Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Сьцямiўшы, як выгладала, найгоршае, рос у гумне трывожны гоман i лямант. Успыхнула салома й агонь вялiзнымi языкамi ахапiў сьцены. Зь сярэдзiны выбухнуў марозячы кроў у сэрцы крык i енк.
— Так вам, вражы ляхi! — адказаў з гэтага боку карнiк.
Магутным напорам людзi намагалiся выпхнуць з гумна вароты. Яны ўжо трашчэлi, вось-вось меклi рашчынiцца. I тады гаркнулi кулямёты. Пачулiся прыглушаныя стогны, кашаль. Пiсклiвыя дзiцячыя галасы мяшалiся з трэскам дрэва й праклёнамi старых. Над страхой распрасьцерлiся крыльлi, бусьлiха пакiнула гняздо. Полымя з дымам раптоўна паглынула гумно. Калi абвалiлася страха, дзьве фiгуры, з палаючай вопраткай, выкулiлiся пераз зруб у бульбоўнiк з другога боку. Карнiкi iх не заўважылi.
Пакiнуўшы колькi людзей пры дагараючым гумне, карнiкi цяпер рассыпалiся па вёсцы, зьбiралi
Пад вечар ля папялiшчаў Залатухi хадзiлi людзi з суседнiх вёсак. З усiх жыхароў невялiкай вёскi ўцалелi мужчына й жанчына, што пераз зруб гумна выскачылi ў бульбоўнiк, ды пасьля вылячылiся ў Даўгiнаўскiм шпiталi. I яшчэ ўцалелi дачушка й сынок Юргялiхi, якiх жанчына шмат раней чым патрэбна выслала ў школу ў Вярэнькi, загадаўшы, каб падарозе з патрэбай да сваякоў заглянулi.
Жудасны, навет для ўяўленьня цяжкi, злачын напоўнiў жахам ваколiцу. Доўга не змаўкала пад саламянымi стрэхамi гутарка. Злачын абмяркоўвалi на розныя лады. Шмат дакладалi самi апавядальнiкi. Янук пачуў пра Залатуху ад Антося Дзеркача, якi скупiўся на словы. Магчыма, што ня ладзiў зь Нiнай бо тая, як выявiлася, дамагалася шлюбу, а жанчыны казалi, што зацяжарыла.
Антось расказаў Януку самае галоўнае. I ў гэны дзень Янук, быццам адурманены, хадзiў-блудзiў па гародзе, садзе, нiдзе не знайходзiў супакою. Навокал у самую сiлу ўбралася лета. Буйнела, цьвiла ўся прырода. Як i кажны дзень, гулi ля вульлёў працавiтыя пчолкi. Усё, здавалася, як нармальна. Ды не… Дзесьцi ў вагнi спапялiлiся нявiнныя нi ў чым жыхары аднэй вёскi. Што яму да iх? Цi ён iх знаў, цi што?
Як мог, супакойваў сябе, выдумляў цi адно апраўданьне, але раўнавагi не знайходзiў. Чаму? Ужо iз школы ды зь беларускiх газэтаў неяк улажыўся погляд, проста прыняўся ды здабыў права грамадзянства факт, што Немцы ёсьць прыяцелямi Беларусаў. Папростаму гэта тлумачылася, што яны далi Беларусам правы, якiх апошнiя даўно ня мелi, гэта значыць далi школы ў роднай мове, мясцовую ўладу ды яшчэ сёе-тое.
Калiсьцi для Януковай наiўнай галавы падзел на сваiх i чужых, ворагаў i прыяцеляў быў куды прасьцейшы. Маскалi й Палякi былi ворагамi. Ад iх беларускi народ дазнаў найбольш крыўдаў i ганьбаваньня, зь iмi вельмi доўга змагаўся за волю. Ад няпамятных стагодзьдзяў, як нейкая ненажэрная й прагавiтая хэўра, лезьлi яны на зямлю, прасякнутую крывёй i потам беларускiм, умошчаную касьцямi нашых продкаў. Быццам свайго iм было мала, мусiць не маглi пражыць на сваiх Мазурах цi Памор'i, Тамбоўшчыне цi Разаншчыне. Вiдаць, што ў гэтых народаў пераважна рабаўнiчы нахiл хi яшчэ што ў нацыянальным характары. А такiя сумежныя народы, як Латышы, Летувiсы цi Ўкраiнцы былi прыяцелямi. Здавалася, што яны таксама жылi пад пагрозаю Масквы цi Варшавы. Праўда, Летувiсы заўсёды гарлапаняць, што беларуская Вiльня — гэта iхны горад. Дык тут, — цi яны нашы ворагi, цi прыяцелi, — на двое бабка варажыла.
