Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
— Бяры паходню… Рушым! Хутчэй!
У зале Надзеі іх чакала страшнае відовішча. Саламея стаяла на вузкай дарожцы, трымаючы руку з рамфеяй над прорвай. Перад ёй, на адлегласці трох крокаў, высіўся Ватман з шабляй, якая цягнулася да жанчыны, як гадзюка.
— Падыдзеш — кіну ўніз! — цвёрдым, хаця й задыханым голасам гаварыла Саламея. Лёднік таксама ступіў на чырванаватыя пліты.
— Ватман, суніміся! Давай дамаўляцца — я ж бачу, ты можа ўпершыню ў жыцці не хочаш забіваць!
— Мала што не хачу, ёсць такое слова — трэба! — змрочна прагаварыў Ватман. — А ты, доктар, проста як блыха: здаецца, прыціснуў пазногцем, раздушыў — на табе, далей скача.
— Паслухай, ну ўяві, што будзе, калі гэтая рэліквія апынецца ў руках нават такога мяккага чалавека, як князь Багінскі… Хіба ёсць магнат, які не скарыстаецца ёю на карысць свайго самалюбства? Зноў пачнуць свае ж рэзаць сваіх, далучацца чужыя, спаляць гарады, вытапчуць палі…—Лёднік казаў мякка, павучальна… Як быццам падчас душэўнай бяседы. І патрошку пасоўваўся наперад.
— А табе што да гэтага, Фаўст? — насмешна папытаўся Ватман. — Хто ты такі? Недавершаны астролаг, няўдалы алхімік, недапечаны шляхцюк? Ці даўно цябе прадавалі, як цяля на рынку? Ці даўно гэты баявіты хлопчык аб цябе боты выціраў? І раптам — дзяржаўны клопат. Ой, не веру. Гэта ты перад каханачкай сваёй вырабляешся. Быццам не ведаеш, што і без рамфеі тут будуць рэзаць адзін аднаго. А так хаця б адзін мацнейшы ўладар утворыцца, вакол якога згуртуецца шляхта. І не рухайся далей, я ўсё бачу.
Лёднік спыніў сваё прасоўванне па дарожцы. Аблічча ў Ватмана было страшнае, як на старажытнай ілюстрацыі да «Бестыярыя». Яму таксама дасталося: галава і твар збітыя кнігамі, на баку неглыбокая, але ж рана, адзежа пашкуматаная лёзамі. Але ён усё яшчэ быў неверагодна дужы і спрытны, здавалася, аб яго можна толькі разбіцца.
— Пан Ватман, я выклікаю вас на двубой! — выкрыкнуў Пранціш. — Вы — нягоднік і мужык! Калі адмовіцеся — вам ганьба!
— Ганьбай больш, ганьбай менш, а нябожчыкі не пляткараць, — абыякава прамовіў Ватман, нават не азірнуўшыся, і пасунуўся да Саламеі.
— Красунечка мая, аддай дзіду! Хіба ты не баішся, што за гэткае вольнае абыходжанне са святой рэччу Бог цябе пакарае?
— Бог бачыць мае намеры! Не падыходзь! — прагаварыла Саламея і адступіла далей. Ясна было, што бойка на гэтым мастку над прорвай, дзе дваім ніяк не разысціся — праўдзівая смерць. Вырвіч паклаў паходню на край пліты, падыйшоў да Лёдніка, які застыў на сцежцы, крануў за плячо, зашаптаў:
— Ты паранены… А я змагу! Падскочу да яго са спіны… Прапусці!
Ватман, не гледзячы, працягнуў у бок доктара і шкаляра руку з чаканам, у той час, як шабля ў другой руцэ па ранейшаму цэлілася да Саламеі:
— Нават не думайце!
Шкаляру стала вусцішна: няўжо Ватман яшчэ і слых звярыны мае?
Саламея зрабіла яшчэ крок, адступаючы спінай да выхаду… Ватман засунуў чакан за пояс, сціснуў і расціснуў прабітую сцілом руку… А далей зноў было, як падчас начной навальніцы, калі ў святле частых маланак паспяваеш разгледзець толькі асобныя малюнкі, якія не адразу складаюцца ў адзін сюжэт. Найміт кінуўся да жанчыны, спадзеючыся перахапіць рамфею… Але пані Лёднік вельмі трапным, можна сказаць, адпрацаваным рухам, дала яму нагой у тое месца, у якое мужчыне страшней за ўсё атрымаць удар. Прынамсі, у гэтым белавалосы нічым не адрозніваўся ад іншых прадстаўнікоў люду паспалітага, якія паводле закону носяць нагавіцы, бо завыў ад болю і сагнуўся, а яшчэ раз’ятрыўся… А Саламея з крыкам «Прабач, Госпадзе!» расціснула пальцы. Ватман памкнуўся ўхапіць рамфею — і атрымаў ад Чароўнай Дамы такога выспятка ў яшчэ адно не самае прыстойнае месца, што паляцеў услед за рэліквіяй. Нават не ўскрыкнуў.
