаніўся? — трохі пагардліва спытаўся Пранціш. Такая цалкам магла выдаць сябе за шляхцянку. Але Міхалішыўна толькі горка рассмяялася.

— Яшчэ як ведае… Ён жа мяне купіў — пасля смерці князя Гераніма тэатр занепадаў, артыстаў разганялі, каго куды. Мяне маглі зрабіць пакаёўкай ці ўвогуле адправіць на мануфактуру, габелены ткаць. А граф бачыў мяне на сцэне і вырашыў, што я яму спатрэблюся. — Сіньёра Батыста глыбока ўздыхнула і, наважыўшыся, прамовіла дрыготкім голасам. — Ён мне такі ж муж, як і граф. Як казалі ў нашай слабадзе — шлюб пад плотам, а вяселле потым. Хто я? Рабыня, якая іграе прынцэсу. Калі Луіджы… Яго насамрэч Луіджы завуць… даведаецца, што я… не справілася з ягоным даручэннем… што вы пазналі мяне, і цяпер уся ягоная дзейнасць пад пагрозай, бо яму могуць перастаць верыць, і егіпецкая прынцэса страціць свае чары… Кепска будзе не толькі мне, але і вам. Пан Вырвіч, ён страшны чалавек!

Пранціш хмыкнуў:

— Не бойся, я нікому нічога не скажу. І няма чаго палохацца — мой сябар, прафесар Лёднік, твайго мага як камара размажа.

Дзяўчына перахрысцілася па-праваслаўнаму, у празрыста-зялёных вачах плёскаўся спалох.

— Ратуй нас, святы Кіпрыян… І праўда, ваш сябар яшчэ страшнейшы за Луіджы. Ён так раззлаваў графа, што не ведаю, чым гэта абернецца для мяне. Батыста падманшчык, а ваш… Ён жа сапраўдны чараўнік!

Голас дзяўчыны сышоў на пераляканы шэпт. Пранціш хмыкнуў.

— Гэта ты з духамі размаўляеш, як вядзьмарка. А Лёднік — вучоны, доктар, прафесар… Праўда, тое-сёе можа, але ён добры хрысціянін, і ніколі людзям не нашкодзіць. Ну, пакуль ён без шаблі. А… што за даручэнне табе Батыста даў?

Міхалішыўна апусціла галаву:

— Нічога незвычайнага. Завабіць вас, змусіць закахацца, каб потым здабываць патрэбныя звесткі і кіраваць вашымі дзеяннямі.

На Вырвіча быццам халоднай вадой лінула. Вось табе і куртуазная прыгода, непераможнае хараство драгуна… Той Батыста наўрад верны адэпт ордэна. Хутчэй, ад страху перад езуітамі выслужваецца, каб інквізіцыя не чапала. А золата з менскіх сутарэнняў — прываба неадольная, да якой можна дабрацца праз закаханага драгуна. У душы віравала злосць на падступную дзеўку.

— І граф часта дае табе такія даручэнні? Налаўчылася?

Міхалішыўна раптам ганарліва выпрасталася, і Пранцішу стала трохі сорамна за сваю грубасць пры поглядзе на яе змучанае і ўсё-ткі трагічна-гожае аблічча. Маска, усяго толькі маска актрыскі! — напомніў сабе Пранціш.

— Я магла не прызнавацца вам. Магла падмануць. Але мне падалося, што вы, пан Вырвіч, чалавек сумленны і міласэрны. Магчыма, мне трэба было яшчэ ў Слуцку ўчыніць, як рымлянцы Лукрэцыі — засіліцца, абы не даць сябе згвалтаваць. Магчыма, трэба было зрабіць гэта яшчэ ў дзяцінстве, калі мяне забіралі з дому тыя, хто забіў маіх бацькоў. Але — што ж, і пырнік пад плотам дзеля чагосьці расце. Мастацтва замяніла мне ўсё… In arte libertas! [11] Прынамсі, ні Еўрыпіда, ні Шэкспіра, ні Лопэ дэ Вега ў мяне ніхто не адніме… І пан Батыста шмат чаму навучыў мяне. Мовам розным, іграць на клавесіне і флейце. І ў навуках таемных веды даў, і ў ложку. І я буду ўсміхацца вам, ваша мосць, і вы можаце скарыстацца з маіх вабнотаў, калі вам будзе заўгодна.

