Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
— Трымалі б цябе, як іншыя паспалітыя людцы, на ланцугу, у голадзе, ды кіем выхоўвалі — болей карысці было б… — прабурчэў Пранціш.
Вечары рабіліся ўсё даўжэйшыя і цямнейшыя, свечак сплывала ўсё больш, да абурэння Хвелькі, і Лёднік усё даўжэй заседжваўся ў сваёй хатняй лабараторыі — але не для таго, каб разгадаць загадку васковай лялькі, а каб нарыхтаваць лекаў — і дзеля акадэмічнай аптэкі, і дзеля сваіх пацыентаў, і для Хвелькавай пячонкі… А яшчэ — ад сардэчнай хваробы ды ад алергіі… Пранціш ведаў, для каго доктар рыхтуе адмысловыя шкляніцы з мікстурамі: для пані Агалінскай і ейнага
І зноў няшчасце здарылася, калі трохі адпусціла трывога. Нейкі батлейшчык тузануў за вяровачкі, і лялькі падскочылі і замітусіліся ў адчайных скоках… Лёдніка і Пранціша перастрэлі па-нахабнаму, проста перад прафесарскім домам. На гэты раз шасцёра, у іх былі абыякавыя фізіяноміі наймітаў, якім не ўпершыню забіваць людзей незнаёмых, да якіх асабіста ў іх нічога ніякага. Але справа ёсць справа, і яны яе робяць добра.
Самотны ліхтар утвараў дасканалую сцэну для крывавай дзеі… Праўда, кроў чамусьці не пралілася, хаця шабля Лёдніка ізноў мільгала звар’яцелым ветраком, а нападнікі не былі баязліўцамі. Некалькі драпінаў — для шляхціца гэта як павуцінне наліпла.
Раптам усё скончылася: найміты гэтак жа абыякава адступілі, разышліся… Лёднік застыў з двума шаблямі — сваёй і чужой, падманліва спакойны, як чорная змяюка, імклівага кідка якой не ўсочыш, Пранціш — спіной да спіны прафесара — трымаў абодвума рукамі палаш і аж тросся ад жадання ўсіх пакрышыць…
Жывапіснасць сцэны была ацэненая: дэманстратыўна пляскаючы ў ладкі, да ахвяраў нападу падыходзіў прыемнай знешнасці малады пан у нямецкім строі. Дыяментавыя гузікі на модным шэрым камзоле і пярсцёнкі на пальцах ззялі нават у цьмяным святле ліхтара, а белыя шаўковыя панчохі былі белымі, што сведчыла, што пан не пёрся пешкі па мокрых віленскіх вулках, а прыехаў сюды ў карэце.
А наконт прыемнай знешнасці — дык ёсць такія твары, якія цяжка апісаць, яны нібыта прызначаныя, каб выклікаць давер. Такіх людзей першымі ўспамінаюць, калі прыкідваюць, каго запрасіць на асамблею альбо каму даручыць нешта далікатнае. Пільныя шэрыя вочы пад цяжкімі павекамі маглі імгненна рабіцца наіўна-захопленымі, высока прыўзнятыя бровы выказвалі то хітрасць, то фанабэрыю, то радаснае здзіўленне. Твар худы, лоб высокі, ужо з накмечанымі зморшчынамі, вузкія вусны з прыхаванай у куточках увесьчаснай усмешкай… Пан цырымонна пакланіўся:
— Шчыра прашу прабачэння за гэты маленькі спектакль, але ён быў неабходны па прычынах, аб якіх мы з вамі пагаворым, спадзяюся, у больш прыемнай і бяспечнай абстаноўцы. Дазвольце прадставіцца: генерал-фельдмаршал арміі яе вялікасці расейскай імператрыцы Кацярыны Другой князь Мікалай Васільевіч Рапнін.
Доктар і студыёзус апусцілі шаблі. Пляменнік усемагутнага расейскага канцлера Паніна Мікалай Рапнін быў асобай у Рэчы Паспалітай надзвычай вядомай і ўплывовай. Нягледзячы на параўнаўча малады ўзрост — каля трыццаці гадоў — спрактыкаваны дыпламат, палітык і вайскаводца, асабісты сябра Міхала Багінскага, Станіслава
Піфагору расейскі госць не спадабаўся.