Зусiм што iншае — Немцы. Яны й супраць Маскалёў i Палякаў. Адных на лапаткi палажылi, а зь iншымi цяпер змагаюцца. Значыцца, калi згадзiцца з аксiёмай, што вораг твайго ворага ёсьць тваiм прыяцелем, дык Немцы, бязумоўна, маюць быць хаўрусьнiкамi Беларусаў. I цi-ж ня доказам гэткае дружбы было тое, што яны далi Беларусам мясцовую адмiнiстрацыю, дазволiлi адкрыць беларускiя школы? Паадчынялiся вунь беларускiя бiблiятэкi, выходзяць амаль бяз цэнзуры беларускiя газэты й часопiсы.
Праўда навокал такое, здавалася-б, простае аксiёмы, грамадзiлiся некаторыя сумлевы. Як вытлумачыць тое, што Немцы, ворагi Палякаў, пусьцiлi столькi Палякаў у мясцовую, цi, як яе завуць, чорную палiцыю? Чаму гэта палiцыя, з помачай Немцаў, вымардавала так шмат найлепшых, навет выдатных Беларусаў? Чаму пры такiх начальнiках, як акруговы камiсар цi каманданты жандармэрыi загнязьдзiлiся польскiя прастытуткi наводля тае «пiрды» Закшэўскай у Гацях, што супольна з палiцыяй намагаюцца вынiшчаць Беларусаў?
Цi-ж льга паверыць, што гэта ўсё сталася прыпадкам? Бяручы на ўвагу ведамую нямецкую плянавасьць, грунтоўнасьць i дысцыплiну, як гэта ўсё вытлумачыць? Цi-ж магчыма, што ўсё вышэйзгаданае было Немцамi плянаванае й прадугледжанае? А можа… Не, немагчыма… Жах падумаць! Але як вытлумачыць Залатуху? Чым завiнiлi тыя сяляне? Пры чым тут
Няхай сабе, па праву прыроды, няма роду бяз выраду. Пэўне-ж, у лесе лындаюць бальшавiцкiя баньдзюгi, рабуюць вакольных сялян, сiлай забiраюць у банды людзей, начамi раськiдаюць афiшкi, у якiх страшэнна адважна «змагаюцца з фашыстамi». Калi ў вёсцы ёсьць iхныя памочнiкi дык трэба iх знайсьцi й пакараць. Але навошта тут масавая адказнасьць? Няхай сабе, як чуваць, бралi ўдзел у тым злачыне Ўкраiнцы… Але-ж яны дзеялi не на сваю руку, а пад загадам Немцаў. Дык чаму Немцы так робяць?
Янук забрыў аж на Гараватку, спынiўся пад дубам Архiпам. Магутны дуб самы надзейны сябра. Пад iм так добра думаецца. Зiрнi ты, Архiп, як сэрца юнака поўнiцца горычай, зрок ягоны блудзiць у цемры, а розум нiяк ня можа натрапiць на нiтачку, каб разматаць прыказачны клубок. Патрэбны новы падыход. Адносна аднаго ня было сумлеву: зьнiшчэньне Залатухi не прыпадковае. Злачынная рука дзеяла ў сiлу нейкага закону. Якога? Трэба, здаецца, пачаць разважаць ад элемэнтарнага. Значыцца, перш за ўсё трэба адказаць на пытаньне: на якiм практычным праве аснована жыцьцё? Гэта ведама ўжо кажнаму дзiцяцi, хаця й не асэнсавана яшчэ iм. Права сiлы бачыш на кажным кроку; яно тарнуецца ўсюды, ад найменшай да найбольшай iстоты, што ходзiць, лётае, поўзае цi плавае. Чалавек, спрабаваў замянiць гэтае прыроднае права сiлы правам маралi, значыцца душы й сумленьня. Вядома, на помач тут прыйшла рэлiгiя, няважна цi хрысьцiянства, мусульманства, буддызму цi гэбрайства. Усе яны блiзкiя ў сваiх прынцыпах. Але колькi людзей карыстаецца iмi?
