Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
— Ну што, паказвайце мне сваю лабараторыю, калега!
Дзяўчына паглядзела на віленскага прафесара так багавейліва, быццам той спусціўся з аблокаў.
— У мяне ж так… Толькі зёлкі…
— Вядзьмачка яна слынная! — выгукнуў Амерыканец. — Яна мне абяцала плакун-травы дастаць, якая дапамагае па моры плаваць!
— Нямашака такой травы, вашамосць! — з ціхім адчаем прагаварыла дзяўчына. — Гэта казкі!
— Вось адсцябаю добранька, адразу казка зробіцца явай! — рыкнуў Агалінскі, але нястрашна, відаць, лавіў насалоду ад таго, што перастала балець галава. Дзяўчына
— Ваша мосць… Літасцівы пане… Я ж толькі з малітвай… Ніякага чараўніцтва… Са святой Параскевай і Панцеляймонам-пакутнікам… — шаптала вядзьмарка, кідаючы на Лёдніка ўмольныя позіркі, быццам запрашала не верыць злым словам. Пранціш, аднак, цалкам мог бы паверыць, што справа нячыстая… Млынароўна ніяк не была падобнай да звычайнай мужычкі. Вялікія вочы, тонкія рысы твару, вузкія запясці… Зусім не прыгажуня, так, верабейчык, але нешта ў ёй такое ёсць… Да таго ж, падобна, пісьменная, і чытала вучоныя кніжкі. Але калі дзяўчына павярнула галаву да Лёдніка, Пранцысь здрыгануўся: з-пад белай хусткі, якой дзяўчына ўпарта прыкрывала твар, паказваўся агідны ярка-чырвоны нараст — нібы п’яўка, што прысмакталася да шчакі, ад падбароддзя ажно да куточка вока. «Вядзьмарка», — холадам працяла Пранціша, і ўсе прагрэсіўныя перакананні, выхаваныя асабіста Лёднікам і навукай акадэмічнай, кудысьці падзеліся, і захацелася проста па-дзіцячы скрыжаваць пальцы ад сурокаў.
Лёднік між тым адным загадным рухам падняў дзяўчыну з падлогі і пайшоў з ёю на варыўню. «Яшчэ адна лялька-аўтамат з загадкай», — раздражнёна падумаў студыёзус, які ведаў прыхільнасць Лёдніка да «народных талентаў». Доктар упарта займаўся асветніцтвам усялякіх падазроных знахароў — казаў, трэба хаця б трохі паменшыць шкоду ад забабонаў і невуцтва. Чытаў бясплатныя лекцыі шаптухам-павітухам, раздаваў лекі, якія, магчыма, выплюхваліся на зямлю за першым жа кутом.
Пан Агалінскі пацягнуўся, як сыты кот:
— Гэй, Яўхім, рыхтуй ложкі! І якую-небудзь гісторыю — перад сном паслухаць. Ды пастрашней… У цябе ж досвед зносінаў з нячыстай сілай багаты, праўда?
І абыякава дадаў, гледзячы, як палахліва кланяецца скасабочаны млынар.
— Ды што вы з Саклетай такія пужлівыя сталі?
— Неспакойна ў нас тут, пане, — нерашуча прамармытаў млынар, хаваючы вочы. — Людзі ў лесе з’явіліся… Вясковых з толку збіваюць… Чуткі ўсялякія пра нас з дачкой пайшлі.
— Што ты чорную карову пад колам млына ўтапіў? — насмешна прамовіў Амерыканец. — Альбо з вадзянікам такога піва наварыў, што пенаю паплавы заліло?
Млынар, аднак, нават не паспрабаваў усміхнуцца, моўчкі паставіў перад гасцямі гліняную талерку з мочанымі яблыкамі і сыйшоў рыхтаваць ложкі. З варыўні даносіліся галасы: нізкі, патрабавальны — Лёдніка, і таненькі Саклеты, у якім усё выразней адчуваліся ноткі захопленасці, нібыта ў лясным промні зляталіся таньчыць кволыя залатыя мятлушкі. У размове пачалі сустракацца лацінскія тэрміны — прафесар вучыў, як каторая трава завецца на мове навукі, папраўляў вымаўленне млынаркі, якая невядома дзе нахапалася медыцынскіх ведаў.
