Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
Раптам нехта з гульцоў зароў, што ягоны партнёр такі ж махляр, як Рыгор Осцік, што фальшывыя манеты чаканіў, на расейскага цара шпегаваў і якому ў Вільні галаву адсеклі. У адказ пачулася лаянка, потым крык ад болю… Потым ляснулі дзверы, і крыкі сціхлі. А спявак усё выводзіў:
— А сіняе мора ўскалыхнулася, Прамудра царэўна ўлякнулася. Выплываець з мора паганы цмок, У яго з роту агонь валіць… Як зачуў Госпад да ўсю праўду, — А святы Юры,Спявак, мяркуючы па голасе, быў зусім малады, але голас ужо надтрэснуты, з тымі ноткамі вечнай скаргі ды нуды, якія з’яўляюцца ў голасе жабракоў і якіх не павінна быць у голасе таленавітых артыстаў — але, на жаль, на гэтай зямлі чуюцца…
Раптам песня абарвалася, бо голас кабеты, які загучаў, немагчыма было ні перапець, ні перакрычаць:
— Ой, вой мне, гора маё, каб пада мной зямля трэснула — не было тут ніякіх бандзюкаў! І не бачыла, і не чула! Каб мне дзетачак маіх не дагадаваць! І не пушчу нікога такога! Ды ў нас паважаная самая карчма, у нас пан Лапушынскі бывае, не грэбуе келіх выпіць! Самыя шаноўныя госці начуюць, а вы нас падазраеце невядома ў чым, каб з вас чорная юшка палілася, а галоўка мая гаротная, каб вас распрынзіла, каб вы жыватом ездзілі, а праз вушы вецер свістаў… Паелі ўсё, папілі, па свеце нас пусцілі, не заплаціўшы, ды яшчэ вінавацяць, што злачынцаў хаваем!
Гэты голас не пазнаць было нельга. Карчмарыха Майсеіха з Чорных Соснаў, якую яны з Лёднікам выкупілі ў пана Лапушынскага! Значыць, заехалі яны з Лёднікам якраз у ейную карчму, якая, аказваецца, носіць горды назоў «Парыж»…
— Паночкі мае, а літасцівыя мае, даруйце жоначцы, хворая яна… — дрыжачы танклявы голас належаў, пэўне ж, гаспадару карчмы.
— Каб вам на Крэўскі замак давялося каменне цягаць! — тут жа азваўся магутны «глас» карчмарыхі.
Гэткі гармідар доўжыўся яшчэ хвілінаў дзесяць, потым, відаць, жаўнеры не вытрымалі дзікай сумесі галашэнняў і праклёнаў і сышлі. У таемным ходзе пачуўся шолах, паказалася дачка карчмара, нагружаная, як на кірмаш. Паставіла на падлогу збанок піва, гаршчок, ад якога пахла нечым смачным, кінула на падлогу два кажухі, ад якіх патыхала цвілой скурай, але ў якасці коўдраў маглі паслужыць, а галоўнае — сухую вопратку.
— Няхай вашыя мосці тут пераначуюць, там два жаўнеры яшчэ засталіся, маці іх зараз напоіць добранька. Усю карчму перавярнулі, латругі, наваколле абшукалі, каб іх вантробы на плоце сохлі… — а карчмароўна, падобна, вырасце ў годную пераемніцу маткі. — Добра, што маці вас, пан доктар, угледзела, калі вы ў карчму зазірнулі. У матулі маёй вока, як у ахоўніка брамы нябёснай, — з гонарам паведаміла Майсееўна, яе цёмныя вочы глядзелі не па-дзявочы смела, а постаць была ганарлівай, як у царыцы амазонак. — А ранкам два кані будуць стаяць там, дзе мы з Іцкам вас перастрэлі.
— Дзякую, панна… Як, дарэчы, вас завуць? — папытаўся Лёднік.
— Я Рахель, ваша мосць. Але гэта мы мусім вам павек дзякаваць. Каб не вы — давялося б нам карчму прадаваць, каб матулю выкупіць з палону, і пайшлі б мы блукаць па свеце, гаротныя…
Галасіць ды бедаваць, падобна, панна Рахель магла, як і маці, не менш таленавіта, чым клясці.
