Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
А яшчэ Лёднік змрочна заявіў, што хутчэй за ўсё ні ў які Гутаўскі кляштар езуіты ехаць і не збіраліся, проста калі шпегі данеслі Юдыцкаму пра планы Вырвіча, абвешчаныя ва ўсе карчомныя прасторы, гэта выкарысталі, каб вярней залучыць драгуна і прафесара ў найміты. Ад чаго Пранцішу сталася яшчэ паганей — каму прыемна ўсвядоміць, што яго падманулі, як хлапчыску.
Вось такі атрымаўся расклад Таро — у цяперашнім часе ўсе карты перакуленыя, а на той, што прадказвае будучыню, намаляваны пачэплены за нагу шыбенік. Нават малітва перад абразам маці Божай Менскай, пісаным апосталам Лукою, не прынесла палёгкі. Бо тут жа маліліся езуіты Грос і Шрэдар з такой багавейлівасцю, што ўспаміналіся старагрэцкія трагедыі і акцёры на катурнах.
А пасля — вось гэты візіт у палац пад Менскам, што дастаўся
Усе прысутныя былі з закрытымі тварамі, як на маскарадзе. Прычым і Лёдніку з Пранцішам Грос выдаў яшчэ ў карэце чорныя аксамітныя маскі. Ціха — чуўся толькі ўсхваляваны шэпт. Змова? Закалот? Таемнае таварыства?
Толькі ў паўцёмнай зале з невялікай, ярка асветленай паходнямі сцэнай, дакладней, пляцоўкай, уладкаваўшыся на крэслы ў самым куце, Пранціш і Лёднік даведаліся, куды патрапілі. На пляцоўку выйшаў чалавек у белым камзоле, без маскі, але па ўсім відаць — не пан, так, паўпанак, прыслуга.
— Ад імя яснавяльможных гаспадароў вітаю высокае панства і выказваю падзяку за той гонар, які вашыя мосці ўчынілі гэтаму дому, уганараваўшы сваім наведваннем. Але сеанс белай магіі, які зараз прадэманструе ўсім вам вядомы магнетызёр і знаўца таемных навук граф Рудольфіюс Батыста, што завітаў у гэты маёнтак па дарозе ў Варшаву, павінен апраўдаць усе надзеі вашых мосцяў і ўзнагародзіць за дарожныя нягоды.
Жабрак жабраку відаць па кійку… Пранціш скасавурыўся на Лёдніка: вядома, у цемры ды пад маскай немагчыма было разгледзець доктарскія эмоцыі, але Вырвіч выразна ўяўляў, як прафесар крывіцца, і словы «яшчэ адзін шалбер», напэўна, самыя мяккія з тых, якімі прафесар у думках адорвае чарговага мага. Але самому Вырвічу было дужа цікава паглядзець на дзівосы — Лёднік, хоць тое-сёе ўмеў і сам, паказваць свае магчымасці адмаўляўся катэгарычна.
Слуга нізка пакланіўся — святло паходні афарбоўвала белую парчу ягонага камзолу ў крывавы колер — і абвесціў з некаторай дрыготкай у голасе:
— Ягамосць граф Рудольфіюс Батыста і ягоная жонка, графіня Серафіна Батыста!
Зараз жа па зале прайшоўся халодны павеў ветру, агні паходняў і свечак замігцелі, прыгнуліся, як бы ў жаху… І на сцэну выйшаў чалавек сярэдняга росту, гадоў за сорак, у чырвоным камзоле, расшытым чорнымі і срэбнымі змеямі, і ў цюрбане, на якім паблісквалі каштоўныя каменні. Рысы фанабэрыстага круглага твару былі хутчэй мяккія, чым суровыя, толькі куточкі роту пагардліва апушчаны, ды шырока расстаўленыя шэрыя вочы глядзелі непрыемна пранізліва. У прынцыпе, у абліччы чалавека не было нічога незвычайнага — такога можна было ўявіць на любой асамблеі, свецкай бяседзе, насупраць за ломберным столікам… Але нешта ўсё-ткі мелася ў рысах, што наводзіла на думку пра гадзюкаў, скарпіёнаў і тыя нябачныя позіркі, што мрояцца, калі заходзіш на гарышча ці ў цёмную камору. Чалавек нейкі час стаяў моўчкі, пільна ўглядаючыся ў залу, як палкаводзец з гары аглядае перад пачаткам вырашальнай бойкі войска праціўніка. Пранцішу нават прымсцілася на імгненне, што з вачэй мага выпраменьваюцца веерамі вясёлкавыя промні.
— У гэтай зале сабраліся смелыя людзі, якія не баяцца зазірнуць за тую завесу, за якой знаходзіцца недаступнае звычайнаму чалавечаму воку, — нарэшце, калі чаканне зрабілася амаль невыносным, прамовіў густым, заварожваючым голасам граф Батыста. — За апошнія тры тысячы дзвесце сорак адзін год я магу ўспомніць толькі некалькі дзесяткаў людзей, якія перанеслі такое знаёмства без аніякай шкоды для нерваў. І большасць з іх я сустрэў яшчэ ў той час, калі быў жрацом Тота ў Мемфісе і мяне звалі Атхесенпаамон. Калі хтосьці адчувае, што не вытрымае далучэння да таямніцаў, яму лепей зараз жа сысці.
Граф абвёў вачыма грамаду. Але ніхто не ўстаў з месца, толькі дамы пачалі мацней абмахвацца веерамі, так што ад павеваў зноў здрыгануўся агонь свечак і паходняў. Маг расцягнуў вусны ў злавеснай усмешцы:
— Ну што ж, я вас папярэдзіў. Тады зараз перад вамі пакажацца тая, каго вы ведаеце пад імем графіні Серафіны Батыста, а насамрэч мы з ёй пазнаёміліся тры тысячы гадоў таму, і была яна дачкой фараона, і насіла імя Семпенсентра, што азначае Тая, што размаўляе са змеямі.