— Вось паскуднік, нават такой пачваркі не праміне, — скрозь зубы ненавісна прасычэў пан Агалінскі. — Аднойчы я з расамахай сустрэўся, чорнай такой, калматай, у валасах — дохлыя рыбінкі, дык гэты чарнакніжнік і на яе б, напэўна, паквапіўся!
Пранціш адчуў, як зашумела ў вушах ад гневу. Агалінскі і дагэтуль раздражняў яго, а тут… Пан Гервасій заўважыў гнеўны позірк суразмоўцы і таксама зацяўся, як сабака, якому ў нос патрапіла сасновая шышка:
— Пан не верыць, што я сустракаў расамаху?
І пацягнуўся да таго кута, дзе яны склалі зброю. На хвілю Пранцішу страшэнна закарцела адказаць нешта дзёрзкае — словы так і пяклі язык. Але пракляты доктар недарэмна столькі гадоў змагаўся з вогненным тэмпераментам свайго вучня, таму што замест цалкам шляхецкага ўчынку — ускінуцца ды выклікаць на двубой, Пранціш падумаў, што станецца з пані Саламеяй, з маленькім Алесем, з млынаром і млынароўнай, на вачах якіх забілі іхняга пана… Пра тое, што пан можа сам яго забіць, студыёзус нават на трэсачку не задумваўся.
— Слова шляхціца — закон, ваша мосць, — урэшце дамовіўшыся з сабою, пачціва адказаў студыёзус. — Няхай жа пан распавядзе пра сваю дзівосную сустрэчу з пачварай расамахай.
Амерыканец падазрона зіркнуў на русявага блакітнавокага студыёзуса і пацягнуўся па свой нататнік… На варыўні Лёднік чытаў млынароўне з чырвоным нарастам на твары занудлівую лекцыю пра гігіену і тлумачыў, якія сродкі ні ў якім разе ўжываць нельга, хаця б лекавалі імі бабулі-прабабулі… У бакавой прыбудове шаргацеў млынар, рыхтуючы пакой дзеля высокіх гасцей, храплі дзесьці ў каморы на ўсе застаўкі фурман і Хвелька — а чаго чакаць, пакуль паны нагамоняцца, так што не лёс быў Хвельку адведаць адвару Саклеты, занятай лекцыяй віленскага прафесара. І толькі млын маўчаў. Ягонае кола было спыненае воляй часовага гаспадара, і паміж жорнаў пакутліва чакала смерці апошняе недамолатае зерне.
І калі б Пранціш выпадкова не зірнуў за вакно, знуджаны байкамі Амерыканца, бяду заўважылі б толькі, калі стукнецца ў вароты. З боку далёкага лесу набліжаліся-мітусіліся агні.
Млынар сутаргава ўздыхнуў, як жаўнер, якому папала пад сэрца страла, і ён усвядоміў, што памірае.
— Гамон… — прашаптаў Яўхім непаслухмянымі вуснамі і зажагнаўся, зашаптаў малітву. Ягоная дачка проста глядзела на агеньчыкі вялізнымі безнадзейнымі вачыма, і Пранцішу падавалася ў прыцемку, што нараст на яе шчацэ варушыцца, як жывая п’яўка. Агні набліжаліся, пачуліся аддаленыя выкрыкі… На двары нарэшце забрахаў сабака.
— Гэта што за гіцалі? — сурова запытаў Агалінскі, углядаючыся ў цемру. — Разбойнікі?
— Частка лясных, частка з вёскі…— прамармытаў млынар. — Гразіліся колькі дзён, калі пошасць у вёсцы не скончыцца — Саклету заб’юць. А нам куды падзецца — не схаваешся, адсочаць… А дачушка толькі зёлкамі лячыла…
— Што за пошасць? — строга ўдакладніў Лёднік.
— Сверб, ваша мосць.
Нападнікаў, мяркуючы па паходнях, сабралася дзесяткі са два… А калі Пранціш, тое-сёе скеміўшы, кінуўся да другога вакна, выявілася, што і з таго боку набліжаецца тузін…