Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
Падтрымліваць агонь у катле паставілі Ватмана — хаця ірваўся Лёднік, які па звычаі не жадаў прызнаць сябе пакалечаным і не самым дужым. Доктара ўсадзілі на скрыню з вуглём. Пранцысь і фурман Генрых прымасціліся з бакоў, там, дзе былі гарматы, іх паспелі ўсталяваць усяго восем. Між спінамі шкаляра і фурмана быў заціснуты бочачка з порахам і скрыня з ядрамі.
Агонь у топцы гудзеў, вада ў катле, які знаходзіўся звонку, закіпела, запахла распаленым жалезам, чарапаха выплюнула струмень пары…
— Шнэль! — гукнуў Пфальцман, тузануў падважнікі, крануліся з месца шатуны, як быццам перабірала нагамі вялізная жамяра. Закруціліся колы і колцы, ляскатнулі шчыты чарапахі,
Відаць, ляскат, які ўтварала чарапаха, пачулі звонку, таму што вароты ламаць перасталі.
— Франц, страляй! — загадаў Пфальцман, і Пранціш запаліў фіціль мініяцюрнай гарматы, якая знаходзілася ў спецыяльным жолабе наверсе, так што яе аддача не рабіла шкоды.
Ядро ўрэзалася ў створкі варот, і тыя разышліся, загайдаліся, як быццам таксама жадалі ўцячы…
А потым пачаўся мясцовы Апакаліпсіс.
Пра тую падзею сведкі доўгімі зімовымі вечарамі расказвалі сваім унукам і праўнукам, а тыя перадавалі далей. Расповед пра беларускага цмока-людажэра, з ноздраў якога ішоў чорны дым, набыў жаласлівы сюжэт, узбагаціў рэпертуар лірнікаў і дадаў адукаваным асобам скептыцызму наконт магчымасці выправіць міфалагічную свядомасць тутэйшага цёмнага люду з перажыткамі паганскага светапогляду.
Вядома, калі б радзівілаўскія слугі не разгубіліся, каб дзейнічалі, як належыць, шанцаў у маруднай машыны не было б. Але ўсе проста разбегліся са знаёмымі да зубнога болю крыкамі «Цмок! Цмок!». Тым больш цяпер чарапаха магла страляць ва ўсе бакі, а вось ейныя бліскучыя шчыты ніякія кулі не бралі. Вакол машыны віўся дым, які выглядаў бы яшчэ больш застрашліва, каб яго не прыбіваў зараз жа дождж, як рупная гаспадыня — заляцелую муху. А тут яшчэ да бурлівай бяседы далучыліся нябёсныя сілы — позняя навальніца спаслала на Слуцак цэлы крылаты гусарскі атрад маланак, і прысутныя ў двары Ніжняга замку неадменна ўвязалі гэтую з’яву з жалезнай пачварай.
Чарапаха з хуткасцю звычайнага мінака кіравалася ў бок брамы каля лазні, дзе быў апушчаны мост. Не, яго пачалі падымаць тыя, хто не страціў зусім галаву… Але пару стрэлаў з гарматы — і імпэт старанных вартаўнікоў растаў, як соль у юшцы.
Дзесьці стукаў малаток збройніка, абыякавага да мітусні чалавечай — майстар высноўваў чарговую прыладу для абароны ад смерці, дарагі кальчужны панцыр, які высакародны шляхціц зможа апрануць пад сармацкую чугу, перш чым ісці на сойм, што неадменна ў гэтай няшчаснай дзяржаве скончыцца сечай. А побач, у кузні, завіхаўся малаток каваля, які каваў чарговую прыладу смерці — шастапёр, булаву з вострымі рабрынамі, якая не зважыць на тонкі панцыр і шчыра пераламае рэбры шляхціцу ў сармацкай чузе, які прагаласуе не за таго кандыдата альбо скарыстаецца са свайго «ліберум вета» [13] і сарве сойм, як вяселле, з якога збегла нявеста.
13
Ліберум вета (liberum veto) — права кожнага шляхціца адмяніць рашэнне любога сойму альбо забараніць ягоную працу.
