Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
— Да Палямона, кажаш? А я — сын маркітанткі! Нарадзіўся на полі бою, хрышчаны пад кулямі. Дваранства заслужыў шабляй. Ёсць у мяне і баронства — ад караля Густава, і шчэ пару ардэнкоў, якія ўмацоўваюць маю шляхецкую годнасць як сталёвае лязо, і нават замак у Сілезіі, дзе мяне гадоў сем чакаюць вернападданыя нявесты на права першай ночы. Герб мне намалявалі з грыфонамі. Але мне на гэта на…ць.
Лёднік адабральна хмыкнуў, і Пранцысь пакрыўджана адыйшоўся ад гэтых хамаў, якія не разумеюць высакародных гутарак.
Знізу падымаўся сівы туман, нібыта збіраўся штурмаваць Лысую гару. Цяпер можна было не баяцца, што іх вогнішча заўважаць. Лёднік ляжаў
Пранціш прысеў побач з Лёднікам.
— Доктар, табе лепей бліжэй да вагню. Непадалёк расце дуб, можна кары надраць… Ад запалення скуры заварыць. І галінкі асіны можна ўзяць… З хінінам… Ад гарачкі…
— Вывучыў, шкаляр, залічана, — Лёднік з цяжкасцю прысеў. — Давай, нясі… Яшчэ знайдзі смалы-жывіцы. І во-ось тых чырвоных ягадаў нарві. Усім прыдасца ад магчымай застуды.
Ватман пагардліва выгукнуў:
— Цывільныя! Жаўнер у снезе начуе і не застуджаецца.
— Яшчэ як застуджаецца, шаноўны, і колькі я ў такіх герояў у Прусіі ды Чэхіі адрэзаў адмарожаных рук ды ног — на воз не змясціліся б. Пілаваў і пілаваў, — не змаўчаў Лёднік.
Найміт ашчэрыўся, як звер:
— От я б зараз не адмовіўся ад добрага кавалка мяса.
Зрабіў застрашлівую паўзу, і дадаў супакаяльна-насмешна:
— Не, не чалавечага.
Зарагатаў, а потым ціха завёў прыемным хрыплаватым голасам мілую песню пра дзяўчыну, якая чакала з вайны свайго каханага, чакала, а той вярнуўся ў выглядзе прывіда і завёз яе з сабой у цёмную сырую магілу.
«— Ой, ці не страшна табе са мной?
— Ой, мне не страшна, мой герой!
— А косткі мае не надта грымяць?
— За пацалункам іх не чуваць!
— А хутка і вусны мае згніюць!
— А зубы ж не хутка выпадуць!».
Спіна Лёдніка, які зноў ляжаў ніцма, пачала трэсціся, як быццам ад ліхаманкі. Ён перавярнуўся і, не хаваючыся, зарагатаў, а потым пачаў падпяваць чорнавясёламу Герману:
«— А што, калі ўсё разваліцца?
— Тады з костак булён зварыцца!»
І Вырвіч зразумеў, што ўсё будзе добра.
А калі туман амаль дапоўз даверху, з ягонай прывіднай глыбіні пачуўся свіст. Уцекачы з’ехалі з гары, і да іх далучыліся пяцёра вершнікаў, у якіх знайшлася для вымачаных у селядцовым расоле новая вопратка. Атрымалі згаладалыя мужчыны і прыпасы ў дарогу. Пранціш проста седзячы ў сядле ўпіўся зубамі ў кавалак вяндліны.
— Рушылі! — скамандваў Ватман.
— Куды? — спытаўся, жуючы, Пранціш.
— У Менск, у кляштар бернардзінак!
І сэрца шкаляра забілася мацней: да Паланэйкі!
А Лёднік упарта закінуў галаву:
— Я нікуды не паеду без адной асобы!
Вершнік, невысокі, стройны, наблізіўся да яго ўшчыльную, прыўзняў белы твар з вялікімі вачыма і прамовіў няроўным ад радаснага хвалявання голасам:
— Думаю, гэта не праблема, мой бедны Фаўст!