А нагласьць сiлы вiдаць на кожным кроку, асаблiва-ж вайной, бо вайна ёсьць ня што iншае, як паядынак дзьвюх цi некалькiх фiзычных сiлаў. Гэтта выяўляецца максымальнае практычнае права жыцьця й суадносiнаў мiж людзьмi: хто дужэйшы, той возьме. Дарма, што церпяць нявiнныя. Як права, дзе два дужыя б'юцца, там абавязкова слабому пападзецца.
Янук паставiў пытаньне накш: калi той, што мае сiлу, стараецца яе ўжываць, дык цi-ж ня кiруе ён ею? Ён-жа ня зьнiшчае ўсё i ўсiх безаглядна; ужыцьцё сiлы мае сваю мэту й накiраванасьць. Згода. Дык калi ўзяць, што Немцы лiчаць Беларусаў нейкiмi сваймi хаўрусьнiкамi, даюць iм мясцовую ўладу й свае школы, дык навошта яны спалiлi Залатуху? У вёсцы-ж жылi iхныя хаўрусьнiкi, што прыязна да iх адносiлiся, плацiлi падаткi, старалiся памагчы як мага. Дык пытаньне практычна зводзiлася да наступнага: чаму Немцы, хоць у даным выпадку й рукамi ўкраiнскiх наймiтаў, паляць сваiх хаўрусьнiкаў, мардуюць прыяцеляў?
I вось перад такiм, здавалася зусiм ясным, пытаньнем Янук стануў у тупiку. Пакуль дайсцi да найважнейшага, мусiў узважыць, абмяркаваць i адкiнуць шмат другараднага й наiўнага. Дый запраўды ў ягоных гадох навет дабрацца да такога галоўнага пытаньня ўжо было немалым асягненьнем. Ягоныя равесьнiкi, хаця-б гэны Стась цi навет старэйшы Ўладзiк, нiколi-б такiмi катэгорыямi не патрапiлi думаць. I м навет у галаве не мясьцiлася думка пра нейкiя глыбейшыя разважаньнi. Працэс сялянскае думкi быў просты: калi аднекуль зьяўлялася вестка, перш за ўсё чалавек хацеў дакладна ведаць «што», а ўжо радзей каторы селянiн запраўды намагаўся адказаць на пытаньне, як сьлед грунтоўна, «чаму» нешта збылося цi здарылася. А гэтта Янук разважаў пра адну з найцяжэйшых праблемаў жыцьця: суадносiны сiлы з мараляй, дабра iз злом i з гэтага выводныя. Дык канкрэтна: чаму Немцы мардуюць i паляць сваiх прыяцеляў i хаўрусьнiкаў?
Калi гэта запраўды так, дык выходзiць, што Немцы або павар'яцелi, або зусiм ня ведаюць, што яны робяць. I адно й другое выключалася. Калектыўна Немцы ня былi вар'ятамi дый ведалi яны, вiдаць, што рабiць. На пытаньне анiяк нельга было адказаць. А можа пытаньне дрэннае? Давай, разваж па слоўцу: Немцы мардуюць сваiх прыяцеляў… Два ключовыя словы: Немцы й прыяцелi…
Янук пачаў з заклапочаньня церабiць свае вясной ужо пабялеўшыя валосы, прадчуваючы, што блiжэй да карэньня дабiраецца. Немцы й прыяцелi, Немцы й прыяцелi… Немцы i… Нешта тут не ў прадку. Немцы абапiраюцца на безагляднай сiле. А цi чалавеку, цi народу, якi базуе ўсё на сiле, надта на прыяцелях залежыць? Скарэй слабому сябра патрэбны, а моцны, значыцца дужы, ён сам чуецца як Бог. Згода. Дык цi адпавядае гэтта слова прыяцель цi навет хаўрусьнiк? I хто яму сказаў, што Немцы прыяцелi цi хаўрусьнiкi Беларусаў?