Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
— Янучок, ня бойся. Табе трэба ганарыцца, што ты паэта. Iз цэлай школы цябе сам дырэктар выбраў. Ты саўсiм сабе не пашкодзiш, калi якую слабасьць пакажаш…
Дзяўчына ў чулае месца трапiла. «Слабасьць пакажаш…» I запраўды, жах падумаць, каб такое сталася. Паказаць слабасьць перад кiм? Дзякуючы сваiм здольнасьцям, пiльнасьцi й працавiтасьцi, ён выбiўся ў школе на перадавое месца. А гэтыя руплiвыя, простыя, жыцьцёва падбiтыя, у Бога веруючыя людзi прыйшлi сюды бяз прынукi сьвяткаваць дзень уваскрошаньня сваей бацькаўшчыны. Бальшыня зь iх, пэўне-ж, пра акт абвешчаньня незалежнасьцi Беларусi ня чула. Сяньня ў гэтым, вайной абшарпаным, вялiкiм будынку калiшняга клюбу чыгуначнiкаў найлепшыя сiлы гацкай сямiгодкi маюць гэтым суродзiчам у свой спосаб
I ў працэсе пераносу гэтых людзей у iншую эпоху Янук заняў адно з ключавых месцаў. Значыцца, як гэта «слабасьць паказаць»? Важна й тое, што ягоны верш, паводля пляну, апынуўся тут-жа пасьля галоўнага дакладу самога дырэктара школы, значыцца, як-нiяк, мусiць прадоўжыць тон цэлае ўрачыстасьцi. Вучань Бахмач надзвычайна добра ведаў прыгожую мову дырэктара. Увага людзей будзе на высокiм узроўнi, трэба не падкачаць. Вось што…
— Адно памятай, — навучаў яго кагадзе Сабалеўскi, — што калi навет i памылiшся, якое слова цi радок забудзешся, глядзi, каб ня дрыжэў голас. Гавары бадзёра, бойка, упэўнена, калi-ж памылiшся, ня чырванейся, як сасунок нейкi. Гавары голасна, каб цябе кажны глухаваты дзядзька й цётка пачулi. Разумееш?
Вялiкая сцэна сваёй голасьцю запярэчвала ўрачыстаму настрою залi. У будынку гэтым першы раз давялося Януку быць тады, калi ў нябыт адыйшоў вусаты, iз надта ваяўнiчым тварам, «маршалак». У юнацкую памяць добра ўлёгся вобраз: разьдзялiлася пасярэдзiне й паволi папаўзлаў два бакi сiняя бархатная занавеса. На задняй сьцяне, пад крыжам i дзярлiвай птушкай, абрамаваны чорным крэпам, вiсеў партрэт праслаўленага «маршалка». На сцэну выйшла нафуфыраная цацанька, вучанiца шостае клясы Гэлька Сьвёндруўна i заiнтанавала нейкi, прыдворным паэтам згарушчаны верш:
Marszalku!То nieprawda zе Ciеbiе juz niеmа,То nieprawda zе juz jеstеs w grоbiе.Chоciаz cаlа Pоlskа jеst w zаlоbiе…Калi зьмянiлася ўлада, на задняй сьцяне сцэны павесiлi лысуна з жулiкаватым выглядам, а ля яго «важдзя» зь ледзянымi вачмi й васпаватым тварам. А на сьценах залi, на чырвоных палотнiшчах, белымi лiтарамi, паразьвешвалi цi ня вытрымкi iз самае «сьветлае сталiнскае канстытуцыi», тае, што сонцам звалi:
В СССР женщины, наравне с мужчинами, имеют права…
Граждане СССР имеют право на отдых…
Калi прапала занавеса? Пры бальшавiкох яшчэ была. Пасьля «будаўнiкi новай Эўропы» на некаторы час тут войска разьмясьцiлi. Добра, што крэслы й лавы не папалiлi.
Сяньня сьпераду, на машце перад галоўнымi дзьвярмi лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, а вышыты белым колерам на чырвоным палатне рыцар пагонi аздабляў цэнтральнае месца сьцяны за сцэнаю. Гэта-ж цi не настаўнiца ручных работ паклапацiлася. Трэба й пэўне нялёгка было знайсьцi палатно, чырвоныя й белыя нiткi. А пад пагоняй, чырвоным на белым напiс:
Адно кантрастам, з малымi чорнымi вусiкамi, насупленым тварам вiсеў над пагоняй партрэт новага гаспадара. Як-жа безь яго? Паспрабуй. I цi гэты чым розьнiўся ад ад тых з пэйсамi карлаў, жулiкаў-iльiчоў цi iншых
Пагоня й «жыве Беларусь» на месцы. Яна тут жыла, цяпер жыве й усiх перажыве. Але што пра гэтых, найнавейшых? Калi адкоцяцца iхныя колы? Сьпераду сцэны, над рампай Янук прачытаў:
Rader mussеn rollen fur dеn Siеg!
