Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
Хаця што ёй ягоная крыўда? Нікому ў свеце няма справы да Пранціша Вырвіча і ягоных пачуццяў! Што ж, героі Плутарха не чакалі спачуванняў, самі здабывалі павагу і імператарскую карону. Пранцысь Вырвіч знойдзе, як давесці сваім бліжнім, што з ім трэба лічыцца і цаніць яго!
РАЗДЗЕЛ ДВАНАДЦАТЫ
ЯК ПРАНЦЫСЬ ЛЁДНІКА ПРАДАВАЎ
Дзе б чалавек ні пасяліўся — найперш ён думае пра абарону і ўцёкі. Што ён робіць дзеля абароны — ведама ўсім, бо здалёк бачныя земляныя валы, каменныя муры і запоўненыя вадой ірвы. А што рыхтуецца для ўцёкаў — навакольным і не павінна быць бачна. І чым меней яны пра гэта ведаюць — тым надзейней шлях для адступлення.
Хаця ісці цераз пляц было не даўжэй, чым талерку клёцак з’есці, гасцей з базыльянскага кляштара вялі на сустрэчу з Міхалам Багінскім менавіта праз сутарэнні. Для ўсіх князь Багінскі быў у гэты час за мяжой, займаўся мастацтвамі. Вярнуўся ён у Рэч Паспалітую патаемна, і любы лішні пагляд мог яго таямніцу выкрыць.
Дзесьці ў гэтых сутарэннях, напэўна, і былі схаваныя падчас адступлення войска Пятра I скарбы езуітаў. Пётр у Паўночную вайну жыў у менскім езуіцкім калегіюме, яму дужа спадабалася зладжаная там сістэма навучання, выкладчыкаў нахвальваў і міласцівіў… Але калі ягонага саюзніка Аўгуста Моцнага шведы разбілі, як гліняны гаршчок, стаўленне перамянілася. Жаўнеры князя Шарамецьева пачалі перад адступленнем рабаваць горад, як захоплены. У храмы бессаромна ўлазілі, нават у Жоўтую царкву, не паглядзелі, што праваслаўная — братчыкі месцічаў склікалі, ледзь абаранілі свой храм. Вось тады айцы езуіты майно сваё ў сутарэннях і схавалі… Прыйшлі шведы, разгром давершылі, а потым яшчэ і чума заявілася — пошасць любіць крывавыя часы, калі яшчэ да яе прыходу страшнае жніво пачалося… І мніхі, што ведалі таямніцу скарбаў, загінулі.
Пранцысь з цікавасцю паглядаў па баках, гадаючы, за якім паваротам мог быць запаветны ход да скарбаў. Ватман трымаў ліхтар, які асвятляў нізкія вільготныя зводы і рабіў твары падобнымі да твараў мерцвякоў. Асабліва гэта тычылася Лёдніка, ягонае худое змрочнае аблічча дакладна магло напалохаць выпадковага мінака, калі б такія тут трапляліся, але шматлікія сустрэчныя пацукі баяліся толькі святла і шуму. Саламея Рэніч таксама здавалася незямным стварэннем. Бледны твар з вялізнымі адчайнымі вачыма і тонкімі рысамі, дасканала акрэсленыя вусны, гордая шыя, танклявая пастава… Пранцысь выпадкова заўважыў цікавую сцэну, якая адбылася, калі яны выходзілі з сутарэнняў па лесвіцы і Ватман прапускаў усіх наперад, падсвечваючы прыступкі ліхтаром. Калі паўз яго апошняй праходзіла панна Рэніч, прыціснуў яе да сябе і паўжартоўна прапанаваў:
— Выйдзеш за мяне, вядзьмарачка? У мяне замак у Сілезіі. Будзеш баранэсай. Маю жонку ніхто пальцам не зачапне, ні магнат, ні кароль, а чараў я не баюся.
Саламея акуратна выслізнула з мядзвежых абдоймаў:
— Ваша мосць жартуе… Якая з мяне баранэса? Я простая кабета.
— А ты падумай…
Добра, што Лёднік гэтага не чуў.
Падобна, яны апынуліся ў дольнай зале ратушы, відаць, і прызначанай для таемных сходаў — ніводнага вакна, цяжкія зводы, здавалася, ціснулі на самую душу. Свечкі спалохана міргалі, іх агеньчыкі цягнуліся да нябачнага праёму, нібы хацелі ўцячы.