Пад злосны брэх знерваванага сабакі ягоная мосць генерал-фельдмаршал Рапнін пацягваў з парцалянавай філіжанкі духмяную каву — самі Лёднікі модны напой не пілі, бо занудны доктар сцвярджаў, нібыта кава шкодная для сэрца, але для аматараў трымалі. Што гэта за шляхецкі дом, дзе няма ні кавы, ні тытуню? Табакерка, дарэчы, таксама прысутнічала: залатая, круглай формы, усыпаная смарагдамі, з вензелем новай расійскай імператрыцы: госць дэманстратыўна выклаў яе з кішэні. Такімі каштоўнымі забаўкамі Кацярына адорвала асабліва прыбліжаных… Рапнін акінуў вострым шэрым паглядам Саламею Лёднік, якая прынесла цукерніцу з марцыпанамі:
— Чуткі не манілі… Ах, як шкада, што вам не пятнаццаць гадоў, мая пані!
Саламея недаўменна ўскінула бровы, і госць патлумачыў:
— Тады я абавязкова зладзіў бы вашае выкраданне, навучыў свецкаму абыходжанню, і прадаў бы вас за шалёныя грошы якому-небудзь каралю, вы сталі б фаварыткай і дапамагалі мне ў маіх невялічкіх інтрыгах.
Пан Мікалай умудраўся гаварыць з такой вясёлай, дабрэннай лёгкасцю, што немагчыма абурацца ці крыўдаваць — хаця сказанае не было жартам. Саламея ўсміхнулася куточкам роту:
— Значыць, мне трэба падзякаваць Богу, што я дастаткова старая.
Па твары Лёдніка, такім годна-каменным, прабег незаўважна для старонніх небяспечны цень. Рапнін, хаця й аніяк не прыгажун са сваім выцягнутым худым тварам, быў удалым паляўнічым на амурным фронце, шмат балбаталі пра ягоны раман з пані Ізабэлай Чартарыйскай, у дзявоцтве Флемінг, так што прафесар з задавальненнем абыйшоўся б без ягоных кампліментаў на адрас жонкі.
— Можа быць, мы ўсё-ткі пяройдзем да справы, Ваша светласць?
Рапнін нязмушана адсёрбнуў кавы, адставіўшы мезенец з доўгім паліраваным пазногцем, і мройна ўтаропіўся на намаляванага Арыстоцеля, нібыта у пазалочанай рамцы красаваўся не змрочны стары філосаф, а паўаголеная Дыяна.
— Ах, гэтыя справы… І сур’ёзны падыход да іх… Самыя вялікія глупствы свету рабіліся з самымі сур’ёзнымі выразамі твараў, сябры мае. Іронія — вось што ратуе чалавецтва ад узаемнага вынішчэння, бо немагчыма забіць таго, хто цябе рассмяшыў. А вы такі сур’ёзны, пан прафесар… Я доўга збіраў пра вас звесткі.
— Навошта, ваша мосць? — ветліва папытаўся Лёднік, якому не ў навіну было падтрымліваць свецкую гаворку, што нагадвала шлях карабля між смяротна небяспечных рыфаў.
— Вы мне патрэбны, — весела патлумачыў Рапнін. — Вы праваслаўны, прычым не баіцеся вызнаваць сваю веру. Не звязаны, па сутнасці, васальнай клятвай ні з якім магнатам. Валодаеце дастатковымі ведамі і праніклівасцю, каб выконваць далікатныя даручэнні. Мне заставалася праверыць, ці можаце вы абараніць сябе — прабачце, але ў аповедах пра вашае фехтавальнае майстэрства можна было западозрыць вялікую долю казачнасці. Што ж, тое, што я ўбачыў, уражвае — вы на пару са сваім вучнем уяўляеце з сябе дастаткова пагрозную сілу… Пры тым, што яна не кідаецца ў вочы, што пры… далікатных даручэннях вялікая вартасць.