Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
Меліся тут і два сталы з крэсламі — таксама з цяжкога дубу, нават з чарніліцамі, пясочніцамі і пер’ямі, як у кожнай прыстойнай канцылярыі, хоць, вядома, атрамант даўно ператварыўся ў чорны пыл, а пер’і ссохлі, пашарэлі.
Азіраючыся, Пранціш заўважыў, што ля ўваходу справа на ўбітых у камень металёвых круках вісяць шэрыя апранахі, падобныя да расаў, а унізе, пад лавай, ляжаць скураныя поршні, якія ад часу заскарузлі і страцілі форму. На лаўцы пустая медная міса пазелянела ад часу так, што ў ёй можна было настойваць атруту. Ясна — тут належала пераапрануцца і вымыцца, каб не падыходзіць да святых кніг бруднымі.
Паходні асвятлялі стракатыя шэрагі пракаветнай мудрасці. Сямейная пара Лёднікаў так, відаць, і прыліпла б да іх… Але Ватман абыякава слізнуў паглядам па паліцах, вышукваючы самае галоўнае, дзеля чаго яны сюды і прыйшлі, і запатрабаваў ад Саламеі, каб прад’явіла…
А галоўнае далёка не заўсёды бывае такім, якім яго чакаеш… Вунь чакалі калісьці ў Ерусаліме месію-цара, у золаце і дыяментах, з вогненным мечам, на чале магутнага войска, а прыехаў жабрак на восліку, які казаў не пра тое, як захапіць зямную ўладу, а пра выратаванне душы і любоў да бліжняга…
Рамфея, дзіда святога Маўрыкія, ляжала ў простым драўляным куфэрачку, які нават патрэскаўся ад часу. Напэўна, шэрая драўніна гэтага куфэрачка была таксама з нейкага святога дрэва, можа, таго самага Перыдэксіёна, пладамі якога харчуюцца галубы, а змеі збягаюць ад ягонага ценю, але, магчыма, была яна ад тутэйшай простай ліпы, якая толькі і ўмела, што дарыць цень стамлёным спадарожнікам і мёд кветак — тутэйшым пчолам, што бароняць вуллі свае.
Саламея апусцілася на калені перад неглыбокай нішай у сцяне, у якой стаяў куфэрак.
Мужчыны таксама ўкленчылі. Пранцысь і Ватман агалілі шаблі, як спаконвеку рабіла шляхта падчас чытання Свяшчэннага Пісання, няхай за гэты звычай і ўшчувалі святары. Лёднік агаляць шаблю не стаў, проста апусціў галаву і шаптаў малітву.
Ватман падняўся, падыйшоў і асцярожна адхінуў вечка куфэрка, які не быў замкнуты. Навошта замыкаць рэч, якая ахоўваецца сіламі куды больш магутнымі, чым жалеза? На выцвілай тканіне ляжаў звычайны металёвы наканечнік дзіды, перацягнуты срэбным дротам.
— На сілу гэтай рэліквіі спадзяваліся святары і мніхі Святой Сафіі… — дрыготкім голасам прагаварыла Саламея. — Верылі, што пакуль яна тут, не знікне вера, не знікне храм, будзе працвітаць Полацак…
— Але ж калі ірванулі Сафійку жаўнеры Пятра, калі выбухнуў складзены імі ў храме порах, не выратавала рамфея, — заўважыў Ватман.
— Можа быць, таму, што да таго часу храм ужо змяніў веру, і людзі змяніліся? — ціха папыталася Саламея. — І хто мы такія, каб пытацца пра намеры Госпада?
— Вось і не пытайся, — Ватман зачыніў куфэрак і агледзеўся вакол.
— А, дарэчы, назад як? Зноў выпрабаванні?
Саламея, усё гэтак жа стоячы на каленях, прагаварыла:
— Я ж паказвала… Назад проста. Абедзьвума рукамі націскаеш на выступы ў сцяне.
— А чароўны клубочак ты, шкаляр, не згубіў? — Ватман глядзеў цяпер барвовымі вачыма на Пранціша. Вырвіч ганарыста вярнуў пагляд.
— Не згубіў.
І неяк трывожна сталася шкаляру. Пранціш заўсёды прадчуваў, калі настаўнік збіраецца даць яму пытлю, выкрыўшы чарговую афёру.
