Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
Хаця, можа, карысней усё-ткі было б паганяць нягеглага сужонца чапялой.
Заснуў драгун, толькі на ўсялякі выпадак падсунуўшы да дзвярэй цяжкі куфар. Хто аглядаецца, той не каецца. Заўтра з самай раніцы трэба перагаварыць з Лёднікам, «сватам» сваім. Хто б мог падумаць, што куплены за шэлег халоп будзе калісьці пасажоным бацькам на вяселлі свайго гаспадара!
А нікога іншага на гэтым месцы Пранціш Вырвіч уявіць не мог і не хацеў.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
ВАНДРОЎНЫЯ ВЫДМЫ І ДВУБОЙ ЛЁДНІКА
Горы белага пяску высіліся паўсюль, куды сягала вока, толькі на поўначы
— Тут яшчэ не так даўно быў лес… — прамовіў пан Караль Рысь, які сустрэў вандроўнікаў у Лебе, забяспечыў жытлом і вось — пацягнуў глядзець мясцовыя дзівосы. — Яны рухаюцца… Гэтыя выдмы… І ўсё на сваім шляху знішчаюць, як бы лава падчас вывяржэння вулкана.
Пан Рысь, гадоў трыццаці, высокі, плячысты і гожы, быў адным з альбанчыкаў, гаварылі, што ён зухаваты і дужы не менш, чым Міхал Валадковіч, расстраляны ў Менскай ратушы, і гэтаксама карыстаўся прыхільнасцю Караля Радзівіла. Чорныя вусы пана тырчэлі на адной лініі паралельна зямлі, і на бледным ад прыроды твары здаваліся прыклеенымі. Нават тут пан быў ва ўлюбёным мундзіры Віленскага ваяводства: цёмна-сіні кунтуш, жупан з чырвонымі адваротамі, белая шапка з каракулем, бурка, жоўтыя боты.
— Дык што, гэтыя пяскі і горад замятуць? — здзівіўся Пранціш.
— Ужо замялі, — патлумачыў альбанчык. — Горад быў раней тут, дамы стаялі… Потым людзі перабраліся далей. Бо не могуць чалавечыя высілкі стрымаць гнеў Божы…
Пан паказаў на роўныя шэрагі драўляных сваяў, акаваных жалезам, што былі ўбітыя ў пясок.
— Вось так і нас нішчаць і змінаюць, і ператвараюць у вартыя жалю руіны! — з пафасам, як на сойме, прамовіў альбанчык. — Падумайце толькі — палякі не захацелі падтрымаць пана Караля Радзівіла, бо ён болей любіць ліцвінаў, у Варшаве нудзіцца па Нясвіжы. Маўляў, што за кароль, які адну палову каралеўства любіць больш за другую. І мы атрымалі на сваю шыю Цялка! Таму хутка з усёй дзяржавай будзе, як тут — паглядзіце, стагоддзе таму там стаяў касцёл!
Праз пясок чырванелі цагляныя абрысы падмурка, быццам засохлая кроў. Здавалася, гэтым руінам не менш за тысячу гадоў. Пранціш глядзеў вакол і намагаўся запомніць радкі, што складаліся ў галаве — запісваць на вачах ва ўсіх не было як, гэта Удальрык Радзівіл мог спыніцца пасярод залы з радавітымі гасцямі і крэмзаць у раптуляр прадыктаванае натхненнем, не зважаючы на насмешкі і пытанні. Але ж на тое ён і магнат, які можа быць хоць жорсткім тыранам, хоць дзіваком, замовіць партрэт неіснуючай ідэальнай дамы і суткамі распяваць карціне мадрыгалы. А Вырвіч — бедны шляхцюк і нікому не вядомы паэт, да якога проста прыходзяць вершы.
