Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
Калі Пранціш патлумачыў, што прыйшоў па сваю шаблю, Міхась задумаўся.
— Няйначай яна ў рэктара ў кабінеце. Ёсць там такі куфар, куды сканфіскаванае ды ахвяраванае трапляе… Калі ў Шастовіча нож забралі за тое, што парту зрэзаў, ён дакладна бачыў, што айцец Рамановіч паклаў яго туды.
— Ведаю той куфар, — задуменна прамовіў Пранцысь.
— Але на ім замок…
— Гэта не перашкода! — запэўніў Вырвіч, навучаны Лёднікам адчыняць любы замок шпількай усляпую. — Пойдзеш са мной?
— А то! — пасміхнуўся Міцкевіч. — Усё жыццё марыў
Ноччу прыстойным людзям, якія не абцяжараныя вызваленнем радавых шабляў, належыць спаць. Ноччу ніякая навучальная ўстанова працаваць не павінна, калі там не рыхтуюць вупыроў альбо ваўкалакаў.
Але калі Пранцысь і Міхась прабраліся цёмным калідорам да кабінета рэктара, пана Рамуальда Вайніловіча, з-пад дзвярэй прабівалася палоска святла. Пранціш прыслухаўся: ціха. Зазірнуў у адтуліну для ключа: пуста, далібог, пуста! А свечка гарыць, абгарэлы кнот нахіліўся, як п’яны. Нібыта нехта выйшаў на хвілю і зараз вернецца, альбо нябачныя духі ў пакоі балююць. Але айцоў-езуітаў духі павінны баяцца, таму…
— Давай хутчэй, я павартую! — шапнуў Міцкевіч, і Пранціш тузануў дзверы, якія аказаліся адчыненымі. Замок на куфры, вялізным, як човен, ён прыкончыў за пару імгненняў — не тое што на назе Сільфіды ў Слуцкім замку, засталося радавацца, што ў кабінеце светла — бо сярод наваленнага ў куфры дабра сваю шаблю ў цемры ён бы да раніцы шукаў… Там былі складзеныя дылеі і жупаны, срэбныя кубкі і падбітыя футрам кунтушы, кінжалы і куфэрачкі…
Вось ён, Гіпацэнтаўр! Пранціш пацалаваў з дзяцінства знаёмае лязо, надзеў на сябе перавязь з похвамі са скуры вугра…
— Ідуць! — трывожна шапнуў Міцкевіч, і шкаляры замітусіліся, як печкуры ў нераце. На калідоры ўжо чуліся нечыя крокі, таму рэтыравацца не атрымлівалася… Куды схавацца? Міцкевіч першы нырнуў у куфар, за ім сунуўся Пранціш, шчыра спадзеючыся, што ў прыцемку ніхто не зважыць на адчынены замок куфра, і што грымучыя прадметы іх прысутнасці не выдадуць. Нешта цвёрдае адразу ўпілося Пранцішу ў бок…
— Сюды, пан Марыконі!
У кабінет, мяркуючы па галасах, зайшлі трое.
— Дзякую, пан рэктар, што падтрымалі нашыя памкненні дабіцца справядлівасці.
Гэта гаварыў Марыконі.
— Як служка Божы, я не магу пакінуць грэх беспакаранным. Асабліва пасля гісторыі са святым айцом Аблачынскім… — у голасе заўжды вытрыманага рэктара Рамуальда Вайніловіча чуўся гнеў.—Святы айцец дасюль адысці не можа ад ганьбы.
— А вы чулі, што Валадковіч яшчэ і айцоў францысканцаў разагнаў, калі тыя ішлі са святымі сакрамэнтамі і з труною па нябожчыка? А музыкаў прымусіў ісці з ім на гаўптвахту, дзе сядзеў ягоны сябар, такі ж разбойнік, і граць полечкі…
— Чуў, пан Длускі…—змрочна прагаварыў рэктар. — І лічу, што гэтыя злачынствы трэба спыніць.
Длускі быў адным з радцаў магістрату [17] , і Пранцысь зразумеў, што яны прысутнічаюць пры змове супраць Міхала Валадковіча, сябрука Пане Каханку.
Нешта яшчэ больш балюча ўпілося ў бок шкаляра, і Пранцысь пачаў успамінаць гісторыю пра спартанскага хлопчыка, які, каб не зварухнуцца ў прысутнасці старэйшых, цярпеў, пакуль схаванае пад кашуляй лісяня выядала яму вантробы. А між тым змоўшчыкі ажно трэсліся ад нянавісці.
17
Магістрат— гарадская рада.
— Ён бязбожнік! Гэта дакладна! Проста ў зале суда выкрыкваў страшэнныя блюзнерствы… А тое, што ён святое распяцце рассек! — крычаў з нянавісцю Марыконі.—Гэта страшней, чым рассечаная рука пана Длускага…
— І гэта праўда, панове… — зазначыў Вайніловіч. — Але мы нічога не можам зрабіць, як не змаглі асудзіць ягонага брата Юзафа за здратаванне шляхціца Яцыны. Пан Міхал выбраны скарбнікам Трыбуналу… Паводле закону за рассечаную руку ён можа адліць для пана Длускага срэбную руку, а за блюзнерства — хіба што тры месяцы вежы. І тое сумняюся, што ён іх адседзіць.
— Менская шляхта — за нас! — Длускі ледзь не дыхаў агнём, як слуцкі цмок. — У Быхаве, Варшаве, Вільні, Гародні — паўсюль ёсць людзі, якім радзівілаўскія бясчынствы ў горле пераселі. Полк Масальскага нас падтрымае! Галоўнае — не адступаць! Асудзіць паскудніка на горла! І адразу ж — расстраляць.
— Дык ён на суд не з’явіцца… — засумняваўся Вайніловіч. — У горад прыехаў радзівілаўскі найміт, суддзя Юдыцкі, жыве ў праклятым доме на Падгорнай, а шпегаў рассылае ад Татарскага канца да Залатой горкі. Вынюхаюць, папярэдзяць разбойніка, каб не прыязджаў.
— З’явіцца! — запэўніў Длускі. —Валадковіч даводзіць, што нікога і нічога не баіцца. Ягоны гаспадар расказаў чарговую байку, як з чортам біўся і перамог, дык гэты блюзнер цяпер, напіўшыся, бегае па могілках і выклікае нячыстую сілу на двубой. Вось бы Госпад папусціў, каб яна яму з’явілася ды скруціла паганую шыю! Не, панове, Валадковіч прыйдзе ў суд, нават калі дакладна будзе ведаць, што яго збіраюцца страціць. Нават яшчэ вярней з’явіцца — каб даказаць сваё бясстрашша і ўсемагутнасць. Тады — ніякай літасці! Законы не для такіх, як ён. Пасля каляднага карнавалу і абвесцім суд!
— А што зробіць з намі пасля ягамосць Караль Радзівіл? — асцярожна папытаўся Вайніловіч. Марыконі раззлавана фыркнуў:
— Радзівілы таксама не ўсемагутныя. Прыйдзе сіла і на іх!
— Вось як… — працягнуў Вайніловіч. — Чуў я, што хутка на Беларусі з’явіцца адна святыня… дужа магутная… І аб’явіцца яна ў руках наступнага караля, якога ніхто не пераможа. І гэта, магчыма, будзе не Радзівіл. Вы нічога не чулі пра гэтую святыню?
Голас рэктара гучаў мякка, як быццам ён асцярожна раскладаў сіло са слоў.