Багінскі на гэты раз быў у сармацкім касцюме, даволі сціплым у параўнанні з параднымі, у якіх ён звычайна з’яўляўся. На ягоных грудзях матляўся залаты медальён, у якім, як казалі, знаходзіцца партрэт жонкі наследніка расійскага прастолу і пасмачка яе валасоў: Багінскі яшчэ не страціў надзею адцясніць шчаслівага суперніка па заваяванні сэрца будучай царыцы і працягваў на ўсялякі выпадак удаваць палка закаханага.
Князь Міхал абняўся з малодшай сястрой, пажартаваў над ейным манаскім выглядам, паабяцаў, што хутка верне яе да свецкага жыцця, пры добрых паводзінах, зразумела, і ўсеўся за цяжкі дубовы стол, упрыгожаны разьбой у выглядзе скрыжаваных мячоў. Побач з ім уладкаваўся
— Я выканаю, што абяцала ягонае княскае мосці, — ціха прамовіла палачанка ў адказ на бязмоўныя запытальныя позіркі.—Але абяцаць нічога пэўна не магу. Бо месцы небяспечныя, можна загінуць.
— З табой пойдзе ён, — Міхал Багінскі кіўнуў на Ватмана. Герман шырока ўсміхнуўся, ягоная ўмешка мала каму дадала б весялосці.— Магу паслаць і лепшых жаўнераў, колькі кажаш. А твой жаніх цябе тут пачакае.
— Са мной павінен пайсці чалавек, звязаны са мной крывёй і еднасцю душаў. Іначай не атрымаецца. Сутарэнні не дазволяць мне прывесці чужога чалавека, — цвёрда прамовіла Саламея.
Багінскі і Марыконі перазірнуліся, а Алена з Багінскіх раздражнёна нахмурылася, полацкая Сільфіда ёй відавочна не падабалася.
— Ты хочаш сказаць, трэба знайсці якога твайго сваяка? — удакладніла княгіня Алена.
— Або справа пра які-небудзь вядзьмарскі рытуал? — падазрона папыталася маці Альжбэта.
— Не абавязкова сваяка, — Саламея пачырванела, але працягвала гаварыць. — Паколькі Гасподзь сказаў пра мужа і жонку, што двое будуць адзінай плоццю… Са мной пойдзе доктар Баўтрамей Лёднік.
— Але ж ён пакуль не муж табе, — сярдзіта прамовіла пані Альжбэта. Панна Рэніч на хвілю апуціла вочы, але зноў смела працягвала:
— Перад небам і людзьмі — муж. Дэ факта… Няхай і не дэ юрэ.
Ватман злосна прыжмурыўся, але тут жа ўдавана весела зарагатаў:
— Ну, доктар, ну, пройда…
Лёднік стаяў, як бы гэта яго не тычылася, увесь такі годны і важны. Паланэя спрабавала схаваць усмешку, прыкрываючыся рукавом. Маці Альжбэта пачала гучна абурацца, што распуста пранікла ў святыя сцены, і гэта трэба жорстка караць, але Міхал Багінскі ветліва перапыніў яе сваім мяккім голасам:
— Прабачце, пані-маці Альжбэта, маральнасць — гэта важна, але мне здаецца, для нас важней зараз абмеркаваць зусім іншае… За рэліквіяй пойдуць, як я разумею, панна Рэніч і ейны амарат, але Ватман таксама. Як, Ватман?
— Ды няхай сабе ідуць удваіх, — адказаў найміт з крывой усмешкай. — Не праблема, ваша мосць… Калі я пайду следам.
— Узнагарода будзе вам самая шчодрая, — запэўніў князь Багінскі.
— Няхай ваша княская мосць і ўсе прысутныя высокія госці даруюць, але дазвольце нагадаць пра адну акалічнасць, — Пранцысь ледзь дацярпеў, каб не ўмяшацца раней. — Справа ў тым, што гэты Лёднік не ёсць вольным чалавекам і не можа распараджацца сабою па сваім угледжанні. Ён мой пажыццёвы слуга, які прадаў сябе за даўгі.
Пранцысь падаў у рукі князю з самым свецкім паклонам паперу ад Агалінскага, і ўрачыста прамовіў фразу, якая змушала ягонае сэрца пераможна біцца.
— Доктар — мая маёмасць!
Багінскі прабег вачыма паперу і перадаў Марыконі, які пачаў уважліва яе вывучаць. Лёднік утаропіўся некуды перад сабой адсутным позіркам, Саламея сціснула рукі, быццам ёй стала холадна.
— Маёмасць шляхціца — справа святая, — прамовіў Багінскі.—Але я гатовы купіць у пана Вырвіча ягонага слугу за любую суму, якая яго ўсцешыць.