…Выдмы ідуць. Паглынаюць дамы і касцёлы. Чорныя мёртвыя дрэвы — як помнікі ім. Хвалі марскія ўсё прагнуць прасторы і волі, І наступае ўсё далей імперыя выдм. Белы пясок, а за ім — цёмна-шэрыя хвалі, Што ні імперыя — межы свае праміне. Ну і навошта мы храмы свае будавалі, Раз апынуцца пад выдмамі, потым — на дне? Мовай пяску загавораць лясы і паляны, І балаты ператворацца ў белы пясок. І застанецца над выдмамі крыжам драўляным Мачта майго карабля, што нікуды не ўцёк.— Выдатныя дэкарацыі! — прамовіў граф Батыста. Вецер раздзімаў ягоны чорны плашч так, што здавалася, маг зараз ператворыцца ў кажана і ўзляціць у шэрае неба. — Ты згодна, міа кара?
Тужліва закрычалі чаіцы. Міхалішыўна, якая ў пунсовым плашчы нагадвала дзівосную кветку сярод мёртвага саду, з насалодай удыхнула халоднае марское паветра.
— Так, менавіта ў падобных месцах павінны разыгрывацца самыя вялікія трагедыі!
— Ну што ж, — прамовіў Батыста, адварочваючыся ад парываў ветру, — падары нам незвычайнае ўражанне. Думаю, арыя Дыдоны, пакінутай Энеем, тут прагучыць дарэчы… Стань вунь там, на адхоне, ля дрэва!
Міхалішыўна пакорліва схіліла галаву і, правальваючыся па шчыкалаць у пясок, узбегла на адхон дзюны — Пранціш нават не паспеў прапанаваць ёй руку.
— Асцярожней, тут месцамі можна ўваліцца, як у дрыгву! — папярэдзіў Рысь, але Міхалішыўна ўжо застыла на месцы.
— Ёй будзе цяжка спяваць, пан Батыста! — змрочна прамовіў Лёднік. — Моцны вецер, да таго ж з пяском… Яна можа пашкодзіць звязкі!
— Серафіна мацней, чым вы думаеце, — насмешна адказаў маг. — Яна ўладарыць над стыхіямі…
— Як толькі чалавек вырашае, што над чымсьці ўладарыць, Гасподзь адразу ж даказвае яму адваротнае, — адрэзаў доктар.
— З такімі поглядамі васпану найлепей было б у кляштары, — не хаваючы раздражнення, адказаў Батыста. А Пранціш і пан Рысь глядзелі на актрысу: яна нейкі час пастаяла каля чорнага пахіленага дрэва, паклаўшы на яго руку і пра нешта думаючы… А потым, калі ўскінула галаву, з якой зняла шапку, і чорныя валасы яе ляцелі па ветры, і лунаў чырвоны плашч — драгуна як па сэрцы разанула… Бо гэта была ўжо не прыгонная актрыса і не асістэнтка шалбера-фокусніка, а царыца Карфагену Дыдона. Бровы трагічна выгіналіся над глыбокімі гораснымі вачыма, белыя тонкія рукі сціскаліся ў адчаі.
— Калі на горад, грэшны і распусны, Багі абрушваюць свой гнеў — зямлю ўзразаюць Расколіны, у студнях — соль і жоўць, І гора тым, хто толькі нарадзіўся… Мая душа — нібы пракляты горад… З расколінаў надзеі льецца кроў, І здрады жоўць пячэ, і вочы слепнуць Ад солі слёз… Каханне, ты — праклён!Словы, магчыма, былі не надта зграбныя, але пра гэта не думалася. Таму што пачуццё, укладзенае ў іх, было сапраўдным. Пранціш успомніў, як Міхалішыўна іграла ў Слуцкім тэатры — і тады яе майстэрства зачароўвала, а ад тых часоў яшчэ ўзрасло. Яе голас быў глыбокі і гучны, без дрыготкі, якая часта псуе самы лепшы тон. Батыста паглядаў на Пранціша і пана Рыся з выглядам князя Радзівіла, які дэманструе гасцям сваю скарбніцу, набітую па самую столь, упэўнены, што тыя не ўразіцца проста не могуць, і больш за ўсё на свеце жадаюць займець хоць частку ўбачанага…