Між тым плечы палачанкі затрэсліся, яна намагалася стрымаць плач… Лёднік прыхінуўся да яе, абняў:
— Скажы, а каб не трэба было мяне ратаваць, ты аддала б ім рамфею? Толькі сумленна прызнайся…
Саламея ўсхліпнула і патрэсла галавой.
Лёднік узняўся з кален і паглядзеў на Пранціша. Нядобра неяк паглядзеў, тужліва, як развітваючыся.
— Значыць, я і мушу зрабіць так, каб рамфея засталася ў Полацку…
Невядома, што прыйшло ў галаву доктару і што ён намерваўся адчайнае зрабіць з сабою і як выратаваць ад магнацкіх рук рэліквію, але Ватман ступіў да яго з-за спіны і нягучна прамовіў з мяккай такой усмешкай:
— Прабач, доктар, нічога асабістага…
Лязо кінжалу нібыта вырасла з рукі, якой ён абняў доктара. І нармальны чалавек ляжаў бы ўжо, усміхаючыся смерці перарэзанай шыяй.
Але былога алхіміка ніхто не назваў бы шараговым чалавекам, у бойцы яго цалкам можна было прыпадобіць аспіду, гэткай пругкай атрутнай змяюцы, з якой змагаўся іхнеўмон з дапамогай чатырох слояў гразі. Пранціш памятаў здольнасць доктара пры вонкавым каменным спакоі быць напагатове, як нацягнутая цеціва. І калі Пранціш западозрыў няладнае, дык Лёднік, мусібыць, чакаў нападу ўсю дарогу сюды. Ватман ускрыкнуў і вылаяўся, упусціўшы кінжал: у ягонай далані тырчэла старажытнагрэцкае сціло. Рэч, звычная сярод рукапісаў, некаторыя з якіх, магчыма, былі напісаныя сваякамі гэтага сціла, але зноў скарыстаная не па прызначэнні.
— Саламея, беражы ліхтар! Ён у цемры бачыць!
Лёднік ужо трымаў шаблю, Пранціш з Гіпацэнтаўрам стаў побач. Бачыць у цемры… Гэта доктар пра Ватмана сказаў, не пра ліхтар жа? Вось чаму ў таго вочы дзіўныя…
Між тым найміт выцягнуў сціло зубамі, нават не паморшчыўся. Ухапіў параненай рукой чакан. У здаровай, левай — ніхто не сумняваўся, што ёю барон валодае гэтак жа спрытна, як правай — прагла адведаць чырвонага цёплага напою серпанціна.
— Доктар, ты проста жыць не можаш без сваёй спіцы. Не ў цябе поруць, дык ты ў іншага яе ўпораш. Вось, хацеў падараваць табе ды хлопчыку твайму лёгкую смерць — я ж цябе паважаю, у цябе два дыпломы, свежае шляхецтва, жонка-прыгажуня. Але па справядлівасці выходзіць, прымеш ты смерць пакутную.
І раптам скінуў на падлогу паходню, што трымалася ў жалезнай стойцы, тупнуў па прасмоленай палаючай вершаліне… Полымя сканала ў апошніх смярдзючых скрутках дыму. Вырвічу стала страшна: а калі Ватман загасіць апошнюю паходню ды свечку ў ліхтары? І яны застануцца ў цемры сам-насам з белавалосым Мінатаўрам? А што, калі вочы ягоныя ў цемры пачнуць свяціцца, як у звера? А што, калі ён не чалавек, а пераварацень? Не можа чалавек быць такім дужым і бязлітасным і бачыць у цемры.
Яны біліся ўдвох супраць аднаго, і бойка была сапраўды няроўнай… Для іх дваіх, бо яны змагаліся адчайна, як маглі, а Ватман адбіваўся нават лена, не губляючы сваёй звычайнай усмешкі, быццам гуляўся, як кот з двума мышкамі. Не наносіў смяротных удараў, толькі драпаў, рэзаў адзежу, скуру… Так, каб усведамлялі: магу дастаць да душы ў любы міг. Хаця Лёднік ужо дакладна не быў слабым воем — у Слуцкай браме ён адзін стрымліваў дзесятак жаўнераў.