11

У мастацтве воля! (лац).

Міхалішыўна па-блазенску пакланілася і вымавіла фразу, з якой рымскія артысты звярталіся да публікі:

— Videte et applaudite! [12]

Цяпер было зразумелым, адкуль на далікатнай скуры паненкі сінякі. Не столькі ў словах, колькі ў самім тоне прамовы гучала стоеная дзёрзкасць, выклік, што сведчыла — не пакорлівая авечка перад Пранцішам.

— А хто забіў тваіх бацькоў? — папытаўся Вырвіч. Прыгажуня апусціла вочы.

— Мы з Крычава. Мой бацька быў збройнік, браў удзел у паўстанні.

12

Глядзіце ды пляскайце ў ладкі! (лац).

Ого, крычаўскае паўстанне! Тады мяшчукі і мужыкі біліся супраць войска князя Гераніма Радзівіла так, што шляхта дасюль не любіць успамінаць. І расправа над бунтаўнікамі была жорсткай. Пранцішаў бацька, Даніла Вырвіч, тады таксама патрапіў памахаць шабляй супраць вілаў ды цэпаў. Наколькі памятаў Пранціш, увязаўся бацька ў бойку выпадкова… Мала што па дарозе з карчомкі ў карчомку з высакародным панам можа надарыцца. Але не вагаўся, які бок прыняць — вядома, шляхціцаў! Няхай прасталюдцы дзесяць разоў маюць рацыю, няхай пан беззаконнем сваім давёў іх да адчаю. Вось толькі ўспамінаць пра тыя падзеі пан Даніла Вырвіч не любіў, бо не лічыў ганаровым для шляхціца бойку з мужыкамі. Але, атрымліваецца, ён мог быць забойцам сваякоў Міхалішыўны. Пранціш пра гэта, вядома, прамаўчаў, не зводзячы вачэй з дзяўчыны: а такая і нажом можа пырнуць… Вунь як вачыма бліскае.

Але, з другога боку, пан Вырвіч ёй відавочна падабаецца, дый звязаная яна цяпер тым, што Пранціш ведае яе таямніцу. А значыць, зброю Рудольфіюса Батысты можна выкарыстаць супраць яго самога! Зловіцца рыбачок на ўласны кручок! І гэта будзе самай прыемнай помстай!

Вырвіч зноў усміхнуўся і прыабняў прынцэсу за талію.

— Я ніколі не выкарыстоўваў жанчын, я толькі дарыў ім каханне. Таму можаш мяне не баяцца. Я нават буду перад Батыстай паказваць, што ты зусім закруціла мне галаву. А вось ты можаш мне памагчы?

Популярные книги

Последний попаданец 5

Зубов Константин
5. Последний попаданец
Фантастика:
юмористическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последний попаданец 5

Сфирот

Прокофьев Роман Юрьевич
8. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
6.92
рейтинг книги
Сфирот

Убивать чтобы жить 2

Бор Жорж
2. УЧЖ
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 2

Огненный князь 2

Машуков Тимур
2. Багряный восход
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Огненный князь 2

Бальмануг. (Не) Любовница 2

Лашина Полина
4. Мир Десяти
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Бальмануг. (Не) Любовница 2

Вечная Война. Книга V

Винокуров Юрий
5. Вечная Война
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
7.29
рейтинг книги
Вечная Война. Книга V

An ordinary sex life

Астердис
Любовные романы:
современные любовные романы
love action
5.00
рейтинг книги
An ordinary sex life

Хозяйка лавандовой долины

Скор Элен
2. Хозяйка своей судьбы
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.25
рейтинг книги
Хозяйка лавандовой долины

Возвышение Меркурия. Книга 8

Кронос Александр
8. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 8

Самый лучший пионер

Смолин Павел
1. Самый лучший пионер
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.62
рейтинг книги
Самый лучший пионер

Новый Рал 7

Северный Лис
7. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Новый Рал 7

Курсант: Назад в СССР 11

Дамиров Рафаэль
11. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: Назад в СССР 11

Студент из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
2. Соприкосновение миров
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Студент из прошлого тысячелетия

Жестокая свадьба

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
4.87
рейтинг книги
Жестокая свадьба