Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
— Дзякую… — Міхалішыўна раптам прыўзнялася на дыбачкі, хутка пацалавала доктара ў шчаку і выбегла за дзверы імкліва, як бы сапраўды стыхійны дух. Пранціш пачуўся дужа непрыемна.
— Што, Бутрым, усё-ткі чарам егіпецкай прынцэсы паддаўся? — раздражнёна прагаварыў ён. Лёднік з неразуменнем паглядзеў на драгуна, потым у позірку доктара з’явілася злосць.
— Калі я стаўлюся да паненкі, як да роўнай, гэта не абавязкова з-за пажадлівасці, высакародны пан Вырвіч. Калі вы паглядаеце на бедную дзяўчыну, як на ніжэйшую істоту, дык мне дазвольце, як не шляхціцу па нараджэнні, быць іншай думкі. А думаю я, што Раіна Міхалішыўна таленавітая больш, чым усе вашыя князёўны, і адораная
— Вось добра, Бутрым, што нагадваеш час ад часу, што ты не шляхціц! — выгукнуў угневаны Пранціш. — А то я і з табой на роўных пачаў… Забыўся на тыя часы, калі ты мне ў ручку цалаваў!
Не гледзячы на зледзянелае аблічча доктара, Пранціш выбег з пакою… І хутка вакол яго былі адны дзюны. Вандроўныя выдмы, якія пахавалі пад сабою не аднаго занадта смелага ці неразважнага чалавека.
Вецер навяваў у валасы дробныя белыя пясчынкі, як быццам хацеў выветрыць з галавы злыя словы, якімі драгун узнагароджваў фанабэрыстага кмета з дыпломамі. Пранціша разрывалі і гнеў на сына гарбара, ягонага былога слугу, які разыгрывае рыцара перад прыгоннай актрыскай, і сорам за сябе… Таму што ясна было, што, разважыўшы і супакоіўшы свой «вогненны тэмперамент», як буркатаў прафесар, Вырвіч застанецца з сорамам і раскайваннем. Але цяпер так прыемна было пахадзіць між дзюнаў, пашкадаваць сябе… Чым Пранціш вінаваты, што нарадзіўся шляхціцам, а Міхалішыўна — дачкой простага збройніка, да таго ж бунтаўніка? Гэта ж Гасподзь учыніў так, што ён, падхаружы Вырвіч — мужчына, жаніх хоць куды, а яна — дзеўка, якая даўно страціла цноту.
Але цяпер пры думцы, колькі пажадлівых мужчынскіх рук дакраналіся да егіпецкай прынцэсы, Вырвіч адчуў не гідлівасць, а боль. І як бы нейкая думка паўтаралася: не вернеш… Нічога не вернеш… А што драгун хацеў вярнуць? Пабачыць трагічную прыгажосць Раіны некранутай, у сціплым дзявочым пакоі шляхецкай сядзібы, пад аховай высакародных бацькоў ды слугаў? Каб прасіць рукі, і лічыць пасаг, і мерацца радаводамі, і каб да вяселля — толькі сціплы пацалунак, скрадзены ў сенцах, пры развітанні, пакуль бацькі не бачаць, і марцыпаны на заручынах? Усё, што ён можа мець з Ганулькай Ціхнавецкай — але без п’янкой радасці, без трымцення, як лязо дамаскай шаблі трымціць, уторкнуўшыся ў сталешніцу піравальнага стала, прадказваючы, што зараз пральецца кроў.
Але ж, расказвалі, Пане Каханку ў маладосці так упадабаў адну прыгажуню-шляхцянку, дачку войскага, што не паглядзеў, што дзеўка радавітая, што ў яе жаніх — наехаў на маёнтак, звёз… Пасля, вядома, каяўся, адгаворваўся, што п’яны быў, што Валадковіч падбіў… Грошы велізарныя пакрыўджанай сям’і прапаноўваў, але позна было. Дзеўка ў манастыр сышла ад сораму. А з другой, дачкой уніяцкага святара, простай дзяўчынай, дужа хацеў ажаніцца — але маці не дазволіла. Не, няма ратунку ад чужой пажадлівасці ні ў хатах, ні ў палацах.
— Пан Вырвіч, што здарылася?
Па белым пяску імчала да яго танклявая постаць у чырвоным плашчы, чорныя доўгія валасы зблытваў вецер — вечны бясплённы заляцаннік.
І застаўся драгуну толькі сорам, які змусіў апусціць вочы і прамовіць:
— Няхай панна Раіна даруе мне, што не я за яе заступіўся.