Будынкам гэтым i цяпер загадвалi чыгуначнiкi, але гэтыя крыху ад папярэднiх розьнiлiся. Iхныя «колы да перамогi мусяць кацiцца». Значыцца, ня толькi тавары й людзей, цi зброю перавозiць. Здорава!
Заля крыху ацiхла. Увайшлi два Немцы ў суправодзе войта. Адзiн сяржант жандармэрыi СС, а другi — «зондэрфюрэр». Што за назоў i функцыя? У гэных «зондарах», i хто якiм быў «фюрэрам», апроч галоўнага, з чорымi вусiкамi й калючымi вачмi, Бахмач не разьбiраўся. Адно чуў, што «зондар» займаўся гаспадаркай, значыцца пэўне-ж зьдзiраў падаткi, цi глядзеў за прадпрыемствамi працы. А жандарм быў галоўным шпянём мясцовае, абсаджанае пакуль што Палякамi, палiцыi. Казалi, што й гэты быў фальксдойчам, значыцца Левандоўскаму добры кумпан.
Немцаў i войта пасадзiлi на пярэднiм радзе, мiж настаўнiкаў. Шмат хто пакланiўся войту, чалавеку свайму, якi заняў урад пасьля Бабра. Гэты больш высьцерагаўся, бо ведаў адкуль iдзе небясьпека.
З двух бакоў вучнi пачалi выходзiць на сцэну, станавiлiся ў тры шэрагi. За iмi нехлямяжым крокам з правага боку выйшаў высокi, цыбаты, худы, сьветлавалосы, зь вялiкiмi залысiнамi на шылаватай галаве стары дзяцюк Iван Скараход. Сын мясцовага, абруселага псаломшчыка, да «помашчы меснаму патрыяцiзму», як ён казаў, энтузiязмам не гарэў. У школе вучыў сьпеву, а на гэту нагоду загадалi яму падабраць адпаведны сьпеўны рэпэртуар. Сам валодаў добрым тэнарам. Ласкавыя й мiлагучныя мэлёдыi надта спадабалiся харыстам i Склараход, нашто ўжо пагардлiва адклiкаўся пра «местны патрыяцiзм», ня мог астацца абыякавым да прыгожай беларускай песьнi. Заля зусiм ацiхла, а высокi цыбаты настаўнiк, апрануты ў добра апрасаваны чорны касьцюм, пад гальштукам на штыўным каўнерыку, колькi часiн прыглядаўся залi, пакланiўся, адвярнуўся да хору й падняў абедзьве рукi.
Люблю наш край, старонку гэту,дзе я радзiлася, расла…Мэлёдыя, на два галасы, палiлася цiха й некаторыя ледзь спасьцераглi, як вучнi сьпяваць пачалi. Галасы-ж пачалi буйнець i адразу быццам шырокай ракой лiнулi ў перапоўненую залю. Скараход, iз сваей доўгай шыяй, у гэнай пазыцыi нагадваў чорнага бусла, лёгка й плаўна, быццам крыльлямi, узмахваў рукамi. Мэлёдыя заваражыла людзей. Зiрнi на зморшчаныя, сiверам абсьцябаныя твары, якiя рэдка калi ў непраглядным жыцьцi распрамяняла ўсьмешка. Бачыш як загарэлiся вочы? Сэрцы ўскалыхнула блiзкая душы мэлёдыя, цi не радня тэй, што плыла зь бяроставай трубы пастуха Хвядоса зь Лiпавiч i тэй, што цягнулi згорбленыя, на захадзе сонца сьпiны выпрастаўшыя жнейкi на хутары Лазоўскага, радня сьпевам жаўранка й кукаваньню зязюлi ў Гараватцы, рэха неўгамоннага шорхату лiсьцяў гiганта Архiпа й журботнага суму сястрыц хвояў на лiтоўскiм могiльнiку. Гiмн любовi да роднае зямлi, яе незаменнай прыроды, споведзь вечнае прывязанасьцi чалавека да свайго роднага гнязда…
Калi пасьля канца песьнi цыбаты Скараход адвярнуўся да залi й паволi пакланiўся, громам палiлiся воплескi. Вучнi, так як увайшлi раней на сцэну, цяпер павярнуўшыся шнурамi, пайшлi ў бакi. Апошнi выйшаў дырыгент, але воплескi ня сьцiхалi й пачулiся крыкi: — Яшчэ! Тады зноў зьявiўся Скараход, паволi, паважна выйшаў аж на сярэдзiну сцэны, усьмiхнуўся, пакланiўся ды завярнуў назад.
Дырэктар Сабалеўскi, узыйшоў на сцэну бадзёрым жаўнерскiм крокам. I дзiвы дзiўныя, апрануты быў у прыгожы цёмна-шэры касьцюм, з гальштукам, а ня так, як у школе — боцiкi з халяўкамi ды нейкi цёмны пiнжак. I ведамы позiрк з-над верхняй рамы акуляраў. Цяпер чалавек гэты стаяў пасярод сцэны. Перад iм ня было столiка нiякага, а ў руках — нiякае паперыны, значыцца, як выглядала, меўся гаварыць з памяцi.