У цемры загучала трывожная і пяшчотная мелодыя, якую нехта наігрываў на флейце. Але графіня не з’явілася, замест яе двое слуг асцярожна ўнеслі вялізнае люстра ў цяжкой бронзавай раме з выявамі пераплеценых змей і паставілі пасярод сцэны. Граф падыйшоў да яго — усе выразна бачылі ягонае адлюстраванне, прагаварыў нешта на незнаёмай мове, сыпануў у люстра нейкім парашком і зараз жа адскочыў. Шкло памутнела, быццам запацела, потым па ім пайшлі дробныя хвалі, як па вадзе, а потым паверхня перастала быць роўнай… Яе, як тканіну, нацягвала нешта знутры… Раптам мутная паверхня лопнула, як мыльны пухір. І пад віскат кабетаў з бронзавай рамы на сцэну выйшла егіпецкая прынцэса.
Што гэта прынцэса — пазнаў бы нават вясковы пастух. Таненькая, але высокая, з каралеўскай паставай, захутаная ў залацісты шоўк, які абліваў вытачаную фігурку. Галава ганарыста адкінутая, на чорных бліскучых валасах — простая дыядэма з адзіным камнем, які ззяў зялёным агнём. І вочы— светла-зялёныя, аж празрыстыя, і вялізныя — мусіць, ад таго, что падведзеныя чорным. Тонкія бровы, таксама падфарбаваныя, узляталі над імі не ганарліва, а журботна… Скура не смуглявая, а малочна-белая, аж свяцілася. Рысы твару тонкія, але носік зусім не такі, як на карцінках з выявамі фараонаў, самую трошачку прыўзняты, да яго вельмі пасавалі б пяшчотныя рабацінкі, хаця якія рабацінкі могуць быць у прынцэсаў? Яркія велікаватыя пульхныя вусны з цнатлівай, даверлівай складкай, як у дзіцяці. Але галоўнае — што гэтая прыгажосць была не лялечнай, а адухоўленай, здавалася, што без слоў пані расказвае трагічную гісторыю, якая не можа не кранаць… І рухі — гэтак плаўна, гэтак грацыёзна немагчыма рухацца, калі чалавек не вучыўся балету…
І тут Пранціш усвядоміў, каго яму нагадвае егіпецкая прыгажуня. Ну так, яна страшэнна падобная да прыгоннай актрысы Міхалішыўны са Слуцкага тэатру, які належаў Гераніму Радзівілу. Толькі ў той валасы былі не чорныя, а светла-русявыя. Пранціш з Лёднікам у палацы выдавалі сябе за немцаў, і Вырвіч гадзінамі сядзеў на рэпетыцыях, заварожаны плаўнымі рухамі Міхалішыўны, і як мог, перамігваўся з ёю… Праўда, калі наглядчык заўважаў, што актрыса скіроўвае ўвагу ў залу, ёй зараз жа даставалася палкай па руках і спіне. Такія ўжо былі парадкі ў палацы Радзівіла Жорсткага… У тэатр забіралі гвалтам дзяцей сялянаў і нават мяшчукоў, і дзеткі тыя ад суровай муштры хварэлі, паміралі… А тыя, што выжывалі, маглі таньчыць так, што знаўцы з Еўропы захапляліся.
Тады Пранціш доўга не мог змірыцца з тым, што прыгонная дзяўчына выглядае так высакародна… Бо яна ж закранула ягонае сэрца, а дама шляхціца павінна быць радавітай!
А цяпер ён не мог даць веры, што графіня Серафіна Батыста — і ёсць тая Міхалішыўна! Але чым больш углядаўся, тым здагадка мацнела.
Між тым пасярод сцэны паставілі стол, накрыты доўгім чорным аксамітным абрусам з вышытымі залатой біццю незразумелымі знакамі. На стале ўмацавалі вялізны крышталёвы шар.
Лёднік выразна хмыкнуў, абазнаны ў падобных штукарствах. Падобным шарам дурыў ангельскага доктара Дзі ягоны слуга, паказваючы духаў, у прыватнасці нейкага Урыеля, так што доктар урэшце страціў аўтарытэт, жонку і грошы. Пранціш гэта таксама выдатна ведаў, бо давялося пабываць у Ангельшчыне і змагацца за спадчыну таямнічага Дзі.
Але калі егіпецкая прынцэса з жывой змяёй на шыі замест маністаў заспявала над шарам высокім чыстым голасам, і пад яе рукамі змесціва сферы пачало ажываць, закружыўся туман, узніклі незразумелыя вобразы, Вырвічу стала весела і страшна, гэтак жа, як і ўсім у зале, і ён пастараўся не зважаць на хмыканні прафесара. А граф Батыста, ці як там яго… Атхе… Андхер…, тут жа тлумачыў, што менавіта сіньёра Серафіна з падказкі сваёй празорцы-змяі бачыць праз эфіры.
А бачыла яна шмат чаго: двор кітайскага імператара, вывяржэнне вулкана на востраве ў Ціхім акіяне, атрыманне адным з прысутных у зале, які загадаў на сваю будучыню, Ордэна Белага арла — пры гэтых словах усе мужчыны нецярпліва заварушыліся, але граф не ўдакладніў наконт асобы шчасліўчыка. А што вы хочаце — гэта ж эфіры, магнетызм, тут зямному воку да драбніцаў не разгледзець. А змеі ўвогуле ва ўзнагародах не разбіраюцца, ім ордэн менш цікавы, чым здохлая мыш.