Мора кідала свае хвалі на бераг так апантана, як прайграўшыся да кашулі гулец шпурляе на карчомны стол косткі: а раптам Фартуна! А ўдачы ўсё няма і няма…
Але ў празрыста-зялёных русалчыных вачах ззялі такія шчырыя здзіўленне, удзячнасць і нешта яшчэ, што Пранцішу стала яшчэ больш сорамна, бо не варты ён такіх пачуццяў… Успомніліся і суровыя словы Лёдніка, каб не гуляўся з Міхалішыўнай… Але ж яшчэ адзін пацалунак нічога не значыць, праўда? Ну толькі што галава круціцца, як ад ангельскага потэру, ды ад гарачых вуснаў не адарвацца…
А ў полi вярба Нахiлёная, Маладая дзяўчынонька Заручоная. Заручоная I запiтая… І пакуль яшчэ нікім Не пабітая…Перад боем асірыйцы заўсёды ўчынялі пір. Мачалі свае завітыя пад баранчыкаў бароды ў чашы віна. Кідалі вінаградзінкі за пазуху прыгожым прыслужніцам. Шпурлялі косткі ў паўлінаў, якія выдыгвалі на худых нагах паміж піравальнымі сталамі і не спяшаліся распраўляць хвасты, бо п’яныя асірыйцы — не птушыныя самкі, дзеля прывабы якіх і даводзіцца цягаць такі вось неверагодны стракаты веер на не самай зручнай частцы цела.
Напэўна, звычку застолля перад боем перанялі многія. Сапраўды, калі ведаеш, што хутка не зможаш атрымаць насалоды ні ад добрай ежы, ні ад пітва, ні ад паглядаў жаночых ласкавых — трэба ўсё пералічанае назапасіць, хай і не знясеш на той свет. Затое весялей будзе да Абрама на прывіднае піва выпраўляцца…
Але гэты развітальны стол цяжка было назваць пірам. Мусібыць, кухар тут быў беларускі, бо на стол патрапіла бацьвінне, з-за якога ляхі дражнілі ліцвінаў бацвіннікамі, наліснікі, панцак… Як за сялянскім сталом. А што зробіш — посны дзень. Затое віно было… Праўда, пакуль не разлітае па крышталёвых келіхах, чырванела сабе ў графіне з накрыўкай у выглядзе вінаграднай гронкі, магчыма, ужо атручанае. Пан Шрэдэр са светлай усмешкай працягнуў Лёдніку і Вырвічу па складзеным аркушы:
— Тут засведчана, што вашыя мосці выканалі ўзятыя на сябе абавязкі і могуць вяртацца і атрымліваць усё абяцанае. Шчаслівай навуковай працы на кафедры, доктар Лёднік! Шчаслівай вайсковай службы ў новым чыне, пан харужы Вырвіч!
Найміты з належнай пачцівасцю прынялі лісты, якія насамрэч каштавалі не болей, чым леташняе лісце. Шрэдэр кіўнуў Міхалішыўне:
— Цяпер можна і адзначыць завяршэнне нашага шляху. Няхай менавіта чароўныя рукі графіні Батысты разліюць гэтае віно, надаўшы яму болей смаку — думаю, такое паслабленне посту не будзе грахом, бо надта важлівая падстава.
Міхалішыўна зараз жа ўстала і разліла віно па крышталёвых келіхах. Старонні чалавек убачыў бы перад сабой толькі важную свецкую даму, багатую і ўпэўненую ў сабе, магчыма, жорсткую какетку. Граф Батыста сядзеў з самай крывой фізіяноміяй і намагаўся не глядзець на Лёдніка — італьянец ужо засведчыў сябе, як не самага смелага і спрактыкаванага ў вайсковай справе чалавека, і перададзеная пагроза доктара пра двубой пана трывожыла. Батыста, відаць, лічыў хвіліны, пакуль доктар і драгун не ўцякуць.
Вырвіч гадаў, што ж прыдумае Лёднік, каб не піць віно. А той пакруціў у доўгіх пальцах келіх, паглядзеў праз яго на агонь у каміне і нязмушана папытаўся Шрэдэра:
— Перш чым мы развітаемся, дарагі пан Якубе, хацелася б пачуць пра святую рэч, пра якую не пасуе мянціць п’янымі языкамі. Мой сябар, ягоная мосць Франтасій Вырвіч распавёў мне, як выглядае рэліквія, здабытая ў менскіх сутарэннях, і ў мяне з’явіліся такія-сякія меркаванні… Асабліва калі мой малады сябар па маёй просьбе намаляваў арнамент, які прыкрашае тую рэч. Гэта праца друідаў… Англія, дзевятае стагоддзе. Ці не так?