Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
— Ваша мосць, куды вас паранілі?
Да Радзівіла беглі, падымалі, ратавалі… Пранціш падхапіў Лёдніка, які ўжо валіўся з ног, дапамог апусціцца на брукаванку. Доктар, і без таго не смуглявы, зараз быў белы, як новая папера, і ўвесь у крыві. «Нічога, ён жывучы…» — круцілася ў галаве Пранціша.
— Ды адкасніцеся, я нармальна… Вунь таму дзецюку памажыце, — гэта раўнуў гетман, і да Лёдніка адразу павярнуліся, падбеглі, пачалі перавязваць раны.
Раптам пачуўся страшны свіст і конскі тупат. Вершнікі з крыламі за спінай, у якіх з жудкім выццём біўся вецер, у апераных шлемах пранесліся
— Ваша мосць, гусары з’явіліся! — узрадвана крыкнуў нехта. — Маскоўцы бягуць!
Цяпер кроў на снезе здавалася чорнай. Дый стапталі збольшага той снег, агаліўшы брукаванку, а з камянёў — што ўзяць? Колькі па іх прайшло ўжо мінакоў, праехала калёс, колькі на іх памерла народу, не пакінуўшы следу. І наступныя пакаленні будуць хадзіць па гэтай брукаванцы, не падазраючы, што праходзяць па месцу чыёйсці смерці.
Казімір Радзівіл Рыбанька падыйшоў да Лёдніка, той з дапамогай Пранціша так-сяк узняўся.
— Назавіся, хто такі, — уладна загадаў гетман.
— Баўтрамей Лёднік, доктар, сын полацкага мяшчука Гаўрылы Лёдніка, — прахрыпеў той.
— Значыць, не шляхціц… — задумліва прамовіў гетман.
— Ваша мосць, яму далі патэнт на шляхецтва! Яго мосць князь Багінскі…— улез Пранціш. Гетман перавёў на шкаляра цяжкі позірк.
— Патэнты гэтыя — цьху, ганьба! Нічога яны не значаць. Я б такіх новых шляхціцаў у балаган адпраўляў, замест медзвядзёў. А ты хто ёсць?
— Пранціш Вырвіч з Падняводдзя, герба Гіпацэнтаўр! — Пранціш падпёр плячом Лёдніка, які так і мерыўся зваліцца, а зараз гэта было недарэчы.
— Чарнакніжнікі абодва? — са змрочнай насмешкай папытаўся Радзівіл.
— Гэта паклёп, ваша мосць! — горача запэўніў Пранціш. — Мы абодва добрыя хрысціяне, доктар нават адмовіўся гараскопы складаць, каб гаданнем не грашыць! Ну скажы, што так, Бутрым!
Вакол пачалі збірацца ацалелыя людзі, нехта крычаў «Віват!», «Перамога!».
Гетман дастаў з похваў свой палаш і звярнуўся да доктара:
— Значыць, так, рыбанька. Патэнт свой можаш парваць і выкінуць, гонару ён табе не дасць. Бо набілітацыю можа ўчыніць альбо Трыбунал, альбо вялікі гетман на полі бітвы за выбітны подзвіг. Вось другі прэцэдэнт і маем перад сабой. Так, панове?
Навакольныя ўхвальна загулі.
— Вы ўсе бачылі, як гэты ваяр выратаваў жыццё вялікага гетмана, і як біўся, не шкадуючы сябе, з надзвычайным майстэрствам і мужнасцю. Давай, рыбанька, на калені станавіся…
Лёднік упаў на калені, не ад таго, што спяшаўся выканаць загад, а ад слабасці. Гетман ударыў яго палашом па плячы:
— Пасвячаю цябе, Бутрым Лёднік, у рыцары… Ды патрымайце хтось дзецюка, каб не дзюбнуўся. Пояс падайце… Абвяжыце яго. Вазьмі гэтую шаблю, цалуй яе і кляніся, што будзеш да скону служыць сваёй радзіме, свайму каралю і свайму пану, і без жалю аддасі жыццё за Айчыну. Дару табе і тваім нашчадкам вёску Караблі, і валодаць табе і тваім нашчадкам адгэтуль гербам «Кораб»… І яшчэ тысячу дукатаў даю на гаспадарку. Дарчую падрыхтуйце шаноўнаму пану…
Пранціш не столькі сачыў за абрадам, колькі глядзеў, каб доктар не паваліўся, сапсаваўшы ўрачыстасць. Але доктар вытрымаў усё ажно да таго моманту, як шляхта пачала крычаць «Віват пану Лёдніку»! Вось
— Адважны вой! Як шабляй валодае! Ніколі такога не бачыў. Ну, калі памрэ — дык пахаваем, як шляхціца.
