Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
А потым здарылася тое, дзеля чаго, падобна, доктара з драгунам і наймалі… Карэту перапыніў раз’езд расейцаў. Жаўнераў дзесяць на чале з афіцэрам — не так шмат, каб усё выглядала безнадзейным, але замнога, каб спадзявацца на лёгкую перамогу. Афіцэр патлумачыў, што згодна дамове імператрыцы і польскага караля яны маюць права адшукваць і вяртаць у Расію збеглых прыгонных і жаўнераў.
— Ці няма тут расійскіх падданых?
Афіцэр пільна вывучаў абліччы падарожных, так і цэлячыся зазірнуць у карэту, і нагадваў адмысловага сабаку гетмана Браніцкага, навучанага шукаць чорныя труфлі ў тутэйшых пушчах. Пан Зыгмунд Грос выйшаў на дарогу. Проста ў гразь, пад дождж. Вырвіч глядзеў і не пазнаваў уладнага, засяроджанага пана. Невыразнае
— Няхай пан не сумняецца — мы шчыра любім нашага новага караля, няхай яму дасць Бог здароўя на доўгія гады, гэта жа, як і яе імператарскай вялікасці, імператрыцы, мудрае праўленне якой з’яўляецца ўзорам для нас…
Цяпер Пранцысь быў упэўнены, што іхні спадарожнік сапраўды езуіт, і высокага палёту — гэтак дасканала перакідвацца з ваўкалака ў авечку… А пан Зыгмунд, жаласна распавёўшы пра пакуты бяскрыўднага старога пасажыра карэты і патрэбу ў наведванні святых месцаў, тыцнуў пальцам у прафесара:
— Вось, суправаджае нас сам доктар Баўтрамей Лёднік з Вільні, ён праваслаўны, наш адзінаверац, і блізкі сябар графа Разанцава. Пан доктар наведвае прыход парушанай Віленскай Свята-Духавай царквы, утрымлівае шпіталь пры ёй… А гэта ягоны вучань, пан Вырвіч, таксама бароніць дзядоўскую веру і нашыя святыя цэрквы, абернутыя гвалтам у ганебнае ўніяцтва.
Вырвіч са здзіўленнем зразумеў, што Грос спрабуе выдаць сябе са Шрэдэрам за шчырых праваслаўных вернікаў, нават пацярпелых ад ганенняў… І яму гэта выдатна ўдаецца. А калі афіцэр усё-ткі зазірнуў у карэту, і Пранціш цікаваў з-за ягонага пляча, яшчэ раз здзівіўся: пан Шрэдэр сядзеў, закінуўшы нага на нагу, і ўсміхаўся трохі стамлёна, але таксама шчыра — акуратны капялюш, парык, шэры пералівісты камзол, твар напудраны, шчокі нарумяненыя: гэткі дзядуля, якому ля каміну сядзець і ўнукам казкі расказваць.
Між тым нехта з жаўнераў пазнаў віленскага доктара, і афіцер ветліва звярнуўся да таго:
— Пан Лёднік, рады пазнаёміцца з вамі асабіста. Мы шукаем не толькі збеглых мужыкоў, але і злачынцаў больш высокага рангу. Адзін з іх уцёк ажно са Шлісельбургскай вязьніцы, з дапамогай змоўшчыкаў. Ён гадоў шасцідзесяці, светлыя вочы, невысокі… А галоўная прыкмета — чырвоны шнар праз усю левую шчаку. За выкрыццё злачынцы прызначаная вялікая ўзагарода… Вы ж не сталі б хаваць ворага дзяржавы, доктар?
Афіцэр пільна глядзеў на Лёдніка. Той заставаўся спакойны.
— Вы самі назвалі мяне доктарам. Я не ўмешваюся ў палітычную барацьбу. Мая справа — лячыць.
— Што ж, гэта заслугоўвае павагі, — афіцэр, памарудзіўшы, пакланіўся і махнуў рукой жаўнерам. — Няхай святы Мікалай бароніць вас у дарозе.
Калі расейскі атрад знік за паваротам, Лёднік змусіў фурмана спыніць карэту і рашуча сеў у яе — з такім злосным абліччам, што пярэчыць было неразумна, гэта ўсведамляў нават Зыгмунт Грос. Пранцысь улез следам, зусім заціснуўшы Гроса у кут.
— Ну што, будзем тлумачыцца? — застрашліва ветліва прамовіў Лёднік. — Мяне нельга падмануць кроплямі дурнап’яну, хірургічным выдаленнем шнару і праваслаўным жагнаннем. За каго мы з панам Вырвічам маем сумніўны гонар рызыкаваць жыццём, а, шаноўныя адэпты Ордэна Ісуса? Я, ведаеце, дастаткова часта гуляў са смерцю, але кожны раз прынамсі ведаў, дзеля чаго.