— Папрасіў бы яшчэ панну прынесці хлеба з цвіллю і трошкі спірытусу — пан Вырвіч паранены…
Карчмароўна з годнасцю кіўнула галавой — сапраўдная гаспадыня, уладарка вар’яцкага карчомнага каралеўства:
— У нас аптэчка добрая… Прынясу, што ёсць — хай пан доктар выбірае. Зёлкі якія там, настоі…
А ў Вырвіча ўжо зліпаліся вочы, і ўсё цела ламала, як бы хтось па ім патаптаўся, і рана пульсавала балюча. Драгун асцярожна пакруціўся на кажуху, зручней прыстройваючы параненае плячо. Карчма наверсе заціхала, апошнія п’яныя мармытанні раставалі ў шуме дажджу. Як жа добра пасля небяспекі, холаду і стомы патрапіць у ахоўнае цяпло! Успомніліся словы Лёдніка, які казаў, што ніколі не трэба шкадаваць пра тое, што ўдалося камусь дапамагчы…
А наранку іх чакалі коні — ды не два, а чацвёра, з мяшкамі, набітымі неабходнымі ў дарозе прыпасамі. Хаця дарогі было, калі хутка ехаць, усяго суткі…
Але суткі тыя даліся ў знакі. Тройчы давялося збочваць у гушчар і перачыкваць, пакуль праедуць падазроныя атрады. Да прыдарожных корчмаў пад’язджаць баяліся. Лёднік трывожна паглядаў на драгуна, паіў мікстурамі, якія змог здабыць у карчме, нават зрабіў з дошчачак і бінтоў такую павязку, каб параненая рука найменш варушылася, і ўсё ўгаворваў параненага дзесьці застацца, а Пранціш лаяўся і выскаляўся, паказваючы, што драгуну такая рана — як камар укусіў.
У Вільню ўляцелі, як начніцы за імі гналіся, пад нядзельны святочны перазвон. На шчасце, ці ніхто не насмеліўся затрымаць знакамітага доктара, які водзіцца з дэманамі, і ягонага сябрука, зухаватага харужага, ці не паспелі сюды яшчэ паведаміць, што іх належыць затрымаць. Капыты звонка цокалі па мокрай брукаванцы, люд паспаліты раздражнёна шугаўся ўбакі — гоніць жа паноў у святую нядзельку некуды… Лёднік змэнчыўся ўвесь ад трывогі — ці не спазніліся? А Вырвіч думаў толькі пра тое, як не зваліцца з каня — бо рабілася млосна…
У Акадэмію доктар заляцеў, як чорны віхор, і адразу кінуўся ў кабінет да рэктара. Пранціш, абліваючыся потам, бег следам, перад вачыма мітусіліся залатыя пчолкі.
А ў калідорах і аўдыторыях пуста, як у каморы пасля каляднага карнавалу… Можа, зманіў Батыста?
Рэктара не было на месцы, знайшоўся толькі намеснік, паўнаваты ўсмешлівы пан, знаўца рыторыкі. Прарэктар, калі выслухаў упэцканага і знерваванага прафесара, збялеў, як варанае яйка.
— Яны там… У зале, дзе вы рабілі даклад… Пан Рысь, ксёндз Марэк… І студэнтаў з сотню, але ўсе правераныя, рэкамендаваныя! Што рабіць? Калі іх тут схопяць — Акадэмію могуць зачыніць!
За зашклёнымі дзверцамі шафы стаялі кнігі па юрыспрудэнцыі — не так даўно гэтую свецкую навуку ўпусцілі ў акадэмічныя муры.
— Вы лепш думайце пра лёс маладых людзей! — раўнуў Баўтрамей. — Іх жа перастраляюць, як куранятаў! А хто выжыве, пасадзяць — і хто быў, і хто не быў. Ключы ад маёй лабараторыі ў каго?
Прарэктар трошкі памарудзіў, потым моўчкі палез у шуфляду стала, пабразгаў там жалеззем і дастаў звязку розных ключоў памерам з добрую вінаградную гронку.
— Ваш — вось гэты, з самай доўгай бародкай… А ад сутарэнняў — з шышачкай…