Дождж ліў, жалезная пачвара, дыхаючы агнём, з рэвам паўзла па Слуцку, месцічы зачынялі шыбы і чыталі малітвы. Пра тое, што робіцца ў князевым замку, даўно хадзілі самыя жудасныя чуткі, і калі адтуль выпаўз цмок, гэта нікога не здзівіла. Мяшчукі лёгка паверылі б і ў тое, што падобнае аблічча прыняў сам князь. Жаўнеры, павінныя выконваць свой доўг, цягнуліся за страшыдлам на бяспечнай
Машына набліжалася да рынку, зараз пустога — не таму, што гандляры збаяліся цмока і страляніны, не, слуцкіх гандляроў не напалохаў бы і дождж са смалы, калі б пры гэтым нехта, хоць рагаты, працягваў купляць агуркі і сала. Але ў такую залеву надзей на пакупнікоў не было, нават на русалачных. Хаця некалькі падводаў з бочкамі стаялі, ад іх за вярсту ішоў водар падгнілых селядцоў. Ватман унюхаў гэты пах здаля і крыкнуў Пфальцману:
— Гер як там цябе, твая калымажка можа пракаціцца сама па сабе хоць колькі сажэняў?
— У прынцыпе, можа… Калі распаліць добра рухавік, і я замацую рычаг… — пракрычаў у адказ Пфальцман.
— Тады ўвага, цывільныя! Зараз мы параўняемся з падводамі, на якіх стаяць бочкі. У бочках, міль пардон, не сусім свежыя селядцы. Па маім знаку прыадкрываецца шчыт з гэтага боку, усе выскокваюць, як пацукі з печкі… Хто можа незаўважна залезці ў бочку, лезе і ратуецца. Хто марудзіць, грэбуе ці баіцца — папярэджвайце адразу, але павінен сказаць, што вугаль усё роўна заканчваецца.
Натуральна, ніхто не прамовіў ні слова.
— Падмяні мяне трохі, зацыраваны, — папрасіў Ватман Лёдніка, прыпаў да адной са шчылін і свіснуў неяк асабліва.
— Ну, калі, сучыя дзеці, не выканалі загад і разбегліся, прыб’ю…
Свіснуў яшчэ раз… Нарэшце пачуўся свіст у адказ. З-за рынкавых прылаўкаў высунуліся пераляканыя фізіяноміі, недаверліва ўглядаючыся ў жалезнага цмока.
— Вырвіч, стрэльні добранька ва ўсе бакі, акрамя гэтага!
Густое воблака чорнага дыму на хвілю абкружыла чарапаху, пераследнікі пахаваліся. Нікога не здзівіла, калі падводы з бочкамі, што стаялі каля рынку, ашалелыя коні панеслі некуды на бакавую вулку. Чарапаха бадзёра прапаўзла яшчэ дзесяць сажняў і паволі спынілася, пагрозна выпускаючы клубы пару. Яе маленькія шматлікія колы-лапкі пагрозна застылі, нібыта рыхтуючыся да нястрымнага рыўка.
Пагоня стаілася. Чаго чакаць? Новых стрэлаў? А можа, у цмока зараз вырастуць крылы, высунецца галава на доўгай шыі і пачне плявацца агнём? Адукаваныя афіцэры справядліва меркавалі, што ўцекачы рыхтуюць нейкі подлы план па выкарыстанні таемнай смертаноснай зброі. Асабліва палохала, што калі па чарапасе зноў пачалі пастрэльваць, яна ў адказ маўчала.
Нехта прапанаваў павесці перамовы. Праклятым немцам-чараўнікам раілі пакінуць металёвае чэрава машыны і здацца, іначай… У адказ — цішыня. Тым часам прыкацілі дзве гарматы — Амальфею і Дамініку, адну нават знялі з галоўнай брамы. Яшчэ раз папярэдзілі бунтаўнікоў… Некаторыя нагадвалі, што князь нібыта загадаў не чапаць доктара-чарнакніжніка, але камендант Карлінг, раз’юшаны да ўскіпання мазгоў тым, што ягоны горад-крэпасць ледзь не здаўся ўласнаму постраху, хаця з жаўнераў любы пострах павінен быў быць даўно выбіты шпіцрутэнамі і муштрой, асабіста аддаў загад. І гарматныя ядры — сур’ёзныя, вялікія, не тое, што ў чарапахі,— паляцелі ў страшыдла. Недалёт, пералёт… На месцы, дзе нядаўна стаялі падводы, і замест часткі рынку ўтварылася яміна. Па сцяне суседняга дома прайшла трэшчына, як па сакавіцкім лёдзе. З наступнага стрэлу ўдалося патрапіць дакладна. Выбух атрымаўся выбітны, бо ў чарапасе ўтрымліваўся яшчэ добры запас пораху, а ў катле была пад ціскам пара. Узляцелі наверх дэталі, колы, колцы, рычагі… Рэшткі жалезнага дажджу случане яшчэ доўга збіралі на сваіх вуліцах, дахах і гародах. Знайсці такую цмокаву костку лічылася дрэннай прыкметай.