Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
Хто б ні была кабета насупраць — драгун, ды яшчэ асушыўшы пару келіхаў сапраўднага венгерскага віна, быў гатовы рушыць за ёю хоць на край зямлі… Бо менавіта яму пані зараз усміхнулася пульхнымі вуснамі. І чаму там, у зале, падалося, што ў яе вачах туга і безнадзейнасць? Пранцысь нават прапусціў частку застольнай размовы… А яна, ціхая, адрывістая, вялася. Драгун, адарваўшыся ад куртуазных марэнняў, са здзіўленнем зразумеў, што абмяркоўваюцца дэталі далейшага сумеснага падарожжа. Усе паедуць у карэце графа Батысты. Экіпаж вялікі, адно дадатковае сядзенне раскладаецца, можна скарыстаць для хворага.
Ясна, хочуць магчымых пераследнікаў збіць з тропу. На заставах пыталіся ўжо пра іхнюю карэту. Напэўна, золата перагрузяць у экіпаж мага. Ён жа чаго толькі, пэўна, з сабой
Пра фокусы зараз жа гаворка і зайшла. Што егіпецкі жрэц і полацкі алхімік, знаўцы навук таемных, счэпяцца, як два пеўні на адным двары, можна было прадказаць адразу. Напачатку абодва знарочыста адзін аднаго не заўважалі. Потым пайграліся ў «глядзелкі» — пасля таго, як граф Батыста наплёў нешта пра ахвярапрынашэнні Тот-Амону, у якіх яму даводзілася ўдзельнічаць туманістую прорву вякоў таму, і Лёднік выдаў рэпліку, што Тот-Амон, паводле расшыфраваных гліняных таблічак, ніякі не бог, а жрэц, і чалавечых ахвяраў не патрабаваў, і граф, пэўна, праз столькі гадоў штось падзабыўся, тым болей і іерогліфы на ягоным халаце вышытыя дагары нагамі.
І панеслася… Абодва магі, раскаяны і нераскаяны, пазіралі з мілымі ўсмешкамі адзін аднаму ў вочы хвілінаў дзесяць, так што здавалася, пастаў паміж іхнімі позіркамі жалезны шчыт — праб’юць наскрозь, як дзідамі. А гэты Батыста, хоць і шалбер, не слабы, таксама таемнымі ўменнямі валодае… Пранціш ведаў, што такое вытрываць позірк раззлаванага Лёдніка — калі той захоча, з месца не скранешся. Праўда, Батыста вочы ўрэшце адвёў — прыкінуўшыся, што яго ўвагу адцягнула пытанне пана Гроса. Потым, адказваючы на тое пытанне, як бы між іншым пакруціў у руцэ лыжку, і яна ў ягоных пальцах сама па сабе сагнулася, нібы з воску зробленая. Батыста, не перастаючы гаварыць, паклаў яе на стол, бліжэй да віленскага прафесара… Той, як бы таксама між іншым, сагнутую цудадзейным чынам лыжку ўзяў, падняў вертыкальна, трымаючы за кончык, і яна сама па сабе выпрасталася, прымусіўшы Батысту скрыгатнуць зубамі.
Вырвічу ажно смешна зрабілася. Прафесар да фокусаў апусціўся! Далібог, як шкаляры. Хоць бы не пабіліся… Езуіты, занятыя абмеркаваннем палітычных падзеяў у Еўропе — а менавіта лёсам сына памерлага Аўгуста Саса, пазбаўленага надзеі на трон хлопчыка, які зараз жыве ў радавым замку ледзь не на становішчы вязня, таксама назіралі за прыхаваным паядынкам, што адбываўся за сталом, з паблажлівай іроніяй. Вось толькі егіпецкая прынцэса чамусьці выглядала ўсё больш устрывожанай… Нават пераляканай.
— Раіў бы пану наступным разам лепш паправіць люстэрка ў праектары, які знаходзіцца пад магічным шарам, — ветліва — атрутна прамовіў да італьянца Лёднік. — Малюнак трохі скоса адлюстроўваецца, гледачы могуць штось западозрыць.
Батыста расцягнуў вусны ва ўсмешцы, ягоныя шэрыя вочы былі халодныя, як ледзяшы.
— Бачу, што пан прафесар не верыць ні ў магнетызм, ні ў магчымасць выхаду ў сусветны эфір. Хоча ўсё вытлумачыць навукова. Але — вось агонь, адна са стыхій… З добра вядомымі і вывучанымі ўласцівасцямі… Але наўрад пан можа навукова растлумачыць, чаму гэты агонь часам не апякае пяшчотную жаночую скуру?
Батыста падняў даланю, скіраваўшы на падсвечнік, зрабіў ледзь заўважны імклівы рух наперад — і дзве скрайнія свечкі згаслі, мутныя кроплі воску пацяглі па бронзавым ствале падсвечніка, быццам перадсмяротныя слёзы па цёмным твары старога фараона. Лёднік спахмурнеў — бо сам жа так і не засвоіў загашванне агню на адлегласці. Так што пахваліцца ў адказ не было чым. Таму зноў пачаў біцца на словах.
