Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
За гэты час, нягледзячы на строгі загад каменданта нікога не выпускаць з гораду, з Віленскай брамы выехалі тры паводы з бочкамі гнілых селядцоў, якія з княскае кухні былі адпраўленыя ў суседні маёнтак, на корм свінням. Магчыма, варта не ўбачыла нічога падазронага ў грузе, і не захацела, каб побач знаходзілася такое смярдзючае суседства, а магчыма, афіцэры былі падкупленыя… Але разбірацца пасля ніхто не стаў, таму што ўся гаворка ў горадзе ішла вакол гібелі жалезнай чарапахі і чарнакніжнікаў… І пра гнеў князя Гераніма на тых, хто гэта дапусціў.
А дзесьці сярод ліцвінскага восенькага лесу, на глухой палянцы, зарослай верасам, вельмі смярдзючыя
— Мартын, засталося што ад корму свінням? Давай сюды…
Дужы вусаты фурман паважна кіўнуў галавою, залез некуды пад калёсы, дастаў адтуль цяжкі скураны вацок, кінуў правадыру. Белагаловы ўзважыў вацок у руцэ:
— Дукатаў сто, сто дваццаць засталося. Здаецца, яшчэ колькі каменьчыкаў там павінна блытацца.
Перадаў немцу, чыя жонка ў перапэцканай сукенцы, з каптуром набакір тут жа кінулася прагна пералічваць манеты і разглядаць на святло дыяменты, якія сапраўды меліся ў мяшэчку.
— Гэта няшмат, — прамовіў белагаловы. — Але калі даедзеце да палацу князя Багінскага, будзьце пэўныя, вас узнагародзяць напоўніцу. Галоўнае, нідзе не называйцеся сапраўднымі імёнамі, прыдумайце сабе іншую гісторыю… Памятайце, што Пфальцманаў на свеце больш няма. А ўвогуле, радуйцеся, што выбраліся жывымі. Параіў бы вам замест зброі перайсці на музычныя машыны.
Да белагаловага падыйшоў высокі чарнавалосы чалавек з худым змрочным тварам, на фоне волата ён выглядаў нават вытанчана.
— Пан Ватман, Пфальцманы ад’язджаюць?
Найміт паціснуў плячыма.
— А нашто яны нам? Замінішча… Вунь фурманы адвязуць іх. А ў нас з вамі яшчэ шмат важлівага, доктар.
Блакітнавокі юнак з дзёрзкім тварам умяшаўся ў гаворку:
— Не забывайцеся, Ватман, што доктар — мой слуга! Без майго дазволу ён нічога рабіць не будзе!
— Ну што вы, як жа без вас… — белагаловы па-блазенску схіліўся. — Пакуль што выбірайце сабе па кані — не глядзіце, што яны ў мужыцкія вазы запрэжаныя, мы адбіралі самых хуткіх. І рушым…
— Куды? — пацікавіўся Лёднік.
— Пакуль што непадалёк. Менш пытаецеся — дольш жывяцё.
На паляне, зарослай верасам, валяліся там-сям гнілыя селядцы, нібыта іх прынёс дождж. Ватман, не звяртаючы ўвагі на фрау Эльзу, распрануўся да пояса, расцёр вадзяныя струмені па спаласаваным баявымі шнарамі целе, засмяяўся ад насалоды. Пранціш скептычна агледзеў свайго слугу, той, змрочны і напружаны, стаяў у сваім чорным камзоле, зашпіленым на ўсе гузікі да горла, тузануў яго за рукаў:
— Там ручаіна ёсць, за алешынамі, я пабываў. Вось кашуля і світка — фурман даў узамен маёй кашулькі, хоць салёнай, але з каруначкамі. Не строй з сябе стоіка Сянеку, ідзі, нармальна вымыйся і пераапраніся. Як ты сядзеў у расоле, са сваймі ранамі…
Лёднік дзіўна паглядзеў на Вырвіча, яго вусны здрыгануліся, узяў адзенне:
— Дзякую…
Нават не бурчэў. Пранціш паціснуў плячыма і падставіў твар дажджу: як жа добра жыць! Moliter vivit! Нават у раздрайную шалёную эпоху — а хто сказаў, што на гэтай зямлі здараюцца лягчэйшыя? Як добра быць ліцвінам і шляхціцам, і мець прыўкрасную даму, і шаблю, хоць і чужую, і герб Гіпацэнтаўр! І невыносна буркатлівага, неверагодна абазнанага і неверагодна мужнага Лёдніка побач…
Праз гадзіну тры вершнікі
— Доктар, бліжэй да мяне! — скамандваў Ватман. Лёднік пад’ехаў, спыніў каня побач.