— І ці не варта было сапраўды здаць дзяржаўнага злачынцу ўладам — маю падставы меркаваць, што атрыманая за яго ўзнагарода будзе не меншай, чым тая, што прапанаваў нам пан Юдыцкі, — пагрозна дадаў сваё Пранціш.
Пан Грос запытальна зірнуў на Шрэдэра, які ляжаў, адкінуўшыся на аксамітную падушку, так што ягоны твар амаль хаваўся ў ценю. Падобна, Грос прачытаў, што належала, у абліччы старога.
— Я разумею ваш непакой, панове, — прамовіў ён. — Вы ўжо ведаеце, што пану Шрэдэру, нягледзячы на паважаны ўзрост, давялося не так даўно прайсці шмат пакутаў. Запэўніваю вас, калі ён патрапіць зноў у рукі тых, ад каго мы пана з вялізнымі намаганнямі вызвалілі, яму давядзецца спазнаць пакуты яшчэ горшыя. Хаця злачынства — пан Езус мне сведка — ніякага не ўчыняў.
— У вязьніцу і на прэнт прыводзяць не толькі злачынствы, дарагі пан Лёднік, — ціха прамовіў Шрэдэр, звяртаючыся толькі да доктара, што Вырвіча трохі скрыўдзіла. — Губіць нас проста валоданне нейкімі ведамі, давераная нам таямніца. Ad notanda [7] , вам гэта добра вядома, пан доктар.
Лёднік апусціў вочы.
— Так, мне гэта добра вядома, пан Шрэдэр. І мушу сказаць, што не хачу больш мець ніякага дачынення да таямніцаў, за якія палітыкі гатовыя скасіць, як траву, тысячы бязвінных жыццяў.
7
Варта заўважыць (лац).
Карэта зноў пачала падскокваць на каранях, за вокнамі сцямнела — густы лес не прапускаў нават сціплае святло.
— Мы не выбіраем нашы шляхі, пан Баўтрамей, — прамовіў стары. — Нам толькі дазваляецца думаць, што мы вольныя ў гэтым выбары. Кнігу лёсаў напісалі задоўга да нас, і атрамант з яе старонак не счысціш, як у звычайным палімпсесце. Я ніколі не спрачаўся, калі мне давалі асабліва складанае і небяспечнае даручэнне, бо спадзяюся на Божую волю. Вы правільна здагадаліся, я бываў у Тамашове і ведаў магістра Габрыелюса, вашага колішняга настаўніка. Праўда, асабліва сардэчнага сяброўства у нас з ім і ягонымі паплечнікамі не атрымалася, — пан Шрэдэр зірнуў на прабітую даланю. — Замест таго, каб займець ад магістра пэўныя паперы, я мусіў даводзіць, што я не блюзнер, перад рэлікварыем святога Тамаша… Вы, пан Лёднік, як я разумею, таксама адчыталі там пакаянны канон, насадзіўшы рукі на цвікі. Для чалавека, які валодае здольнасцямі да канцэнтрацыі і да ізаляцыі болевых адчуванняў, гэта не так складана. Затое мне ўдалося сабраць дастаткова сведчанняў пра блюзнерствы самога пана Габрыелюса, каб яго праз нейкі час пазбавілі званняў і выслалі з горада, а ведзьмакоў, што пры ім карміліся, адправілі пад нагляд святой інквізіцыі. Гэта была нялёгкая справа, пан Баўтрамеюс, — пасміхнуўся стары. — Я рады, што сярод тых няшчасных не аказалася вас. Шкада было б дапытваць і вешаць такога таленавітага чалавека.
Пранціш і доктар перазірнуліся, бо абодва раптам усвядомілі, што гэты скалечаны стары без ваганняў мог сам калечыць і забіваць тых, каго лічыў ворагам «адзінай ісціны»… І, пэўна, даводзілася яму гэтым займацца.
— Ну, ну, не палохайцеся, — мякка прамовіў езуіт. — Вы ж не маглі не здагадвацца, калі патрапілі ў Акадэмію, якую заснаваў наш орден, што пра вас даведаюцца ўсё… І я ведаю, што вы, доктар, адмовіліся ад магіі і алхіміі. Але ваш шлях, аmicus meus [8] — быць у цэнтры палітычных авантураў і пошуку вялікіх рэліквіяў. Хочаце вы таго ці не. Таму цяпер — проста выканайце сваю працу, не спрабуючы даведацца больш, чым патрэбна, пастарайцеся падтрымаць у ва мне жыццё і ясны розум, пакуль я не выканаю тое, што мушу… Нават калі вам давядзецца ўжыць нешта з арсеналу забароненых уменняў. Мне такое не дадзена, а вам — так, не адмаўляйцеся… Грэх я вазьму на сябе. Праводзьце гэтую карэту да Гутаўскага кляштара… А далей — вы вольныя. Абяцаю, што вашу кафедру, пан Баўтрамей, у Акадэміі чапаць не стануць, а пан падхаружы ў хуткім часе атрымае званне паручніка.
8
Мой сябра (лац).