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
ЯК ПРАНЦЫСЬ У ЖАНОЧЫМ МАНАСТЫРЫ ЖЫЎ
Гэтае лета было ў слаўным горадзе Менску не самым спакойным. Пане Каханку ўсю столь у зале Трыбуналу ў ратушы расстраляў, на рэшата. Потым ягоны амарат [14] пан Міхал Валадковіч горад на вушы паставіў, праходу панам радцам
Усе чакалі сечы, а любая шляхецкая звада адбівалася на месцічах самым сумным чынам. Трыбунальскі віцэ-маршалак Марыконі пакляўся, што прымусіць Валадковіча адказваць па законе за ўсе бясчынствы. А які закон можа быць для пана, без якога ўсемагутны Пане Каханку кроку ступіць не можа, у лоб цалуе і братам называе? Нясвіжскі ксёндз Аблачынскі, якога ледзь не святым парафіяне лічаць, вунь паспрабаваў быў у Марыінскім саборы буяша прысароміць, дык той яму праз тыдзень імшу сарваў. Прывёў на плошчу музыкаў, цыганоў з мядзведзямі і малпамі ды бочку віна выкаціў. Асабліва радаваліся навучэнцы езуіцкага калегіюму. Пранцішу тады ўдалося пабыць у натоўпе, скарыстацца з выбітнога відовішча і дармовага віна. Тады ён шчыра зайздросціў зуху Валадковічу і марыў стаць падобным да яго. Захацеў каму бізуноў даць — даў, захацеў пекную кабету памацаць — хай ейны муж церпіць… Сёння, успамінаючы шалёныя вочы Валадковіча і ягоны чырвоны, спіты твар — хаця пан быў яшчэ малады — Пранцысь не быў упэўнены, што гэта ягоны ідэал.
14
Амарат— сардэчны сябар, каханак.
З вокнаў кляштара бернардзінак добра бачыўся Марыінскі сабор з двума вежамі, якія ўпрыгожвалі два званы, адлітыя з велізарнага звона па імені Ян Салагуб, прывезенага з Караляўца і занадта вялікага для карыстання на мясцовай званіцы. Бачыўся і такі да болю знаёмы будынак езуіцкага калегіюму. Дзесьці там, у інтэрнаце-канвенце, засталася радавая шабля Вырвічаў, з выгравіраваным на дзяржальне Гіпацэнтаўрам. Лірнік пад вакном заспяваў баладу пра магутнага гетмана Радзівіла, чым, напэўна, параніў бы сэрцы высакародных прастаўнікоў роду Багінскіх, каб тыя лічылі вартым прыслухоўвацца да спяванняў нейкага жабрака:
— Радзівіл князь выязджае, Веліч нібы сонца ззяе Моц і слава зямлі літоўскай Па-над ім лятае. Моладзь і высока панства, Рыцары — Літвы ваярства, Коні рвуцца пад імі, чуюць вершнікаў штукарства.Пранціш пацягнуўся да вакна бліжэй… Толькі пры пані ігуменні асабліва па баках не пакруцішся. Маці Альжбэта, мажная і ўладная, сурова глядзела на гасцей, хаця й чаканых і добра аплочаных пляменнікам. Двое мужчын, да таго ж схізматыкаў, і кабета ў мужчынскай адзежы — у яе манастыры!
— Як хочаце, але ў келлях я іх пасяліць не магу! — строга сказала маці Альжбэта белагаловаму волату з перабітым носам, канфідэнту [15] ваяводы Багінскага.
— Але ж, цётачка, яго княская мосць мой пан брат дужа прасіў…—мілым галаском прамовіла маладзенькая паслушніца з троху кірпатым носікам, ружовымі вуснамі і гарэзнымі не як у мнішкі вачыма. — Яго княская мосць запэўнівае, што госці гэтыя вельмі важныя, і іх бяспека — справа нашага сямейнага гонару і…
15
Канфідэнт— давераная асоба.