— Глядзі ў той бок! — Ватман паказаў пальцам у накірунку кавалергардыі. І нават памахаў камусьці рукою, хаця з такой адлегласці ніхто ўбачыць іх не мог.
— Што цяпер? — ветліва папытаўся Лёднік.
— Цяпер — мы адпачываем, чакаем і не задаем пытанняў.
Ватман лёгка саскочыў з каня і пазяхнуў.
— Туман падымаецца… Гэта добра. Ну што стаіш, шчаўлік, ідзі навяжы коней, а потым вогнішча развядзі, пакуль дажджу няма! Умееш?
Пранціш хацеў абурыцца, бо шчаўлікам абазвалі менавіта яго, але Ватман быў дваранінам і вайскоўцам, а вайсковая навука змушае нават самых радавітых займацца бруднай справай. Кожны вой павінен умець зацыраваць бот, натачыць лязо шаблі, перавязаць рану. Гэта магнатаў, кшталту Пане Каханку, вывозяць у юнацтве на вайну, як на парад, разам з кухарамі, лёкаямі і шаўковымі намётамі. А вось Андрэй Рымша, чые творы вывучалі ў калегіюме, так пісаў пра вяртанне гетмана Крыштофа Радзівіла па мянушцы Пярун у лагер падчас Лівонскай вайны, калі ваявалі з маскавітамі:
Пан прыехаў — трасецца, як пячкур у меху, Што казацi — было тут пану не да смеху: Затушыў дождж кастрышчы, дровы не прасохлi, Ляжа ў адзеннi, да касцей прамоклы.А калі пераходзілі ліцвіны Мядзвежае балота, дык
Не пазнаць было, хто там гетман, хто паняты: У гразi ўсе таўклiся, быццам парасяты.Усё гэта вельмі падыходзіла да іх сённяшняга становішча, таму Вырвічу, які марыў пра вайсковую славу, не пасавала скардзіцца. Ён сапраўды на вайсковы погляд быў «шчаўлікам», якога трэба вучыць. Урэшце, пасля сутарэнняў слуцкага замку нават будан на вяршыні Лысай гары падаваўся райскім палацам.
Пакуль відно, можна набраць грыбоў, пашукаць якіх арэхаў… Яны з Лёднікам, прынамсі, так і рабілі калісьці. Але Пранцысь пабачыў, як нязломны доктар літаральна ўпаў на наваленае ў будане адсырэлае сена, і зразумеў, што лепей яго не турбаваць. Але зрабіў яшчэ дурней, бо пачаў цікавіцца радаводам гера Ватмана. На гэтую тэму любілі разважаць усе, бо шляхціц з маленства вывучваў свой радавод да драбніцаў, і часцей за ўсё можна было ў такіх размовах упэўніцца ў сваяцтве з чарговым «панам-братам» праз якога-небудзь згубленага ў вяках князя ці караля. Сам Вырвіч збіраўся пахваліцца, што галінкі ягонага радаводу цягнуцца аж да князя Палямона. Бацька Вырвіч увесь час паўтараў, што калі ляхі не мелі гербаў сваіх, ліцвіны ўжо шляхтай былі — ад старых рымлянаў. Але Ватман толькі пасміхнуўся: