Бацькава падарожжа (на белорусском языке)
Шрифт:
У сваю чаргу жанчына пачала фразу, якой таксама не скончыла:
– Вы, мабыць...
Яны стаялi адно супраць аднаго i не ведалi, што рабiць i што казаць. Кантэн гайдаў сваёю рукой вялiкi чорны капялюш i пакусваў нiжнюю губу i свае шэрыя вусы. Твар жанчыны быў напалову ўсмешлiвы, напалову варожы, быццам адна маршчына выкрывала тое, што хавала другая. Кантэн урэшце сцiпла сказаў:
– Я ад яе сям'i.
Здаецца, жанчыне стала крыху лягчэй. Яна растлумачыла ўпэўненым голасам:
– Дык вось. Мадэмуазель Кантэн больш у нас не працуе. Амаль тры месяцы прайшло, як яна пайшла ад нас.
– Тры месяцы?
–
Кантэн паглядзеў вакол сябе. Усе прадметы мелi няясныя абрысы, быццам у тумане. Яму здалося, што ён знаходзiцца далёка ад гэтага пакоя. Кантэн авалодаў сабой i спытаўся:
– А дзе яе можна знайсцi, вы не скажаце?
– Ну, ведаеце... Калi мяне пакiдае работнiца, я не маю звычкi...
Тут яна замаўчала, адвярнулася i крыкнула ў калiдор:
– Жазэта!
– Што?
– адазваўся нехта ў глыбiнi.
– Ты не ведаеш, дзе цяпер Марыя-Луiза?
– Яна не казала мне, але думаю, што перабiваецца адна. Дзе, гэта ўжо iншая справа. А жыве яна, здаецца, на той самай кватэры.
Голас змоўк, i Кантэн пачуў, як дзесьцi зарыпелi дзверы. Жанчына спытала ў яго, цi ведае ён адрас Марыi-Луiзы, i Кантэн падумаў, што ён павiнен папрасiць у яе прабачэння.
– Ведаю, - адказаў ён.
– Але ў гэткi час я разлiчваў убачыць яе тут...
– Сапраўды. Тады iдзiце на яе кватэру, там вы зможаце пакiнуць свой пакунак у кансьержкi.
На яе твары зноў з'явiлася ўсмешка. Жанчына павярнулася да дзвярэй, але тут Кантэн пачаў дзякаваць ёй.
– Няма за што, - проста адказала яна.
10
Кантэн не заўважаў, што крочыць па вулiцы. Ён не памятаў, як спусцiўся па бруднай лесвiцы салона Трыанон. Цяпер ён спынiўся ля ярка асветленай вiтрыны, расшпiлiў палiто i паглядзеў на гадзiннiк. Было шэсць гадзiн з паловаю. У глыбiнi вiтрыны было вялiкае люстэрка, i Кантэн здзiвiўся, калi ўбачыў у iм свой твар, свой капялюш, сваё футра, пакунак рудога колеру, перавязаны белым матузком. Доўгiя водсветы драбнiлi яго воблiк. Лямпы надавалi яго твару своеасаблiвы, незнаёмы колер. Такога колеру не бывае ў прыродзе. I Кантэн стаяў, быццам палонны ў гэтым люстры, быццам прывязаны да свайго двайнiка, якi так мала быў падобны да яго.
За спiною двайнiка крочылi людзi, а iх галасы i крокi Кантэн чуў за сабою. Нейкi момант ён глядзеў на iх. Яму быў незнаёмы гэты рухлiвы свет, яму было чужое ўсё гэта, што не адбывалася ў iм самiм.
– Марыя-Луiза...
Ён некалькi разоў паўтарыў гэта iмя, назiраючы ў люстры, як варушацца яго вусны. Ён глядзеўся ў люстэрка толькi тады, калi галiўся. Але ён не звяртаў нiколi ўвагi нi на свае вочы, нi на рот. Ён сачыў, як мыльная пена пакрывае яго бараду, вусы, нос, сачыў за рукою i брытвай.
Няўжо ён сапраўды бачыў сябе першы раз? Няўжо ён быў такi на самай справе? Няўжо гэта быў яго твар, схаваны ў футры i напалову закрыты занадта шыракаполым капелюшом?
Кантэн раптоўна сарваўся з месца i пакрочыў далей.
Марыя-Луiза! Так, Марыя-Луiза! Ён павiнен знайсцi яе. Знайсцi, што б там нi было. Што яму было вядома? Што яна два разы за год памяняла работу i не паведамiла аб гэтым. Салон Раберцi яна, вядома, пакiнула з-за гэтага малакасоса i з-за яго занадта размаляванай сяброўкi. Марыя-Луiза нiчога пра гэта не пiсала. А што думаць пра другое месца яе работы? Кантэн ведаў, што яшчэ iснуюць месцы спатканняў, нейкiм чынам замаскiраваныя дамы распусты.
Кантэн зноў спынiўся, паклаў руку на сэрца, на твары яго ўзнiкла грымаса болю. Ён раптам уявiў, што Марыя-Луiза спiць з такiм мужчынам, як ён сам. Вiдаць, блакiтная жанчына прыняла яго за iхняга клiента, за мужчыну, якi прыйшоў, каб пераспаць з Марыяй-Луiзай. Кантэн уявiў сабе пакой, якiя бываюць у дрэнных атэлях. Сам ён нiколi не жыў у атэлi, але многа чытаў пра гэта, таму мог добра ўявiць сабе такi пакой. Ён бедна абстаўлены, больш або менш чысты. Там знаходзяцца мужчына i жанчына, якiя распранаюцца i кладуцца ў ложак. Раптам усё знiкае. Не, ён не можа сабе ўявiць, што будзе далей. Толькi не яго дачка! Яна ж такая ганарлiўка. Гонару ў яе ажно занадта. Так заўсёды казала мацi, калi злавала на Марыю-Луiзу за тое, што яна рэдка прыязджала дадому.
Кантэн глыбока ўздыхнуў i пайшоў далей. На вулiцах было шмат людзей, але такiм адзiнокiм ён не адчуваў сябе нiколi, нават калi знаходзiўся ў лесе цi сярод вiнаграднiку.
Не, Марыя-Луiза не магла гэтага дапусцiць. Дарэчы, калi б яна згадзiлася, то не пакiнула б гэты дом. Вiдаць, спачатку, для прыкрыцця, яе нанялi манiкюршчыцай, але ёй было агiдна тое, што рабiлася побач. I яна звольнiлася. Напэўна, так яно i было. А бацькам яна нiчога не паведамiла, бо не хацела турбаваць. I потым, як растлумачыш гэта ў лiсце, асаблiва калi пiшаш мацi.
Кантэну зрабiлася страшна, ён толькi цяпер адчуў, наколькi спраўдзiлiся жончыны папрокi. Як ён мог адпусцiць дзяўчынку адну ў гэтакi горад i нi разу не наведаў яе? Не пацiкавiўся, як яна жыве, у якiх умовах. Такая маладая, перад рознымi напасцямi. Гэта па яго вiне яна магла стаць прастытуткай!
Кантэн уявiў сабе твар Марыi-Луiзы, яе адкрыты позiрк, яе шчыры смех. Нельга падумаць, што яна не засталася такой жа чыстай, сумленнай, сур'ёзнай i настойлiвай у дасягненнi сваёй мэты.
I яшчэ яго ўсхвалявала фраза, якую сказала дзяўчына: "Яна працуе сама". Няўжо Марыя-Луiза змагла арганiзаваць сваю справу, адна, нi з кiм не параiўшыся?
Гэта думка i турбавала яго, i супакойвала. Яшчэ ў дзяцiнстве Марыя-Луiза любiла рабiць сюрпрызы. Яна рыхтавала iх доўга, не шкадуючы пры гэтым сiл i ўмення, каб схаваць усё да апошняй хвiлiны. I заўсёды яна рабiла гэта адна. Калi ўсё было гатова, яна ўражвала сваiх бацькоў, i гэта рабiла яе вельмi шчаслiвай. Дастаткова было паглядзець на яе твар, каб пераканацца, што яе затраты акупiлiся сто разоў. Так што калi яна завяла сваю справу, то гэта падобна на яе.
Кантэн развiваў сваю думку далей. Ён хаваўся за гэтую думку, як некалi Марыя-Луiза марыла схавацца ў маленькiм дамку, падобным на яселькi. Але раз Марыя-Луiза займела сваю справу, то ў яе з'явiлася шмат турботаў i засталося вельмi мала вольнага часу. А яны злавалi на яе! Лiчылi, што яна не хоча знацца з iмi, што памяняла вёску на горад...