І рушыў сабе далей.
Пранціш паклікаў двух янычараў, доктара паклалі на чыйсьці плашч і панеслі да дому Рэнічаў. Месца знайшлося ў пераплётнай майстэрні, якая была побач з домам. Тут таксама пабывалі жаўнеры, пра што сведчыла стаптаная падлога і перавернутыя верстакі.
Непрытомнага Лёдніка паклалі на лаву. Пранціш паслаў нейкага паштовага па ваду, і калі той прынёс вядро, абцёр твар параненага мокрай анучай. Доктар уздыхнуў, расплюшчыў налітыя крывёй вочы.
— Вады…
Напоены доктар знайшоў сілы прыўзняцца і агледзець пакой.
— Дзе Саламея? Дзе ўсе?
— Пра пані Лёднік не ведаю. А ўсе — там, на вуліцы, чуеш, равуць, віно п’юць у гонар вікторыі. Ты хоць памятаеш, што ты цяпер не толькі двойчы доктар, але і двойчы шляхціц? І цяпер тваё шляхецтва ніхто не аспрэчыць! Да таго ж, ты багацей за мяне на цэлую вёску. Шчаслівы канец, пан Лёднік!
На двары сапраўды раўлі пераможныя песні:
— Гой-гой, вайна рыхла, покуль сціхла, Распачаці святкаваці! Келіх пенна піва, Піва яно жыва! Гой-гой, ад суседа няхай беда, Выпі ныне — хвора згіне, Ліся, піва, ныне Ў шчаслівай гадзіне!Двойчы шляхціц зноў зняможана ўлёгся.
— Гэта толькі пачатак, хлопча. Нічога яшчэ не скончана, і будзе яшчэ горш, пакуль…
Раптам дом скалануўся… Ды што там — свет скалануўся, і што яшчэ не пападала з паліцаў — то ўпала. Пранціш кінуўся да вакна, але праз маленькія слюдзяныя шкельцы нічога не было відно. Гарматы, ці што? Лёднік сеў:
— Выбухнула пад зямлёй… Там, дзе пограб… Памажы, трэба паглядзець!
На вуліцы рабілася немаведама што. Зноў чуліся крыкі магнатаў, асабліва выразна — тонкі голас Аляксандра Сапегі, які быццам абурана сцябаў паветра:
— Злодзеі! Дзе рамфея?
Пранціш схапіў за крысо радзівілаўскага ад’ютанта, юнака з чырванаватым носам і пышнымі светлымі вусамі, які напэўна ж быў не апошні піток на знакамітых нясвіжскіх балях:
— Пане-браце, што адбылося?
Той махнуў рукой:
— Ды паны замкнулі ў пакоі нейкую дзеўку, а яна знікла, ды яшчэ скрала нешта. Вось цяпер шукаюць.
Пранціш і Лёднік пакульгалі да пограбу, які хаваў уваход у сутарэнні. У вакне дома Лейбы мігцела свечка, і Пранціш уявіў, як стары аптэкар пералякаўся за апошні дзень, і што перажывае ён цяпер, не ведаючы, можа, пара ўцякаць альбо ўжо і бескарысна ўцякаць. Перад пограбам зноў сабраліся магнаты, якія падазрона паглядалі адзін на аднаго. І айцец езуіт зноў быў тут як тут. Побач з ім узмахвала рукамі захутаная ў футра княгіня Алена з Багінскіх, і нават Герман Ватман стаяў сабе скалой, адпіваючы з велізарнага кубка віно.