Здарылася тое, чаго яны так баяліся апошнім часам: панаванне цемры. Страшной, усемагутнай цемры сутарэнняў.
Цемра… І ціша. Толькі чуліся сутаргавыя ўздыхі Саламеі.
— Залфейка, ты як? — трывожна папытаўся Лёднік сцішаным голасам, нібыта баяўся, што на шум прыйдуць новыя белавалосыя, а можа й чарнявыя альбо лысыя Мінатаўры, не такія паблажлівыя, як іх нядаўні спадарожнік.
— Жывая. У адрозненне ад… Крэсіва не згубіў? Тут побач паходні.
— Чакай, зараз я падыйду… Дакладней падпаўзу. Вырвіч, а ты з месца не ўздумай кранацца, пакуль святло не здабудзем!
Калі паходня нарэшце запалала, вандроўнікі ўбачылі адно аднаго. Вядома, наяўнасць у свеце жывых радавала. Знешні выгляд — не вельмі. Асабліва па традыцыі дасталося Лёдніку — відаць, сапраўды планіда ў яго такая была.
Перш, чым пакінуць залу — цяпер яны выходзілі, як і належала чыстым сэрцам паломнікам, з пустымі рукамі — Саламея падыйшла да края пліты і паўзіралася ў прорву, у якой знік Ватман.
Толькі падняўшыся па прыступках у залу Веры і пачуўшы, як за іх спінай з грукатам і скрыгатам апускаецца сцяна, яны трохі перадыхнулі. Лёднік знясілена лёг на падлогу, прамармытаўшы сваё ўлюбёнае «не кароста, дык адзёр». І Саламея зноў узялася за лекаванне лекара. Перацягнула яму зламаныя рэбры паласой, ададранай ад кашулі, памацала плячо, на якое таксама абрынулася зброя Ватмана — тут косткі былі цэлыя, хаця сіняк наліваўся здаравучы. Доктар запэўніў устрывожаную жонку, што выжыве… Калі, вядома, не атрымае ад яе ў будучым такіх удараў у адчувальныя месцы, якія яна, аказваецца, так дасканала ўмее наносіць.
Каб галава ў яго і так не была разбітая, Саламея паказала б, па якім яшчэ слабым месцы ўмее лупіць недалікатных мужыкоў. Бо забойства — не самая лёгкая ношка для душы, не звыклай купацца ў крыві. Тут не да жарцікаў.
Яны ўтрох сядзелі на каменнай падлозе, глядзелі на фрэску з выявай Страшнага Суда, у прыцемку здавалася, што выявы варушацца, і вочы Вялікага Суддзі паглядаюць проста ў душу… І Пранцішу не хацелася нават думаць, што рабіць далей. Бо выйсця асабліва і не бачылася.
— Доктар, а клубок згарэў…
— Няважна, — прамармытаў Лёднік, які ўладкаваў пабітую галаву на калені Саламеі і цяпер цешыўся дотыкам яе прахалодных пальцаў да свайго вучонага ілба. — Я дарогу памятаю, не цяжэй, чым запомніць размяшчэнне сузор’яў. Але вось ці варта нам ёю вяртацца?
Пранціш не ведаў, што адказаць. Ён глядзеў на выявы грэшнікаў, што ішлі ў вогненнае мора, хаця, напэўна, кожны з іх пры жыцці зусім не спадзяваўся на такі вырак, а хтось і не задумваўся пра лёс сваёй бессмяротнай душы. А можа, былі і такія вартыя жалю дзівакі, якія ганарліва наяўнасць тае самае душы, «бесцялеснае субстанцыі», адмаўлялі, выдумляючы «жывёльны магнетызм» альбо «сусветную механіку». І вось вам — анёл з вогненным мечам… І не ўцячы, і не прыпыніцца.
І не атрымае цяпер Паланэя Багінская з рук свайго вернага рыцара Пранціша Вырвіча рамфею, і не стане сястрой караля, блаславёнага самім Небам…
Але святыня засталася ў Полацку. Назаўсёды…
— Трэба ісці, пакуль не дагарэлі апошнія паходні і свечкі. У нас жа няма такіх вачэй, як у Ватмана… — прамармытаў Лёднік. — І вады няма… І ежы…
— Куды ж нам ісці? — ціха прагаварыла Саламея. — Пашукаць хіба іншыя выхады з лабірынту? Але каля ўсіх храмаў людзі князя. Няма для нас месца на зямлі…