— Скокі на гарачых вуголлях — з’ява даволі распаўсюджаная ў свеце, — голас прафесара гучаў, як на лекцыі. — Сам я не бачыў, але чуў ад аднакурсніка-балгарына, што такія скокі ёсць у яго краіне — там гэта практыкуюць у кожнай вёсцы. Уменне перадаецца ў сям’і з пакалення ў пакаленне. Называецца такі звычай несцерыянства, лічыцца хрысціянскім подзьвігам, таньчаць часам з абразамі ў руках. Дзяўчыны нярэдка гэтым займаюцца. Думаю, увесь сакрэт у рухах — калі пераступаць нагамі хутка, трымаючы падэшву паралельна гарачай паверхні, як бы слізгаць, скура не паспявае награвацца і не ўтвараецца апёкаў.
— Значыць, і вы, прафесар, маглі б самі гэтак прайсціся па агні? — мякка спытаўся сіньёр Батыста. — Ведаеце, нам увесь час даводзіцца сутыкацца з энтузіястамі, гатовымі давесці сваю мужнасць і спрыт, якія запэўніваюць, што разгадалі сакрэт фокуса. Калі ж, нягледзячы на папярэджванні, яны кідаліся на вуглі, заўсёды заканчвалася апёкамі. Дык як, прафесар, рызыкнецё?
Езуіты з цікавасцю ўтаропіліся на Лёдніка. Наўрад яны будуць яго стрымліваць — а чаму б не пацешыцца забаўным відовішчам, як упарты дурань шукае гузака? Лёднік трохі пачырванеў. Вырвіч разумеў, што яго настаўніка ажно распірае ад жадання прыняць выклік, але ж розуму да канца не адняло ад азарту спрэчкі. Павінен жа палачанін разумець, што палезе зараз на гарачае вуголле — хутчэй за ўсё зганьбіцца, ды яшчэ і скалечыцца. Пранціш нават стукнуў з усяе моцы ботам па назе доктара, так што той ледзь не засычэў ад болю, але стрымаўся і, апусціўшы вочы, прагаварыў:
— Пасля пэўнай трэніроўкі рызыкнуў бы.
— Вы ж разгадалі сакрэт. A fortiori [10] , кволая кабета таньчыць, не баіцца. Давядзіце, наколькі гэта лёгка! Мы яшчэ не прыбралі абсталяванне, — працягваў пацвельваць Лёдніка італьянец.
— Думаю, панства, не варта выпрабоўваць фартуну перад нялёгкай дарогай, — ціха прагаварыў Шрэдэр, і гэта прагучала, як загад. Італьянец пераможна ўсміхнуўся і замаўчаў. Лёднік злосна падціснуў вусны… Але ўсё-ткі адпомсціўся: калі сіньёр Батыста, з іроніяй гледзячы суперніку ў вочы, пацягнуўся ўзяць відэлец, не змог адарваць металёвы прыбор ад стала. Пранціш памятаў, што былы алхімік здатны на такія фокусы: калісьці пан Агалінскі ў Тамашове гэтак жа не змог дастаць з похваў шаблю пад позіркам доктара. Батыста зрабіў выгляд, што нічога не адбылося, прыбраў руку ад відэльца і пацягнуўся за апельсінам. Цяпер вочы доктара пераможна бліснулі, і Пранціш яшчэ раз выцяў яго пад сталом нагой. Хопіць ужо даводзіць вандроўнаму факіру, хто мацнейшы! Вучоны называецца, акадэмік… Дзіва што ўсё жыццё патрапляў у прыгоды. Тым болей у вачах сіньёры Батысты плёскаўся сапраўдны жах, нібыта зараз адбудзецца забойства. Няўжо яна гэтак свайго мужа баіцца? Па вогнішчы таньчыць, жывую змяюку на шыі носіць, і такая палахлівая… Пані павярнулася да мага, які нешта шаптаў ёй на вуха, позірк Пранціша зараз жа адправіўся ў дэкальтэ, бо карункавая хустачка трохі саслізнула. І драгун заўважыў густа прыпудраны сіняк.
10
Тым больш (лац).
Цяпер Пранціш быў упэўнены, што перад ім актрыса са Слуцкага тэатру. Егіпецкую прынцэсу біць не сталі б. У душу аспідам запаўзала расчараванне. Мужычка ў парыку… А ён ужо намроіў сабе… З другога боку, яна жонка графа, значыць, сапраўдная графіня, бо паводле Статута жонка пераймае стан мужа. А з гэтым фанабэрыстым панам Батыстам варта пазмагацца, куртуазныя перамогі шляхціца ўпрыгожваюць.
Вячэра скончылася прачытанай панам Шрэдэрам малітвай, усе, акрамя Батыстаў, зноў апранулі маскі і адправіліся па пакоях. Пранціш так і прыліп вачыма да танклявай грацыёзнай постаці егіпецкай прынцэсы. Нечакана граф затрымаў Пранціша:
— Ваша мосць, я мушу пайсці з панам Гросам, вырашыць важнае пытанне, зрабіце ласку, праводзьце маю жонку.
Самазваная егіпцянка зараз жа працягнула Пранцішу тонкую прахалодную ручку… Лёднік фыркнуў і адправіўся за слугою, які нёс перад ім ліхтар, у свой пакой. А драгун у п’янкім прадчуванні галантна падставіў пані руку і павёў у другі бок. Цені ад свечкі, што гарэла ў ліхтары лёкая, беглі па сценах калідора, завешаных габеленамі, як прывіды закаханых мінулых стагоддзяў, што гэтаксама поўніліся палкіх прадчуванняў, выпраўляючыся на начныя спатканні, гарэзнічалі і дурэлі, утваралі подзьвігі і пракуды дзеля сваіх каханых, але ўсе ператварыліся ў тло, і ў лепшым выпадку засталіся ад іх халодныя парадныя партрэты…